5 фільмаў аб дыскрымінацыі ЛГБТ+

  • 06.03.2018
  • Аўтар: Rondo
  • 5509

2018 год. Ілан Маск запускае ў космас электрамабіль Tesla Roadster з манекенам на борце, беларусы ствараюць касцюм для поўнага апускання ў віртуальную рэальнасць, а вялікая частка соцыуму да гэтага часу прыраўноўвае прадстаўнікоў(-ц) ЛГБТ-супольнасці да пракажоных. Мы адабралі 5 (і яшчэ 10 бонусам) пранікнёных карцін пра разбурэнне стэрэатыпаў пра сэксуальнасць – расплюшчы свае вочы і адкрый сэрца як мага шырэй.

 

Філадэльфія / Philadelphia

 

 

80-я гады вядомыя не толькі росквітам дыска і хэві-металу, але і нянавісцю да тых, хто быў заражаны СНІДам. А калі заражаныя з'яўляліся гомасэксуаламі, нянавісць да іх мацнела ў разы.

«Філадэльфія» – гэта рэальная гісторыя адваката Джэфры Баўэрса, звольненага з фірмы Baker McKenzie з прычыны яго «некампетэнтнасці». Сапраўдная ж прычына крыецца ў тым, што менеджары фірмы не захацелі бачыць у сваіх шэрагах гомасэксуала, хворага на СНІД. Галоўны герой, сыграны Томам Хэнксам, вырашае судзіцца са сваімі былымі працадаўцамі, але ўсе адвакаты, да каго ён звяртаецца, адмаўляюцца яму дапамагаць. Усе, акрамя чарнаскурага адваката-гамафоба Джо Мілера, які баіцца заразіцца ВІЧ праз поціск рукі, але вырашае дапамагчы герою Хэнкса і выступіць супраць дыскрымінацыі нявіннага чалавека.

Гэта другі высокабюджэтны фільм Галівуду, у якім прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці не намаляваныя гратэскнымі клоўнамі. Тут няма хлопцаў у міні-спадніцах, вясёлкавых сцягоў і гучных лозунгаў – толькі чалавек, выкінуты грамадствам за борт жыцця з-за сваёй сэксуальнай арыентацыі. Іронія ў тым, што яго ратуе чалавек, чыя раса ў тыя гады падвяргалася пастаяннай дыскрымінацыі – яшчэ адна болевая кропка, на якую стваральнікі фільма націснулі максімальна пісьменна.

«Філадэльфія» – універсальная прылада, створаная для барацьбы з гамафобіяй, расізмам і банальным глупствам. Абавязкова да прагляду тым, хто лічыць фразу «ты чо, гей?» колкім панчам.

Год: 1993

Рэжысёр: Джонатан Дэме

Слоган: «Ніхто не хацеў брацца за яго выпадак... Пакуль адзін чалавек не вырашыў перамагчы сістэму»

 

 

Жыццё Адэль / La vie d'une Adèle

 

 

У 2012 годзе вуліцы Францыі кіпелі з-за вулічных дэманстрацый, прысвечаных легалізацыі аднаполых шлюбаў. У 2013-м, пасля адабрэння закона «Шлюбы для ўсіх», полымя канфлікту паміж прыхільнікамі і праціўнікамі законапраекта было патушанае, аднак іскры нянавісці часцяком успыхвалі ў розных кутках краіны. На хвалі гэтых падзей было створана «Жыццё Адэль» – карціна, знятая па графічным рамане мастачкі Жулі Маро «Сіні – самы цёплы колер».

Лейтматыў фільма – гісторыя старшакласніцы Адэль, якая закахалася ў блакітнавалосую мастачку Эму. Адэль не толькі адчувае ціск з боку блізкіх, якія не разумеюць аднаполага кахання, але і не можа дастукацца да сэрца сваёй каханай – Эма, якая лунае ў высокіх матэрыях, бачыць у Адэль толькі дзяўчынку з ніжэйшага класа, прыдатную выключна для ролі часовай музы.

«Жыццё Адэль» – гэта не проста гісторыя аб жахлівай сіле гамафобіі, а аповесць у духу «Навальнічнага перавалу», якая наглядна дэманструе сацыяльную няроўнасць паміж галоўнымі гераінямі. Аказваецца, класавыя супярэчнасці – гэта не толькі нагода для палітычных дэбатаў, але і важкая прычына расстацца з каханым чалавекам дзеля вустрыц і размоў аб мастацтве 19-га стагоддзя.

