3324 0

Адукацыйная ўтопія

У 2014 годзе два хлопцы з Менску вырашылі з’ехаць у вёску, каб давесці: можна дапамагчы дзецям палюбіць вучобу, калі быць з імі на роўных. Воляй выпадку і неразумення адміністрацыяй матываў такога даўншыфцінгу, месцам для эксперыменту стала вёска Жыліхава ў Капыльскім раёне. За два гады хлопцы змаглі прышчапіць вучням любоў да адукацыі, моцна пасябравалі з імі, змагаліся з бюракратыяй і вялі блог пад назвай EDU.topia, дзе маляўніча пісалі пра свае поспехі і правалы. 34mag захаваў гісторыю рэвалюцыянераў нефармальнай адукацыі.

 

Жыліхавa

Густое летняе паветра разразаюць пошчакі салаўёў, якія то тут, то там пакідаюць свежыя сляды сваіх песень. Калі яны змаўкаюць, хочацца пстрыкнуць пальцамі, каб пераканацца, што не аглух, – тут сапраўды можна паслухаць цішыню. На фоне ідэальна гладкага неба павольна пралятаюць толькі птушкі – і ніякіх самалётаў.

У насычаны водар расквітнелых дрэваў зрэдку ўплятаюцца ноткі гною. Інтэрнэт пачынае барахліць, мабільная сувязь эпізадычна знікае – праз 146 кіламетраў ад Менску мы дабраліся да вёскі Жыліхава, што ў Капыльскім раёне. У 2012 годзе ёй прысвоілі званне аграгарадка, але ўсе па звычцы называюць яе па-старому. Рэальнасць тут быццам завісла, гучнасць хтосьці падкруціў уніз, хуткасць зусім прыбралі.

Разам з камандай з «Фіальты» мы прыехалі сюды, каб пагаварыць з двума маладымі выкладчыкамі, якія самавольна з’ехалі са сталіцы ў вёску пару гадоў таму. Калі яны пераехалі сюды, Дзмітрыю было 23, Сяргею – 26. Наша машына становіцца трэцяй на ўсёй вуліцы – дзве іншыя прыпаркаваныя каля дома, дзе жывуць настаўнікі. Сустрэўшы нас каля брамы, яны запрашаюць прайсці ў сваё жыллё, але неўзабаве перамяшчаюцца на ўслончык звонку – лета ж.

Дзмітрый Маратавіч Макарчук размаўляе выключна на беларускай мове і ідэальна ўпісваецца ў пейзаж са сваёй барадой, у дыхтоўнай камізэльцы і свабодных штанах. Ён атрымаў філалагічную адукацыю ў Вільні і да пераезду ў Жыліхава паспеў папрацаваць на многіх інтэрнэт-рэсурсах.

Пасля двух гадоў працы Дзіме не працягнулі кантракт у Жыліхаўскай школе, і ён пайшоў працаваць у аграгарадок Чырвоная Слабада – у 15 км адсюль.

Сяргей Сяргеевіч Бародзіч упэўненым пастаўленым голасам перыядычна цытуе класікаў рускай літаратуры. Раней Сяргей выкладаў рускую мову і літаратуру ў школе № 207 з агульнаэстэтычным ухілам. За свае артыкулы і сумесны блог пра тутэйшае жыццё ў яго былі сур'ёзныя праблемы са школьнай адміністрацыяй. З гэтымі публікацыямі ён з Дзмітрыем выйграў гран-пры ў конкурсе блогаў ад tut.by.

