Зрабі грамчэй: 9 must-see фільмаў-канцэртаў

  • 13.11.2019
  • Аўтар: 34mag
  • 6975

Музычнае відэа на вялікім экране – гэта твая магчымасць пусціць па нейронах нязвыклыя эмоцыі ад праслухоўвання знаёмых трэкаў або пранікнуцца мелодыямі, якія чуеш упершыню. 34mag.net сумесна з сеткай кінатэатраў Silver Screen cinemas рэкамендуе дзявятку фільмаў-канцэртаў для тых, хто прагне новага аўдыявізуальнага вопыту і спадзяецца, што гэты вопыт будзе магутным.

 

 «Stop Making Sense» (1984). Talking Heads 

 

 

Хутчэй за ўсё, апошні альбом гэтай амерыканскай рок-групы выйшаў яшчэ тады, калі цябе на свеце не было. Але гэта ні разу не падстава абысці ўвагай канцэртнік, які стабільна трапляе ў разнастайныя топы лепшых музычных відэа ў свеце.

Дэвід Бірн дэманструе тут цуды вакалу і пластыкі, Ціна Уэймут і Крыс Франц паказваюць, што такое гарманічная рытм-секцыя, а запрошаныя музыкі дадаюць прыгажосці і лёгкасці. Ад прагляду-праслухоўвання «Stop Making Sense» па целе бягуць бадзёрыя мурашкі і чамусьці хочацца, каб побач быў хтосьці, каму добра гэтак жа, як табе.

 

 

 «Live in Rome» (2013). Muse 

 

 

Добры ўзор таго, як можна зняць канцэрт гурта, які збірае 60963 чалавек на рымскім стадыёне, і не расплюхаць па шляху на экран адчуванне грандыёзнасці таго, што адбываецца.

«Live in Rome» застанецца ў гісторыі першым поўнаметражным канцэртным відэа, знятым у 4К, а гэта значыць, што гледачы могуць разгледзець кожную маршчынку на твары Мэцью Бэламі, калі той выцягвае неўвядальную «Supermassive Black Hole».

Увогуле, нават калі ты бываў(-ла) на жывых канцэртах Muse, гэтае шоу раскрые табе артыстаў з нечаканага боку, а тэхналогія Dolby Atmos, якая выкарыстоўваецца ў залах Voka Cinema і Silver Screen ArenaCity, створыць дзівосны эфект прысутнасці: будзе здавацца, што музыка накрывае цябе з усіх бакоў.

 

 

 «MTV Unplugged in New York» (1994). Nirvana 

 

 

Гэты фільм занурыць цябе ў кардынальна іншыя – у параўнанні са стадыённікам – адчуванні. Уяві, што апынуўся(-лася) на кватэрніку, дзе прыгожы сумны хлопец з нямытымі валасамі грае нешта сваё і трошкі кавераў, а потым табе здаецца, што гэта не каверы зусім, а песні гэтага сумнага хлопца і ёсць – такі ўжо ён добры!

Відэа для тэлеканала MTV знялі ў 1993 годзе. Па словах відавочцаў, без пяці хвілін культавы франтмэн Курт Кабэйн страшна хваляваўся. Ён настаяў на адсутнасці ў трэклісце хітоў Nirvana, папрасіў – насуперак усім прынцыпам шоу – падключыць яго акустычную гітару праз узмацняльнік, а яшчэ замовіў у студыю лілеі з чорнымі свечкамі. Атрымалася так далікатна, што ў пэўныя моманты здаецца, быццам нельга дыхаць. У гэтыя ж моманты ловіш сябе на тым, што напяваеш трэк у голас.

 

 

 «Сияние обрушится вниз» (2017). «Гражданская оборона» 

 

 

Для фанатаў «ГрОб» гэта кіно з «абавязковай праграмы». Для іншых – лепшая магчымасць адчуць на сабе моц харызмы Ягора Летава – стваральніка змрочнай псіхадэл-музыкі і ледзь не самых глыбокіх тэкстаў у рускім року. На канцэрце, які адбыўся за дзесяць дзён да смерці музыкі і быў зняты амаль выпадкова (але бездакорна па гуку), гурт выканаў галоўныя песні, у тым ліку – «Всё идет по плану», «Долгая счастливая жизнь», «Моя оборона». Не падпяваць такому трэклісту, сам(-а) разумееш, немагчыма, так што глядзець фільм у адзіночку на экране ноўтбука як мінімум дзіўна, а як максімум – навошта? Вельмі рэкамендуем лавіць у кіно.