Год: 2013

Рэжысёр: Абдэлаціф Кешыш

Слоган: «Сіні – самы цёплы колер»

 

 

Гарбатая гара / Brokeback Mountain

 

 

Хоць «Гарбатая гара» і падаецца ў абгортцы з-пад вестэрна, звязваюць яе з гэтым жанрам толькі клятчастыя кашулі і каўбойскія капелюшы галоўных герояў – у астатнім перад намі чыстая меладрама, прасякнутая найчысцейшымі ж пачуццямі.

Штат Ваёмінг, лета 1963 года. Джэк Твіст (Джэйк Джыленхол) і Эніс Спраў (Хіт Леджэр), якія выраслі на бедных ранча, знаёмяцца пры ўладкаванні на сезонную працу – іх наймаюць пасвіць авечак на пашах ля Гарбатай Гары. Там жа хлопцы і завязваюць таемны раман, які расцягнуўся на дваццаць гадоў.

Раскрытыкаваная кінаакадэмікамі Тоні Кёрцісам і Эрнэстам Боргнайнам «Гарбатая гара» – карціна, пра якую чуў кожны другі, але глядзеў толькі кожны пяты. Гэта не толькі добрая гісторыя пра каханне, але і своеасаблівая дэманстрацыя гамафобіі, кансерватыўнасці і страху перад грамадскасцю: галоўныя героі настолькі падушаныя апошняй з'явай, што вымушаныя хаваць свае адносіны пад шырмай класічнага шлюбу і здавольвацца некалькімі спатканнямі ў год. Гэта зборнік шматгранных інтэрмедый аб людзях, якія адчуваюць сябе пракажонымі толькі з-за чужых позіркаў і гатовыя цярпець нягоды, каб не трапляць у жорны людскіх намоў.

«Забароненага кахання не існуе» – вось пасыл, які спрабуе данесці да гледача «Гарбатая гара». І калі ёй гэта ўдасца, то на парачку няшчасных каўбояў у гэтым свеце стане менш.

Год: 2005

Рэжысёр: Энг Лі

Слоган: «Любоў – гэта моц прыроды»

 

 

Гонар / Pride

 

 

Калі ты шукаеш карціну аб гомасэксуальных героях, у якой сэкс выслізгвае на другі план, а на першы выходзяць гістарычны антураж, сацыяльны складнік і міжасобасныя адносіны, змацаваныя майстэрскай акцёрскай гульнёй і фірмовым ангельскім гумарам, «Гонар» – тое, што табе трэба.

1984 год – час, калі ў продаж паступіў першы Apple Macintosh, Modern Talking адыгралі свой першы канцэрт, а шахцёры з Уэльса, падаўленыя палітыкай Маргарэт Тэтчэр, зладзілі страйк. На дапамогу бунтоўным рабочым, «адрэзаным» ад дзяржаўнага фінансавання, прыходзіць невялікая кампанія гомасэксуалаў з Лондана – яны вырашаюць сабраць грошы для падтрымкі сем'яў шахцёраў у рамках кампаніі «Lesbians and Gays Support the Miners». Аднак не ўсе жыхары ангельскай глыбінкі імкнуцца прыняць дапамогу з рук сталічных гасцей – апошнім прыйдзецца прыкласці нямала намаганняў, каб заваяваць давер шахцёраў.

«Гонар» – гэта пісьменная сумесь паветранай камедыі і ўдумлівай драмы, падмацаваная крыху клішаваным сюжэтам і зразумелым пасылам: свет – гэта месца, жыць у якім значна весялей, калі ты не адзін/адна. І распаўсюджваецца гэтае правіла абсалютна на ўсіх – і на шахцёрскія арганізацыі, і на лакальныя ЛГБТ-супольнасці.

Год: 2014

Рэжысёр: Мэцью Уорчас

Слоган: «Заснавана на рэальнай натхняльнай гісторыі»

 

 

Парад / Parade

 

 

Арганізацыя гей-парада ў Бялградзе параўнальная са спробай голымі рукамі спыніць лакаматыў, які нясецца на ўсіх парах – страшна, складана і вельмі небяспечна. Аднак цяжкасці не спыняюць Радміла і Мірка – маладую гей-пару, якая штодня сутыкаецца з усеагульнай гамафобіяй. Натуральна, у запоўненым агрэсіўнымі неанацыстамі Бялградзе ўдзельнікам парада спатрэбіцца абарона, аднак мясцовая паліцыя адмаўляе актывістам у заступніцтве – даводзіцца шукаць дапамогу ў іншым месцы. І – о, іронія – яны яе знаходзяць у асобе ветэрана югаслаўскай вайны, чый сын – удзельнік адной з неанацысцкіх груповак.

