Пяць шчырых гісторый пра досвед псіхатэрапіі
- 28.08.2019
- 6019
Што такое псіхатэрапія, навошта яна існуе і калі трэба ў яе ісці? Прапануем даследаваць чужы досвед, каб не саромецца прасіць дапамогі і размаўляць з блізкімі, калі гэтая самая дапамога патрэбная ім.
Каця Светластражава
22 гады, сцэнарыстка, IT
«Зараз я не магу распавесці сваю гісторыю»
Калі месяц я была сацыяльна ізаляваная з працоўных і вучэбных нагод, то ўсё, пра што я думала, – гэта самагубства. Ты ляжыш, прачынаешся, засынаеш – і думаеш пра адно: як гэта зрабіць. Той стан – гэта крытэрый майго асабістага дна. І нежаданне вяртацца ў гэтую сітуацыю падштурхнула мяне нешта рабіць.
Я прыйшла ў тэрапію ў спробе разабрацца ў стасунках з мамай. Дыскусія па нейкіх пытаннях ператвараліся ў сваркі, якія заканчваліся ўзаемным псіхалагічным знішчэннем. Цяпер у мяне асноўны запыт – пазбавіцца ад трывожнасці, быць у гармоніі з сабой.
Магчымасцю прыйсці ў псіхатэрапію для мяне стала адкрытая лекцыя пра групавую тэрапію. Мне было вельмі няёмка запісвацца асабіста, а так можна было занурыцца ў гэта ўсё з галавой без папярэдніх пяшчотаў. Тая сесія складалася з дзвюх частак: паўтары гадзіны на тэорыю і паўтары гадзіны на паглядзець, што такое групавая тэрапія на практыцы. Я расплакалася на гісторыі іншай дзяўчыны пра бацькоў, і тэрапеўтка сказала: «Нам з вамі ёсць пра што пагутарыць».
Тэрапеўт ніколі не даведаецца, пра што ты маўчыш, пакуль ты не скажаш. Я б не распавяла так адразу ў індывідуальнай тэрапіі пра праблемы, пра якія я ніколі не казала да гэтага. А калі ў групавой тэрапіі іншы чалавек пачынае гаварыць пра тое, што блізка, ты даходзіш да таго стану, калі ўжо не можаш маўчаць.
«Я была на спатканні і, калі зайшла гаворка, сказала хлопцу, што я ў псіхатэрапіі. Ён неадназначна адрэагаваў: “Ты псіх?”»
У мяне былі праблемы з бацькам – і я ніколі і нікому пра гэта не казала, таму што мне здавалася гэта неверагодна саромным. Але, калі я змагла пра гэта распавесці ў групе і прамовіць некалькі разоў, мне стала лягчэй. Зараз я не магу распавесці сваю гісторыю: так, мне ўсё яшчэ сорамна. Але я гатова наладжваць стасункі з чалавекам, з якім я не хацела прынцыпова размаўляць гадоў пяць. Я пражыла крыўду, якая ў мяне ёсць, і магу рухацца далей.
Праз год псіхатэрапіі я адчуваю сябе мацней і не баюся прызнавацца, што мне можа быць балюча. Мае калегі на працы, сябры, маці ведаюць, што я ў тэрапіі, і мне не было складана казаць пра гэта.
Мне здаецца важным казаць пра траўмы, калі я звяртаю ўвагу на прыкладзе сябе на нейкую сацыяльную праблему. Табе кажуць: «Такога не бывае», – і ты такі: «Вітаю! Хочаш, я табе сёе-тое распавяду?» Я была на спатканні і, калі зайшла гаворка, сказала хлопцу, што я ў псіхатэрапіі. Ён неадназначна адрэагаваў: «Ты псіх?» – «Не!» – «А што ў цябе не так?» Я тлумачу яму – і бачу, што ён не даганяе. Пра тэрапію, пра траўмы, пра свой стан важна распавядаць, каб людзі пачалі нарэшце разумець.
