З сумна вядомага Гурскага – у сонечную Партугалію. 4 гісторыі пра гадаванцаў-эмігрантаў
- 20.08.2025
- 258
Завесці жывёлу – ужо выпрабаванне: адказнасць, адаптацыя, новы лад жыцця. Калі ж гэта котка ці сабака з вуліцы, дадаецца яшчэ і абсалютная непрадказальнасць. Гераіні гэтага матэрыялу не пабаяліся выклікаў – узялі жывёлку, а потым – ужо разам – шукалі новы дом у іншай краіне. Распыталі іх, колькі было сапсавана рэчаў на шляху да ўзаемнай любові і як «грамадзянства» ЕС змяніла жыццё гадаванцаў.
Надзея і Найда
«Пакідала дома планшэт з уключаным Google Meet і глядзела за ёй праз тэлефон»
– Я дызайнерка, вяду блог і раблю мемы па-беларуску, і ў шапцы майго профілю напісана, што я — «маці лепшага сабакі ў свеце».
Заўсёды марыла пра сабаку. У дзяцінстве ў брата была нямецкая аўчарка Найда – памятаю, як яна падбягала да мяне і лізала вуха, калі я хварэла. Потым дарослыя мне не дазвалялі завесці сабаку са словамі: «Вырасцеш – рабі што хочаш», а калі вырасла, казалі: «Навошта табе патрэбна такая абуза?»
Я перыядычна заходзіла на розныя старонкі прытулкаў, глядзела на фотаздымкі і засынала ў слязах. А потым выпадкова пабачыла фоткі Найды і закахалася. Я была за мяжой на вакацыях, напісала валанцёрам – адказалі, што неўзабаве яна будзе ў Менску на выставе, дзе ёй будуць шукаць сям’ю. Cуткі не знаходзіла сабе месца, а пасля высветлілася, што яе ніхто не забраў. Я вельмі хутка абмяняла квіткі і вярнулася ў Менск, прыехала да Найды ў госці. Яна была худая, пужалася ўсяго, хадзіла з падціснутым хвастом, а тыя ласункі, што я ёй прывезла, ёй не спадабаліся. Я падумала: «Ну, будзе цікава» – праз два дні мы жылі разам.
Найда доўга жыла на вуліцы, у статку – іх проста не маглі вылавіць камунальнікі. Яе даставалі ўжо з ямы, якую яна сама выкапала. Так робяць сабакі, калі адчуваюць блізкую смерць. У Найды быў некроз тканак шыі, адкрытая рана на сцягне, а потым яшчэ знайшлі пухліну – яна шмат чаго перажыла. Мне здаецца, што ў яе колісь быў гаспадар, бо яна даволі хутка адаптавалася да паездак у машыне. І аднойчы я па прыколе сказала «сядзець» – і яна выканала каманду.
Як толькі мне прывезлі Найду, мы пайшлі на шпацыр на раёне – і яна… выкачалася ў лайне. Я рагатала на ўсю вуліцу і зноў думала: «Ну, будзе весела». Першы наш сумесны месяц быў самы цяжкі. Яна мне не давярала і будзіла ноччу, а гулялі мы па 5-7 разоў на дзень. Я жартавала, што мне патрэбны адпачынак па доглядзе сабакі.
Агулам з Найдай былі два самыя цяжкія пытанні: сепарацыйная трывожнасць (яна проста не магла заставацца дома адна) і боязь іншых сабак. І, урэшце, яна аказалася не такім сабакам, пра якога я марыла: не прыходзіла спаць да мяне і не бегала за мячыкам. Але кінолаг у выніку сказаў: «З сабакам усё норм, а вам трэба перастаць трывожыцца – яна ўсё адчувае».
«Я жартавала, што мне патрэбны адпачынак па доглядзе сабакі»
Мы пачалі шмат працаваць: хадзілі ў сквер, дзе было шмат сабак. Спачатку проста сядзелі на лаўцы і назіралі, як астатнія бегаюць. Потым я пачала падыходзіць да іншых уладальнікаў сабак, знаёміцца. З цягам часу Найда пачала спакойна сядзець побач з «тусоўкай».
