Воля Турло
- 27.01.2016
- 2851
Валанцёрка Adukacyja.info Воля Турло распавяла 34mag пра праект і сваё дачыненне да яго, асаблівасці характару дзяржуніверсітэтаў, праблемы беларускамоўнасці і справу, якую варта рабіць не за грошы.
Гераіня: Воля Турло, 25 гадоў, валанцёрка грамадскай ініцыятывы Adukacyja.info. Вучылася ў БДЭУ, прайшла праз расчараванні ў дзяржаўнай адукацыі і доўгія пошукі свайго асабістага прызначэння.
Чым займаецца: папулярызацыяй адукацыі праз усё жыццё.
Арыгінальная дата публікацыі – 27.01.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.
Гісторыя Волі
– Я нарадзілася ў горадзе Вілейка недалёка ад Менска. Мае школьныя гады былі шчыльна звязаныя з творчасцю: я грала на некалькіх музычных інструментах, цікавілася журналістыкай, філалогіяй; з усім гэтым неяк не склалася. У 11 класе да мяне чамусьці прыйшоў нездаровы перфекцыянізм. Я падумала, што не хачу быць музыкам, калі не стану ў гэтым геніям, і вырашыла, што лепей шукаць сябе ў іншай сферы. Такім чынам, я апынулася ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Менавіта ў той час да мяне прыйшла нейкая разгубленасць і расчараванасць у тым, што адбываецца навакол, і неразуменне таго, навошта я пайшла сюды вучыцца.
Праз гэта я пачала шукаць іншыя сферы для развіцця: была валанцёркай у розных арганізацыях, ініцыятывах, удзельнічала ў міжнародных праектах, трэнінгах і семінарах – карацей, спрабавала знайсці месца, дзе мне будзе найбольш камфортна. Так я патрапіла на міжнародную экалагічную школу ў Малдове. Толькі там зразумела, што экалогія – гэта маё. Пачала супрацоўнічаць з Цэнтрам экалагічных рашэнняў, зладзіла свой праект, тым жа летам удзельнічала ў АДУФэсце – злёце беларускіх выпускнікоў, сэнс якога ў камунікацыі і абмене ўласным досведам. Было вельмі крута. Але ж хутка прыйшоў верасень, і зноў пачалася самота. Тады я напісала шэф-рэдактару Adukacyja.info Людміле Асіпенка, што хачу далучыцца да іх каманды, і ў хуткім часе атрымала адказ, што прынятая. Неяк так усё і пачалося.
Што такое Adukacyja.info
– Першапачаткова Adukacyja.info быў сайтам Моладзевага Інфармацыйнага Цэнтра, якім займалася Таццяна Аляксеева. Праз год да яе далучылася Кацярына Барушка, якая пазней пераняла каардынацыю. Праз хуткі час сышла і Кацярына, галоўным рэдактарам стала Людміла Асіпенка. Менавіта тады была зроблена першая абвестка пра набор валанцёраў. І вось гэтая новая каманда, пад кіраўніцтвам Люды, вывела рэсурс на новы ўзровень. За час свайго існавання сайт змяніў тры дызайны, цяперашні выгляд быў прыняты ў 2015 годзе.
Спачатку асноўнай дзейнасцю нашай каманды былі пераклады навінаў і распаўсюд інфармацыі пра магчымасці атрымання адукацыі, але зараз мы развіваем не толькі сайт: у апошнія гады распачатыя серыі самастойных афлайн-праектаў (Веды-паці, АДУфэст, АДУэкспедыцыя), якія выявіліся вельмі эфектыўнай формай збору аднадумцаў,
апантаных адной ідэяй.
«Спачатку асноўнай дзейнасцю нашай каманды былі пераклады навінаў і распаўсюд інфармацыі пра магчымасці атрымання адукацыі»
Так, АДУфэст мы прыдумалі ў 2013 годзе. Веды-паці – гэта нефармальна-навучальныя мерапрыемствы, прысвечаныя адукацыі і культуры асобных краін. АДУ-экспедыцыя ўяўляе сабой вандроўкі па іншых гарадах і мястэчках Беларусі, падчас якіх каманда Adukacyja.info ладзіць прэзентацыі і адукацыйныя сустрэчы для мясцовай моладзі. Акрамя таго, мы маем уласную сістэму міні-грантаў, з дапамогай якой падтрымліваем розныя цікавыя ініцыятывы і праекты. АДУмарафон – адзін з гэтага шэрагу.
Увогуле мы стараемся бачыць сваіх чытачоў, сустракацца з імі па-за межамі інтэрнэту. Наша аўдыторыя – гэта школьнікі старэйшых класаў, студэнты і маладыя спецыялісты. Варта адзначыць, што другія з’яўляюцца найбольш актыўнай часткай аўдыторыі. У іх ёсць час, каб зрабіць што-небудзь, кудысьці з’ездзіць. Што датычыцца маладых спецыялістаў, то ў асноўным гэта тыя, хто скончыў універсітэт, але не хоча спыняць свайго развіцця, жадае атрымаць яшчэ які-небудзь досвед.
