Чым займаюцца культурныя менеджары(-кі)? Тры маналогі аб прафесіі

Ты з тых, хто па ўсіх пытаннях кансультуецца з ChatGPT, або з тых, хто не плануе здраджваць Google? Мы, мусіць, ні тое, ні іншае – верым, што ніхто і нішто не растлумачыць прадмет так добра, як гісторыя чалавека. І каб зразумець, з чаго складаецца прафесія культурнага менеджара, якая ў Еўропе выглядае досыць перспектыўнай, мы звярнуліся непасрэдна да тых, хто будуе кар’еру ў гэтым кірунку. Запрашаем на кухню культурнага менеджменту – раптам ты таксама прыглядаешся да гэтага высокага рамяства.

 

Вольга Мжэльская:

«Мне заўсёды было цікава занурацца ў нешта, чаго не хапае»

 

– У Беларусі я збольшага арганізоўвала адукацыйныя мерапрыемствы, папулярызавала беларускі арт і краўдфандынг для культурніцкіх праектаў, запускала ініцыятывы, якія дапамагалі людзям бязбольна праходзіць праз масток да мастацтва – каб пачаць яго разумець, любіць, шанаваць і не магчы жыць без яго. Беларусам(-кам) гэта было патрэбна.

У Польшчы фокус ссунуўся. Тут шмат якія рэчы тлумачыць не трэба: людзі цікавяцца мастацтвам нашмат больш, чым у нас. Таму для мяне з'явіліся важнейшыя рэчы і выклікі, на якіх я вырашыла засяродзіцца.

Звычайна я не шукаю ідэі для сваіх праектаў – яны нібыта прыходзяць самі. І іх з’яўляецца нашмат больш, чым магчымасцяў для іх рэалізацыі Ты аналізуеш прастору, у якой знаходзішся, бачыш нейкія хібы інфраструктуры – і сваімі праектамі імкнешся іх нівеліраваць і дамагчыся змен. Мне заўсёды было цікава занурацца ў нешта, чаго сапраўды не хапае.

 

 

У прафесіі арт-менеджара(-кі) няма зачыненых дзвярэй. Ёсць пэўныя складанасці ўваходу – гэта так. Але галоўнае – вялікая цікавасць, вялікая любоў, уменне атрымліваць задавальненне ад працэсаў і ад таго, што можа атрымацца.

 

«У прафесіі арт-менеджара(-кі) няма зачыненых дзвярэй. Ёсць пэўныя складанасці ўваходу – гэта так»

 

Я запускаю арт-праекты, калі разумею, што яны цікавыя мне і будуць карысныя людзям. Напрыклад, калі толькі прыехала ў Польшчу, мне было вельмі важна зразумець, якія тут культурныя інстытуцыі ёсць, якая арт-сцэна. Я пачала актыўна хадзіць па музеях і галерэях – і прапаноўвала далучацца людзям з майго інстаграма. Мы разам даследавалі прасторы – для мяне гэта быў такі ж новы вопыт, як і для астатніх. Збіраліся, знаёміліся, размаўлялі, дыскутавалі. Стыхійна арганізоўваліся ў такія ўмоўна тэрапеўтычныя выхады, на якіх беларусы маглі знайсці адно аднаго.

 

 

Цяпер адзін з маіх асноўных прыярытэтаў – дапамагаць беларускім дзеячам культуры тут. І гэта не столькі пра прыцягненне аўдыторыі, колькі пра тое, каб зрабіць нашых калег бачнымі для польскіх інстытуцый і калабарацый.

Я зразумела, што многім дзеячам беларускай культуры, якія пераехалі ў Польшчу, даволі складана інтэгравацца ў суполку праз мову. І ў той жа час еўрапейская арт-сцэна зусім мала ведае пра нас, беларусаў(-ак). І таму разам з маёй сяброўкай – польскай тэатральнай рэжысёркай і выкладчыцай Каралінай Шчыпек – мы запусцілі праект «Język kultury». Мы арганізоўваем сустрэчы з беларускімі і польскімі калегамі: ходзім на экскурсіі, знаёмімся, абменьваемся кантактамі, камунікуем. Пасля арт-прабегу заўсёды збіраемся на пост-кава-брэйкі, дзе па-польску абмяркоўваем, што ўбачылі і як да гэтага ставімся. Практыкуем мову і паралельна распаўсюджваем інфармацыю пра тое, хто мы і што адбываецца ў беларускай культурнай прасторы.

