Як дапамагчы падлетку ў эміграцыі?
- 28.05.2024
- 1925
Дарослыя людзі пераязджаюць у іншыя краіны з багажом жыццёвага досведу і якім-ніякім, але ж разуменнем правілаў, па якіх круціцца свет. Аднак у падлетка ўсё працуе па-іншаму, і тое, што даросламу падасца дробяззю, дзяўчына або хлопец могуць узяць да сэрца крытычна блізка. Як падтрымаць падлетка ў нешараговых абставінах?
Гэты гайд мы склалі разам з падлеткавай псіхалагіняй, вядоўцай тэлеграм-канала #мозгиподростка Вольгай Дрыло пры падтрымцы выдавецтва Gutenberg Publisher, у якім выйшла гранічна шчырая кніга пра дзяўчыну-падлетка «Соня, стой!».
Нядаўна Вольга зрабіла невялікае ананімнае даследаванне пра праблемы, страхі і патрэбы падлеткаў, чые сем’і эмігравалі з Беларусі. Іх адказы шмат у чым былі падобныя, з якой бы краіны рэспандэнты(-кі) ні пісалі. Так, у дзяцей не атрымліваецца пасябраваць з мясцовымі рабятамі, яны сумуюць па блізкіх кантактах, што пакінулі на радзіме, і адчуваюць разгубленасць перад будучыняй. Усё гэта цалкам нармальна: цяжкасці адаптацыі непазбежныя. Але дарослыя ў стане працягнуць руку тым, хто ад іх залежыць, і падабраць для іх слушныя словы.
Чырвоныя сцягі. Што патрабуе тэрміновай увагі?
З’явіліся сімптомы дэпрэсіі, разладу харчовых паводзінаў, заўважныя сляды самапашкоджанняў. Гэта відавочна, і клапатлівыя бацькі на такое адрэагуюць абавязкова. Варта ўсведамляць, што пераезд – гэта сапраўды экстрэмальны стрэс, які можа вельмі зацягвацца па часе. А схільнасць да розных разладаў падсілкоўваецца турбулентнымі жыццёвымі абставінамі і можа выліцца ў хваробу.
Падлетак паводзіцца не так, як звычайна. Заўжды актыўная дзяўчынка раптам стала абыякавай, хлапчук-інтраверт пужае агрэсіўнымі выпадамі. Усе розныя, і перамены могуць быць рознымі. Але любыя раптоўныя змены ў паводзінах мусяць насцярожыць. У такім выпадку – адкладаем справы і ўключаемся.
Падлетак паводзіцца «як дарослы(-ая)». Школьнік(-ца) пачынае вырашаць справы, якія ніколі не былі ў яго або яе сферы інтарэсаў і адказнасці (ды і не павінны быць у такім узросце). Ранняе «сталенне» можа шкодна ўплываць на ўсё далейшае жыццё чалавека.
Якія праблемы прыносіць пераезд?
Складана з кімсьці пасябраваць.
Звычайна падлеткі за мяжой адчуваюць, што карціна свету і досвед у іх і мясцовых розныя. Мала таго, што ў школе яны трапляюць ва ўжо сфарміраваны калектыў, дык і калектыў той не блізкі па вайбе. Мясцовыя, як правіла, не гараць жаданнем рабіць крок насустрач, і нашы дзеці сябруюць з такімі ж эмігрантамі(-камі), як самі.
Губляецца сувязь з сябрамі ды сяброўкамі з Беларусі.
Кружочкі і сторыс не вельмі дапамагаюць скараціць адлегласць. На жаль, нават падлеткі, якія сябравалі не разлі вада, паступова аддаляюцца, бо ў кожнага(-ай) цяпер – сваё жыццё. З’яўляюцца новыя людзі побач, і зацікаўленасць у камунікацыі паціху сыходзіць на нішто. Часам дапамагае агульная захопленасць анлайн-гульнямі, але калі адзін(-на) у Мінску, а іншы(-ая) – у Акапулька, прыстасоўвацца адно пад аднаго з розніцай у часе доўга не атрымаецца.
Важны этап сталення асобы не пражываецца належным чынам.
Людзі розныя, але на жыццёвай прамой ёсць агульныя для ўсіх адрэзкі. Так, калі табе 11–12 гадоў, то вельмі важна, што пра цябе думае «зграя», твая група. Праз пераезд гэтая група – увогуле нейкія новыя людзі, і задача ўскладняецца. У 15–16 гадоў становіцца важным намацаць уласную выключнасць: «Хто я? Чым я адрозніваюся ад іншых?» Пошук адказаў на гэтыя пытанні і дома няпросты. Што гаварыць пра новую краіну, дзе чалавека могуць успрымаць яшчэ і праз фільтр стэрэатыпаў згодна з пашпартам? Вось і атрымліваецца, што падлеткі ў эміграцыі могуць хутка «пасталець». Але не бывае ў жыцці такога, каб нейкі перыяд можна было з яго проста выкрасліць. Паводзіны ў стылі «чорт у рабрыну», якія мы назіраем у некаторых дарослых, – цалкам наступствы іх непражытай падлеткавасці.
