9 маладых ініцыятыў, якія варта падтрымаць
- 17.12.2018
- 5376
На гэтых выходных у Менску адбыўся фэст актыўных і неабыякавых рабят «Хачу!». Калі ты там быў(-ла), то напэўна ўжо атрымаў(-ла) моцны ўпырск энергіі, каб запусціць свой праект, які зробіць тваю вуліцу, горад або Сусвет лепш. Калі не, трымай інфу пра 9 свежых ініцыятыў – мо зловіш інсайт.
Гэтыя праекты згенерылі актывісты і актывісткі, якім ад 18 да 24 гадоў і якія робяць першыя крокі ў актывізме. Усе ідэі былі рэалізаваныя ў рамках праграмы «My perspective» ад моладзевага адукацыйнага цэнтра «Фіяльта» пры падтрымцы агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч», сацыяльна-культурнай установы Vitsebsk4Me ды экспертнай групы Coopforum International, Berlin.
Да праектаў можна далучыцца, іх можна падтрымаць, а можна ўзяць за прыклад і распачаць нейкі свой варушняк. Па ментарскую ды інфармацыйную падтрымку звяртайся ў «Фіяльту» – не адмовяць!
Амаль кожны з нас сутыкаецца з пачуццём, калі трэба выходзіць з дому, а ключоў нідзе няма. Гэтаксама адчуваюць сябе вучні 10–11 класа, якія выбіраюць, куды ж ім паступіць (не ўсё ж жыццё інстаблогерам быць…). Праект invenire_by дапамагае спрасціць выбар, проста тлумачыць складаныя фармулёўкі з даведнікаў, шукае экспертныя адказы на пытанні вучняў і дае карысныя спасылкі, каб абітурыенты даведаліся пра ўсе дробязі спецыяльнасцяў.
Чым можа займацца чалавек з дыпломам эканаміста? Якімі якасцямі трэба валодаць крутому дэфектолагу? Дзе вучацца SMM-менеджменту?.. Invenire_by – сацыяльны праект для тых, хто не хоча расчаравацца ў сваім выбары на другі год навучання.
Месца з’яўлення ініцыятывы: Менск.
Мэта праекта: дапамагаць абітурыентам знаходзіць тое, што ім сапраўды падабаецца, расказваць, дзе яны могуць вучыцца, каб павысіць свае скілы ў цікавай для іх вобласці.
Фармат: інстаграм + варкшопы.
Каб паспяхова жыць у грамадстве, трэба прытрымлівацца правілаў (ну хоць бы крышачку). Школа, праца, універсітэт – не самы дрэнны шаблон. Але і ў яго не заўсёды лёгка ўпісацца. Нельга змяніць сістэму адукацыі або грамадства ў цэлым, але можна стварыць асобную пляцоўку, куды людзі могуць прыходзіць, каб вучыцца вольна камунікаваць адно з адным. Double Life – сацыяльны праект для тых, хто адчувае сябе «не да месца» дома, у школе або ўніверсітэце.
Месца з’яўлення ініцыятывы: Віцебск.
Мэта праекта: дапамагчы адаптавацца ў існуючым грамадстве.
Фармат: нефармальныя сустрэчы + інстаграм.
Праблема пластыкавых адкідаў у Беларусі толькі-толькі пачынае прамаўляцца гучна: ствараюцца розныя праекты, актывізуюцца экалагічныя арганізацыі, з’яўляецца ўсё больш інфармацыі па гэтай тэме. І вельмі часта людзі ведаюць пра праблемы, але ім здаецца, што адзін чалавек не зменіць анічога. Eduaction дапаможа не сысці са слушнага шляху. І рабіць маленькія крокі, адзін за другім.
Месца з’яўлення ініцыятывы: Менск.
Мэта праекта: распаўсюджваць інфармацыю пра экалагічны лад жыцця, прасоўваць экалагічныя звычкі і распавядаць пра тое, як пластык уплывае на наша жыццё.
Фармат: інстаграм + сустрэчы са спікерамі + майстар-класы.
Неяк па дэфолце лічыцца, што тэмы сэксу і сэксуальнага здароўя абмяркоўваць не камільфо. Адсюль – безліч праблем: часам у сталых людзей няма элементарных ведаў пра сваё цела, сэксуальнае здароўе і метады кантрацэпцыі. Час стварыць беларускую пляцоўку сэксуальнага асветніцтва ды навучыцца размаўляць пра «гэта» без пунсовых шчок.
Месца з’яўлення ініцыятывы: Менск.
Мэта праекта: гутарыць на тэмы, звязаныя з сэксуальнай асветай, зруйнаваць існуючыя міфы пра сэкс, а таксама адказваць на хвалюючыя пытанні.