Спрабую аб'ядноўваць і беларускіх артыстаў, якія раз'ехаліся па свеце. Цяпер амаль немагчыма рэгулярна наведваць якасныя выставы, якія адбываюцца ў розных краінах. Максімум – убачыць фотасправаздачы. Але і яны здараюцца не заўсёды. Таму я задалася мэтай рабіць відэарэпартажы пра праекты і кароткія інтэрв'ю з мастакамі, мастачкамі, каб ствараць архіў таго, што цяпер адбываецца. Гэта важна і для эмігрантаў – каб яны бачылі, чым займаюцца калегі, і для беларусаў(-ак) – каб разумелі, што нашае мастацтва жыве і за межамі краіны. Я ведаю, што «Разговоры маленького гедониста» таксама разыходзяцца і сярод замежных калег.

 

 

Многія мае праекты маюць у сабе інтэрдысцыплінарную аснову. Культурны менеджмент складана вызначыць і падзяліць на падпункты. Я, напрыклад, цяпер інтэнсіўна працую і як куратарка – з беларускім і польскім мастацтвам. Я зразумела, што ёсць тэмы, на якія мне архіважна выказацца разам з мастакамі, калі мы гэтыя «болі» падсвятляем. І гэта мае месца быць. Таму што галоўнае ў прафесіі арт-менеджара(-кі) – займацца важнымі рэчамі, якія будуць мяняць людзей і свет вакол нас.

 

 

 

Марыя Гуліна:


«Працуем над рашэннямі, каб разам дамагчыся сістэмных змен»

 

– У мяне ўсё пачалося з экалагічнага актывізму – як і ўсё ў маім жыцці. Я паўдзельнічала ў трэнінгу для маладых людзей, якія цікавяцца аховай навакольнага асяроддзя. І мяне гэта вельмі моцна натхніла. Па заканчэнні трэнінгу можна было рэалізаваць уласны праект, і мой аказаўся на стыку культурніцкіх, адукацыйных і прыродаахоўных актывісцкіх ідэй. Пазней, калі я стала шмат валанцёрыць для беларускіх экалагічных арганізацый, я зразумела, што менавіта той праект абумовіў маю будучыню. Я ўдзельнічала ў гарадскіх ініцыятывах, кампаніях па захаванні навакольнага асяроддзя, сацыяльных праектах. І ўсвядоміла, што маё – гэта мікс культуры і адукацыі, каб казаць пра экалагічныя і сацыяльныя пытанні.

Мастацтва – гэта вельмі моцны інструмент. Напрыклад, арт быў асноўным рухавіком у кампаніі «Без болот? Нет!» у абарону балотных экасістэм у Беларусі, у якой я брала ўдзел. Каманда арганізоўвала кінапаказы, інтэрв'ю з людзьмі, чыя праца так ці інакш закранае тэму балот, але не звязана з іх аховай наўпрост, і даследавала міфы, песні, дыялекты – каб змяніць успрыманне балота як чагосьці бруднага і небяспечнага на карысць прыгожай, унікальнай, разнастайнай экасістэмы. Усё атрымалася: мы далі рады паказаць, як можна палюбіць гэты свет і знайсці з ім агульную мову.

Яшчэ адзін прыклад – серыя падкастаў пра гісторыю беларускага мастацтва, над якой я працавала, калі была рэдактаркай 34travel. Гэты праект не толькі пра арт – ён выліўся ў даследаванне на скрыжаванні розных тэм. Мы з камандай доўга думалі над тым, што і праз якія гісторыі жадаем распавесці, як можам перадаць гэта з дапамогай гукаў. Давялося пахадзіць па музеях, пашукаць цікавыя выставы, паспрабаваць знайсці нечаканыя ракурсы, пераасэнсаваць стэрэатыпы пра тое, што нічога выбітнага ў беларускім мастацтве няма. І знаходкі здараліся.

 

 

Культурны менеджмент – гэта сустрэча ідэй, якія нас запальваюць, з запытамі аўдыторыі. Апошнія становяцца зразумелымі праз камунікацыі. А першыя (прынамсі, у мяне) фармуюцца на стыку ўласных інтарэсаў, сацыяльных запатрабаванняў і магчымасцяў.

Калі я пераехала, спецыфіка маёй працы змянілася. Цяпер я працую ў Ліверпулі ў некамерцыйнай фотагалерэі, якая факусуецца на сацыяльна залучаным мастацтве. Такі падыход надае шмат увагі калабарацыям, сумеснай творчасці і працэсу працы якой-небудзь групы – напрыклад, квір-падлеткаў, людзей з інваліднасцю – з фатографамі над праектам, які важны і тым, і іншым.

