5 альтэрнатыўных спосабаў спазнаць горад

  • 03.12.2018
  • Аўтар: 34mag
  • 6588

Горад – гэта не толькі збор вуліц, па якіх ты ходзіш, дамоў, дзе ты жывеш, і кавярняў, куды забягаеш па ранішнюю порцыю кафеіну. Горад – гэта ўсе гісторыі, якія адбываліся ў гэтым месцы, усе дрэвы, якія тут раслі, і ўсе людзі, якія тут жылі. Расказваем пра пяць беларускіх гарадскіх ініцыятыў, якія дазваляюць па-новаму спазнаць месца, у якім ты жывеш.

 

 Brest Stories Guide 

 

 

Тэатр «Крылы Халопа» прапануе табе інтэрактыўнае занурэнне ў брэсцкую гісторыю з дапамогай аўдыядадатку, які адначасова з'яўляецца дакументальным спектаклем.

Парадак дзеянняў такі: пампуеш дадатак, шпацыруеш па горадзе, спраўджваючы карту, а ў адзначаных кропках слухаеш патрэбны трэк і глядзіш архіўныя фота таго месца, дзе цяпер знаходзішся. Тэма асвятляецца не самая лёгкая – антысемітызм, габрэйскія пагромы і Брэст у часы Другой сусветнай вайны. Затое становіцца зразумела, што Халакост здарыўся не на пустым месцы: непрыязнага стаўлення да людзей іншай нацыянальнасці хапала і да прыходу нацыстаў.

Калі слухаеш пра забарону «карыстацца тратуарамі, паркамі, спартыўнымі пляцоўкамі, наведваць школы, тэатры і музеі» толькі таму, што ў цябе «няправільная» нацыянальнасць, а сам(-а) цяпер спакойна ідзеш па вуліцы, – уражваешся куды мацней, чым ад сухіх радкоў у падручніку гісторыі. Спакуса жартаваць пра «габрэйскія рысы характару» знікае назаўжды.

 

Святлана Гайдалёнак

адна са стваральніц праекта:

«Нас натхніла творчасць нямецка-швейцарскай тэатральнай групы Rimini Protokoll, у прыватнасці іх радыёп'еса для мабільнага тэлефона “50 кіламетраў файлаў", заснаваная на архівах Штазі.

Наш праект эмацыйна вельмі складаны: гэта крывавая гісторыя, якую трэба адбіраць і карэктаваць; стрымаць слёзы немагчыма. Было няпроста злучыць спектакль і карту горада: перад намі стаяла задача захаваць драматургію апавядання і ўлічыць пры гэтым сярэднюю хуткасць руху чалавека, а таксама асаблівасці маршруту. Мы ламалі галаву. Блукалі вуліцамі па вечарах, па начах, злучалі, слухалі. Дух займала, але было вельмі цяжка.

Людзі ўспрымаюць Brest Stories Guide па-рознаму: адны крытыкуюць тэхнічныя недасканаласці, іншыя дзякуюць за важны ўклад у развіццё горада і за акцэнт на гістарычнай тэме, якую доўгі час было прынята замоўчваць».

 

 Чытай таксама: «Што варушыць Берасце?» 

 

 

 «Вандроўкі ў мінулае» 

 

 

«Вандроўкі ў мінулае» – папулярны фармат Free Walking Tour, распачаты ў Менску адным чалавекам. Гэта выдатны шанец даведацца пра гісторыю горада, культурныя пласты якога зносіліся і старанна сціраліся так часта, што галоўная аўтэнтыка, якая захавалася ва ўсіх гэтых калатнечах, – гэта праўдзівыя апавяданні і гарадскія легенды.

«Вандроўкі» ахопліваюць характэрныя раёны горада і знакавыя будынкі: ты прагуляешся да Чырвонага касцёла і Дома ўрада, адчуеш вайб Лошыцы і Асмалоўкі, убачыш старыя могілкі і паркі, даследуеш габрэйскі і татарскі Менск. Для поўнага культурнага занурэння гід зачытвае ўрыўкі з Адама Глобуса і Уладзіміра Караткевіча. Хай стары Менск нельга ўбачыць, затое можна пачуць і ўявіць.

 

Павел Дзюсекаў

аўтар праекта:

«Ідэя прыйшла выпадкова, а потым развівалася дзякуючы мне і падказкам маіх турыстаў. Людзі ў нас мала ведаюць гісторыю, а праект дапамагае ім запоўніць гэты прабел. Узброеныя ведамі, гараджане пачынаюць любіць і берагчы свой горад, што відавочна яму на карысць».

