9 анлайн-курсаў для тых, хто хоча зрабіць нешта крутое
- 20.02.2019
- 6760
Карціць ідэя класнага праекта, а як падступіцца да рэалізацыі – не шарыш? Цярпенне: любы энтузіязм трэба падмацаваць пачкам карысных ведаў, а карысныя веды – блаславёны інтэрнэт! – можна атрымаць і седзячы дома ля кампа.
Сабралі на адной старонцы 9 дыхтоўных курсаў для пачаткоўцаў-актывістаў і прадпрымальнікаў. З імі ты навучышся ператвараць гарачыя ідэі ў стартапы, нарульваць грошы на праекты, прасоўваць сябе ў масы, адкрываць цэлыя культурныя цэнтры, ладзіць музычныя фестывалі ці яшчэ нешта касмічна крутое. Усе курсы – бясплатныя.
Хто праводзіць: анлайн-школа гарадскіх прадпрымальнікаў Vector
Працягласць: 7 урокаў і 7 заданняў
«Як адкрыць культурны цэнтр»
Курс для творчых прадпрымальнікаў (цяперашніх і патэнцыйных), на якім вучаць уладкоўваць уласныя арт-пляцоўкі і крэатыўныя прасторы. Як знайсці памяшканне пад свой культурны цэнтр, скласці праграму івэнтаў, прыцягнуць інвестараў і прасунуць праект у масы – на ўсе гэтыя пытанні адказваюць крутыя эксперты-практыкі з розных сфер урбаністыкі.
Хай маштаб тэмы цябе не палохае. Не абавязкова адразу ж брацца за рэвіталізацыю цэлага завода. Магчыма, курс натхніць цябе на першы маленькі арт-замут у мясцовай бібліятэцы або парку – гэта таксама культурныя пляцоўкі, якія часта маюць патрэбу ў подыху крэатыўнасці.
Хто праводзіць: анлайн-школа гарадскіх прадпрымальнікаў Vector
Працягласць: 10 урокаў і 10 заданняў
«Як арганізаваць фестываль»
Мінулым летам у Беларусі здарыўся бум музычных фэстаў: моцных артыстаў толькі і паспявалі везці да нас, усе ўік-энды беларусаў былі шчыльна распісаныя да верасня, а свежанькі шэнген у пашпарце быў дарэмны. Сёлета абяцаюць нешта падобнае, але калі Ціма Беларускіх на Viva Braslav не зусім тое, пра што ты марыў(-ла), – закасвай рукавы і пачынай каламуціць сваё.
Новы курс ад Інстытута «Стрэлка» табе ў дапамогу: на анлайн-платформе навучаць ствараць паспяховую канцэпцыю фэсту, выбіраць удалае месца для яго правядзення, падлічваць фінансы (каб зарабіць, а не наадварот) і трубіць пра івэнт так, каб нават да Чачэршчыны далятала.
«Камунікацыі»
Калі праект ужо ў працэсе рэалізацыі або вось-вось запусціцца, не апошняя справа – умець правільна распавесці пра яго аўдыторыі. Гэта вельмі важны стратэгічны момант, і без слушнай камунікацыі са спажыўцом прадукту – у тым ліку сацыяльнага або культурнага – наўрад ці атрымаецца запусціць нешта прыстойных маштабаў. На курсе ад еўрапейскай платформы «Культура і Крэатыўнасць» якраз і вучаць пісьменнай камунікацыі. Яшчэ і сертыфікат аб праходжанні курсу выдадуць (ну, раптам ты любіш збіраць прыгожыя паперкі...).
«Фінансы для крэатыўных арганізацый»
Якім бы культурным і крэатыўным ні быў твой праект – грошы лічыць усё роўна трэба. Наогул у любым бізнэсе ці стартапе з фінансавым аспектам давядзецца сутыкнуцца лоб у лоб: умець складаць бюджэт праекта і пралічваць рызыкі, каб у выніку апынуцца ў сытым плюсе. Асновы фінансавай пісьменнасці ў шасці кароткіх лекцыях – ідэальна, каб разабрацца ў базавых пытаннях па тэме.