«Тут адна паралель у кожным класе, і на выпускным чатыры чалавекі ў коле танчаць»

Хлопцы распавядаюць, што вырашылі з’ехаць са сталіцы, каб зымітаваць шлях студэнта-размеркаванца. Яны не імкнуліся праверыць сябе на трываласць у аскетычных вясковых умовах – да гэтага гадоў 15 ездзілі ў летні лагер і прызвычаіліся да жыцця на прыродзе. Як ні дзіўна, працаўладкавацца ўдалося не адразу: філолагі абзвоньвалі раённыя адміністрацыі і казалі, што хочуць папрацаваць у сельскай школе. Але ў адказ чулі: «Вы ведаеце, да нас звычайна з вёскі прыходзяць і просяць размеркаваць іх у Менск. Але каб з Менску ў вёску – у нас такое ўпершыню». Доўгі час адміністрацыя не магла зразумець, навошта Сяргею і Дзмітрыю гэта трэба. Але калі да іх сталі прыязджаць журналісты, наверсе знайшлі свой адказ – хлопцы вырашылі папіярыцца. «У вас эксперымент, а мы тут жывем!» – пачулі яны пасля выхаду аднаго з артыкулаў.

Але маладыя настаўнікі не ставілі доследы на дзецях – яны шчыра хацелі змяніць іх стаўленне да вучобы, каб тым было ў кайф прыходзіць у школу і па-за яе сценамі працягваць навучанне. «Адукацыя – гэта адзін вялікі серыял. Можа быць, нават адна вялікая серыя, якая стартуе ў пачатку верасня і заканчваецца дзесьці ў чэрвені. Адукацыя, якую атрымлівае дзіцё ад цябе па-за ўрокам, мабыць, нават важнейшая за тое, што яно атрымае за 45 хвілін. Гэта сужыццё, суіснаванне», – кажа Сяргей Сяргеевіч.

Ягоную ўпэўненую гаворку перабівае акуратны дзядуля, які праходзіць міма: «Добры дзень!» – «Добры, вітаем». Пара пажылых суседзяў вызірнула са сваіх хат і з цікавасцю стала назіраць за ходам інтэрв’ю і здымкай. Сонца пачало расплывацца заходнім святлом сярод аблокаў, намякаючы на тое, што прыйшла пара пабадзяцца па Жыліхаве. Падчас павольнага шпацыру хлопцы заўважаюць: «У горадзе ўсе прызвычаіліся да рэкламы. Яна пад нагамі, збоку, над галавой. Тут жа адзіная рэклама, якую можна сустрэць, – аб’ява “Курыцы-нясушкі”. Наша падсвядомасць адпачывае ў вёсцы, таму што атрымлівае значна менш інфармацыі, чым у горадзе. Таму можна заняць галаву больш філасофскімі думкамі».

У нашу гутарку ўкліньваецца раварыст сярэдніх гадоў, які некаторы час ехаў побач. «Беларуская мова наогул распаўсюджаная», – выносіць ён вердыкт, уважліва паслухаўшы размову. Верагодна, ён быў бы не супраць зачасацца ў нашу кампанію, але раптам з-за вугла з’явілася яго маці з крыкамі: «Дзе ты быў? Бл*дзь, я ўжо ўзяла палку, каб пабіць і аднаго, і другога. Дамой язджай!» – і ён пачаў няёмка выкручваць педалі з поля нашага зроку. «Вось гэта таксама адукацыя», – кажа Дзмітрый Маратавіч.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

«О-о-о-о, вось зараз прыедзе Ён!.. Вы не зможаце нічога зрабіць»

Дзеці

Размаўляючы, мы даходзім да цэнтра Жыліхава – гэта зразумела па тым, колькі адміністрацыйных аб’ектаў размешчана на невялікім пятачку: інтэрнат ад калгасу, дзе Сяргей і Дзмітрый жылі першы год, сельскі клуб у суседнім белым доме з калонамі, у іншым будынку – пошта, фельчарска-акушэрскі пункт і банк, які зараз працуе 3 дні на тыдзень. Па мясцовым праспекце носяцца хлопчыкi і дзяўчынкі: на роварах, роліках, басанож. «Усе гэтыя дзеці – вашы вучні?» – пытаюся. «Тут няма не нашых», – усміхаецца Дзіма. На ўсялякі выпадак удакладняю: «Тут толькі адна школа?» – і ў адказ бачу, як выкладчыкі проста-такі згінаюцца ад смеху. «Жарт дня! Тут адна паралель у кожным класе, і на выпускным чатыры чалавекі ў коле танчаць».

