Запускаецца інкубатар малабюджэтнага кіно
- Рубрыка: УЛОЎ
- 25.10.2023
- 3199
Буст беларускага фільммэйкінгу: Belarusian Filmmakers’ Network запускае інкубатар мікрабюджэтнага кіно. Ад патэнцыйных удзельнікаў чакаюць не рэверансы Netflix, а заяўкі з аўтарскімі выказваннямі, нават «злымі і субверсіўнымі».
Гэта магчымасць для маладых рэжысёраў папрацаваць над сцэнарамі дэбютных поўнаметражак. А два сцэнары нават зафінансуюць, каб яны ўвасобіліся на экранах, і адправяць на фестывалі.
«У бягучых умовах беларускія кінематаграфісты не могуць разлічваць на вялікія бюджэты і студыйныя вытворчыя працэсы. Але гэта не значыць, што яны мусяць гадамі чакаць магчымасці зняць кіно, – пішуць арганізатары інкубатара. – Сучасныя тэхналогіі дазваляюць здымаць кіно за мінімальныя грошы, а задача інкубатара – дапамагчы рэжысёрам рэалізаваць свае ідэі і данесці іх да гледачоў».
Мікрабюджэтнае кіно – гэта абмежаванне, але і магчымасць: у такім фармаце цалкам імаверна можа прарасці нешта новае, чаго беларусы яшчэ не здымалі і не бачылі. Джым Джармуш і Вернер Райнер Фасбіндэр пачыналі шлях у кіно з самых сціплых грошай – а сёння іх імёны ведае ўвесь свет.
Этапы работы інкубатара:
1 / Сцэнарная лабараторыя: праекты пад куратарствам будуць даведзеныя да сцэнарыя поўнаметражнага ігравога фільма.
2 / Здымкі двух мікрабюджэтных ігравых поўнаметражных фільмаў, абраных з пяці праектаў сцэнарнай лабараторыі (у фільмаў будзе куратар, які стане і супрадзюсарам фільма).
3 / Прэпрадакшан, постпрадакшан, закрытыя паказы гатовага кіно.
Як узяць удзел: адправіць сінопсіс будучага фільма і матывацыйны ліст з расповедам пра свой досвед і растлумачыць, адкуль з’явілася жаданне зняць мікрабюджэтны поўнаметражны фільм, а таксама пра тое, як мікрабюджэтная эстэтыка будзе працаваць на ідэю.
Заяўкі прымаюць да 10 лістапада. Расклад працы лабараторыі і ўсе дэталі – па спасылцы.
Фота: Kyle Loftus / Pexels