Накрывае туга па мінулым.
Не ўсе ведаюць, як падступіцца да адчування, што былога шчасця не вернеш. Хтосьці абірае замесці ўспаміны пад дыван і зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Не даваць сабе прагараваць гэтую страту – вялікая памылка.
Нарастае трывога наконт будучыні.
«Як ты разлічваеш з такімі адзнакамі некуды паступіць?», «І куды ты з гэтым дыпломам уладкуешся?», «На што ты будзеш жыць з такой прафесіяй?», «А пра пенсію паклапаціцца збіраешся?» – падобныя бессэнсоўныя пытанні толькі памнажаюць трывогу. Падлеткі – уражлівыя людзі, і ў далікатным узросце лёгка складаецца адчуванне, быццам абіранне профілю ў школе – нейкае лёсавызначальнае дзеянне.
Як даць рады ў перыяд адаптацыі?
Рыхтаваць падлетка да эміграцыі, калі ёсць магчымасць. Варта патлумачыць, што дарослыя прынялі рашэнне, якое лічаць файным крокам да лепшай будучыні сям’і. Важна давесці гэтую інфармацыю з пазіцыі дарослага, але не ў стылі «я цябе нарадзіла – я і вырашаю», а з усімі неабходнымі тлумачэннямі: «Мы так вырашылі, бо так будзе лепей для ўсіх нас. Магчыма, зараз ты не разумееш плюсаў рашэння, але мы ўсебакова ацанілі абстаноўку, розныя за і супраць, і вырашылі ехаць. Мы будзем цябе ва ўсім там падтрымліваць».
Не губляць, а мацаваць кантакт. Падлеткаў вельмі падтрымлівае сувязь з бацькамі і размовы з роднымі, нават калі тыя родныя могуць пагутарыць толькі па відэасувязі. Важна, каб дзеці разумелі, што заўсёды могуць звярнуцца да бацькоў са сваімі запытамі, трывогамі і праблемамі.
Клапаціцца пра ўласную стабільнасць. Падлеткі адчуваюць усё, што адчуваюць дарослыя. Калі бацькі шчыра мараць пра вяртанне, дзеці адчуваюць апору ў іх веры. Калі бацькі свядома плануюць будаваць новае жыццё ў новай краіне, дзеці налаштоўваюцца на іх хвалю і мацуюцца іх упэўненасцю.
Даваць падлетку быць падлеткам. Хоча ружовыя валасы? Варта пашукаць добрую майстрыню, якая не спаліць скуру галавы. Марыць пра татуіроўку? Чаму б не зрабіць часовую карцінку? Рэцэпт адзіны: замест запіхвання ў рамкі – дапамагаць з якаснымі сэрвісамі.
Нагадваць, хто тут дарослыя. Бацькі мусяць быць апорай і не перакідаць на малую галаву тлум дарослага жыцця. Трэба абавязкова дзякаваць за дапамогу, але калі дапамога выглядае ўжо нібыта апекай, бацькам варта задумацца пра тэрапію для сябе. Рэч у тым, што падлеткі заўсёды кампенсуюць і яны заўсёды на баку бацькоў. Або яны побач з бацькамі і паводзяцца як яны. Або дэманструюць супрацьлеглыя паводзіны ў падтрымку дарослага(-ай). Напрыклад, калі дарослы(-ая) забараняе сабе злосць, падлетак яе сабе цалкам дазволіць. Калі ж ён або яна бярэ на сябе дарослыя праблемы – гэта таксама люстэрка і сігнал, які нельга пакідаць без увагі.
Дапамагчы адшукаць сваё кола. Ні ў якім разе не трэба прымушаць сябраваць. Асабліва калі запыту на сяброўства няма. Насамрэч не ўсе падлеткі адчуваюць недахоп у камунікацыі, камусьці дастаткова і анлайн-ліставання. Але калі запыт ёсць, то трэба дапамагчы. Шукаем людзей з падобнымі інтарэсамі, даведаўшыся, якія інтарэсы ёсць. Дзеці самі не запішуцца ў спартовую секцыю, не адшукаюць мерапрыемства дыяспары ў фэйсбуку ці нейкі тэатральны гурток. Увогуле адшукаць сваіх у эміграцыі – задача з зорачкай. Гэта ўсім складана. І гэта варта патлумачыць падлетку.