Сепарацыя – гэта асобны квэст, бо яна згрызала ўсё на сваім шляху, калі заставалася адна дома. Калі яна крыху адаптавалася, а я пачала ездзіць у офіс, я пакідала дома планшэт з уключаным Google Meet і глядзела за ёй праз тэлефон. Калі бачыла, што яна нервуе, уключала мікрафон і казала: «Ай-ай-ай!» Мне падавалася, ёй так спакайней.
Аднойчы мы з каляжанкамі пілі каву, яны рагаталі з таго, што я «звязаная з сабакам», а я паказваю ім тэлефон і кажу: «Вось ляжыць булачка салодкая», – і тут яна падыходзіць і носам выключае сустрэчу. І на экране – «Карыстальнік завяршыў званок». Пасля гэтага я зразумела, што трэба даваць ёй больш свабоды.
Я здзівілася, што Найда так хутка адаптавалася ў новай краіне. У яе ўжо ёсць бойфрэнд – даберман Добілас, а яшчэ – каханак Гоў (курцхаар), сябры сэтэр Арчы і венгерскі выжал Форэст. Карацей, у яе густ на даўганогіх і дарагіх сабак.
Дарэчы, у Найды ружовы хвост – я асцерагалася, што яна будзе спрабаваць збегчы ад мяне, таму патрэбна была прыкмета, каб яе 100% заўважылі. Як што, гэта спецыяльная фарба для жывёл, бяспечная.
Мне вельмі падабаецца, што Вільнюс такі зялёны. Мы штодня гуляем па 4-5 гадзін: часта ходзім у лес або на возера, двойчы ездзілі да мора – там ёй спадабалася капаць ямы ў пяску.
Мама кажа, што тая Найда, якая была ў мяне ў дзяцінстве, вярнулася да мяне, каб аберагаць.
Соня і Фёдар, Фіёна і Джуні
«З цягам часу сабака і котка моцна прывязаліся адна да адной»
– Я Соня, выкладаю англійскую і іспанскую, мой муж Фёдар працуе ў IT. У нас ёсць котка і сабака 6 і 9 гадоў з вуліцы і прытулку, але з 2019 года ўсе жывуць з намі. Сабака любіць спакой, часам носіцца як ашалелы, але заўсёды цягнецца да людзей. Котка была вельмі дзікай, а цяпер імкнецца ўвесь час быць побач з намі.
Мы жылі ў Менску, але з’ехалі адтуль у Варшаву, а потым у Лісабон, дзе жывём больш як 1,5 года. Дарэчы, гаспадыня кватэры – сабачніца, таму праблем з засяленнем у нас не было.
У маёй сям'і заўсёды былі сабакі, а ў мужавай – кот. Калі мы з ім з’ехаліся, я забрала да нас жыць сабаку, якога завяла яшчэ падлеткам. Мы ўвесь час дапамагалі беспрытульным жывёлам у Беларусі і неяк вырашылі ўзяць сабе ката з прытулку. Аднойчы вярнуліся дадому – і дваровыя каты, якія сядзелі на паркоўцы, дружна разбегліся, але застаўся адзін, які глядзеў проста на мяне. Так мы зразумелі, што гэтае кацяня будзе нашым. Пазней мы з цяжкасцю завабілі яго ў пераноску, звазілі ў ветклініку – яно аказалася здаровай коткай 3-4 месяцаў.
Адаптацыя кацяняці праходзіла нягладка. Спачатку яно сядзела пад кухняй, мы ставілі побач латок, ваду і ежу – вылазіла котка па начах. Паступова яна зразумела, што нічога ёй не пагражае, і стала выходзіць днём. За ўвесь час яна ні разу не схадзіла міма латка, нічога не падрала і не зламала – проста ідэальная котка. Нашага першага сабаку звалі Фігара, і я захацела, каб котку таксама клікалі на літару Ф – і праз яе лад жыцця ў першыя часы мы назвалі яе як Фіёну з «Шрэка».
