Дызайнерка Надзея Яхонт: «Я – амбасадарка настальгіі»

Дызайнерцы Надзеі Яхонт 29 гадоў, яна жыве ў Вільні. Сум па Беларусі Надзея пераплаўляе ў мемы і карткі ў Instagram, якія залятаюць на вялікую аўдыторыю (больш за 5300 фаловераў на момант публікацыі гэтага матэрыялу). На просьбу назваць сябе, Надзея адказвае так: «Амбасадарка настальгіі. Мемолаг. Маці сабакі. Е*анутая (але толькі я магу так пра сябе казаць). Drama queen. І раблю лепшыя сочні ў горадзе».


Колеры гарадоў і беларускага суму

  Я з Наваградка. Мае адносіны з ім – як з былым: цяжкія, а праз дзесяць гадоў разумееш, што гэта было каханне ўсяго жыцця. Вельмі сумую. Прашу маму, каб яна прывезла нешта з дому, нейкія бабуліны рэчы, бо хачу мець магчымасць фізічна адчуць дом. Не адпускае мяне.

 

Візуал: @yakhontn / Фота: @lavender_miensk

 

  Беларусь – гэта сум, але гэта беларускі сум. Не сумны сум, а такі шматслойны. Візуальны код гэтага суму – мой любімы сіні колер. Ніякіх васількоў, буслоў і зуброў.

  Раней Менск для мяне быў шэра-мармуровым – колерам каменя ці асфальту. Цяпер я бачу шмат айдэнтыкі ў Менску сіняга колеру, таму цяпер Менск асацыюецца ў мяне з сінім.

  Вільня – зялёны колер. Яна нібыта старэйшая сястра, якая разабралася з work-life balance. Яна эка-фрэндлі, ездзіць у лес па грыбы, сартуе смецце, ходзіць на выставы. А Менск – крыху халерык. Вельмі намагаецца, каб у яго таксама ўсё атрымалася, але тое, што яму падпіхваюць, робіць толькі горш і траўмуе.

 

 

Візуал: @yakhontn  

 

Эміграцыя

  Настальгія – як другая кроў. Пяку булкі і сумую па лідскай муцэ: спатрэбілася шмат часу, каб знайсці падобную па якасці. Сумую па метро – месцы, дзе я шмат чаго магла прыдумаць, бо там мозг адключаецца. Усе іншыя метро ў розных краінах пахнуць не так, як менскае. Яшчэ сумую па Грушаўцы, дзе апошні год мы жылі з Найдай. Гэта было маё месца сілы.

 

Візуал: @yakhontn 

 

  Эміграцыя – гэта смерць. Ты пакідаеш усё, што было ў тваім жыцці там, і з нуля спрабуеш будаваць сваё жыццё тут – з іншымі людзьмі, з іншай культурай, з іншай мовай і нават з іншай мукой.

  Дом – там, дзе мама. А мама прыязджае толькі тады, калі ў яе ёсць віза. Пакуль прайшло занадта мала часу, каб я магла назваць Вільню сваім домам.

  Мая бабуля часта казала: «Адчапіся». Яна была вельмі ціхай і сціплай, ніколі не казала, што стамілася. Ад яе цяжка было пачуць нейкія гісторыі.

 

Візуал: @yakhontn / Фота: @belarus_traditional_interior

 

Мемы і рамяство

  Інстаграм – мая спроба парэфлексаваць і адпусціць тое, пра што я думаю, што ўспамінаю або што мне патрэбна. Добра, калі гэта знаходзіць водгук у іншых.

  Беларускую мову ўратуюць мемы. Cтварэнне мемаў – гэта спроба рэфлексіі і дапамогі, бо жарты ніколі не нараджаюцца проста так. Часам яны нараджаюцца як абарончая рэакцыя.

 

Візуал: @yakhontn 

 

  Дызайн – гэта рамяство. Рукі і мозг вучацца працаваць разам, і чым больш часу ты гэтаму аддаеш, тым хутчэй атрымліваецца зрабіць нешта вартае. Я не веру ў натхненне. Я веру ў дупу, і мне заўсёды здавалася, што паняцце «натхненне» прыдумалі людзі, якія лянуюцца і апраўдваюць сябе: «У мяне няма натхнення, таму я не буду працаваць».

 

Візуал: @yakhontn   

 

  Я расчаравалася ў прафесіі, бо многія кампаніі не паважаюць працу дызайнера. Добра, калі хоць «дзякуй» скажуць. Ты проста робіш нешта, каб нейкія дзядзькі зарабілі грошы.

  Мая тэрапеўтка кажа, што мне проста не падабаюцца грошы, таму яны не ідуць да мяне. Але грошы мне падабаюцца. Мне падабаюцца лічбы – асабліва на банкаўскім рахунку. Але ў нас таксічныя стасункі: мы не тусуемся разам.

  Я выгарала і звольнілася з працы. Тады думала, што больш ніколі не буду дызайнерам, што гэта не маё, што не разумею сэнсу і каму гэта патрэбна. Пайшла вучыцца на дыджэя і рабіць музыку – гэта дапамагло. Але потым зразумела, што ўклала ў сябе як дызайнера шмат часу і сіл, і вярнулася да гэтага.

 

Візуал: @yakhontn 


 

Менталка

  Я ратую менталку тэрапіяй. Калі ў мяне было вельмі шмат злосці, хадзіла на кікбоксінг. Мне вельмі падабалася, што можна п*здзіць мужыкоў.

  Падабаецца лес, тут у мяне ёсць любімае дрэва. Я стала лепш адчуваць сябе, свой настрой і цела. Не камунікую з людзьмі, якія мне не падабаюцца. Стараюся не даводзіць сябе да стану, калі ўжо цяжка падтрымліваць сябе без мэдыкамэнтаў і дапамогі псіхіятра. Цяпер абараняю сваю псіхіку і настрой: не чытаю шмат навінаў і каментароў пад імі.

  Трэба выключаць тэлефон і не працаваць па-за межамі працоўнага дня. Ніхто не памрэ, калі вы нешта не запусціце тэрмінова. Як бы хто ні крычаў «алярм», насамрэч гэта не крытычна. Файна, калі ёсць хобі, не звязанае з працай.

  Я шукала такія хобі. І адно з іх – барабаны, а другое – ганчарства. Пачала рабіць талеркі з надпісамі. Гліна – цяжкая рэч: калі ты месіш яе, аддаеш шмат сілаў. І з гэтымі сіламі выходзіць тое, што ўнутры цябе трымаецца.

  Мае бабуля і дзядуля працавалі на швейнай фабрыцы. Тканіна, на якой я раблю талеркі, – бабуліна. Яна грубая навобмацак, і такую ўжо даўно не вырабляюць. Тут бачныя ніткі, таму на заднім баку талерак застаецца частка сутыкнення пакаленняў і сямейны працяг.

 

Візуал: @yakhontn 

 

У што верыць?

  Я веру, што сабакі лепшыя за людзей. Веру, што нават у 30 можна знайсці новых сяброў, з якімі будзеш на адной хвалі. Веру, што беларусы – найлепшая нацыя. Веру ў дызайн і ў зумераў.

  На маёй магільнай пліце была б фраза «Нарэшце яна перастала рабіць памылкі ў сваіх пастах».

  Я б сказала сабе ў 10 гадоў: не адразай валасы, ніколі не хэйці сябе. Не мар пра тое, каб з’ехаць, – гэта можа быць незваротным. Спытай у бабулі ўсё, што можаш, бо цяпер такой магчымасці няма. Завядзі сабаку раней і жыві ў моманце.

 

 

Тэкст і фота гераіні: Віялета Саўчыц