Мы падыходзім бліжэй, але дзеці працягваюць дурэць нават пры з’яўленні выкладчыкаў. Падбягаюць да Дзмітрыя і Сяргея, нешта шэпчуць ім на вуха, уцякаюць далей. «Звычайна калі ў дзяцей адбываецца нейкі працэс і да іх падыходзіць настаўнік, то яны адразу заміраюць і думаюць: “Нас цяпер палаяць ці не?” Я лічу, што мы за два гады дамагліся таго, каб дзеці нас не баяліся. Калі мы падыходзім, яны працягваюць дурэць, нас да сябе зацягваюць, могуць на нас паскакаць», – з гонарам кажа Дзмітрый. У гэты момант адзін пацан на ровары пачынае імкліва ад нас уцякаць. «Гэта праз фотаапарат», – не разгубіўся Дзіма.

Мы надоўга спыняемся тут, назіраючы за бесклапотнымі хлопцамі ды дзяўчынкамі, і самі быццам пераносімся ў сваё дзяцінства, калі яшчэ былі бясконцыя летнія вакацыі, калі не існавала часу і дзён тыдня.

Разглядаючы гэтых шустрых воінаў святла, я ўспамінаю паказальную гісторыю, расказаную Дзмітрыем і Сяргеем паўгадзіны таму. Калі яны толькі прыехалі ў Жыліхава, ім распавялі легенду пра хулігана-васьмікласніка, які мацюкаўся на ўроках, шпурляў крэсламі ў настаўнікаў, стаяў на разнастайных уліках – увогуле на адну чвэрць яго «папрасілі» ў школу Капыля, бо тут ён псаваў статыстыку. Калі пачало блізіцца яго вяртанне, вучні ветліва папярэджвалі выкладчыкаў: «О-о-о-о, вось зараз прыедзе Ён!.. Вы не зможаце нічога зрабіць». У выніку гэты хлапчук навучыў дарослых дзядзькоў з Менску, як трэба жыць у вёсцы.

І на апошніх вячорках менавіта ён адказваў за вогнішча. Кожнаму дзіцяці задавалі досыць філасофскія пытанні пра жыццё, і гэтага хлопца спыталі: «Што ты ніколі не зробіш?», на што той адказаў: «Я ніколі ў жыцці свайго браціка малодшага не кіну». Убачыўшы нашу адабральную рэакцыю, Сяргей падсумаваў: «У яго значна больш усё ў парадку, чым у нас усіх разам узятых».

 

 

Утопія

Сваім галоўным прынцыпам выкладання настаўнікі лічаць зносіны – бесперапынныя, пастаянныя. Першае, што яны даюць вучням пры знаёмстве, – свае кантакты ў сацсетках. Часам яны могуць чаціцца з дзецьмі да глыбокай ночы, калі ў іх ёсць у гэтым неабходнасць. «Хоць тут часам прасцей да дома падысці, чым спрабаваць інтэрнэт злавіць», – пасміхаецца Сяргей Сяргеевіч.

Хлопцы не абмяжоўваюцца зносінамі толькі з падрастаючым пакаленнем: «Уся сістэма адукацыі завязана выключна на дзецях. Але сітуацыя складваецца так, што бацькоў ніхто не вучыць быць бацькамі. А нефармальная адукацыя дае магчымасць працаваць менавіта з дарослымі, разам праводзіць вячэрнія мерапрыемствы. Без іх у нас бы нічога не атрымалася».

Пад мерапрыемствамі маюцца на ўвазе вячоркі каля вогнішча, а вячоркі каля вогнішча – гэта вечары, калі ў хату да Сяргея і Дзмітрыя прыходзяць розныя дзеці і дарослыя, разам накрываюць стол, ставяць лаўкі. Перад гэтым хлопцы едуць у гіпермаркет у Слуцк – гэта ўжо нейкі мясцовы рытуал. Пасля таго, як усе паелі і прыбралі сталы, пачынаюцца песні пад гітару і клавішы, гульні ў лато, запускі салютаў. На апошніх вячорках сабралася 46 чалавек (агульная колькасць вучняў у жыліхаўскай школе – 47). Сумеснымі намаганнямі рэанімавалі экран, які гадоў 10 стаяў без руху, і зладзілі прагляд свежага фільма пра EDU.topia: зусім нядаўна каманда з «Беларусьфільма» правяла тры месяцы ў Жыліхаве і па выніку выпусціла кіно на 52 хвіліны.