У нас тады быў сабака, і другога браць мы не планавалі, але я неяк пагадзілася на ператрымку сабачкі з Гурскага [пункт часовага ўтрымання жывёл у Менску. – заўв. рэд.], гаспадар якой раптоўна памёр. Гэта быў наш першы вопыт ператрымкі і не было зразумела, што гэта будзе за сабака і як будзе сябе паводзіць. Але гэта быў абсалютна такі камячок суму і неразумення, што адбываецца. Яна любіла ляжаць на канапе, але не ў самоце, таму «вяла» мяне з кухні: я садзілася, яна заскаквала, укладвала мне галаву на каленкі, так мы з ёй першы дзень і правялі. Потым мы шукалі гэтай пяшчотнай гадаванцы новы дом – і калі валанцёры знайшлі ахвотных забраць яе, мы з мужам зразумелі, што не гатовыя з ёй расстацца. Кожны дзень цешымся, што вырашылі яе не аддаваць. Але мой геніяльны план, каб усіх клікалі на Ф, разваліўся з гэтым сабакам, бо ў яе ўжо была мянушка Джуні.
Адаптацыя сабакі – гэта таксама даволі смешная гісторыя, бо прывыкла яна да нас хутка, улічваючы, што вельмі цягнецца да людзей. Як толькі Джуні пачула, што мы яе пакідаем у сябе, такое адчуванне, што яна расслабілася проста і пачала адразу крышку дурнець і паводзіць сябе ну не тое каб дрэнна, але месцамі шкаднавата. З цягам часу сабака і котка моцна прывязаліся адна да адной.
Ад’езд з Беларусі ў Польшчу мы запланавалі ў 2021 годзе і загадзя рыхтавалі дакументы. У лютым 2022-га кінулі рэчы ў машыну, далі заспакаяльнікі котцы, паклалі яе ў пераноску, загрузілі сабак і паехалі на мяжу – нам пашанцавала, што ўсё было падрыхтавана загадзя. Мы пражылі нейкі час у Варшаве, і нас чакаў другі пераезд – у Лісабон, да якога мы таксама старанна падрыхтаваліся. Спланавалі прыпынкі ў гатэлях, узгаднілі з ветэрынарамі заспакойлівае для коткі і ў цэлым за тыдзень даехалі на машыне без вялікіх перашкод.
Мне здаецца, у Партугаліі сабак любяць больш, чым у Беларусі і Польшчы, – заўсёды ўсміхаюцца, гавораць кампліменты, нешта пытаюцца ці расказваюць свае гісторыі. Ну і колькасць сабачнікаў абсалютна неймаверная. Таксама з сабакам можна знаходзіцца амаль усюды: у транспарце, крамах і кавярнях.
У прыгарадзе Лісабона я не бачыла беспрытульных сабак. Тут ёсць бяздомныя каты, але яны знаходзяцца пад наглядам і для іх устанаўліваюцца адмысловыя хаткі. Ёсць людзі, якія сочаць за імі, кормяць, пояць і лечаць. У нашым раёне ёсць невялікі комплекс хатак, там нават вісяць фатаграфіі катоў і подпісы, маўляў, коцікі тут жывуць і мы іх кормім, – то-бок яны не згубіліся і з імі ўсё ў парадку.
«Мне здаецца, у Партугаліі сабак любяць больш, чым у Беларусі і Польшчы, – заўсёды ўсміхаюцца, гавораць кампліменты»
Сабак тут трэба рэгістраваць, плаціць пошліну. Абавязкова прышчапляць жывёл ад шаленства раз на тры гады. Было нечакана тое, што тут ёсць свае захворванні, з якімі мы не сутыкаліся раней, – напрыклад, якія пераносяць мясцовыя камары, і ад гэтых інфекцый гадаванцаў вакцынуем таксама.
Мне падаецца, жывёлы ў Партугаліі лепш абароненыя законам, чым у Беларусі, – прадугледжана рэальная адказнасць за жорсткае абыходжанне або дрэнныя ўмовы ўтрымання – могуць выпісаць штраф альбо арыштаваць.
Аліна і Альпа
«Ідэя ўзяць сабаку прыйшла падчас каранціну, калі мой трывожны стан пагаршаўся»
– Я жыву ў Вільні тры гады і працую ў сферы правоў уразлівых груп, калекцыяную LEGO і вініл, люблю падарожнічаць.