 

«Культурны менеджмент – гэта сустрэча ідэй, якія нас запальваюць, з запытамі аўдыторыі»

 

Сацыяльна залучанае мастацтва прызнае важнасць унёску ўсяго кам'юніці і аб'ядноўвае у суаўтараў усіх. Людзі прыўносяць у праект свой пражыты досвед і разумеюць, што іх паўсядзённае жыццё, іх праблемы вартыя таго, каб быць паказанымі супольнасці. Фатограф узмацняе гэта тэхнічнай экспертызай, падказвае, як лепш рэалізаваць выставу, як данесці ідэю. І нават калі фінальны вынік не выглядае неяк надзвычайна – хоць паняцце гэта даволі суб'ектыўнае, – для нас у першую чаргу важныя працэсы, якія адбываліся падчас калабарацыі: размовы, адкрыцці.

 

 

Мне падаецца, важна памятаць, што арт-праекты не абавязкова выражаюцца ў канкрэтных лічбах. Было б класна адыходзіць ад паказчыкаў росту (колькі чалавек прыйшло, колькі чалавек паглядзела відэа і гэтак далей) да паказчыкаў якасці – глядзець на тое, якія змены адбыліся ў жыцці людзей. Не заўсёды, калі 100 чалавек убачыла праект, гэта лепш за 10. Таму што, магчыма, група з дзесяці прасякнулася, пераасэнсавала, змянілася – і пасля працягне распаўсюджваць гэты эфект у сваіх супольнасцях. Гэта менавіта тое, да чаго мы імкнёмся.

 

«Нават калі фінальны вынік не выглядае неяк надзвычайна, найперш важныя працэсы, якія адбываліся падчас калабарацыі»

 

Хоць мая пасада ў галерэі не на 100% адпавядае культурнаму менеджменту, – я займаюся камунікацыямі, – каманда ў нас невялікая, а значыць практычна ўсе праекты мы прыдумляем разам. І паколькі ў мяне ўжо ёсць вялікі бэкграўнд, імкнуся прыўносіць свой досвед з экалагічных і культурніцкіх ініцыятыў, у якіх я была задзейнічаная.

Адзін з вялікіх і рэгулярных праектаў, які галерэя арганізуе кожныя два гады, – гэта фотабіенале LOOK Climate Lab. На некалькі месяцаў мы ператвараем галерэю ў кліматычную лабараторыю – запрашаем акадэмічных даследчыкаў, фатографаў, мастакоў, удзельнікаў мясцовых суполак, актывістаў і прапануем ім паказаць свае працы – не абавязкова скончаныя, гэта можа быць даследаванне або працэс. Мы даследуем, абмяркоўваем, працуем над рашэннямі, каб разам дамагчыся сістэмных змен, звязаных з адаптацыяй да кліматычнага крызісу, які цяпер адбываецца. Мне вельмі падабаецца гэты праект. У ім важна быць адкрытым(-ай) да працэсаў і непрадказальнага выніку.

Яшчэ адна арт-платформа, якой я займаюся, называецца TreeStory. Гэта інтэрактыўная карта, на якую кожны жыхар рэгіёна можа дадаць фатаграфіі і гісторыі пра свае любімыя дрэвы. Мы зрабілі гэты праект, каб паказаць: дрэвы – гэта не толькі прыродная спадчына, але і культурная. Яны былі сведкамі гістарычных, асабістых падзей. Яны – доказ нашай эмацыйнай сувязі з прыродай. Цяпер у нас амаль 200 гісторый на гэтай карце. І атрымалася запартнёрыцца з ліверпульскім гандлёвым цэнтрам, які зрабіў выставу абраных фатаграфій з гэтага праекта на вуліцах горада. Выйшаў выдатны кам'юніці-праект. І, мне падаецца, гэта файны прыклад таго, што самае цікавае здараецца на перакрыжаванні. І асабліва тады, калі мы адкрываемся ўдзелу іншых людзей – нават калі гэта азначае, што мы не можам кантраляваць канчатковы вынік.

 

 

 

Алена Рабкіна:

«Культурны менеджмент – гэта не столькі пра мары, колькі пра дзеянні»

 

– Мне здаецца, проста робячы штосьці крок за крокам, ты паступова фармуеш у сабе таго чалавека, якім хочаш быць. Мой падыход заўсёды быў: бяры і рабі. Шукай магчымасці, спрабуй, не чакай, пакуль нехта дасць табе дазвол. Менавіта праз такую практыку я і вызначыла свае навыкі.