Жэня Вялько
23 гады, музыкант, журналіст, актывіст
«Я быў у шоку, колькі траўматычных штук я не памятаў»
Пайсці да тэрапеўта ўсё яшчэ азначае «пайсці да шарлатана, які будзе з табой балбатаць за жыццё і драць з цябе грошы». Гэта тое, што мне казалі з усіх шчылін. «Можна да сяброўкі прыйсці прагаварыцца» – аргумент майго асяроддзя, які я пераняў. І зараз я спрабую расказваць людзям, што гэта абсалютна не так: сяброўка не мае нічога агульнага з тэрапіяй, тэрапеўтычны працэс не мае нічога агульнага з «пабалбатаць за жыццё».
Я прыйшоў у тэрапію з тым, каб пачаць нешта рабіць са сваім жыццём. Shit happens, а я нічога не рабіў. Фізічна я быў вельмі слабым, мала стасаваўся з блізкімі людзьмі, пачынаў злавацца ці плакаць ад усяго, што адбывалася вакол мяне. І перманентнае недамаганне, як быццам ты ўвесь час хварэеш, але не зразумела чым. Гэта было тое, што тэрапеўтка патлумачыла мне як дэпрэсію. Як высветлілася потым, у мяне былі дэрэалізацыя і дэперсаналізацыя – я не разумеў, што адбываецца вакол мяне ў прынцыпе: я блытаў месцы, забываўся на любую інфармацыю, блытаў твары, не пазнаваў сябе ў люстэрку.
Каля паўгода я быў у кароткатэрміновай тэрапіі, потым быў перапынак, пакуль я не стаў больш фінансава стабільны і не змог вярнуцца ў тэрапію. І зараз я ўжо недзе каля года ў тэрапіі, але ў іншай тэрапеўткі. Прычыны вяртання былі тыя ж самыя: я зноў перастаў вывозіць жыццё цалкам. Літаральна першыя некалькі месяцаў працы на новым месцы я кожны дзень хадзіў у туалет, каб ванітаваць. Гэта было выключна з-за нерваў, таму што праблем са страўнікам у мяне не было. Я перастаў канцэнтравацца на працы: мне казалі, што я працую дрэнна, мала, няякасна. Мне зноў трэба было нешта рабіць са сваім жыццём, каб проста падтрымліваць сваё існаванне.
Падчас выбару тэрапеўткі для мяне значнай была коштавая катэгорыя і яе досвед працы з транс*людзьмі. Мне даводзілася праходзіць моманты, дзе я не быў згодны з меркаваннем сваёй тэрапеўткі адносна гендара – і я даносіў свой пункт гледжання. Але цяпер мы значна лепш чуем адзін аднаго.
«Я не разумеў, што адбываецца вакол мяне ў прынцыпе: я блытаў месцы, забываўся на любую інфармацыю, блытаў твары, не пазнаваў сябе ў люстэрку»
Гештальт-тэрапія, у якой я быў паўгода, арыентавалася на мае тэрміновыя патрэбы: вось я прыйшоў з афектам, давайце разграбаць яго. Калі я прыйшоў у псіхааналіз да другой тэрапеўткі, яна адразу папярэдзіла мяне, што гэта павольная тэрапія.
Ёсць стэрэатып, што ў псіхааналізе ўсё пра цыцкі-піські. Калі чалавек чуе тэрмін «фалічная жанчына», ён думае пра піські, але гэта ніяк з піськамі не звязана – гэта звязана з глыбіннымі механізмамі, што завязаныя на адчуванні феміннасці і маскуліннасці, ролевых мадэлях, матчыным і бацькавым комплексах. Псіхааналіз вельмі шмат звяртаецца да сям'і, таму што большая частка траўматычных падзей адбываецца ў даволі юным узросце.