 

 Чытай таксама: Аўдыягід «Менск для пачаткоўцаў» 

 

 

 Open Art Space: Women Studios 

 

 

Мастачак, вядомых у той жа ступені, што іх калегі-мужчыны, у свеце адшукаецца няшмат. Наша краіна карцінку тут не мяняе: у альбоме «Мастацтва суверэннай Беларусі», выпушчаным у 2016 годзе, з 165 творцаў усяго 32 мастачкі. У мастачак няма свайго саюза або агульнай выставачнай прасторы, таму яго ролю выконваюць самі майстэрні. Праект ад «Гендарнага маршруту» дазваляе зазірнуць у майстэрні беларускіх мастачак: на інтэрактыўнай карце можна клікнуць на назву вуліцы і прозвішча мастачкі – і даведацца, як выглядае яе майстэрня, пачытаць яе словы пра мастацтва. Экскурсіі ў афлайне праводзяцца па запісе – адрасуй ліст на genderrout@gmail.com.

 

Ірына Саламаціна

кіраўніца праекта «Гендарны маршрут»:

«Мне было важна зрабіць такую экскурсію менавіта таму, што выставы мастачак вельмі рэдкія ў галерэях і музеях Менска. І знакамітыя, і беларускія мастачкі-пачаткоўцы як жылі, так і працягваюць жыць у атмасферы стэрэатыпаў аб немагчымасці “жаночага генія” і другараднасці “жаночых” тэм, асабліва калі яны не маюць дачынення да ўсхвалення “прыгажосці” прыроды і светабудовы ў цэлым.

На днях адной з самых выбітных беларускіх мастачак Зоі Літвінавай споўнілася 80 гадоў. Але яе юбілейная выстава не адбылася па прычыне адмовы кіраўніцтва музея даць вялікую залу для рэтраспектыўнай калекцыі работ мастачкі.

Ва ўмовах адсутнасці выставачных прастор для мастачак майстэрні могуць быць вельмі карыснымі. Мне хацелася адкрыць для гараджан і зрабіць бачнымі творчыя прасторы Менска, у якіх працуюць мастачкі».

 

 Чытай таксама: «5 лепшых тэкстаў пра фемінізм» 

 

 

 «Гарадскі прагулачны марафон» 

 

 

Праект «Гарадскі Ляснічы» пачаўся ў Менску як ініцыятыва аднаго чалавека – Ігара Корзуна, які гуляў па горадзе, цікавіўся гарадскімі легендамі і тым, як гараджане могуць свой горад захаваць. Потым да яго далучыліся іншыя актывісты: саджалі дрэвы, ацэньвалі экасістэмныя паслугі дрэў у горадзе, размаўлялі з навукоўцамі-батанікамі і «Зелянбудам». Але сэрцам праекта ўсё роўна засталіся прагулкі-экскурсіі, якія ператвараюцца ў сапраўдныя гарадскія прыгоды: паход уздоўж усёй Сляпянскай воднай сістэмы з яе вадаспадамі, вывучэнне стогадовых дрэў Менска, а раз на год – традыцыйны марафон на сумленныя 42 кіламетры праз паркі, сакрэтныя двары і зялёныя зоны горада, пешшу, на цэлы дзень, у любое надвор'е. З мінулага года марафон ходзяць і ў Берасці.

Галоўнае адкрыццё, якое цябе чакае: нават калі ў горадзе не захавалася сярэднявечных замкаў, прадуманая ландшафтная архітэктура накшталт водна-зялёнага дыяметра Менска можа быць не меншай славутасцю.

 

Игар Корзун

стваральнік праекта «Гарадскі Ляснічы»:

«У Еўропе ёсць стогадовыя дрэвы, і аб кожным з іх распавядае спецыяльная таблічка. Дзякуючы гэтаму гісторыя горада становіцца больш насычанай і змястоўнай, а паркі выглядаюць па-іншаму, хоць яны не такія старыя, як у нас. Мне стала цікава, чаму ў нас інакш, і я пачаў задаваць пытанні. Нейкія адказы мяне задавальнялі, нейкія катэгарычна не. Я жыву ў гэтым горадзе, і я хачу ведаць, колькі ў нашым горадзе дрэў, які іх відавы склад, стан, ці пералічаныя яны – для таго, каб разумець, наколькі якасна кіруючыя органы выконваюць сваю працу. А потым я зразумеў, што гэта тычыцца не толькі зялёных насаджэнняў, а ў прынцыпе нашага жыцця ў горадзе.

