7 беларускіх дызайнерак аксесуараў

Зімовыя пухавікі ўжо даўно пыляцца ў шафах, а на вуліцах Менска сонечна і яскрава – трэба адпавядаць! Ты ўжо ведаеш, дзе купіць мужчынскае і жаночае адзенне аўтарскіх брэндаў, таму гэтым разам мы раскажам пра самыя цікавыя беларускія аксесуары. Нам на дапамогу прыйшлі 7 дызайнерак, якія зробяць твой вобраз пасоўным і для вясновых праменадаў, і для тэхна-рэйваў.

 

 karpilova 

Лена Карпілава з 2013 года стварае лімітаваныя ўпрыгожванні з металу: «Да гэтага я выкарыстоўвала палімерную гліну, арганічнае і павелічальнае шкло, потым цалкам перайшла на метал. Галоўнай атрымліваецца форма, а не колер, – цяпер мне падабаецца працаваць менавіта з формай».

Сярод работ Лены можна знайсці, напрыклад, брошкі з батанічнай серыі, натхнёнай студзеньскай флорай і фаўнай Партугаліі. Купіць такія стылёвыя аксесуары можна не толькі ў Менску, але і ў буціках Вільнюса і Парыжа. Дарэчы, аднойчы мы ўжо расказвалі пра Лену: тады – як пра арганізатарку Minsk Design Week.

   Instagram  |  Facebook  |  VK  |  Сайт

 

 

 

 Masha Maroz Stuff 

Маша Мароз трапіла ў свет біжутэрыі год таму назад, калі дызайнерка вопраткі Вольга Самошчанка прапанавала Машы зрабіць аксесуары для яе круізнай калекцыі. У выніку першыя сэмплы сталі часткай гардэроба самой дызайнеркі, а працы Машы зацікавілі яе сяброў і знаёмых. Яны таксама хацелі насіць такія завушніцы ды падвескі, таму пачала зараджацца калекцыя.

Маша кажа: «Эстэтычнымі ды ідэйнымі крыніцамі інспірацыі для мяне паўстаюць этнічныя культуры народаў свету, будызм і квантавая механіка, якія на сённяшні дзень кажуць пра адны і тыя ж рэчы. Праца над упрыгожаннямі – нібы гульня. Не ў плане адказнасці ў падыходзе да справы, а з пункту гледжання выкарыстання матэрыялаў, некаторай раптоўнасці і наіўнасці пры іх спалучэнні, не зусім звыклых тэхнічных рашэнняў. Гэта спроба ўзгадаць і развіць нанова позірк дзіцяці ва ўзаемадзеянні з аб’ектамі і з’явамі навакольнага свету, проста і шчыра казаць пра тое, што цябе хвалюе».

   Instagram

 

 

 

 Тerritory BOO 

Анастасія Падальніцкая апісвае свой Тerritory BOO як праект творчай прасторы, якая ўбірае розныя тэхнікі і эксперыменты. Ад тытанавых пярсцёнкаў да завушніц, выкананых у тэхніцы гарачай эмалі. Сама Настасся з Гомеля, але яна актыўна падарожнічае са сваімі аксесуарамі. Яе брэнд ты можаш сустрэць на маркетах адразу трох сталіц: Менска, Масквы і Піцера.

  Instagram  |  VK

 

 

 

 OLGA KOROL 

Вольга Кароль – яшчэ адна таленавітая дызайнерка з Гомеля, працы якой прыйдуцца па гусце аматарам і аматаркам мінімалізму і простай геаметрыі. Самі кольцы, завушніцы, падвескі і бранзалеты выкананы з дрэва. Шукай аксесуары на маркетах Менска, бо інакш прыйдзецца наведваць Белпошту.

  Instagram

 

 

 

 AN/DI store 

AN/DI store займаюцца вырабам разнастайных упрыгожанняў і цудоўных скрыначак. А ў вольны ад працы час дапамагаюць бяздомным кацянятам знайсці новых гаспадароў.
«AN/DI расшыфроўваецца як ANna + DIma – такое сумеснае сямейнае дзецішча. Праўда, спачатку Дзіма дапамагаў мне пакрысе, па меры магчымасцяў – у асноўным працай займалася я. Але, на шчасце, прыхільнікаў нашай творчасці стала больш. Калі я адна не стала спраўляцца, Дзіма звольніўся і цалкам перайшоў у штат AN/DI store. Таму нашы тварэнні зараджаныя любоўю, бо народжаныя ў сям'і», – кажа Аня.

Акрамя сацсетак, працы дызайнеркі можна набыць у краме падарункаў ручной работы Mushi shop.

   Instagram  |  VK

 

 

 

 Mineralis store 

Mineralis store прапануюць сваім пакупнікам адкрыць для сябе займальны свет мінералаў. Першае і галоўнае правіла клуба – выкарыстоўваць толькі натуральныя камяні для сваіх вырабаў: матэрыялы для пярсцёнкаў, бранзалетаў, завушніц і падвесак прыходзяць наўпрост ад геолагаў. Стварэнне ўпрыгожанняў з каменьчыкаў – гэта трапяткая праца майстрыні Вольгі Кравец.

   Instagram  |  VK

 

 

 

 Ori Ori 

Вітражы адраджэння знаходзяць свае адгалоскі ў творчасці студыі Ori ori: тут і рукі Мікеланджэла, і танцоркі Матыса, і вермеераўская дзяўчына з жамчужнай завушніцай. З такімі брошкамi можна сур'ёзна заявіць пра сябе як пра сапраўднага знаўцу мастацтва. За простымі формамі хаваецца карпатлівая праца, пра якую Вара Сон распавядае пад хэштэгам #oriori_pro.  

   Instagram

Фота – з інстаграмаў дызайнерак