Псіхааналіз – гэта пра нітачкі, якія ты працягваеш ад аднаго ўспаміну да іншага. І праз паўгода ў мяне пачала вымалёўвацца карціна зусім іншага дзяцінства! Я быў у шоку, колькі траўматычных штук я не памятаў. Псіхааналіз – гэта пра тое, каб станавіцца больш дарослым, прапрацоўваць тое, што было дзіцячым, і разумець, якім чынам жыццё працуе ў сталых людзей.
У нас ёсць крайнасці: альбо ў цябе цяжкія псіхічныя захворванні, з якімі ты ўжо не можаш функцыянаваць у паўсядзённым жыцці, альбо няма ў цябе ніякіх праблем і ты вырабляешся. Прамежку няма: ты пераскокваеш адразу з першай катэгорыі ў другую. І каб не пераскокваць, трэба чэкаць гэтыя прамежкавыя станы. Важна ж не столькі тое, што адбываецца па-за табой, колькі тое, які яно водгук у вас выклікае: ці то смерць папугайчыка, ці то Халакост. Калі ты з-за сітуацыі, якая не значная для іншых, упадаеш у істэрыку, то гэта важна для цябе, гэта трэба прамаўляць.
Nollaing Lou
24 гады, крэатыўная сфера
«Мае запыты звязаныя з прыняццем трывогі»
Мой/мая партнёр_ка з досведам працяглай псіхатэрапіі стаў_ла часта казаць, што і мне трэба на тэрапію. Мае пастаянныя фразы пра тое, што я нікчэмнасць і мне варта было б памерці, – цалкам сабе нагода.
Я часам думаю, што мне не патрэбная псіхатэрапія, што я займаю месца, марную чужы час і некаму жывецца горш, чым мне, а я проста прыкідваюся. Так і працуе дэпрэсіўнае мысленне, якое часта і не дазваляе людзям дайсці да спецыяліста_к. Але ў мяне ёсць знешняя падтрымка ў асобе партнёр_кі і надзея, што ўсё можа атрымацца і я даведаюся, як жыць без пастаянных сумневаў і думак пра смерць.
На працягу пяці гадоў я звяртаў_лася па дапамогу чатыры разы да розных спецыялістак. Кожны зварот быў з нагоды аднаго і таго ж: мне сумна, нічога не хочацца, нічога не радуе. Усе чатыры разы былі сабатаваныя мной жа, пакуль не надышоў пяты, калі я быў_ла ў такім стане, што мне прапанавалі легчы ў дыспансер.
Мне падабралі медыкаментознае лячэнне, якое дазволіла сфармуляваць запыты і сфармаваць унутраную матывацыю хадзіць на тэрапію. Тут важна разумець, што лекі выкарыстоўваюцца для пазбаўлення ад сімптомаў, каб у чалавека з'явіўся рэсурс прыйсці да псіхатэрапеўта і працаваць.
Першапачаткова мой запыт быў «зрабіце што-небудзь, каб не было так невыносна пакутліва», зараз мае запыты звязаныя з прыняццем трывогі і знаходжаннем спосабаў функцыянаваць з ёй; выбудоўваннем адэкватнай самаацэнкі.
У тэрапіі з апошняй псіхатэрапеўткай я паўгода. Але медыкаментозная тэрапія пачалася раней і працягвалася даўжэй. Зараз я перастаю прымаць лекі, але падтрымка, якую яны давалі, для мяне важная як для функцыянавання, так і для аналізу. Напрыклад, мае лекі здымалі частку сацыяльнай трывогі. Па-першае, гэта дае разуменне, чаго я хачу дамагчыся псіхатэрапіяй у адсутнасці лекаў. Па-другое, параўноўваючы свае паводзіны ў падобных сітуацыях, можна зразумець, што трэба скарэктаваць ці чаму навучыцца. Па-трэцяе, гэта само па сабе дае тэрапеўтычны эфект, бо галава назапашвае станоўчы вопыт узаемадзеяння з людзьмі.