Фармат: інстаграм.
«Ты можаш даць чалавеку рыбу – і ён будзе сыты ўвесь дзень, а можаш навучыць яго вудзіць – і ён будзе сыты ўсё жыццё» – прынцып, па якім ствараўся праект, бо гэта пра спажыванне чужых ініцыятыў і стварэнне ўласных. Мала хто ўяўляе, што можна самім ствараць недзяржаўныя і некамерцыйныя праекты, нават не маючы адпаведнай адукацыі. І таксама не ведаюць, як гэта рабіць. Make Great Your State – сацыяльны праект для тых, хто хоча сам змяняць уласную прастору і каго трэба навучыць «вудзіць».
Месца з’яўлення ініцыятывы: Полацк.
Мэта праекта: паказаць, што кожны можа зрабіць уклад у паляпшэнне грамадства, і навучыць, як гэта рабіць.
Фармат: івэнт.
Здараецца і так: нефармальная адукацыя ў тваім горадзе ўжо ёсць, а людзі толькі ныюць, маўляў, ніякіх тут не ладзіцца ні трэнінгаў, ні дыскусій, ні хоць бы лекцыі якой заваляшчай. Чаму б не распавесці гараджанам пра тое, якія ініцыятывы існуць у тваёй прасторы і што гэтыя ініцыятывы робяць?
Месца з’яўлення ініцыятывы: Брэст.
Мэта праекта: распавесці пра мясцовы варушняк, мясцовыя арганізацыі і тое, чым яны займаюцца.
Фармат: івэнт.
Freedom of Expression – сацыяльны праект для тых, хто хоча добра бавіць час з класнымі людзьмі з творчых суполак. Ён збірае на адной пляцоўцы прафесійных мастакоў, танцораў, музыкаў, а таксама тых, хто хоча паспрабаваць сябе ў чымсьці новым, нават калі ў музыкалцы казалі, што мядзведзь на вушах танцаваў, ці проста сцыкатна ўзяцца за пэндзаль. Творчасць аб'ядноўвае ўсіх нас, дапамагае адчуваць сябе больш упэўнена і камфортна.
Месца з’яўлення ініцыятывы: Менск.
Мэта праекта: сабраць творчых людзей у адным месцы, зарадзіць велізарнай порцыяй натхнення, дапамагчы сустрэць аднадумцаў, а тым, хто пакуль не знайшоў свой від творчасці, даць гэтую магчымасць.
Фармат: івэнт.
Як дапамагчы і не нашкодзіць блізкаму чалавеку, які сутыкнуўся з праблемай ментальнага здароўя? Сказаць, што ўсё будзе добра, трэба проста пачакаць і ўсё пройдзе? Вядома ж, не варыянт. Пачынаеш збіраць інфармацыю па артыкулах, лекцыях, шукаць спецыялістаў, але разабрацца з усім самастойна неверагодна складана. У той жа час вакол ёсць людзі, які нават не ведаюць, як спраўляцца са стрэсам, не тое што з нечым больш складаным.
«Требую внимания» – сацыяльны праект для тых, каго турбуе ментальнае здороўе і каму неабходная падтрымка.
Месца з’яўлення ініцыятывы: Менск.
Мэта праекта: расказваць, як клапаціцца пра ментальнае здароўе, куды звярнуцца па дапамогу спецыяліста; даць магчымасць людзям, якія сутыкнуліся з праблемамі ментальнага здароўя, і іх блізкім адчуць падтрымку.
Фармат: варкшоп.
#мненормально
На нас ціснуць стэрэатыпы, калі нам кажуць, як мы павінны выглядаць, што мы павінны есці. Нам кажуць, што мы яшчэ занадта маладыя або што нам ужо позна пачынаць. Падчас падрыхтоўкі гэтага праекта ў анкетаванні людзі казалі: «Так, ёсць праблемы, соцыум душыць», – але яны не былі гатовыя гутарыць пра гэта. Ёсць нагода зрабіць так, каб людзі маглі распавядаць пра свой асабісты досвед сацыяльнага ціску, бо прыгажосць у разнастайнасці, а не ў прымусовым падпарадкаванні стандарту.
#мненормально – гэта сацыяльны праект для тых, на каго ціснуць сацыяльныя стандарты.
Месца з’яўлення ініцыятывы: Віцебск, Магілёў, Полацк.
Мэта праекта: зрабіць жыццё людзей камфортнейшым, навучыць іх спраўляцца з сацыяльным ціскам.
Фармат: стыкеры + кінапрагляды з абмеркаваннем + варкшоп.
Фота: palasatka