Гараджане не ведаюць, як кіруецца іх горад. Яны лічаць, што за ўсё адказвае "Зелянбуд", які спілаваў або абрэзаў дрэвы. Зрэдку за "Зелянбудам" з'яўляецца ЖКГ ці гарадская адміністрацыя, але ніколі не з'яўляюцца архітэктары – а гэта іх вотчына. Гарадскі ландшафт – іх тэрыторыя. Мы павінны ствараць менавіта ландшафтную архітэктуру, а не займацца лаянкамі аб тым, што зносіць, а што не. Будынкі – гэта вельмі важна, але будынак можна пабудаваць за пяць гадоў, а дрэвы растуць пяцьдзясят гадоў, парк так хутка не стварыць. Не ты будзеш жыць у горадзе без паркаў, а твае ўнукі.

Гараджане павінны быць уцягнутыя ў гэта і задаваць пытанні: што вы зрабілі для таго, каб наш горад быў камфортным? Праца грамадзян – разумець, як усё ўладкавана. Можна зрабіць круглы стол і паклікаць журналістаў, а можна паклікаць усіх на доўгі шпацыр і расказаць, як ідуць справы, паразважаць пра тое, як бы нам хацелася, каб яны ішлі. Я вучу людзей здароваму сэнсу, распавядаю, як бачу горад, за што люблю, што ў ім ёсць цікавага і як гэтае цікавае знайсці».

 

 Чытай таксама: «Як баранiць дрэвы ад высякання ў сваім двары?» 

 

 

 Экскурсіі з заплюшчанымі вачыма «Мівія» 

 

 

Праграма «Мівія» знаёміць невідушчых і людзей са слабым зрокам з архітэктурай, карцінамі і кнігамі з дапамогай тактыльных копій і макетаў. Гэта можа быць макет аднаго будынка, напрыклад мінскай Ратушы, або цэлай гарадской плошчы. Іншая частка працы – стварэнне аб'ёмных карцін беларускіх мастакоў: такія карціны можна «глядзець» рукамі.

Праграма даступная і для людзей без дэфектаў зроку: проста завязваеш вочы і на час выпраўляешся ў зусім іншы горад – поўны пахаў, гукаў, нязвыклых адлегласцяў і, магчыма, перашкод. Гэта круты вопыт, які дазваляе прымерыць на сябе жыццё чалавека з праблемамі зроку і ацаніць, наколькі гэтаму гораду патрэбны інклюзіўны дызайн.

У кожнай экскурсіі ўдзельнічаюць усяго два чалавекі: экскурсанты трымаюцца за локці гіда з двух бакоў і шпацыруюць так сорак хвілін. Другая частка праграмы праходзіць з расплюшчанымі вачыма: удзельнікі пераадольваюць маршрут у адваротны бок, каб усё, што ім давялося пакратаць, панюхаць і пачуць, можна было падмацаваць візуальнымі вобразамі.

 

Людміла Скрадаль

кіраўніца праекта «Мівія»:

«Першапачаткова ў нас узнікла ідэя праводзіць экскурсіі для невідушчых людзей. З цягам часу мы зразумелі, што такую ж экскурсію можна выкарыстоўваць і для відушчых, але пры гэтым заплюшчваць ім вочы, апранаючы павязку, каб можна было паказаць ім свет невідушчага чалавека. Больш таго, мы адкрываем для гэтых людзей іншыя магчымасці ўспрымання.

Самыя частыя рэакцыі ўдзельнікаў такія: “Я доўга жыву ў гэтым горадзе, але мне здаецца, што сёння я ўбачыў(ла) яго ўпершыню!” Людзі кажуць, што ніколі не звярталі ўвагу на гэтыя ўпрыгажэнні на гэтым будынку, не заўважалі, што нейкія будынкі знаходзяцца так далёка адзін ад аднаго. Другая рэакцыя такая: "Як выдатна, што я магу зняць павязку і ўбачыць колеры, сонечнае святло, людзей, якія побач".

Гараджане на такія экскурсіі рэагуюць з цікаўнасцю, не далучаюцца, але глядзяць з цікавасцю або падыходзяць спытаць, што ў нас за макеты такія. Калі мы знаёмімся з помнікамі архітэктуры, нам даводзіцца знаёміцца і з іх ахоўнікамі: тлумачым, што гэта экскурсія для невідушчых, тыя рэагуюць станоўча і даюць магчымасць дакрануцца да будынкаў».

 

 Чытай таксама: «Як невідушчаму чалавеку шпацыраваць па гарадскіх садах?» 

Фота: palasatka, tut.by, Arthur Gapanovich, Вольга Барушка