«Пра свой стан распавядаю ў залежнасці ад меры яго ўплыву на маю функцыянальнасць, а таксама для стварэння камфортных для сябе ўмоў ва ўзаемадзеянні з людзьмі»
Першыя два разы я звяртаў_лася да прыватных спецыялістаў па рэкамендацыі блізкіх. Наступныя разы прыходзіў_ла ў дзяржаўныя ўстановы і цяпер працую з тэрапеўткай у паліклініцы. Зварот да прыватных спецыяліст_ак для мяне звязаны з фінансавымі магчымасцямі. Я вучыў_лася на платным аддзяленні, і для мяне было праблематычна плаціць 20 еўра за сеанс і 20 еўра за прапісаныя лекі.
У рэгістратуры маёй паліклінікі нават не ведалі пра тое, што ў іх ёсць кабінет псіхатэрапеўта. Да таго ж, каб трапіць да псіхолага ў паліклініцы, неабходна ўсё роўна прыйсці на першасны прыём да ўрача-псіхіятра, дзе заводзіцца картка, што можа спалохаць.
Для квір-чалавека і феміністкі ў Беларусі ёсць складанасць з поўнай адкрытасцю. Усе псіхолагі і псіхатэрапеўты пішуць, з якімі праблемамі працуюць, але ніхто не піша пра ксенафобію або лічыць, што прызначэнне жанчыны – быць маці. Усё гэта высвятляецца падчас сесій.
На шчасце, мая мама разумела неабходнасць псіхалагічнай дапамогі ў крызісныя для мяне моманты ў дзяцінстве – мяне ніколі не палохала опцыя паходу да псіхолага або тэрапеўта і не было дзіўным, калі хтосьці па такую дапамогу звяртаецца. Але ад іншых людзей (у невялікай колькасці) прыходзілася чуць, што псіхалагічная, а тым больш псіхатэрапеўтычная дапамога – гэта для людзей з «відавочнымі разладамі» і дыягназамі.
Пра свой стан распавядаю ў залежнасці ад меры яго ўплыву на маю функцыянальнасць, а таксама для стварэння камфортных для сябе ўмоў ва ўзаемадзеянні з людзьмі. З аднаго боку, гэта дае дадатковую інфармацыю пра мяне і пра прычыны маіх паводзін, з другога – у іншых людзей з'яўляецца разуменне, што людзі з якімі-небудзь ментальнымі асаблівасцямі побач з імі.
Арцём Аўдонін
21 год, студэнт
«Псіхатэрапія – адзін са спосабаў палегчыць людзям жыццё»
Прыкладна тры гады таму я стаў ахвярай нападзення і ў мяне пачаліся панічныя атакі, звязаныя з тым месцам. Год таму я вырашыў пайсці да неўролага, яна спытала канкрэтныя сімптомы. Я пачаў гаварыць, на што атрымаў: «Тут ужо ідзе псіхалагічная частка – патрэбная дапамога псіхатэрапеўта».
Я пайшоў у звычайную дзяржаўную паліклініку: калі б я пайшоў да прыватніка і мне не спадабалася, то ў першую чаргу я шкадаваў бы грошы. Вучацца яны ўсё роўна аднолькава – і прыватнікі, і бюджэтнікі.
Калі ў мяне былі нейкія скаргі, то мы разбіралі мой стан канкрэтна цяпер. Калі іх не было, я мог распавядаць што заўгодна, пра што лічу патрэбным гаварыць. Я вырас у не вельмі спрыяльным асяродку, таму мне важна казаць пра гэта.
Калі я пайшоў у тэрапію, я пачаў чытаць навучпоп па псіхатэрапіі, прафесійную літаратуру. Я пачаў разбірацца ў гэтым, успрымаць як частку медыцыны і псіхалогіі – як навуку. Нельга адмаўляць, што частка мозгу, якая адказвае за эмоцыі, павінна правільна функцыянаваць. Часам немагчыма справіцца абсалютна з усім, што адбываецца ў тваім жыцці, трэба кагосьці падключаць – і гэта абсалютна нармальна. Гэта як думаць: «Блін, раней жа людзі нармальна нараджалі ў полі». Але грамадства развіваецца – і з'яўляюцца новыя спосабы жыць. Псіхатэрапія – адзін са спосабаў палегчыць людзям жыццё. Я лічу, што без псіхатэрапіі мне б было складаней: я б не мог спраўляцца так, як спраўляюся цяпер.
