Калі да рэдакцыі даляцела вестачка, быццам у Беларусі з'явілася жаночая каманда па амерыканскім футболе і трэніравацца з ёй клічуць усіх жадаючых, мы не прыдумалі нічога лепш, чым адправіць насустрач невядомаму 53-кілаграмовую фанатку Набокава без спорту ў анамнезе. А што? Набокаў – ён спартовым хлопцам быў!
Хто такія «Менскія анёлы»
У Беларусі ў амерфут гуляюць не так доўга, каб каманды насілі «арыгінальныя» імёны накшталт «Тарпеда» або «Дынама». Але і не так мала, каб пра гэта не ведаць. Пакуль ты па інерцыі сочыш за беларускім нажным футболам (і плачаш), менскія «Ліцвіны» надзіраюць усім дупу ва Усходняй Лізе Амерыканскага Футбола, а першы ж сезон у Адкрытым чэмпіянаце Расіі прыносіць хлопцам бронзу. Магчыма, ты бачыў(-ла) іх абвесткі пра набор: «Хочаш ведаць, чаго ты варты?» – і ў думках пераводзіў(-ла) сваю тушку ў баксы. Дык вось, цяпер «Ліцвіны» збіраюць яшчэ і жаночую каманду. Імя ёй «Менскія анёлы». І менавіта на яе прэзентацыі я з задавальненнем правяла адзін халаднаваты суботні дзень.
Арганізатарам івэнта выступіў праект «Здольная», вядомы тым, што ў век бессардэчнага капіталізму ладзіць бясплатныя (!) спартыўныя заняткі для жанчын любых (!) параметраў.
Для пачатку ўсім, хто прыйшоў памацаць шнураваны мяч, прапанавалі мабільную віктарыну. Я здолела на нейкі час вырвацца ў лідары, таму што ведала: чырлідынг і нават гольф, па некаторых звестках, траўматычней за амерыканскі футбол, ну а найбольш высокія шанцы дагуляцца да лякарні ў футбалістаў еўрапейскіх.
У амерфуце ратуе абарона. На прэзентацыі кожная мела магчымасць прымерыць шлем і каркас гульца, каб адчуць: у гэткай амуніцыі можна і каня на скоку спыніць, і Карфаген знянацку разнесці. Зашпіліла ўсё гэта – і адразу крыху звышчалавек. Вось чаму за «Менскіх анёлаў» гуляюць не толькі МНС-ніцы, але і праграмеркі і маркетолагі. У камандзе, кажуць, знойдзецца месца для дзяўчыны любога росту, вагі і фізкультурнага бэкграўнду. Было б жаданне трэніць рэгулярна.
Каму падыходзіць амерфут
Ключавыя якасці гульцоў у амерфут: хуткасць, сіла, вынослівасць, бясстрашнасць, уменне дзейнічаць у камандзе і хутка аналізаваць сітуацыю.
Надышоў час прызнацца: на школьных уроках фізры я гуляла пераважна ў шашкі, а для залікаў ва ўніверсітэце шпацыравала па скверы ў кітайскіх кедах, складаючы ў галаве раман, дзе ўсё дрэнна заканчваецца. Таму, гледзячы чароўныя ролікі слоў-моўшн, у якіх пад музон а-ля «Імперскі марш» дзяўчыны сякуцца за мяч, я магла думаць толькі пра тое, якая ж далікатная чалавечая прырода і што ў рэшце рэшт нехта павінен проста складаць раман, дзе ўсё дрэнна канчаецца...
Але ёсць, ёсць у гэтых роліках свой глутамат: хвіліна-другая – і сэрца падае ў жывот, да адурэння хочацца злавіць мяч ды рвануць па полі шустрым зайчыкам.
Флегматычная фрылансерка-інтраверт, якая не размаўляе па тэлефоне, сядзіць у чатырох сценах па тры дні запар, вырошчвае цэлюліт і ў любых незразумелых сітуацыях прымае аспірын, каб не ісці да тэрапеўта? Відавочна, амерыканскі футбол мяне зачакаўся.
І я запісалася на адкрытую трэніроўку.
Ёсць у гэтых роліках свой глутамат: хвіліна-другая – і сэрца падае ў жывот, да адурэння хочацца злавіць мяч ды рвануць па полі шустрым зайчыкам.
Як гуляюць у амерфут
Калі амерфут здаецца табе бессэнсоўнай гульнёй, гэта ты яшчэ крыкет не глядзеў(-ла). Цікаўнаму хопіць аднаго прачытання артыкула ў вікі і прагляду парачкі гульнявых ролікаў на ютубе, каб зразумець, з-за чаго яны там у Штатах цалкам вар’яцеюць па выхадных.