«Парад» не проста так падаецца ў якасці трагікамедыі – за бесклапотнай завязкай гэтага фільма хаваюцца крывавыя падрабязнасці першага сербскага гей-парада, праведзенага ў 2001 годзе, а ў сам фільм увайшлі кадры з бялградскага гей-парада 2010 года – тады ўдзельнікі акцыі таксама падвергнуліся нападу з боку ультраправых арганізацый. Дадзеныя аб сотнях пацярпелых удзельніках парадаў падштурхнулі Срджана Драгоевіча да здымак карціны аб гэтай няпростай для Сербіі тэмы – сам рэжысёр кажа, што ён «зрабіў фільм для гамафобаў, здольных зразумець увесь жах сваёй нянавісці».

Год:  2011

Рэжысёр:  Срджан Драгоевіч

Слоган: ...

 

 Фільмы, якія таксама могуць быць цікавыя:  

«Мой асабісты штат Айдаха» (1991), зняты Гасам Ван Сентам. Гісторыя пра двух хаслераў, створаная па матывах шэкспіраўскага «Генрыха IV».

«Салдацкая дзяўчына» (2003) – драма Фрэнка Пірсана, заснаваная на рэальных падзеях 1999 года. Пранізлівая гісторыя салдата Бэры Уінчэла, які закахаўся ў трансгендарную жанчыну Кальпернію Адамс.

«Я кахаю цябе, Філіп Морыс» (2009) – рамантычная трагікамедыя Джона Рэкуа і Глена Фікары, знятая па аднайменнай кнізе Стыва Маквікера. Кранальная гісторыя пра жыццё, каханне і турэмныя ўцёкі ў выкананні Джыма Керы і Юэна Макгрэгара.

«Загадкавая скура» (2004) – карціна Грэг Арак, якая атрымала пракатны рэйтынг NC-17 (інакш кажучы, 18+). Аповесць пра тое, як сэксуальнае спакушэнне змяняе асобу і пакідае невылечныя душэўныя раны.

«Трапятанне перад Б-гам» (2001) – дакументальны фільм Сэндзі Сімча Дубоўскі, у якім рабіны і псіхатэрапеўты разважаюць аб адносінах юдаізму і гомасэксуальнасці.

«Дзяўчына з Даніі» (2015) – карціна Тома Хупера, заснаваная на аднайменным рамане Дэвіда Эберсхофа. Фільм распавядае пра першую трансгендарную жанчыну, якая зрабіла аперацыю па карэкцыі полу.

«Месячнае святло» (2016) – драматычны фільм Бары Джэнкінс, зняты па п'есе Тарэла Элвіна МакКрэйні «У месячным святле чорныя хлопчыкі здаюцца сінімі». Карціна ахоплівае тры перыяды жыцця галоўнага героя, у час якіх ён усведамляе сваю гомасэксуальнасць і спрабуе ўпісацца ў грамадства.

«Кэрал» (2015) – экранізацыя рамана Патрыцыі Хайсміт «Кошт солі», знятая Тодам Хейнсам. Рэтра-драма, прысвечаная гісторыі кахання паміж юнай эмігранткай і замужняй жанчынай.

«Хлопцы не плачуць» (1999) – фільм Кімберлі Пірс, заснаваны на рэальных падзеях. Гісторыя транссэксуала Брэндана Ціна, які стаў ахвярай злачынства на глебе нянавісці.

«Пакажы мне любоў» (1998) – меладрама Лукаса Мудзісана, якая закранае пытанні сэксуальнай самаідэнтыфікацыі падлеткаў, аднаполых рамантычных адносін і талерантнасці да гомасэксуальнасці.

 

А тут можаш пачытаць наш мануал пра тое, як правільна казаць пра прадстаўнікоў(-ц) ЛГБТ+.

КАМЕНТАРЫ (1)

Ульяна
Ульяна | 17.05.2018 14:59

+ "Далласский клуб покупателей", "Молитвы за Бобби". Ну а "Гордость" - это просто любовь и солидарность в чистом виде)

1 0 +1