Беларусы зрабілі бота, які падымае настрой
- Рубрыка: УЛОЎ
- 14.12.2020
- 7756
Каманда беларускіх псіхолагаў і праграмістаў запусціла тэлеграм-бота Moodmate, які паспрабуе дапамагчы табе лепш разумець свае эмоцыі і быць больш усвядомленым(-ай) у сваіх дзеяннях.
Прынцып просты: Moodmate у зручны для карыстальніка момант прапануе яму або ёй простыя заданні, якія не займаюць шмат часу, і дапамагае паступова наладзіцца на добрае. Камунікацыя з ботам дае магчымасць не толькі даведацца, як лепей дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі, але і спрыяе фармаванню карыснай для мазгоў звычкі дзейнічаць менавіта так.
Над ботам працавалі заснавальнік краўфандынгавай платформы Talaka.by і медыяплатформы «Імёны» Яўген Клішэвіч, псіхалагіня і коўч Вольга Турцэвіч, распрацоўшчык Google Ян Бабіцкі. Таксама ў стварэнні Moodmate прымалі ўдзел аўтар адукацыйнага блока пра здароўе Андрэй Белавешкін і бізнэс-ментар Аляксандр Саракавумаў.
Яўген Клішэвіч
стваральнік Moodmate
«Мы жывём у эпоху хуткасці. Заўсёды кудысьці бяжым і часта не паспяваем выдаткаваць нават пяць хвілін на пытанні свайго эмацыйнага стану. А ён наўпрост уплывае як на нашу паспяховасць і прадуктыўнасць, так і на радасць ад жыцця! Таму мы выбралі фармат чат-бота, які зможа прабіцца праз паўсядзённую мітусню і ненавязліва дапаможа паклапаціцца пра сваё ментальнае здароўе».
Аўтары праекта спасылаюцца на даследаванне, якое пацвярджае: калі добрасумленна выконваць «практыкаванні на аптымізм» хоць бы два тыдні, эфект ад іх будзе адчувальны.
Калі бот знойдзе сваю аўдыторыю, Moodmate перакладуць на беларускую і англійскую мовы, а таксама запусцяць на іншых платформах.