Нічога не навязваць. Падлеткі не слухаюцца, але вельмі ўважліва слухаюць. Любыя параўнанні з «сынам мамінай сяброўкі» ці сцверджанні ў стылі «Усе нармальныя дзеці, а ты…» ніколі не ідуць на карысць. Калі падлетак заахвоціўся хадзіць на нейкую актыўнасць, а потым хоча кінуць, неабходна даведацца прычыны. Калі рэч не ў булінгу ці ў яшчэ нечым разбуральным (з гэтым усё зразумела), тут можна трэніраваць адказнасць: «Ты вырашыў(-ла) гэтым займацца. Давай дамовімся, што ты паходзіш яшчэ такі час, а потым сядзем і абмяркуем, што не падабаецца і чаго табе хочацца цяпер». Так чалавек рыхтуецца да дарослага жыцця, дзе за ўсе рашэнні трэба браць адказнасць і немагчыма ўсё спрэс ctrl+Z.
Не абясцэньваць. Да праблемаў дзіцяці трэба ставіцца сур’ёзна. Калі падлетак вырашаецца нешта распавесці – выслухаць і дапамагчы. Якой мусіць быць гэтая дапамога? Варта спытаць у яго або яе наўпрост: «Як табе дапамагчы? Мне цябе пашкадаваць? Даць параду? Ці ты чакаеш ад мяне крытыкі? Глядзі, я ўсе справы адкладаю, слухаю толькі цябе і дапамагу такім чынам, якім ты захочаш». Калі дзіця кажа, што сумуе па кімсьці з «мінулага» жыцця, – ставіцца да гэтага ўважліва: «Магчыма, я не цалкам разумею, што ты адчуваеш, але я табе спачуваю». Каб адгараваць, кожнаму(-ай) патрэбны свой час.
Калі адчуваецца неабходнасць у псіхатэрапіі, трэба звярнуцца да спецыяліста(-кі). Гэта могуць быць і анлайн-кансультацыі. У «звычайным» жыцці асабістую тэрапію падлеткам не рэкамендуюць: у гэтым трапяткім узросце вельмі важная сацыялізацыя і навучанне жыцця ў грамадстве, таму праца ў групе звычайна праходзіць больш эфектыўна. Аднак за мяжой многія схільныя вырашаць праблемы асабіста, і гэтае іх жаданне таксама варта паважаць.
Як вярнуць прастору для мараў?
У эміграцыі з планаваннем цяжка амаль усім, але дарослыя ў змозе крыху заспакоіць падлетка, паколькі яго або яе жыццё дзеліцца на цалкам зразумелыя адрэзкі: школа, каледж/ліцэй, універсітэт. Вось да гэтых адрэзкаў і трэба прывязвацца: «Не пераймайся! Твая задача зараз – прайсці вось такі этап, а ўжо потым будзе новы этап, а з ім – новая задача і новыя рашэнні. Зараз ты не прымаеш рашэнне на ўсё жыццё». Важна звузіць гарызонт планавання.
І нельга пужаць падлетка самастойным жыццём: «Хутка табе васямнаццаць. Паедзеш ужо ад нас…» Дома ці ў эміграцыі, працэс сепарацыі працягваецца, але трэба разумець, што гэта падлетак сепаруецца ад бацькоў, а не бацькі сепаруюцца ад свайго дзіцяці. Чалавечае птушаня з гнязда не выкідаюць. І, дарэчы, тыя, каго напужалі, да апошняга за тое гняздо чапляюцца, усімі спосабамі і даступнымі інструментамі.
Агулам падлетку важная падтрымка. Міф пра тое, што дзяцей можна «пералюбіць», даўно развенчаны, таму не трэба стрымлівацца і цадзіць бацькоўскую любоў па чайнай лыжцы. Любові зашмат не бывае.
«Соні пятнаццаць. Яна заканчвае дзявяты клас. Навокал – дарослыя праблемы, якія ніяк не можа рашаць падлетак, а ўнутры – наступствы дзіцячай траўмы. З мамай стасункі больш-менш, хоць тая і выстаўляла ў свой блог фоткі дачкі з цытатамі ейнага дзяцінства. З бацькам усё складана…» – гэта ўрывак з анатацыі кнігі Сашы Гук «Соня, стой!», якая выйшла ў выдавецтве Gutenberg Publisher. Рэдкая птушка: young-adult па-беларуску! Кніга, якая апісвае блізкія беларускім падлеткам рэаліі і дакладна ім адгукнецца. У жыцці гераіні Соні ўтварыўся вір з таленту, хваробы ды кахання. І зазірнуць у гэты вір можа быць цалкам тэрапеўтычна: бо ты не адна і не адзін у сваіх пачуццях.