4747 1

За шклом

Паводле розных статыстыкаў, Беларусь упэўнена ўваходзіць у топ самых пітушчых краінаў свету. Паводле ацэнак Міністэрства аховы здароўя, аб’ём спажывання алкагольных напояў складае 11, 97 л на год на душу насельніцтва. Агент 34mag Даша Горб паразмаўляла з заўсёднікамі крамы «Акварыум» у адным з раёнаў Гомля для таго, каб лічбы ператварыліся ў асабістыя гісторыі жывых людзей. Сёння ў «Правінцыі» – лірычныя маналогі аматараў пладова-ягаднага пра лёс, мары і дабро. Напэўна, недалёка ад твайго дому ёсць такі ж «Акварыум».

 

Што за рыбы водзяцца ў «Акварыуме»

Крама «Акварыум» – гэта адное з самых каларытных месцаў Чыгуначнага раёну ў Гомелі. Сам будынак нічым не характэрны, але ўнікальным гэтае месца робяць людзі. Колькі эмоцыяў увабралі ў сябе сцены гэтай крамы за 30 гадоў яе працы, цяжка ўявіць. У 90-ых тут было нешта накшталт піўнога бару, але з часам сітуацыя змянілася: столікі 15 гадоў таму прыбралі, бо канфлікты падвыпілых наведнікаў сталі выклікаць шмат праблемаў, разліўное піва прадаваць перасталі, а яму на змену прыйшло «бырла».

«Акварыум» уяўляе з сябе аднапавярховы будынак на 20 м², падзелены перагародкаю. Злева аддзел, дзе можна купіць розную дробязь: марозіва, шакаладныя батончыкі, а таксама алкаголь розных цэнавых катэгорыяў, а справа засталіся толькі ўспаміны пра міні-бар. Бывалыя наведнікі могуць узяць выпіўкі «на вэксаль»: мясцовыя прадавачкі, як правіла, ведаюць такіх людзей вельмі даўно. У мяне гэтая крама асацыюецца выключна з марозівам, тут заўсёды быў добры яго выбар і невысокія кошты.

Ласую мясціну акружае жылы масіў з пяціпавярховікаў і старая турма. За некалькі хвілінаў хады – завод «Гомсельмаш», які забяспечвае «Акварыум» сталымі кліентамі. Звычайныя працаўнікі з заводу таксама любяць выпіць, але пралетарыят імкнецца пазбягаць сустрэчаў з беспрацоўным кантынгентам, каб не быць залучанымі ў нястрымную папойку.

«Колькі сябе памятаю, мяне заўсёды атачалі пітушчыя людзі»

Алкаголікі пачынаюць свой дзень вельмі рана – дзяжураць пад крамамі ўжо а 8 гадзіне. За ноч яны паспяваюць ацверазець, і зранку пачынаюць «гарэць мазгі» ад жадання выпіць. Як правіла, грошай у іх няма, і самыя адчайныя перабываюць у пастаянным пошуку ахвяры, якая гатовая будзе падзяліцца гаручаю вадкасцю. Да абеду амаль усе разбягаюцца па дамах, каб адаспацца, а пад вечар ізноў выходзяць.

Колькі сябе памятаю, мяне заўсёды атачалі пітушчыя людзі. Я была сведкаю шмат якіх жудасных рэчаў, што яны рабілі пад уздзеяннем алкаголю. Але гэта мяне не пужала, а яшчэ больш развівала ўва мне цікавасць да залежных людзей. Да таго ж, я амаль усё жыццё пражыла каля «Акварыуму», таму пытанне аб прычынах і выніках іхных паводзінаў не давала мне спакою.

Пошук сваіх будучых герояў я пачала ў дварах каля крамы. Ідэальнаю мэтай для мяне быў адкрыты чалавек без комплексаў, які яшчэ не паспеў страціць сваёй годнасці, меў некаторыя прынцыпы, глыбокія думкі ды мары. Ну і вядома ж, самае цікавае – гэта прычына, якая давяла чалавека да бутэлькі. Мне хочацца распавесці некалькі невялікіх гісторыяў ад розных людзей, аб’яднаных адным месцам – «Акварыумам».

 

 

 

Алкаголік Славік пра свае прынцыпы

Пра Славіка мне распавяла адная з наведвальніц «Акварыуму». Гэты хлопец набраўся чары, калі вырашыў выскачыць з акна ўласнае кватэры, размешчанай на чацвёртым паверсе. Я пастанавіла схадзіць да яго ў госці ды пазнаёміцца.

Славік без праблемаў пагадзіўся адказаць на мае пытанні ды ўпусціў у сваю кватэру. Там яны ўжо выпівалі з нейкім мужчынам, які падыходзіў хлопцу ў бацькі. Нашую доўгую размову я занатавала ў форме «прынцыпаў жыцця».