Задача каманды ў амерфуце – адваяваць поле ў саперніка, прасоўваючыся наперад з мячом. Поле нашаткавана на 10-ярдавыя адрэзкі, і на ўзяцце кожнага такога адрэзка ў каманды нападзення ёсць 4 спробы. Калі сапернік разбурыў усе чатыры атакі, мяч пераходзіць да яго, ён змяняе гульцоў на атакуючых, і цяпер ужо іншая каманда павінна абараняць свае тылы. На канцах поля месцяцца ачковыя зоны і вароты, якія сыходзяць у нябёсы. Калі гулец занёс мяч у ачковую зону саперніка, здараецца запаветны тачдаўн і каманда атрымлівае 6 ачкоў плюс шанец на дадатковае ачко, калі заб'е яшчэ і гол над перакладзінай у вароты.
Амерфут – разумная гульня. Яе параўноўваюць з шахматамі, таму што тут процьма камбінацый.
Гульня багатая на паўзы. Гэта зручна для ўладальнікаў тэлеканалаў – можна напхаць столькі рэкламы пены для галення, што тэлевізар зашманіць марской свежасцю. Зручна і для гледача – заўсёды можна зганяць да лядоўні, каб пшыкнуць халодненькім, і не трэба катаваць мачавы пухір.
Амерфут – разумная гульня. Яе параўноўваюць з шахматамі, таму што тут процьма камбінацый, яны спецыфічныя для кожнай каманды, і гульцам трэба матаць іх на вус. Амерфут інтрыгуе. Пакуль у еўрапейскім футболе «всё те же на манеже» і нуль цэлых адна стотысячная неспадзяванчыкаў, лузеры мінулага сезона NFL з кемлівым трэнерам на чале рэальна прэтэндуюць на перамогу ў Супербоўл.
Як я трэніравалася з «Менскімі анёламі»
Напярэдадні я вырашыла паглядзець якое-небудзь кінцо пра сабж, таму што ў вінце галаўнога мозгу пылілася хіба што дурная камедыя з Адамам Сэндлерам – тая, дзе мамчын сынок, разносчык вады, ператвараецца не тое каб у прынца, але дакладна ў зорку амерфута.
Фільм «Кожную нядзелю» (Any Given Sunday) Олівера Стоўна па ўсіх зыходных дадзеных падыходзіў на ролю антыдоту. І, нягледзячы на тое, што недзе бліжэй да фіналу эпізадычнаму персанажу літаральна выбілі вока, ён такім антыдотам стаў. Аль Пачына, безумоўна, раскошны ў ролі геніяльнага трэнера, і натхняльныя прамовы на тэму каманднага духу яму гэтак жа да твару, як італьянскія пінжакі. Саўндтрэк з «Кожнай нядзелі» можна юзаць як плэйліст для трэніровак: Kid Rock – на «жалеза», LL Cool J – на дарожку (у сэнсе, бегавую).
Нарэшце, у дзень Х я і іншыя здольныя дзяўчаты сустрэліся на штучнай траўцы за Палацам воднага спорту, дзе ў кампаніі «Менскіх анёлаў» пад кіраўніцтвам брутальных «Ліцвінаў» бегалі, скакалі, бёрпілі і нават кідалі мяч. Літаваць новенькіх ніхто не збіраўся, за паўтары гадзіны нам выдалі гэтакі курс маладога байца, і флегматычнай фрылансерцы-інтраверту заставалася толькі цешыцца, што пару месяцаў таму яна пачала трэніравацца з рэгбійнай камандай «Маланка» і памірае крыху пазней, чым адразу.
Надышоў час прызнацца: на школьных уроках фізры я гуляла пераважна ў шашкі.
Напрыканцы мы паглядзелі, як «Анёлы» сякуцца ў лайт-версію амерфута – сцяг-футбол, дзе замест таго, каб утаптаць саперніка ў зямлю, можна проста сарваць з яго сцяжок. Не крыважэрна, але відовішчна.
На пытанне трэнера, ці ёсць жадаючыя прыйсці на наступную трэніроўку, пачуліся ўпэўненыя «я!». Глядзіш, і будзе каму патрапаць нервы піцерскім «Валькірыям» праз гадок-другі. Дарэчы, у цябе яшчэ ёсць шанец стаць часткай «сям'і». Бо тут як: галоўнае – паверыць, што ты здольная.
P. S. «А што там з гольфам за бяда?» – спытаешся ты. Ну, уяві: навальніца, гром, маланкі, ты – на пустцы, а ў руках – металічны дрын…
Расказваем пра белую варону ў хіп-хопе – не Эмінема, а 23-гадовага ірландца нігерыйскага паходжання Рэджы Сноў.
Стваральніца форум-тэатру для анкалагічных пацыентаў – пра стаўленне да раку як да жыццёвага кэйсу.
Тусоўкі на Баравой, Вавілава, «Бензапілы» – фотаздымкі з культавых вечарын беларускага рэйверскага руху.
Пра беларускамоўны тык-ток, «Чарку на пасашок» і вывучэнне мовы.
У сетках сядзяць 5,63 мільёна.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».
КАМЕНТАРЫ (2)
Отлично написано. Спасибо!
Спасибо, что читаете.