Фотасесія – гэта тэрапеўтычна? Чаго мы чакаем ад здымкаў і што атрымліваем насамрэч
- 18.05.2026
- 163
Вядома, людзі ходзяць на прафесійныя фотасесіі не проста па новыя аватаркі. Фотаздымкі – гэта важная памяць пра час і пра адчуванне сябе ў гэтым часе. Некаторыя адзначаюць тэрапеўтычны эфект фотасесій і кажуць нават пра сустрэчу з сабой сапраўдным(-ай). Чаму перад гэтай сустрэчай бывае трывожна? Каб разабрацца, якія «скрыні» ў нашай свядомасці адкрывае фатаграфія, разам з варшаўскай фотастудыяй Astra Studio мы пагаварылі з клінічнай псіхалагіняй, гештальт-тэрапеўткай Інэсай Асіпян, а таксама папрасілі фатографку Дар’ю Сірэнь падзяліцца назіраннямі чалавека па той бок камеры.

Чаму мы так углядаемся ў свае фотаздымкі і так паглынутыя іх ацэнкай?
Інэса: Фатаграфія – гэта ўвогуле вельмі дзіўны чалавечы досвед. Амаль містычны. Мы ж не бачым сябе так, як нас бачаць іншыя, – нават на фатаграфіі ці відэа. У нас ёсць уласнае, унутранае ўяўленне пра сябе, мы сябе адчуваем праз рух, праз дыханне, праз тое, як размаўляем. То-бок мы пражываем сябе як працэс.
Што ж адбываецца на фотасесіі? Камера фіксуе нейкі момант, мы з ім сутыкаемся – і нібыта ўразаемся ў бетонную сцяну: «Опа, дык гэта я!» Наша псіхіка літаральна ўздрыгвае. Хоць, вядома, гэта ўсяго толькі момант, і мы – нешта большае за гэтае фота.
Навошта людзі ідуць у гэты няпросты досвед?
Дар’я: «Апошнім часам запыт ад кліента стаў адпавядаць таму, што я сама транслюю ў сваёй працы. Гэта жаданне зафіксаваць пэўны этап жыцця, падвесці вынікі перад днём нараджэння і ўсё ў такім духу. Увогуле, паводле маіх назіранняў, філасофія фатаграфіі за апошнія гады вельмі змянілася. Гэта па-ранейшаму не рэч першай неабходнасці, але ўсё часцей – пра сэнсы, пра памяць, пра натуральныя вобразы. Сярод кліентаў я найчасцей бачу запыт на здымку сябе сённяшняга і ўсё радзей – жаданне зафіксаваць сваю “прайм-эру”. Цэніцца момант.
Лічу, што людзям важна і карысна ўбачыць сябе на прафесійных здымках, бо ў люстэрку мы атрымліваем толькі ўласнае ўспрыманне, а для сэлфі шукаем больш фотагенічны – на нашую думку – ракурс. Прафесійная здымка – гэта магчымасць паглядзець на сябе збоку, а пасля – прыняць».
Адкуль узнікае трывога перад фотасесіяй, калі фатограф(-ка), відавочна, наш саюзнік?
Інэса: Перад фотасесіяй мы ўжо чакаем чужой ацэнкі, якая з’явіцца потым, калі мы выкладзем свае фатаграфіі, і таму расслабіцца амаль немагчыма. Падчас здымкі нас адольваюць думкі, што мы «дзіўна» выглядаем, «няправільна» стаім і гэтак далей. У такой сітуацыі – ведаю па ўласным досведзе – можна нават забывацца дыхаць. Узнікае рызыка цалкам страціць кантакт з сабой. Чалавек нібыта расшчапляецца і глядзіць на сябе збоку – вачыма гледача. У псіхалогіі гэта называюць самааб’ектывацыяй.
Псіхалагіня Барбара Фрэдрыксан пісала пра тое, як людзі – асабліва жанчыны – прывыкаюць глядзець на сябе вачыма ўяўнага назіральніка. Не «як мне цяпер?», а «як я выглядаю збоку?». Гэта вельмі знясільвае. І часам я думаю, што страх камеры – гэта не столькі страх «дрэнна атрымацца». Гэта страх быць убачанай. Бо быць убачанай – увогуле вельмі ўразлівы досвед. Асабліва калі раней сутыкаліся з позіркам іншага, які быў ацэньвальным, халодным або выклікаў сорам. Тады камера становіцца амаль працягам гэтага позірку.
«Страх камеры – гэта не столькі страх “дрэнна атрымацца”. Гэта страх быць убачанай»
«Адэкватны спецыяліст ніколі не будзе прымушаць кагосьці нешта іграць»
Як адрозніваецца насцярожанасць перад камерай у жанчын і мужчын?