 

Пра тое, чаму не варта скакаць з акна

– Гэта было 10 траўня 2013 года. Значыць, я прыйшоў дадому паддаты. Жонка стаяла каля акна, побач з ёй сяброўка была. Пачаўся канфлікт праз тое, што я бухі. Яна паслала мяне на х **. Узяла мае красоўкі ды выкінула іх у акно. Я адкрыў акно і сказаў: «Аліна, ты не верыш? Я зараз у акно выскачу?». Яна сказала, каб скакаў. Я без задняй думкі ўзяў і скокнуў. Прыехала хуткая, нават тралейбус спыніўся, людзі падбеглі да мяне. У вачах вельмі моцна пацямнела. Магу вам сказаць: не скачыце ў вокны, дзяўчатак дах * я на свеце. Пасля гэтага я цэлы тыдзень ляжаў у лякарні, ездзіў на інвалідным вазку. Былі пераломы дзвюх ног у галёнцы і пераломы трох пазванкоў. Дактары мяне на ногі паставілі: замест зламаных пазванкоў уставілі жалезныя пласціны.

 

Пра тое, хто такі алкаш

– Ведаеш, алкаш – гэта чалавек, які не працуе. А я працую, таму паўнавартасным алкашом сябе не лічу. У прынцыпе, раз на 10 дзён я магу сабе дазволіць. Бо кожны алкаш, які сябе паважае, трымае сябе ў форме. У мяне ўсё нармальна: дома культурна, усё нішцяк, рамонт рабіў я сам, а з тэхнікаю і мэбляй брат дапамог. Колькі я п’ю?.. Так, я алкаш. Я п’ю, пакуль не адключаюся, то бок вельмі шмат. Бывае, што я на тыдзень у запой сыходжу. Тыднёвы запой – максімум. Каб не зманіць вам, самы доўгі мой запой доўжыўся 2 тыдні. Адыходжу недзе дні 3–4.

«Магу вам сказаць: не скачыце ў вокны, дзяўчатак дах * я на свеце»

Працы гэта не замінае, я на працы не выпіваю, бо да нас прыязджае алкатэстар. Я працую маляром. Графік у мяне з 8-ай да 17-ай. Мой графік дазваляе пасля працы яшчэ пайсці ды нажрацца, разумееце? (Смяецца). Гэта мой асабісты час. Як хачу, так і праводжу яго.

 

Пра ўплыў на асабістае жыццё і здароўе

– Паспрабаваў я алкаголь у 13 гадоў, моцна падсеў дзесьці ў 15. Я скончыў ГДПТВ № 67, падчас вучобы я ўжо бухаў канкрэтна. Я хадзіў у вучэльню, апранаўся культурна, усё нармальна было. Я сам сябе паважаю. Пакуль я жыў з жонкаю, ці былі канфлікты? Так. Пастаянна. Але, калі мы пазнаёміліся, яна таксама жорстка захаплялася алкаголем. Бухала разам са мной. Але, як нарадзіла мне сына, перастала піць. Стала іншым чалавекам. У Бога паверыла, у секты хадзіць стала. Цяпер у мяне новая дзяўчына, мая будучая. Клічуць Насця, ездзіць на опелі, у яе свая крама.

Я не лічу алкаголікаў хворымі людзьмі. Хтосьці залівае сваё гора па жыцці, асабіста ў мяне так. Я ў не вельмі добрай сям’і рос. У мяне сястра памерла ад алкаголю. І маці памерла: яна згарэла ў кватэры. Гэта жывы прыклад таго, што піць нельга. Так, я выпіваю, але я сачу за сабою.

«Чырванее твар, зубы выпадаюць, ногі не ходзяць, ціск павышаецца вельмі моцна, ныркі ныюць»

Як адбіваюцца мае п’янкі на здароўі? Сказаць сумленна? Ох, чырванее твар, зубы выпадаюць, ногі не ходзяць, ціск павышаецца вельмі моцна, ныркі ныюць. Калі атхадняк, у мяне пачынае моцна цячы пот. Яшчэ хацеў заўважыць, што падчас запою за сабой трохі недаглядаеш: можаш шкарпэтак не змяніць ці не памыцца.

У гэты момант другі мужчына працягвае свайму суразмоўцу шклянку віна і паўсасіскі, але хлопец рашуча адмаўляецца ад ежы. «Хех, прытупляе эфект ад алкаголю, – тлумачыць Славік. – Гэта называецца «кишкоблудством». Але ўва ўсіх па-рознаму: хтосьці шмат жарэ, хтосьці, як я. Калі піва п’ю, то магу закусіць, а калі што мацнейшае, то ўжо не заядаць, магу толькі вадзічкай запіць або півам».