Я з дзяцінства займалася мастацтвам і, хоць ніколі не спадзявалася, што стану мастачкай, у душы заўсёды гэтага хацела. Тры гады ўдзельнічала ў арганізацыі Urban Art Festival Vulica Brasil, суарганізоўвала Minsk Larp Festival, пазней запускала ўласныя праекты, ставіла інтэрактыўныя перформансы, спектакль – і ўсё гэта, так ці інакш, вылілася ў арт-менеджмент.

Цяпер я больш сфакусаваная на ўласнай мастацкай практыцы. Нядаўна выпусціла кнігу пра тэатры і трансфармацыю былых элітарных прастор, якая называецца Between Private and Public. У ёй сабрана паўтара года майго даследавання, дакументальныя фатаграфіі, а таксама Toolkit for Care and Inclusion для публічных пляцовак, якія хочуць фармаваць супольнасці і рабіць свае месцы больш інклюзіўнымі.

Я актыўна развіваю ARSIF (Artistic Research and Social Innovation Foundation) і лабараторыі ўнутры яго. Да гэтага я стварыла ініцыятыву Games for Belarus, дзе мы распрацоўвалі і распаўсюджвалі настольныя гульні. І цяпер працую над запускам яшчэ некалькіх праектаў у напрамках ментарства і псіхалагічнай падтрымкі.

У мяне ёсць фантазія пра «свет ідэй», што ідэі – гэта нешта самастойнае, і яны стукаюцца ў розныя розумы. І калі ты дзейнічаеш у адпаведнасці з ідэямі, яны пачынаюць стукацца часцей, бо кожная ідэя хоча быць рэалізаваная. Але калі казаць глыбей, то ўсё, што я ствараю, заўсёды абапіраецца на асабісты досвед. Я пачынаю творчы працэс, калі адчуваю нешта важнае: несправядлівасць, боль, цікаўнасць, трывогу. Гэта заўсёды пачуццё, якое рухае мяне наперад.

У мяне ніколі не было такога, каб я не адчувала натхнення, – калі праект мне сапраўды важны, ён рухаецца сам. Але калі натхнення няма, магчыма, гэта проста задача, якая патрабуе не натхнення, а дысцыпліны і настойлівасці. Таму што творчасць – гэта не толькі імпульс, але і арганізацыя і ўпартасць.

Як мастачка і псіхолаг, я разумею, што творчасць дапамагае мне жыць і асэнсоўваць мае пачуцці. Яна вызваляе, і большасць маіх прац мае сацыяльны каментар.

 

 

Цяпер я працую над новым праектам для музея сучаснага мастацтва ў Харватыі – ён прысвечаны тэме распаўсюджвання фашызму, яго вяртанню ў розных формах. Гэта складаная і важная для мяне тэма.

 

«Калі натхнення няма, магчыма, гэта задача, якая патрабуе не натхнення, а дысцыпліны і настойлівасці»

 

Я шчыра веру: калі ў чалавека ёсць сапраўднае жаданне і адчуванне, што ён можа быць карысным, – гэта ўжо велізарны рэсурс. Культурны менеджмент (ды і любая праца) – гэта не столькі пра мары, колькі пра дзеянні. Пра цікаўнасць. Пра смеласць быць пачаткоўцам. І гэта абсалютна нармальна – стартаваць з нуля.

Вядома, у нас – як і ў многіх – ёсць цяжкасці. Але я шчыра веру, што беларусы неверагодна працавітыя, далікатныя і ўважлівыя. У нас шмат моцных, чулых, глыбокіх людзей – і гэта сапраўдная каштоўнасць.

Бягучы кантэкст, вядома, нанёс магутны ўдар па арт-інстытутах, пераемнасці і ўстойлівасці ў беларускай культуры. Многія ініцыятывы альбо замарожаныя, альбо вымушаныя адаптавацца ў эміграцыі. Гэта разбурае інфраструктуру, але адначасова прымушае нас задавацца важнымі пытаннямі. Як мы хочам будаваць нашу культуру? Якія каштоўнасці для нас важныя? Якім чынам мы хочам быць разам?

Мы знаходзімся ў стане фармавання новай культурнай этыкі. Гэта балючы, але важны працэс, які патрабуе шмат сумленнасці, узаемападтрымкі і пераасэнсавання. І я спадзяюся, што менавіта праз гэтую сумленнасць мы зможам вырасціць нешта сапраўднае – жывую культуру, якая стане нашай апорай і крыніцай натхнення ў гэтым пераменлівым свеце.

 

Фота прадстаўленыя гераінямі матэрыялу