9 беларускіх тэлеграм-каналаў пра навуку
- 26.06.2025
- 57
Калі табе цікава чытаць пра навуку па-беларуску, рэкамендуем азнаёміцца з зінамі «PAMYŁKA», а таксама падпісацца на купу каналаў у тэлеграме: пра космас, штучны інтэлект, флору і фаўну, таямніцы мозга, філасофію і сацыялагічныя навукі.
Усё пра ўсё
Рэгулярныя пасты з цікавосткамі са свету тэхналогій, навукі і космасу, разбаўленыя медыя- і гульнявой тэматыкай. Часцей тут можна пачытаць пра розныя вынаходкі і абноўленыя версіі ўжо вядомых гаджэтаў, паглядзець на інавацыйныя красоўкі ці разумны кандыцыянер, але допісы пра даследаванні выходзяць таксама. Вось, напрыклад, пра шкоднасць працы па начах.
BelAI
Сюды трапляюць карысныя і цікавыя навіны пра штучны інтэлект, у тым ліку беларускія, кшталту «У Мінску з’явіўся робат-афіцыянт» ці «У галерэі Farba ідзе выставачны праект пра Беларусь вачыма нейрасетак». Тыднёвыя дайджэсты дапамагаюць не прапусціць, напрыклад, даследаванне, паводле якога ChatGPT можа падрываць навыкі крытычнага мыслення.
Праз космас
Гэта тэлеграм-канал падкасту «Праз космас», у якім аўтар шчодра выкладае дадатковы матэрыял. Паспяховы запуск ракеты Honda, аварыя Starship S36 на базе ў Тэхасе, першыя здымкі з абсерваторыі Веры Рубін у Чылі, свежыя кадры з МКС – усё самае цікавае са свету даследавання нашага сусвету хутка трапляе ў канал.
Царства Прыроды
Канал для аматараў прыроды. Распавядае пра флору, фаўну і прыродныя з’явы. Адсюль можна даведацца, напрыклад, як правільна дапамагчы слімаку, які выбраўся на роварную дарожку; чым шкодная пабелка дрэваў; якім чынам беларускія бярозы вымушаюць пакутаваць жыхароў Ісландыі; адкуль у лясах Францыі завяліся кенгуру, а ў рацэ Магдалена ў Калумбіі – бегемоты.
cybulinka
Тут расказваюць пра актуальныя навуковыя адкрыцці і навіны. Дыяпазон тэм шырокі, але сярод іншага шмат гісторый пра чалавечы мозг і арганізм увогуле: чаму нехта мала спіць і пачуваецца добра, а хтосьці спіць багата – і яго кагнітыўныя функцыі пагаршаюцца; як мозг фарміруе нашы аўтаматызмы; якімі метадамі вучоныя намагаюцца зменшыць рызыку захварэць на Альцгеймера; што за ежа можа замяніць папулярныя прэпараты для схуднення.
De facto. Беларуская навука
У гэтым тэлеграм-канале публікуюць звесткі пра значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой. Фокус трымаюць на сацыяльных і гуманітарных дысцыплінах. Да канала можна звярнуцца, каб знайсці нагоду для радасці, бо адсюль даведаешся, напрыклад, што беларускія падлеткі ўжываюць менш тытуню за польскіх аднагодак; што беларускія навукоўцы знайшлі дзікарослыя расліны, якія лічыліся ў нашай краіне зніклымі; што беларускія навукоўцы робяць важныя адкрыцці ў складзе міжнародных груп.
Vialikaje Kniastva Numizmatyka
Тут можна разглядваць манеты розных эпох з розных куткоў свету. Да кожнай манеты далучаная цэлая гісторыя: калі з’явілася, чым асаблівая, што на яе можна было набыць. Раней аўтар канала пісаў таксама пра маркі і банкноты, часам ён вяртаецца да гэтых тэм, калі ёсць нагода: напрыклад, выпуск 80-рублёвай купюры да 80-годдзя перамогі над фашысцкай Нямеччынай.
Я бачыў Бога
Тэлеграм-канал пра філасофію і культуру, аўтар якога суб’ектыўна, але са сваімі аргументамі разважае пра ўсё, што яго кранае: сімулякры, штучны інтэлект, парадоксы грошай, мемы і трэнды TikTok, беларускі фальклор і яго адметнасці. Цытаты з Сёрэна Кіркегора і Мішэля Фуко – прыкладаюцца.
Адвечная думка
Канал пра філасофію, сацыяльныя навукі і рэлігіязнаўства. Тут ужо не суб’ектыўныя разважанні, а грунтоўная база. Знаёмства можна пачаць з паста-артыкула «Сутнасць Быцця і Нішто, іх суадношанне». Потым даведацца, што намагаліся данесці чалавецтву Шапэнгаўэр, Мантэск’ё ці Бэкан. І адпаліраваць гэта ўсё тэкстам пра тое, што такое навука ўвогуле, у чым яе філасофія.
Бонус: падкаст «Біябурбалка»
Падкаст пра біялогію, з якога можна даведацца, чаму мы забываем свае сны, навошта мухі кусаюцца, чым цікавыя палавыя зносіны крэветак і што такое птушынае малако.