 

Пра мінулае і будучыню

– Яшчэ я раней скінаваў. Адкуль да нас ідуць усе наркотыкі? Чаму наркотыкі маюць быць у маёй Беларусі? Я лепш 100 грамаў вып’ю, гэта лепш, чымся шмаль папаліць. Біў так, што ногі ляцелі. Цяпер не скіную. Амаль ужо забыўся, што гэта такое. Мянтам трапляўся, гэта так. Але міліцыя ў Гомлі самая класная. Чаму? Яна мяне захоўвае дагэтуль, паважае мае прэтэнзіі.
Будучыня... Як бы знайсці сабе дзяўчынку нармальную. А потым ужо ўсё дадасца, гэта 100 %. Раней хацеў стаць супермэнам. Дапамагаць людзям (смяемся ўсе). Калі б у мяне было шмат грошай, я б дапамог інвалідам. Рэальна. Гэта па жыцці правільна.

Зрабіўшы пару фотаздымкаў, я развіталася са Славікам і ягоным кампаньёнам. Напрыканцы ад маладога чалавека я пачула прызнанне ў сімпатыі ды прапанову зайсці як-небудзь у госці.

 

 

 

Жонка Марына і сямейны бюджэт

Праз некалькі дзён я вырашыла здзейсніць паўторны «рэйд» па наваколлі «Акварыуму». Пакуль я тусавалася пад крамаю, мне паспелі прапанаваць купіць электрычны імбрык за 100 тысяч – выпадкі, калі дзеля алкаголю людзі штурхаюць цэнныя рэчы, не рэдкасць. Пра тое, як запоі ўплываюць на сямейны бюджэт, я паразмаўляла з Марынай, жанчынай гадоў пад 40. Так атрымалася, што я дапамагла ейнаму мужу дайсці да кватэры. На здзіўленне, Марына сустрэла мяне вельмі прыязна: запрасіла ў дом і напаіла гарбатай, але рабіць фотаздымкі строга забараніла.

 

Пра тое, як прадказаць запой

– Муж у мяне выпівае рэдка. Гэта першы выпадак за год. Але калі ён п’е, то п’е канкрэтна. Пакуль усіх грошай не прап’е, то не супакоіцца. Таму, калі я адчуваю, што хутка запой, хаваю ад яго ўсе грошы. Перад сваім чарговым зрывам Віктар становіцца вельмі агрэсіўны і нервовы. Арганізм, відаць, патрабуе сваё... Хм, я нават не ведаю, з чым гэта звязана. Затым здараецца моцная сварка, ён моўчкі сыходзіць і вяртаецца дадому вельмі позна і ўжо п’яны. Віктар п’е ўжо тры тыдні, але адыходзіць збіраецца. Абяцаў, што больш не будзе піць.

«Як я выйшла замуж за шызафрэніка? Тады мяне гэта не пужала»

Ох, ягоныя п’янкі вельмі моцна б’юць па сямейным бюджэце, а ён у нас не такі ўжо і вялікі. У Віктара ж група інвалідная, так што ён не працуе. Наагул, у яго са здароўем усё добра, на ім араць і араць, толькі ён лянуецца. А групу яму далі праз галаву: ён шызафрэнік. Насамрэч ён агрэсіўны, адразу на крык пераходзіць, любіць людзей даставаць. У мяне такое пачуццё, што ён усё сокі з мяне высмоктвае... Як я выйшла замуж за шызафрэніка? Тады мяне гэта не пужала. У 30 гадоў ён быў зусім іншы. А з узростам усё толькі горш становіцца.

 

 

 

Пра што марыць шызафрэнік Віктар

Калі муж Марыны прыйшоў у сябе, ён распавёў мне, што на раёне вельмі шмат кампаніяў алкаголікаў, да якіх можна далучыцца. Калі няма грошай – гэта добры варыянт. Мы праверылі гэта на ўласным досведзе. Літаральна за 15 хвілінаў мужчына знайшоў кампанію, пагаварыў з імі, і праз чвэрць гадзіны яны ўжо стаялі ўчатырох і дружна распівалі бутэльку віна. У сярэднім, каб здаволіць сваю смагу, алкаголіку трэба каля 5 бутэлек віна на дзень, вялікую бутэльку можна ўзяць дзесьці за BR 30 тыс. Выходзіць, BR 150 тыс. – і чалавек амаль шчаслівы.

Затым мы з Віктарам адарваліся ад шумнай кампаніі ды адправіліся на асобную лаўку, дзе ён падзяліўся са мной сваймі поглядамі на жыццё. Віктар не выглядае на свае 50, нават валасы дагэтуль не страцілі колеру. Спартовы касцюм на ім пакрыты плямамі крыві, ванітаў і бруду, а на твары – пара ранак.