«Чувак, які рэжа сабе рукі, каб заглушыць эмацыйны боль, кажа: “У мяне не так шмат праблем, каб хадзіць у псіхатэрапію”»
Праблема майго асяроддзя ў тым, што яно думае: тэрапія – гэта калі ўсе «зусім» дрэнна. Чувак, які рэжа сабе рукі, каб заглушыць эмацыйны боль, кажа: «У мяне не так шмат праблем, каб хадзіць у псіхатэрапію». Людзі крыху не разумеюць, калі трэба ісці да псіхатэрапеўта. Я пішу ў сацыяльных сетках пра тэрапію для таго, каб яны разумелі, што гэта не так страшна.
У студэнцкай паліклініцы, дзе я ў першы раз я прыйшоў да псіхатэрапеўткі, праз тыдзень захварэў і схадзіў у даўрачэбны кабінет, каб мне выпісалі даведку. І гэтая жанчына за сталом убачыла, што там запіс ад неўролага і псіхатэрапеўта: «Вы што, ад войска косіце? Вам жа потым правы не дадуць!» І яна мне яшчэ хвілін дзесяць капала на мазгі – гэта было агідна. Я сяджу з тэмпературай і хворым горлам і чакаю, калі гэта скончыцца.
У мяне сапраўды была боязь, што існуе нейкі ўлік у псіхадыспансеры: адзін званок – і ў цябе будуць праблемы з працай, з вучобай. І нешта ў стылі: «Глядзі, гэта псіх, доча, трымайся ад яго далей». Але цяпер я разумею, што няма нічога дрэннага ў тым, каб прызнаваць свае праблемы і разбірацца ў іх.
Марыя Бараноўская
17 гадоў, школьніца, актывістка
«Хацела ўбачыць побач дарослага чалавека, які будзе мяне берагчы»
У мяне была булімія, кампульсіўнае пераяданне. Пачалося гэта ў раннім дзяцінстве – гадоў у восем. А да чатырнаццаці год я атрымала ўсе сімптомы: выклікала ваніты, сур'ёзна пераядала і атрымала праблемы з арганізмам у цэлым. Я заўсёды ведала, што такое разлад харчовых паводзінаў, таму што ў нас шмат пра гэта кажуць ва ўсіх перадачах па ТБ. Але я не магла суаднесці сябе з гэтымі праблемамі.
Я распавяла свайму настаўніку ў нядзельнай царкоўнай школе пра тое, што ў мяне, напэўна, булімія. Аказалася, што яго жонка працуе псіхолагам, і ён прапанаваў з ёй звязацца. Гэта быў не вельмі зручны для мяне фармат: мы стэлефаноўваліся, а не сустракаліся асабіста. І яна рабіла вельмі вялікі акцэнт на тым, што я ем, з кім я ем, як я ем. Мне не зайшло – і я перастала тэлефанаваць.
Другі мой вопыт у шаснаццаць гадоў: я папрасіла сваю бабулю, якая працуе ў сістэме аховы здароўя, каб яна знайшла мне псіхатэрапеўта. Падавалася гэта ўсё маёй бабуляй як тое, што я хачу разабрацца ў сабе, а не як тое, што ў мяне рэальна псіхічны разлад, які давядзецца доўга лячыць. І ўсё думалі, што пасля другога-трэцяга сеанса я ўжо «разбяруся ў сабе». На першым жа сеансе, калі я распавяла, што са мной, мая псіхатэрапеўтка сказала: «Пакуль бабуля тут, заключаем кантракт». І на год я апынулася абароненая паперкай, што я два разы на тыдзень павінна наведваць псіхатэрапеўта.