«Design Thinking for Innovation»
На курсе Універсітэта Вірджыніі вучаць моднай цяпер штуковіне – дызайнерскаму мысленню. Калі простымі словамі, то гэта такі спосаб мыслення, які дапамагае вырашаць бізнэс-праблемы пры дапамозе адначасова аналітычных і творчых ідэй.
Складальнікі курсу абяцаюць, што зробяць з цябе інавацыйнага мысляра і раскрыюць крэатыўныя магчымасці твайго мозгу, каб і да распрацоўкі праекта, і да вырашэння праблем, якія ўзнікаюць па ходзе справы, ты змог(змагла) ставіцца творча і максімальна інавацыйна. Гучыць крута, праўда?
«"Я – рэжысёр". Інтэрактыўны анлайн-дапаможнік пра тое, як зрабіць свой фільм»
Можна доўга марыць пра здымкі свайго «Вялікага Лябоўскі», а можна ўзяць і проста пачаць. Тут цябе навучаць і сцэнар пісаць, і здымаць, і герояў падбіраць, і мантаваць нават. Праграма курсу вельмі аб'ёмная і інфарматыўная – ад гульнявых і дакументальных фільмаў да рэпартажаў і відэаблогаў. Курс будзе карысны таксама пачаткоўцам відэаінтэрв'юерам: у адным з модуляў падрабязна распавядаюць, як браць інтэрв'ю, правільна іх мантаваць і радаваць гледача новымі шчырымі размовамі. Чакаем новых зорак на YouTube!
«Digital-start: першы крок да запатрабаванай прафесіі»
А гэты курс прысвячаецца ўсім, хто марыць зваліць у IT. Тут падрабязна растлумачаць, якія наогул прафесіі ёсць у гэтай сферы (а ты зразумееш, якая пасуе менавіта табе), раскажуць, як скласці рэзюмэ, каб цябе ўзялі на працу мары, і навучаць, як хутка засвоіць новую прафесію.
Прайсці гэтае навучанне будзе карысна і тым, хто сваё наседжанае месцейка пакідаць пакуль не плануе. На курсе разглядаюць пытанні, якія будуць важныя любому профі: развіццё агульных бізнэс-навыкаў, прасоўванне сябе як спецыяліста, самаразвіццё ды іншыя карысныя штукі. Навучанне стартуе сёння – паспей ускочыць у апошні вагон!
«From Idea to Startup»
Адрозніваць дрэнныя ідэі ад добрых і ператвараць іх у стартапы ды праекты – вось, калі сцісла, тое, чаму ты навучышся на курсе Ізраільскага інстытута. Максімум інавацыйных тэхналогій і інструментаў, самыя крутыя метады і стратэгіі вядзення бізнэсу, творчыя рашэнні і вось гэта вось усё – навучанне для тых, каму хочацца грунтоўных і самых прасунутых ведаў са сферы распрацоўкі стартапаў.
Хто праводзіць: школа гарадскіх зменаў Zmena
Працягласць: 7 урокаў – асноўны курс плюс 3 урокі – прасунуты
Курс пра тое, як рабіць горад лепшым
Тут табе раскажуць пра гарадскі актывізм ды яшчэ і ў беларускім кантэксце. Што такое гарадскія даследаванні і навошта яны патрэбныя, як сабраць каманду мары для рэалізацыі ідэі, дзе знайсці грошы на праект і як ўцягнуць мясцовую супольнасць у яго рэалізацыю – усяго ў сямі ўроках асноўнага курсу змяшчаецца неацэнная інфа для беларускіх актывістаў.
Да кожнай лекцыі прыкладаецца інтэрв'ю з экспертам, сярод якіх, да прыкладу, кіраўнік культурнай прасторы «Ок16» Георгій Заборскі і рэдактарка спецпраектаў 34Media Маша Ярома.