18050 0

Лена Карпілава

Арганізатарка Minsk Design Week Лена Карпілава распавядае пра тое, навошта Менску свой тыдзень дызайну і як ён дапамагае маладым дызайнерам знайсці сваё месца пад сонцам.

 

Чым займаюцца: правядзеннем форуму маладога беларускага дызайну.

Дата заснавання: 2012 год.

Структура: тры чалавекі ў камандзе арганізатараў і валанцёры.

Факты: Тыдні дызайну адбываліся ў Менску двойчы – у 2012-м і 2015-м. Сёлета Minsk Design Week аб’яднаў больш за 50 брэндаў з Беларусі і блізкага замежжа – іх экспанаты былі выстаўленыя ў прасторы футбольнага манежа ды ў Траецкім прадмесці. Колькасць наведнікаў – больш за 6 тыс. гараджан. Гэта першая спроба зрабіць маштабны праект, прысвечаны беларускаму прадметнаму дызайну, і вывесці яго на еўрапейскі ўзровень.

Кантакты:

 
Minsk Design Week  |  FB   |  VK

 

З кім гутарым: Лена Карпілава, 27 гадоў. Скончыла менскі мастацкі каледж імя Глебава на аддзяленні жывапісу. Зараз сканчвае вывучэнне мастацтвазнаўства ва Універсітэце культуры. Заснавальніца і каардынатарка праекта Minsk Design Week.


 


Гісторыя Лены

– Я вучылася на жывапісца ў мастацкім каледжы, пасля адзін год правяла ў ЕГУ, але кінула ўнівер ды вярнулася ў Менск. Слаба ўяўляючы, як можна ў Беларусі працаваць мастаком, а тым больш вольным мастаком, мы з сябрам накіраваліся ў Саюз дызайнераў. Я ўжо і не памятаю, з якой прапановай я да іх прыйшла – падаецца, тое быў нейкі праект, звязаны з выданнем часопіса. Але з гэтага нічога не атрымалася. Тым не менш у Саюзе я засталася і працавала там два гады – сярод іншага дапамагала ў правядзенні выставаў і конкурсаў.

«Нават такія пляцоўкі, як футбольнае поле, можна прыстасаваць для культурніцкіх ініцыятыў»

Пасля звальнення пачалося вольнае плаванне ў статусе індывідуальнага прадпрымальніка. Я шукала партнёраў і рабіла праекты, якія мяне цікавілі, пачала выпускаць дызайнерскую біжутэрыю Karpilava. Нядаўна я сталася супрацоўніцай прадпрыемства «Экспафорум», якое, дарэчы, дапамагло нам арганізаваць Minsk Design Week-2015.

 



Што такое Minsk Design Week?

– MDW – гэта незалежная ініцыятыва па развіцці і прасоўванні дызайну ў Беларусі. Цягам тыдня на пачатку траўня праходзяць выставы, падмацаваныя праграмай кінапаказаў, лекцый і прэзентацый – усё аб’яднана тэмай дызайну. Асноўную ўвагу мы надаем прадметнаму і прамысловаму дызайну. Яго праявы можна сустрэць паўсюль у штодзённым жыцці – ад крэслаў у кавярнях да агульнага выгляду тралейбусаў. Навошта ўсё гэта? Каб адкрыць новыя імёны ў беларускім дызайне, аб’яднаць прафесійную супольнасць, пазнаёміць дызайнераў-пачаткоўцаў са спецыялістамі і прадпрыемствамі, што можа дапамагчы іх кар’еры.

Першая выстава Minsk Design Week адбылася ў 2012 годзе, але тады я рабіла яе з іншай камандай. Зараз у камандзе праекта тры чалавекі – я, дызайнер і архітэктар Юра Таўбкін, архітэктар Андрэй Каравянскі. Юра Таўбкін мае талент дыпламата – гэта ён размаўляў са спонсарамі і пераконваў іх падтрымаць праект. Абодва хлопцы далучыліся да маёй амаль прыватнай ініцыятывы праз шчырую адданасць дызайну, і таму ў нас атрымліваецца зрабіць вялікую падзею зусім невялікімі сіламі. Таксама нам вельмі дапамагалі валанцёры, за што ім асобны дзякуй.

Пасля 2012-га непасрэдна «тыдзень дызайну» мы не праводзілі два гады запар, але ў 2014-м зладзілі выставу беларускага прадметнага дызайну за мяжой. Яна прайшла ў Літве і называлася «AlbaRuthenia. Belarusian design now». Там мы паказалі аўтарскія прадметы асвятлення, мэблю і інтэр’ерныя аксэсуары, створаныя маладымі беларусамі. Гэта была спроба ўключыць родны дызайн у агульнаеўрапейскі кантэкст.

 

 

 

Як праходзіў Minsk Design Week-2015?

– Minsk Design Week-2015 складаўся з выставы прадметнага дызайну – акрамя беларусаў, былі ўдзельнікі з Польшчы, Расіі, Літвы і Украіны. Украінскі дызайнер Юра Цэгла прывёз вельмі крутыя гамакі, якія ў яго замовілі для выкупу ў першы ж дзень выставы. Дадому ён вяртаўся без багажу і вельмі задаволены. Для нас гэта таксама асалода – ведаць, што на экспанаты ўдзельнікаў ёсць попыт. З беларусаў былі Максім Шняк, Ігар Салаўёў, асабіста мне вельмі спадабаліся студыі Doppo і Hetta – яны робяць дызайнерскую мэблю.

Уваход на выставу быў бясплатны, адзінае, што мы прасілі наведнікаў запаўняць невялічкія анкеты, гэта дапамагло вызначыць аўдыторыю праекта. Дарэчы, для брэндаў арэнда выставачнай плошчы таксама нічога не каштавала.