Хлопцы ўспамінаюць, як ім даваліся першыя ўрокі ў школе. Аднойчы да іх прыехала знаёміцца мясцовая раённая адміністрацыя – і адразу з праверкамі. На ўроку беларускай літаратуры Дзмітрый Маратавіч пасадзіў дзяцей колам – вясковая школа дазваляе гэта рабіць, таму што ў класе можа быць чалавек пяць. Разаслаў на падлозе шпалеры, даў васьмікласнікам маркеры і стаў з імі абмяркоўваць твор Караткевіча «Паром на бурнай рацэ».

Начальніца аддзела адукацыі была ў замяшанні і пасля званка прызналася Дзмітрыю: «Ну, ведаеце, я такога ніколі не бачыла. Мне здавалася, што настаўнік – гэта эталон ідэальных паводзінаў. А вы нешта паклалі на падлогу, селі, ад рукі размашыста нешта напісалі... Я нічога не разумею. Літары гэтыя брудныя, дзеці сядзелі скурчыўшыся... Але я заўважыла, што ім спадабалася, што ім не хапіла часу – яны былі гатовыя з вамі заставацца і сядзець яшчэ. Магчыма, і матэрыял, і форма, і падача былі такія, да якіх яны не прывыклі».

«У нас метад адзіны – зносіны. Пастаянныя, бесперапынныя»

Але нашы героі не згодныя з тым, што форма правядзення ўрока – вырашальны фактар. «Нефармальная адукацыя не азначае, што трэба з-за школьнай парты перасесці на падлогу або поўзаць на карачках і казаць пры гэтым, што вядзеш наватарскі ўрок, – кажа Сяргей, і Дзмітрый развівае ягоную думку: – Што значыць сесці колам, напрыклад? Гэта ж нават не методыка. Але такая форма правядзення ўрока выклікае шок у дзяцей, якія прывыклі сядзець за партамі, падымаць рукі і на ўвесь клас казаць, што ім трэба выйсці ў туалет. У нас метад адзіны – зносіны. Пастаянныя, бесперапынныя».

Хлопцы падкрэсліваюць, што задача выкладчыка – зрабіць усё магчымае, каб зацікавіцца чалавекам, з якім ён працуе. Гэта першасны прафесійны абавязак. Калі ты з гэтым не даў рады, калі табе не цікавы той, з кім ты будзеш камунікаваць, ты прафнепрыдатны. Як толькі ты паказаў дзіцяці, што на дадзеным адрэзку жыцця ён – твой галоўны сэнс, усё пойдзе само сабой. Калі ты пачынаеш з ім мець зносіны, логіка сюжэту сама падказвае, што табе рабіць, – для гэтага не патрэбны план-канспект.

Сяргей Сяргеевіч дадае, што калі ён выпускаў свой першы клас пяць гадоў таму, то сказаў бацькам дзевяцікласнікаў: «Калі заходзіш у кабінет, ты павінен задаць сабе ўсяго два пытанні: чаму ты можаш навучыцца ў дзяцей і што цябе ў іх захапляе. Калі ты не можаш адказаць – з людзьмі ты не працуеш. Шукай, пакуль не знойдзеш».

Таксама ў гарадскіх школах дзецям імкнуцца прышчапіць пачуццё калектывізму, і калі адзін дапамог іншаму, то гэта выклікае здзіўленне і захапленне. І тут жа кажуць, што гэта правільнае ідэалагічнае выхаванне. У вёсцы гэта не плюс – тут так жывуць, тут гэта ў крыві. Калі настаўнікі ў першы раз ладзілі вячоркі, то купілі дзяўчынкам шакаладкі, таму што яны дапамаглі накрыць стол. Тыя не зразумелі, у чым падвох. Чаму іх узнагароджваюць за тое, што яны і так звычайна робяць? Тут не трэба тлумачыць, што азначае талстоўскае «ўсім светам наваліцца хочуць», як гэта даводзіцца рабіць у горадзе: тут гэтае «ўсім светам» ужо ў крыві ў кожнага, яны прывыклі жыць і працаваць «гуртом», «талакой».