У апошнім да мяне вельмі падобны мой сабачка Альпа, без якога я і мой партнёр не ўяўляем жыцця. Гадаванцу 6 гадоў, ён даследчык, вельмі клапатлівы, эмацыйны і напоўнены любоўю. Ён з цікаўнасцю назірае за светам і ахвотна падарожнічае з намі, а адзін з яго любімых заняткаў – хадзіць з намі ў кавярні, дзе ён атрымлівае пагладжванні ад людзей і безлактозны капучына.
Гісторыя сустрэчы з Альпам пачалася ў красавіку 2020 года ў Менску, у дзяржаўным пункце адлову «Фаўна горада» [той самы пункт утрымання на Гурскага, 42, згаданы вышэй. – заўв. рэд.]. Вельмі страшнае і цяжкае месца, але менавіта там мы сустрэлі нашага Альпу.
Ідэя завесці сабаку прыйшла падчас каранціну, калі мой трывожны стан пагаршаўся. Я даўно хацела ўзяць сабаку з прытулку і падумала, што гэта можа дапамагчы мне і з трывогай: буду больш выходзіць на вуліцу, клапаціцца пра кагосьці, адчуваць сувязь з жыццём. Гэта сапраўды дапамагло, хоць і варта разумець, што сабака – гэта не панацэя, а вялікая адказнасць, да якой важна быць гатовымі.
Перад тым як узяць сабаку, мы шмат чыталі – пра заапсіхалогію, негвалтоўную камунікацыю, дабрабыт жывёл. І калі адчулі, што гатовыя, у адзін вечар сабраліся і паехалі ў «Фаўну». У самім пункце стаяў аглушальны брэх, але сярод хаосу мы заўважылі рудога сабачку, які з цікаўнасцю падышоў да клеткі. І зразумелі: гэта наш.
Альпа стаў часткай сям’і так натуральна, што цяпер цяжка ўявіць, як мы жылі без яго. Але была адна складанасць, з якой мы сутыкнуліся, – гэта сепарацыйная трывожнасць Альпы: ён вельмі баяўся, калі мы кудысьці сыходзілі, і пачынаў разбураць дом. Аднак, дзякуючы працы з заапсіхалагіняй, сабачка стаў значна шчаслівейшы.
Мы мала што ведаем пра мінулае Альпы. У «Фаўне» нам толькі сказалі яго прыкладны ўзрост. Калі сабачка апынуўся ў нас, мы заўважылі, што ён кульгае. Высветлілася, што адзін пальчык на задняй лапе быў раздроблены. Пасля яго выдалення Альпа перастаў кульгаць. З цягам часу ў яго таксама выявілі пухліну ў селязёнцы, што нас моцна напалохала. Зрабілі аперацыю, і цяпер з ім усё добра. Яго здароўе для нас заўсёды было і ёсць прыярытэтам.
З’язджалі з Беларусі мы даволі хутка, і гэта быў вялікі стрэс. Мінуў толькі тыдзень пасля аперацыі Альпы, і ён яшчэ быў вельмі кволы. Але заставацца доўга мы не маглі і, калі ён трошкі акрыяў, вырашылі ехаць. Альпа, увесь перавязаны, са свежымі швамі, стаяў з намі на мяжы каля дзесяці гадзін, але вытрымаў – ён сапраўдны малайчына!
Калі мы бралі Альпу, то зусім не думалі пра жыццё па-за межамі Беларусі. Але так атрымалася, і, шчыра кажучы, для яго гэта пайшло на карысць. У Літве значна больш dog-friendly прастор, лепшы доступ да якаснага корму, цацак і агулам лепшыя ўмовы для жыцця сабакі. У Вільні вельмі шмат лесу ў межах горада, і мы проста абажаем там гуляць.
Да таго ж у Літве сабакі часта ўспрымаюцца як паўнапраўныя члены сям’і. Людзі больш спакойна ставяцца да іх прысутнасці ў кавярнях, грамадскіх месцах, транспарце. Таксама ў горадзе шмат інфраструктуры: адмысловыя пляцоўкі, скрыні для пакетаў, фантанчыкі для сабак – дробязі, але яны вельмі ўплываюць на якасць жыцця.