Другая выстава – так званых «малых архітэктурных формаў» – прайшла ў Траецкім прадмесці. Там шмат зацікаўленасці выклікаў удзел студыі Лебедзева. Яшчэ адна экспазіцыя была прысвечаная плакату, выканаўцамі былі студэнты Акадэміі мастацтваў.

«Наша місія – звесці маладога беларускага крэатыўшчыка з мясцовымі вытворцамі»

Таксама ў межах Minsk Design Week мы зладзілі вялікую праграму майстар-класаў, можна сказаць мануальных. Па працы з керамікай, шклом, драўнінай, быў нават майстар-клас па друку ў тэхніцы лінагравюры – агулам восем воркшопаў. Усе заняткі вялі прафесіяналы, якія прадстаўляюць або буйныя прадпрыемствы, або з’яўляюцца незалежнымі дызайнерамі, як, напрыклад, Раман Сустаў. Нягледзячы на тое, што ўдзел быў платны, ахвотнікаў набралася дастаткова – некаторыя майстар-класы нават дзяліліся на дзве групы. За кошт уваходу слухачы атрымоўвалі неабходныя матэрыялы і пасля заканчэння маглі забраць з сабой зробленую імі дызайнерскую рэч. Верагодна, людзям сёння не стае адчування чагосьці сапраўднага, матэрыяльнага ў сваёй руцэ – адсюль і попыт на ўдзел у майстар-класах.

Яшчэ адна ініцыятыва, якую атрымалася рэалізаваць, – конкурс на стварэнне дызайнерскага крэсла. 6 траўня на футбольным манежы сем фіналістаў зрабілі макет свайго крэсла ў лайф-рэжыме, а журы абрала пераможцу, ёй стала Марыя Віршыч.  Што важна – укладзена дамова паміж дызайнерам і партнёрам, дзе выразна прапісаны тэрміны і абавязкі кожнага боку. Пад канец снежня 2015-га крэсла будзе зроблена, і дызайнер зможа выкарыстоўваць яго ва ўласных мэтах – прадаваць ці выстаўляць на іншых міжнародных выставах.

І апошні пункт – дзелавая праграма: у нас было васямнаццаць падзей цягам чатырох дзён! Спікерамі выступалі дызайнеры, куратары, прадстаўнікі кампаній з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі ды Італіі. Хэдлайнерамі сталіся польскі крытык дызайну Рэнэ Вавжкевіч і міланскі архітэктар і дызайнер Джузэпэ Маранда, а таксама вядомая ў Беларусі дызайнерка інтэр’ераў Наталля Галонская. Мы былі прыемна здзіўленыя колькасцю слухачоў, часам залы былі перапоўненыя.

У гэтым годзе па ініцыятыве Юры Таўбкіна ландшафт асноўнай выставы цалкам змяніўся, цяпер на занятай прасторы з’явілася цэнтральная плошча, нібыта ў маленькім еўрапейскім горадзе. На ёй кавярня «Зерне» прадавала каву, адбываліся лекцыі і сустрэчы, дзеці малявалі крэйдай на дошках, а хтосьці нават катаўся на самакаце. Мы пераканаліся, што нават такія нестандартныя пляцоўкі, як футбольнае поле, можна прыстасаваць для культурніцкіх ініцыятыў.

 

 

 

Хто такі беларускі дызайнер?

– У Беларусі навучацца прадметнаму дызайну можна ў Акадэміі мастацтваў, дзе існуюць кафедры прамысловага дызайну ды інтэр’ера і абсталявання. Мне падаецца, што наш дызайн – рамесны, ці інакш – народны, у ім шмат паўтарэнняў. Беларускія дызайнеры за мяжой ахвотна асімілююцца і застаюцца, бо там іх працу цэняць.

Часам, калі я пытаюся «Як ты плануеш свой праект рэалізоўваць?», чую ў адказ – «Ну, як-небудзь». І тады пачынаю думаць, што нашыя дызайнеры крыху лянівыя. У гэтым і ёсць галоўнае адрозненне аматара ад дызайнера: апошні павінен дакладна разумець, якія матэрыялы яму спатрэбяцца для выканання задумкі, у якой колькасці, колькі будзе ў выніку каштаваць прадукт, якія ў праекта ўвогуле «шанцы на жыццё».

Місія Minsk Design Week – звесці маладога беларускага крэатыўшчыка з мясцовымі вытворцамі. Паказаць прадпрыемствам «маладых і яскравых» і прастымуляваць іх працаваць разам. У нас на фабрыках, вядома, яшчэ няма перадавых тэхналогій па выкананні нейкіх прадуктаў, якія ёсць у той жа Літве. Але наша ўзаемадзеянне з беларускімі прадпрыемствамі паказала, што дамовіцца з імі цалкам рэальна.

«Я ўпэўненая, што наша ініцыятыва здольная развіваць у беларусаў добры густ»

Адзін з напрамкаў нашага праекта прысвечаны адукацыі ў галіне дызайну, а таму мы плануем зрабіць сетку падзей больш насычанай і карыснай для аўдыторыі. Напрыклад, я ведаю калі дзесяці нашых спецыялістаў, якія зараз працуюць на аўтамабільных прадпрыемствах кшталту Opel і Audi. Я планую запрасіць іх увосень і правесці «Прамысловы ўік-энд». Гэткі абмен досведам, карысны для нашых студэнтаў, – каб яны не думалі, што праца дызайнера не мае нічога агульнага з руцінай.

Дарэчы, уласны Design Week мае амаль кожнае прасунутая краіна. Я ўпэўненая, што наша ініцыятыва здольная развіваць у беларусаў добры густ.

 

 

 

Фота by Лёша Заяц


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.