 

 

Антыўтопія

Усе гэтыя ідэальныя ўяўленні пра адукацыю разбіваюцца аб кансерватыўную рэальнасць. У менскіх выкладчыкаў ёсць шмат сяброў, якія займаюцца дабрачыннасцю, і некаторыя з іх былі гатовыя прыехаць сюды. На што дырэктарка сказала: «Калі вы альтруісты, гэта вашы праблемы». Другая геніяльная фраза той жа аўтаркі: «Калі вы хочаце свабоды, то вам не ў школу». Гэтыя два магутныя афарызмы, сказаныя дырэктаркай жыліхаўскай школы, выкладчыкі цытуюць з асаблівым смакам.

У вясковай «адукацыйнай адміністрацыі» праблемы з дабрачыннасцю. Калі чуюць, што хто-небудзь што-небудзь гатовы рабіць бясплатна, «наверсе» гэта лічаць падазроным. Была магчымасць прывезці беларускую батлейку ў Чырвоную Слабаду – рабяты з budzma.by прапанавалі арганізаваць. На што Сяргею і Дзмітрыю сказалі: «Не, нам бясплатна не трэба. Ну давайце хоць 5 тысяч за квіток паставім. 1 тысячу з кожнага ў фонд школы пакладзем».

«Ведаю толькі, што не мы там, дзе вячоркі, – вячоркі там, дзе мы»

Успаміны пра дурныя сітуацыі адкрыта весяляць настаўнікаў. Дзмітрый распавядае: «Калі я прыехаў працаваць у школу ў Чырвонай Слабадзе, то сустрэў не аднаго намесніка дырэктара, а адразу чатырох. І вось намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце выклікае мяне і кажа: “Вы ж настаўнік! Вы ж прыклад для дзяцей! Як настаўнік можа хадзіць па школе з партфелем?” І я пытаюся: “А што мне рабіць?” На што адказваюць: “Ну як – што? Вы ўзялі сшыткі, падручнік, часопіс – і пайшлі на ўрок! Калі вы баіцеся за свой партфель, пакіньце яго ў мяне ў кабінеце. Але не хадзіце па школе з партфелем – гэта ж ні ў якія вароты не лезе!”.

За размовамі мы робім прыстойнае кола па ўсёй вёсцы, зазіраем у дворык школы, махаем рукамі вартаўніку ў акенцы і ўвесь час вітаемся з мясцовымі – тут гэта адбываецца неяк натуральна. Пры апошнім усплёску адвячорнага святла вяртаемся дадому, здзіўленыя і натхнёныя. Да Сяргея і Дзімы з другога канца вуліцы бягуць дзеці, абдымаюцца, нешта расказваюць па сакрэце.

Напрыканцы Сяргей кажа мне: «Я хачу даказаць, што сельскі вучань можа быць досыць канкурэнтаздольным на арэне абітурыентаў. У мяне ёсць такая матывацыйная хохма, што калі мае вучні набяруць 100 балаў, то мяне вынесе з сістэмы школьнай адукацыі. У гэтым годзе першая тройка набрала 93, 91 і 87 балаў, так што на пенсію яшчэ рана сыходзіць. Адзін вучань пачынаў з 20, а здаў на 82 балы. Я не ведаю, што будзе далей. Ведаю толькі, што не мы там, дзе вячоркі, – вячоркі там, дзе мы».

 

Сяргей Сяргеевіч і Дзмітрый Маратавіч ужо вярнуліся ў Менск і цяпер будуць расказваць пра падзеі за апошні год. Сачы за абнаўленнямі ў блогу і ў VK!

 


Тэкст і фота by Captain White


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.