«У Літве сабакі часта ўспрымаюцца як паўнапраўныя члены сям’і»
З дакументамі асаблівых складанасцяў не было. Цяпер у Літве ўсё даволі проста – можна атрымаць пашпарт жывёлы ў любой ветклініцы. Альпа цяпер «грамадзянін» ЕС. Мы часам жартуем з гэтага, але на самай справе вельмі рады, што можам даць яму больш бяспечнае і камфортнае жыццё.
У нас з Альпам ёсць свае асаблівыя традыцыі, якія мы вельмі любім і шануем. Штогод мы адзначаем дзень, калі ўзялі яго дадому, – для нас гэта сапраўднае свята, вельмі эмацыйнае і значнае. Мы таксама святкуем ягоны дзень народзінаў.
Віялета і Вірджынія Вульф
«Дзейнічае тэрапеўтычна – як трыпутнік на ранку»
– 30 снежня 2019 года, пярэдадзень Новага года. Я еду з працы на метро і ў пераходзе на Якуба Коласа бачу кацяня. Мэтч – любоў з першага погляду. Тэлефаную маме: «Мабыць, нам у вёску трэба кацяня?» Яна адказвае: «Так, давай». І пакуль я раблю фота, каб даслаць ёй, вакол утварылася цэлая чарга – ледзь не бітва пачалася за тое кацяня. Але забрала яго я.
У выніку котка ў вёску не з'ехала. Я да яе вельмі прывязалася, і яна засталася жыць са мной у Менску, а потым пераехала ў Вільню.
У дзяцінстве ў мяне была котка, але гэта даволі траўматычная гісторыя – яе адвезлі ў вёску, і яна загінула. Пасля гэтага я думала, што ў мяне ніколі больш не будзе катоў. Да таго ж здавалася, што ёсць шмат розных абмежаванняў: ад здымнай кватэры да няпэўнага часу. Але адбыўся шэраг супадзенняў – і ўсе гэтыя абмежаванні зніклі самі сабой. Як кажуць, «даў Бог зайку»…
Калі я шукала жытло ў Вільні, адразу знайшла такі дом, дзе можна з жывёлкамі. Дарэчы, сустракалася пацешная аб’ява, дзе людзі мэтанакіравана шукалі жыхароў з катамі, бо ў тым доме водзяцца мышы. Але я на такое не вырашылася. Мяне наогул палохаюць гісторыі, калі каты прыносяць мышэй пад ложак ці ў ложак.
«У той дзень, калі я ўзяла котку, мне сказалі, што мяне чакае шчаслівы год. І пачаўся 2020-ы»
У Вільні мы з Вірджыніяй упершыню схадзілі на грумінг. Вірджынія – вельмі пушыстая котка, і ўлетку яна пакутуе праз свае футра: звычайным вычэсваннем часам не абысціся. У яе сібірскія карані – гэта значыць, што акрамя пушыстасці і гіпаалергеннасці, гэтыя каты яшчэ і адны з самых ласкавых. Яны не зносяць быць на самоце больш за суткі, ім патрэбныя людзі. Вось Вірджынія і ходзіць за мной хвосцікам паўсюль, нават у прыбіральню. Дарэчы, яна вельмі любіць ваду і можа аблізваць сцены пасля душа.
На мяне яна дзейнічае тэрапеўтычна – як трыпутнік на ранку. Кантактная, мяккая. Любіць панюхаць мой рот, аблізаць марозіва. Увечары прыходзіць разам засынаць. А раніцай прыходзіць, калі я прачынаюся, – кладзецца на жывот. Але яна мяне не будзіць, яна вельмі цярплівая. Аднойчы – гэта мне не ў плюс, вядома, – я выпадкова закрыла яе ў шафе гадзін на дзесяць, але яна спакойна чакала, калі яе выпусцяць. Калі ж я вяртаюся пасля доўгай паездкі, яна не крыўдуе, як некаторыя каты, а паказвае любоў.
У той дзень, калі я ўзяла котку, мне сказалі, што мяне чакае шчаслівы год. І пачаўся 2020-ы. Вядома, я да гэтага часу памятаю тую фразу. З іншага боку, Вірджынія сапраўды заўсёды радуе мяне і прыносіць шчасце. Котка – гэта ні з чым не параўнальны досвед перажывання любові. А яшчэ котка мяне моцна змяніла – я стала больш клапатлівай і адказнай.
Фота прадастаўленыя гераінямі матэрыялу