7 фактаў пра беларускі тэлеграм

У жніўні 2020-га мэсэнджарам Telegram карысталіся 2,4 млн беларусаў. Такую лічбу агучылі незалежныя даследчыкі Цэнтра еўрапейскай інфармацыі (ЦЕТ).

 

Некалькі фактаў пра Telegram у Беларусі:

   Мэсэнджар набіраў папулярнасць з верасня 2017 года, у 2019 годзе яго аўдыторыя вырасла ў два разы. Сапраўдны бум здарыўся ў сакавіку 2020-га, а ўлетку праграма была самай пампаванай і на Android, і на iOS.

   У канцы 2018-га Telegram карысталіся толькі 13,1% апытаных Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі. Усе тады больш камунікавалі праз Viber (65,4%). Папулярнейшымі былі таксама Skype (22,1%) і WhatsApp (17,6%). У 2019-м суадносіны крыху змяніліся, але пазіцыі засталіся ранейшымі. Затое ў 2020-м, паводле ўскосных звестак, дураўскім мэсэнджарам карысталіся 30-35% інтэрнэт-аўдыторыі, гэта 2,4 млн беларусаў.

   Telegram аднолькава папулярны ў жанчын і ў мужчын (з іншымі мэсэнджарамі справы ідуць не так).

   Найменшай папулярнасцю ён карыстаецца ў жыхароў Віцебскай вобласці: 6% супраць 30% у Менскай вобласці паводле дадзеных за 2019 год.

   У маі 2020-га было вядома больш за 1500 беларускіх тэлеграм-каналаў.

   Два гады таму самым папулярным беларускім тэлеграм-каналам быў «Беларусь галаўнога мозгу» з 37,5 тысяч падпісчыкаў. У лістападзе 2020-га адразу 22 беларускія каналы маглі пахваліцца аўдыторыяй больш за 100 тысяч.

   Топ-10 тэлеграм-каналаў у Беларусі: два каналы, якія нельга называць, навіны TUT.BY, «Беларусь галаўнога мозгу», «Тыповая Беларусь», «Мая краіна Беларусь», «Чай з малінавым варэннем», Luxta, «Беларусь у шоку», «Беларусь Online». Сярод СМІ акрамя TUT.BY у статысячнікі трапілі Onliner, «Белсат», «Наша Ніва», «Радыё Свабода».