Дар’я: «Да жанчын у грамадстве заўсёды шмат патрабаванняў: як знешніх, так і сацыяльных. Заўсёды ёсць адчуванне, што, якой бы ты ні была, гэтага ўсё роўна недастаткова. Фатаграфія – гэта акурат спосаб нагадаць пра памылковасць гэтага пераканання і зняць сацыяльны ціск. Гэта маналог з сабой і сваёй самаацэнкай, пацвярджэнне таго, што жанчына прыгожая.
З мужчынскім сегментам я працую толькі ў межах лаў-сторы, сямейных здымак і падобнага, але і ў дачыненні да мужчын хапае стэрэатыпаў у духу: «Ходзіць на індывідуальныя фотасесіі – “як дзяўчынка”». Таму з асцярогі, што іх няправільна зразумеюць, яны часта трымаюцца ўбаку. Ад мужчын на здымках я чула, што спачатку яны ўяўлялі сабе энергазатратны працэс, дзе трэба будзе горача іграць закаханага мужа, шчаслівага бацьку, “сапраўднага мужчыну”, але ў працэсе ім было вельмі лёгка. Насамрэч адэкватны спецыяліст ніколі не будзе прымушаць кагосьці нешта іграць, а ўмела арганізуе працэс так, каб здымка стала прыемным баўленнем часу з каханым чалавекам. І яшчэ – з’явяцца новыя фотакарткі для альбома».
Як фармуецца наш вобраз сябе? Колькі ў ім меркаванняў іншых людзей?
Інэса: Мы з самага пачатку ўспрымаем сябе праз іншага чалавека. Мне вельмі падабаецца думка дзіцячага псіхатэрапеўта Дональда Вінікота пра тое, што твар маці – наша першае люстэрка. Дзіця глядзіць на маму і пачынае счытваць: яна рада мяне бачыць? я яе ўжо раздражняю? я ёй увогуле цікавы? ці радуецца яна за мяне? Нашае веданне пра сябе нараджаецца ў тым ліку такім чынам.
Мы ўсе часткова складаемся з позіркаў, якімі на нас глядзелі, і знешнія позіркі становяцца тым унутраным голасам, які нас крытыкуе. У тэрапіі гэта цэлы пласт працы, і з часам можна навучыцца не ўспрымаць тое, што нам кажа ўнутраны голас, як ісціну і нешта, што нас вызначае. Але ў любым выпадку чалавеку бывае важна быць убачаным не праз ацэнку, а па-сапраўднаму – без патрабавання быць ідэальным. Многія дарослыя людзі несвядома шукаюць гэты досвед: каб на іх паглядзелі – і не адкінулі. Каб можна было расслабіцца ўнутры чужога позірку.

«Многія дарослыя людзі несвядома шукаюць гэты досвед: каб на іх паглядзелі – і не адкінулі»
Сацыяльныя сеткі, вядома, вельмі ўмяшаліся ў гэтую гісторыю. Мы жывём у эпоху, калі чалавек амаль увесь час глядзіць або на чужыя твары, або на ўласнае адлюстраванне. І псіхіка пачынае блытацца: дзе ўвогуле заканчваюся я і пачынаецца бясконцае параўнанне? Але справа не ў саміх ідэальных выявах, а ў тым, наколькі чалавек аддае ім права вызначаць уласную каштоўнасць. Вельмі страшна жыць, калі тваё «са мной усё ў парадку» залежыць ад удалага святла і колькасці лайкаў.
Як фотасесія ўплывае на наша самаадчуванне?
Інэса: Часам фотасесія сапраўды становіцца амаль тэрапеўтычным досведам. Не таму, што чалавека «ўдала знялі», а таму, што ў працэсе ён раптам перастае ўвесь час сябе выпраўляць. Я чула гісторыі, калі жанчына глядзела на фатаграфіі і ўпершыню думала не: «Які жах», а: «Пачакайце… гэта сапраўды я? Я такая жывая!» У гэты момант адбываецца вельмі важнае: чалавек пачынае бачыць сябе не як набор недахопаў, а як прысутнасць.
Але бывае і наадварот. Калі ўнутры ўжо ёсць вельмі жорсткі канфлікт з сабой, камера можа ператварыцца ў павелічальнае шкло для болю. Тады фатаграфіі калі і дапамогуць, то ненадоўга. Бо праблема не ў выяве. Чалавек можа звяртацца па прыгожыя кадры, а насамрэч шукае дазвол існаваць без сораму, і гэта значна больш глыбокая гісторыя.
Як выбудоўваецца давер у студыі?