 

Пра падарожжы

– О-о-о, я люблю марыць. Я мару пра тое, каб паехаць падарожнічаць са сваёй старэйшай дачкой. Я хачу, каб мы ўсе жылі ў адным вялікім доме, дзе ў кожнага ёсць свой пакой, дзе ніхто нікому не перашкаджае. Цяпер я перашкаджаю сям’і, а сям’я перашкаджае мне. Я люблю глядзець фільмы і перадачы, але мне не заўсёды даюць пасядзець за камп’ютарам. Адныя эгаісты вакол. Чаму я не падарожнічаю, што мне перашкаджае? Усё перашкаджае. Са здароўем у мяне праблемаў шмат. Я ледзь рухаюся, разумееш. Бывае, устаеш з канапы, а ў вачах цямнець пачынае, ціск увесь час.

 

 

 

Асабістае жыццё цёткі Тані

Таццяна – адна з пастаянных наведніцаў «Акварыуму», яна жыве за дзве хвіліны хады ад крамы. Пра мінулае яна распавядае расплывіста і туманна, і, мяркуючы з голасу падчас нашай размовы, Таццяна ўжо далёка не цвярозая, таму ейны аповед пастаянна згортвае ў бок асабістага жыцця.

 

Пра тое, з якой прычыны людзі пачынаюць піць

– А людзі пачынаюць піць праз праблемы. Алкаголь дапамагае забыцца пра ўсё і разняволіцца, але зранку прачынаешся і разумееш, што ўсё па-старому. Так і пачынаецца запой: ты проста не хочаш выходзіць з гэтага стану. А ў мяне яшчэ кампанія, якая п’е. О-о-о-х, я рана выйшла замуж і нарадзіла першае дзіця, муж мне здрадзіў, таму нашыя адносіны доўга не працягнуліся. Затым у мяне з’явіўся другі мужчына, з якім я пражыла 7 гадоў, ён не працаваў і ўвесь час прапіваў мае грошы. Цяпер у мяне ёсць Эдзік, але, калі ён мне здрадзіць, я таксама на хрэн яго кіну. Я хачу нармальную сям’ю, хачу прачынацца на плячы ў каханага мужчыны, а не адная. У мяне ёсць толькі дзеці, дзеля якіх я да гэтага часу жыву на гэтым свеце.

«Цяпер у мяне ёсць Эдзік, але, калі ён мне здрадзіць, я таксама на хрэн яго кіну»

Мой тата кінуў нашую сям’ю, калі я была маленькая, гэта ўсё адбылося таксама праз алкаголь. Мяне некалькі разоў ледзь не пазбавілі бацькоўскіх правоў, так што незайздросны ў мяне лёс. Старэйшая дачка ўжо выйшла замуж, у яе ўсё добра. А малодшы сын пакуль вучыцца ў вучэльні. Ён ходзіць у мяне ў красоўках за BR 1,5 млн і ездзіць на добрым ровары.

 

Пра тое, што дабро прыцягвае дабро

– Я ніколі не марную сваіх грошай на гулянкі. За мяне плоцяць або мае мужчыны, або мае сябры. Але я добры чалавек і ніколі не пакіну ў бядзе і дапамагу, чым змагу. Быў адзін выпадак, калі я дапамагла незнаёмаму мужчыну: на дварэ стаяў мароз, Эдзік толькі прыехаў з Расіі, прывёз нядрэнныя грошы, і мы хацелі з кампаніяй добра адзначыць ягоны прыезд. Я пайшла ў краму і крута затаварылася: узяла самую дарагую гарэлку, добрую закуску і гэтак далей.

Выходжу з крамы, а там мужык стаіць, калоціцца, вусны сінія. Я гляджу на яго, а ён: «Жанчына, купіце бутэльку – я вам аддам». Ну, грошы ў мяне на той момант былі, таму купіла яму гарэлкі і дала закускі з нашага пакету. Ён быў вельмі шчаслівы. Казаў, што знойдзе мяне і ўсё аддасць. Адбывалася ўсё гэта, ізноў жа, каля «Акварыуму». Я тады не паверыла, але праз нейкі час мне мая сяброўка тэлефануе і кажа, што нейкі мужчына мне пакет прасіў перадаць. Я забрала гэты пакет. І што ты думаеш? Ён быў поўны розных далікатэсаў і добрага алкаголю. Мне дабро заўсёды вяртаецца.

 

 

Тэкст і фота by Даша Горб


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)
ava

Maxim Thockio 03-05-2016, 20:51

Эх, гомельский край...слёзы Мичурина )

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.