У рэшце рэшт, наш чытач, як мы гэта бачым па статыстыцы сайта і суполак у сацыяльных сетках, – чалавек ад 18 да 35 год, актыўны і скіраваны на пазнавальную дзейнасць.
Мэты і цяжкасці «адукацыі»
– Наша галоўная мэта і мара, да якой мы імкнемся, – скласці ў Беларусі адукаванае грамадства, супольнасць людзей, якая будзе намагацца нешта вырашаць і працаваць на карысць сваёй краіны. Дзеля гэтага і ладзяцца нашы мерапрыемствы, развіваецца сайт, што працуе як праваднік паміж моладдзю і магчымасцямі сусвету. І калі людзі знаходзяць сябе з дапамогай Adukacyja.info, то гэта вялікая радасць для нашай каманды. І вялікі матыватар.
Вельмі часта адбываецца так: мы робім набор валанцёраў, людзі прыходзяць, але ж і знікаюць так жа хутка. Зразумела, мы ніколі стоадсоткава не разлічваем на тое, што новы чалавек застанецца ў камандзе. Тут існуе праблема адказнасці – вось у чым сэнс. Але, думаю, такое стаўленне да працы існуе паўсюль, наша ініцыятыва зусім не выключэнне.
«Наш чытач – чалавек ад 18 да 35 год, актыўны і скіраваны на пазнавальную дзейнасць»
Таксама магу сказаць і пра беларускую мову. Мы ганарымся ёй і робім наш сайт па-беларуску. Праз гэта вельмі часта сустракаемся з тым, што некаторыя людзі яе проста не разумеюць, звяртаюцца да нас з пытаннямі кшталту «А чаму так?». На некаторыя сайты прыходзіцца высылаць прэс-рэлізы на дзвюх мовах, што з’яўляецца маім асабістым болем. Але ж як інакш? Шматлікія сацыяльныя суполкі проста не публікуюць прапанаваны ім кантэнт толькі таму, што ён напісаны па-беларуску. Нам бы вельмі хацелася супрацоўнічаць з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі, але пакуль не атрымліваецца. Калі я дасылала абвестку пра наш фэст у суполкі ўніверсітэтаў ВКонтакте, мяне дадавалі ў «чорны спіс» і гэта шмат аб чым гаворыць.
Універсітэты самі не ідуць з намі на кантакт. Калі мы запрашаем некаторых выкладчыкаў на нашы мерапрыемствы і адукацыйныя праекты ці намагаемся знайсці хоць нейкія кантакты з дзяржаўнымі ўстановамі, то, часцей за ўсё, сустракаемся з ігнараваннем. Але ёсць і добрыя прыклады: з дапамогай валанцёраў, якія навучаюцца ў пэўных дзяржаўных установах, калісьці ладзілі прэзентацыі нашай каманды ва ўніверсітэтах, але гэта ўсё роўна ініцыятыва знізу.
«Нам бы вельмі хацелася супрацоўнічаць з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі, але пакуль не атрымліваецца. Універсітэты самі не ідуць з намі на кантакт»
Пра будучыню праекта
– Зараз мы факусуемся на больш доўгатэрміновых праектах: зрабілі некалькі летніх школаў, у хуткім часе адбудзецца ўжо трэці выпуск нашага ўласнага афлайн-анлайн курса пра Еўропу і еўрапейскую палітыку. У Adukacyja.info з'явіўся канал у тэлеграме, дзе штодзень з'яўляецца інфармацыя пра адукацыйныя магчымасці.
У камандзе натуральныя змены: хтосьці прысвячае ініцыятыве меньш часу з-за ўласных справаў, працы, адукацыі, але з'явіліся і новыя людзі. Зараз мы ў пошуку апантаных валанцёраў і валанцёрак, якім было б цікава працаваць з сайтам: шукаць і перакладаць навіны с замежных моваў на беларускую, пісаць аўтарскія тэксты і інтэрв'ю.
«Калі мая праца прыносіць карысць і мне кажуць "Дзякуй!", то, відавочна, усё не проста так»
Што да мяне, то я планую працаваць далей. Мне вельмі падабаецца тое, што я раблю. Бо калі мая праца прыносіць карысць і мне кажуць «Дзякуй!», то, відавочна, усё не проста так. І я бачу: усё, што робіць наша ініцыятыва, набліжае Беларусь да дзяржавы думаючых, адукаваных і інтэлігентных людзей.
Тэкст by Сяргей Шаматульскі
Фота by Kate Ignashevich