Дар’я: «Давер фундаментальна пачынаецца яшчэ на этапе падрыхтоўкі да здымкі, калі я стараюся закрыць усе пытанні, якія ўзнікаюць, і паказаць кліенту, што ён можа на мяне разлічваць; што я мякка і без ціску трымаю пад кантролем усе працэсы — ад падбору лакацыі да музыкі і ўсіх дробязяў.
Пачатак здымкі — гэта ўзаемны працэс знаёмства адно з адным, бо чалавек, якога я фатаграфую, таксама можа быць для мяне новым. Таму я стараюся раззнаёміцца: паміж кадрамі і зменамі вобразаў вяду нязмушаныя размовы, каб не толькі стварыць атмасферу даверу, але і проста зразумець, якога чалавека мне трэба адлюстраваць на фота. Я вельмі шчодрая на шчырыя кампліменты: заўсёды ўголас адзначаю, што мяне зачапіла ў знешнасці чалавека, якога я фатаграфую».

«Ідзіце не на экзамен: “Дакажыце мне, што я прыгожая”, – а ў даследаванне: “Цікава, якая я, калі перастану ўвесь час сябе кантраляваць?”»
Як наладзіцца на фотасесію?
Інэса: Лепш пазбавіцца ад думкі, што ўсё будзе кантралявана і «вычышчана». Добра ісці з разуменнем, што як усё пройдзе – невядома, адпусціць кантроль у гэтым месцы. І так, адпускаць складана, але менавіта кантроль прымушае нас заціскацца і нібыта пераставаць дыхаць.
Падумайце, навошта вы ідзяце на фотасесію. Гэта можа быць жаданне ўбачыць сябе збоку – такая цікавасць. Гэта можа быць жаданне сфатаграфавацца ў нейкай ролі, напрыклад, паказаць свой ценявы бок. Але важна разумець, ці сапраўды вы гэтага хочаце і ці гатовыя да гэтага цяпер. Часам нам сапраўды карысна зрабіць намаганне і сутыкнуцца з нечым невядомым, але варта прыслухоўвацца да сваіх адчуванняў. Ёсць розніца паміж намаганнем і гвалтам над сабой.
Падумайце, што вы хочаце адчуць праз гэтую здымку. Бо фотасесія – гэта амаль заўсёды не пра фатаграфіі. Гэта можа быць пра жаданне нарэшце сябе ўбачыць. Пра спробу вярнуць кантакт з целам пасля складанага перыяду. Пра перажыванне ўласнай жаноцкасці. Пра права займаць месца. Пра след у памяці: «Вось такой я была ў гэты момант жыцця».
І вельмі важна не ўваходзіць у фотасесію як у праект па «выпраўленні» сябе. Ідзіце не на экзамен: «Дакажыце мне, што я прыгожая», – а ў даследаванне: «Цікава, якая я, калі перастану ўвесь час сябе кантраляваць?»
Як знайсці свайго фатографа?
Дар’я: «Мая парада – шукаць фатографа не толькі па партфоліа. Звяртайце ўвагу і на тое, які гэта чалавек, бо здымка – гэта не толькі вынік, але яшчэ і працэс, баўленне часу. На этапе падрыхтоўкі да здымкі важная ўключанасць і фатографа, і кліента. У маім падыходзе гэты пункт асабліва датычыцца падбору аўтфітаў: у мяне ёсць асобны гайд пра тое, што будзе класна глядзецца, а што зусім не падыходзіць, зыходзячы з майго стылю здымкі. І мы з кліентам абмяркоўваем варыянты, каб было не толькі эстэтычна, але і зручна і разнастайна. Знайсці свайго “камфорціка” – частка поспеху для абодвух бакоў».


Калі ты ў Варшаве, то для кадраў з настроем і характарам браніруй фотастудыю Astra Studio, якая прапануе сёння найбольшую колькасць залаў у адной лакацыі. Тут можна сабраць практычна любую эстэтыку для індывідуальнай фотасесіі: ад мінімалісцкага вайбу да кінематаграфічных гісторый, ад дафамінавага лайфстайлу да гульняў з яскравымі вобразамі.
Студыя знаходзіцца на Borzymowska 28 і прапануе некалькі розных прастор з ужо гатовымі сцэнаграфіямі і прафесійным святлом для творчых эксперыментаў. Можна не выдумляць настрой з нуля: у залі Satyna, дзе шмат паветра і натуральнага святла, прыемна сустрэцца са сваім штодзённым «я»; у прасторы Woda – праявіць прыхаваныя эмоцыі; у Office – адшукаць той самы вобраз для LinkedIn.
Дэталі – на сайце astrastudio.pl.
Фота: Lawrence Krowdeed / Unsplash+