 

 Набыць квiток 

 

 

 «Biophilia Live» (2014). Bjork 

 

 

Альбом «Biophilia» выйшаў у Б'ёрк надзвычай няпростым нават для Б'ёрк: слухачы маглі эксперыментаваць з гукам, ствараць уласныя версіі трэкаў, наогул узаемадзейнічаць з музыкай больш актыўна, чым звычайна. Аднайменнае відэа атрымалася пад стаць: на прэзентацыі пласцінкі ў лонданскім Аляксандра-палас адбывалася нешта не зусім зямное. І рэжысёры кіно здолелі гэта ўхапіць, захаваць і перадаць.

 

 

 «Inni» (2011). Sigur Rós 

 

 

Тут таксама многае вырашае візуальная магія, якая спалучаецца з магіяй музычнай. Рэжысёр Вінцэнт Марысэт зняў фільм-канцэрт ісландскіх авант-рокераў Sigur Rós на лічбавую камеру, затым перазняў на 16-міліметровую стужку, а потым перазняў яшчэ раз, выкарыстоўваючы фільтры і спецэфекты. Відэа атрымалася зачаравальным, як ісландскія пейзажы, так што прагляд яго нясе відавочны тэрапеўтычны эфект.

 

 

 «Homecoming» (2019). Beyoncé 

 

 

У аснову фільма пакладзены выступ Бейонсэ на фестывалі Coachella ў 2018 годзе. У першы ж дзень рэлізу на Netflix амерыканцы паглядзелі кіно 1,1 млн разоў – і гэта без уліку праглядаў з мабільных прылад! На Rotten Tomatoes фільм атрымаў рэйтынг 98%, а крытыкі самых важных газет захлынуліся ў аднадушным захапленні.

«Homecoming» – гэта неверагоднай прыгажосці дзейства нават для тых, хто больш-менш роўна дыхае да музычна-філасофскіх пошукаў R'n'b-каралевы. Таму што кажаш «шоу» – разумееш «Бейонсэ».

 

 

 «Love Yourself in Seoul» (2019). BTS 

 

 

Вялікі і прыгожы фільм-канцэрт k-pop групы, які дазваляе разгледзець у дэталях, як выглядае і на чым будуецца папулярнасць у трэцім тысячагоддзі.

Прэм'ера «Love Yourself in Seoul» адбылася 26 студзеня 2019 года адначасова ў 102 краінах свету. З-за ажыятажу вакол салодкагалосых прыгажунчыкаў у некаторых кінатэатрах прыйшлося арганізаваць дадатковыя паказы. Нічога дзіўнага: пакуль куміры-айдалы ніяк не дабяруцца да твайго горада, даводзіцца сублімаваць з аднадумцамі і без сарамлівасці спяваць любімыя песні ў кінатэатрах.

 

 

 «Spirits In The Forest» (2019). Depeche Mode 

 

 

Усе канцэртныя відэа брытанскіх электроншчыкаў Depeche Mode вартыя вялікага экрана, і свежае «Spirits In The Forest» не выключэнне. Каб яно з'явілася на свет, відэограф гурта Антон Корбайн прайшоў за калектывам у маштабным туры на 115 канцэртаў і сабраў шасцёрку яркіх фанацкіх гісторый. У выніку атрымаўся матэрыял, што дае аўтарскі позірк на музыку, якая ненавязліва аб'яднала цэлую планету.

Прэм'ера «Spirits In The Forest» запланаваная на 21 лістапада 2019 года і павінна аб'яднаць планету яшчэ мацней: паказы пройдуць больш чым у 70 краінах. Раскошныя навіны: у Беларусі кіно пакажуць таксама. Адзіны сеанс арганізуе сетка кінатэатраў Silver Screen, так што мы дакладна ведаем, дзе будзем 21 лістапада.

 

 Набыць квiток 

 

 

Пакуль рабілі падборку, налічылі як мінімум чатыры прычыны хадзіць на канцэрты ў кіно:

  Ты атрымліваеш новы досвед судакранання са звыклай для цябе музыкай.

  Ты як быццам апынаешся на канцэрце куміра, які занадта вялікі для твайго горада або – горш за тое – ужо памёр.

  Ты трапляеш у кола сваіх – такіх жа, як ты, фанаў, гатовых спяваць любімыя куплеты шчыра і ад душы.

  Ты атрымліваеш асалоду ад вялікага шоу на вялікім экране – і гэта па кошце білета ў кіно.

Зрабі гучней! Бо Silver Screen cinemas – гэта больш, чым пра кіно. Гэта пра новы вопыт, новыя задавальнення і новыя эмоцыі.

 

 Сачы за афiшай тут 

 

Общество с ограниченной ответственностью «Просто кино»
УНП 192211249