У тэрапіі я хацела чалавечай падтрымкі: каб мне банальна сказалі: «Усё добра», – і патлумачылі, што са мной адбываецца. Я хацела ўбачыць побач з сабой дарослага чалавека, які проста будзе мяне берагчы і любіць так, як павінны падлетка любіць бацькі.
Доўгі час я думала, што ў мяне ў сям'і ўсё норм. Гэтаксама я думала, што хацець схуднець у дзіцячым узросце – гэта норм. А потым я наткнулася на групу, у якой сядзела мая калега, – «Таксічныя бацькі». Я стала чытаць чужыя гісторыі, тэматычныя пасты і разумела, што гэта нешта блізкае: гэтую дзяўчынку б'юць – і мяне таксама білі ў дзяцінстве.
Я і да псіхатэрапіі зразумела, што мае бацькі таксічныя, але не магла гэта прапусціць праз сябе. Калі я стала прапускаць гэта праз сябе на тэрапіі, то стала шмат злавацца. Было складана, але я разумела: так трэба. Бацькам гэта не падабалася, і яны казалі, што я стала больш зло да іх ставіцца. Яны лічылі, што псіхатэрапеўт мяне падбухторвае супраць іх.
«Мама сама вырашыла схадзіць да псіхолага. Толькі ён выявіўся не псіхолагам, а жыццёвым коўчам і “вырашыў” усе яе праблемы за чатыры сеансы»
Я і да тэрапіі злавалася на іх, але не выказвала гэта злосцю – яна пайшла ў мой разлад харчовых паводзін. У людзей з такім разладам няма разумення, што такое пачуцці і якія яны бываюць. Дапусцім, у мяне пытаюцца: «Што ты адчуваеш?» «Мне не камфортна», – гэта ўсё, што я магла адказаць. На тэрапіі перада мной паклалі спіс з пачуццямі, і я з паўгадзіны шукала ў спісе словы, якія б апісвалі, што я адчуваю.
Пасля тэрапіі я стала разумець пра сябе, пра іншых людзей шмат рэчаў. Мая мама, напрыклад, па псіхалагічным узросце малодшая за мяне. Ёй патрэбная мама ў асобе ўласных дзяцей, бо са сваёй мамай яна стасункі не выбудавала. А я не хачу быць мамай для сваёй мамы. Але мы так жывём.
Мама сама вырашыла схадзіць да псіхолага. Толькі ён выявіўся не псіхолагам, а жыццёвым коўчам і «вырашыў» усе яе праблемы за чатыры сеансы. І мама, маючы гэты вопыт, паглядзела на маю сямімесячную на той момант тэрапію, дзе са мной радыкальна нічога не паляпшалася доўгі час. Мама вырашыла, што мой псіхатэрапеўт нейкі херовы, – і захацела прад'явіць яму гэта прэтэнзію.
У мяне было чатыры сеансы псіхатэрапіі з мамай. Пасля трэцяй сесіі мая псіхатэрапеўтка сказала: «Хутчэй за ўсё, паміж вамі дыялог немагчымы, проста ведай пра гэта». У нас была цяжкая сесія, мы спрабавалі адна адну зразумець, я спрабавала ўвайсці ў яе эмоцыі, зразумець яе матывы, а яна мае – не. Але мы ўсё роўна наблізіліся адна да адной – і нам стала лепш.
За дзесяць месяцаў тэрапіі я стала больш усвядомленай і стала менш напружвацца з нагоды таго, хто што думае: гэта маё жыццё, і яно ў мяне адно. Я ўдзячная свайму разладу псіхікі за тое, што я пайшла да псіхатэрапеўта. Калі б гэтага не было, то, хутчэй за ўсё, я б жыла як добрая дзяўчынка, якая добра вучыцца, ездзіць з бацькамі на адпачынак, думае, што ў яе ўсё добра, пайшла ў прафесію, якую яна ведае і не любіць, – і не адчувае шмат пачуццяў.