У Беларусь нарэшце прыпоўз мас-маркет, і таму мы вырашылі нагадаць пра класныя фэшн-брэнды made in Belarus. У гэтай падборцы паказваем мінімалістычныя жаноцкія аўтфіты.

Просты крой і натуральныя матэрыялы – адметныя асаблівасці брэнда Lokonkokon, за якім стаяць Наташа Дасько і Рыта Лазарэвіч.Часцей за ўсё дзяўчаты шыюць ільняныя сукенкі, але таксама па-майстэрску вяжуць рукавіцы і ствараюць ваўняныя чахлы для гаджэтаў. Яшчэ яны сябруюць з камандай праекта «Каліласка», таму некаторыя аксесуары Lokonkokon робіць з абрэзкаў тканін, якія людзі аддаюць на дабрачыннасць. Лайк за другаснае выкарыстанне!



Стваральніца гэтага брэнда не прысвячала ўсю жыццё дызайну адзення: Вольга Бігель прыйшла ў сферу моды з журналістыкі. Пачала яна з канструявання мадэляў штаноў, таму што яны імпануюць ёй ідэяй фемінізму. Цяпер можна набыць і кашулі, і пінжакі. Любімы колер Вольгі – вінны, матэрыялы – бавоўна, лён, воўна.



Стваральніца брэнда Вераніка Харашун нарадзілася ў Менску, атрымала адукацыю фэшн-дызайнера ў Kingston University ў Лондане і Polimoda International Institute у Фларэнцыі. Але пасля сямі гадоў жыцця за мяжой вярнулася ў Беларусь і ў 2014-м заснавала свой брэнд жаночай вопраткі Dofamine Studio. Вераніка выкарыстоўвае выключна еўрапейскія тканіны, якія сама ж выбірае і замаўляе: так яна захоўвае якасць і эксклюзіўнасць кожнай мадэлі.
Вераніка ўзгадвае, як жыла ў Фларэнцыі і адносіла першыя працы ў італьянскую краму на продаж:
– Фларэнцыя, 2012 год. Я вучылася на другім курсе Polimoda і часам адносіла свае студэнцкія працы ў камісійную краму ў самым цэнтры горада каля Дуома. Крамка зарабляла вінтажнымі Louis Vuitton і Chanel, так што кампанія для маіх паліто і сукенак была някепскай. Мудрагелістыя творы знаходзілі сваіх гаспадынь у асобах спрактыкаваных модай сіньёраў і сіньярыт. Памятаю, на абтачках рэчаў, там, дзе павінна быць этыкетка з лагатыпам, я ўжо вышывала Dofamine.



Аляксандра Жук і Дарына Вадап'янава – дызайнеркі-пачаткоўцы, якія натхняюцца электроннай музыкай і сучасным мастацтвам. У сваіх працах яны практыкуюць асіметрыю і нелінейны крой, але пры гэтым уважліва ставяцца да дэталяў і нават выкарыстоўваюць ручную вышыўку.



Заснавальніца брэнда – Кацярына Кабанава – з адукацыі лекарка-псіхатэрапеўтка. Раней яна выкладала ў медыцынскім універсітэце. Цяпер Кацярына цалкам пагружаная ў творчасць: піша вершы, распісвае тканіны і шые з іх паветраныя сукенкі.
У інтэрв’ю на 34mag Кацярына распавядае пра свае адносіны з адзеннем:
– Я думаю, маё адзенне – гэта складнік таго, што я бачу і чым я жыву. Мае ўражанні – гэта і прырода, і адносіны, і сям'я, і музыка, і канцэрты, на якія я схадзіла. Але мой галоўны натхняльнік – гэта ўсё ж прырода, настолькі я «зраслася» з ёй, з яе колерамі і яе танальнасцю. Я люблю гэтыя палі, вясновыя разводдзі, лужыны на палях, колеры зямлі і неба, скал і гор, дрэвы без лісця. У мяне няма праблемы, што восень змрочная. Не магу сказаць, што я заўсёды любіла прыроду ва ўсіх яе праявах, – так стала тады, калі я стала займацца тым, што мне падабаецца.



За правакацыйнай назвай крыецца простая расшыфроўка: Lifestyle Simple Design. Камфорт, мінімалізм, шматфункцыянальнасць – галоўныя каштоўнасці Дар’і Лучанковай-Лебедзевай. І варта адзначыць пасты ў сацсетках, напісаныя з любоўю. Акрамя даволі падрабязнага апісання матэрыялаў, там таксама можна знайсці і рэкамендацыі па спалучэнні рэчаў.



Віка і Крысціна Леванюк сапраўды шыюць з беларускіх тканін, хоць спачатку працавалі з італьянскімі і турэцкімі матэрыяламі. У іх мы закахаліся яшчэ вясной і зрабілі з імі інтэрв’ю, у якім дызайнеркі развенчваюць міф, што ў Беларусі ўсё кепска:
– Усе былі ў шоку, адкуль такая палітра?! Але гэта робіць наш «Камволь». Проста не трэба баяцца, трэба шукаць. І не лічыць, што ў Беларусі ўсё дрэнна і няма чаго выбраць.


Пять лет концертов, переездов, общения внутри коллектива и не только.
Закрылся один из главных баров Минска 2010-х. Вспоминаем, за что мы его любили.
The Weeknd, Depeche Mode, «Скрябін» і яшчэ некалькі гуртоў, якія слухаюць на вуліцах Мінска.
Літаратурны агляд за два месяцы.
Агляд цікавостак, якія ўплываюць на наша жыццё.
Заснавальнік Accidental Point прэзентуе альбом «Krope».
Калі гастраномія выходзіць за межы кухні.
КАМЕНТАРЫ (3)
А для хлопцаў што ёсць?
усё для вас, дарагія чытачы!
https://34mag.net/post/5-belaruskikh-fehshn-brehnday-dlya-muzhchyn-i-ynisehks
будзе адмысловая падборачка