21 беларускі падкаст, які варта паслухаць проста зараз
- 06.03.2020
- 16101
Выбралі 21 падкаст пра адукацыю, жанчын, космас і ўвогуле ні пра што, каб табе было што паслухаць у дарозе або перад сном. Свядома выключылі з нашай падборкі чыста навінавае бла-бла-бла і вузкаспецыяльныя шоу. У астатнім атрымалася тое, што прынята зваць рэтра-словам «асарці».

«Падкаст для тых, хто гатовы вучыцца і вучыць па-іншаму». Распавядаюць пра надзённыя праблемы беларускага студэнцтва, пра хатнюю адукацыю, пра энтузіястаў у школах далёка за МКАДам. Трэці сезон шоу прысвечаны вучоным з Беларусі.
![]()

Таксама падкаст пра адукацыю, але больш нішавы – ён пра людзей, якія вучыліся на розных праграмах за мяжой і гатовыя пра гэта распавесці. Калі ты баішся зрабіць крок у кірунку еўрапейскай магістратуры, прыклады іншых дакладна падштурхнуць цябе да запаўнення заявак.
![]()

На партале Onliner.by выказалі здагадку (разумна), што чытаць пра космас будуць адзінкі, але шмат каму размовы пра фармаванне Сонечнай сістэмы, самаробныя марсаходы ці новыя планы SpaceX зойдуць фонам у заторы або ў тлуме метрапалітэна. Трымай падкаст Мікіты Ляшкевіча ў падпісках на выпадак, калі ўзнікне адчуванне «даўно не слухаў(-ла) чагосьці “навуковага-разумненькага-бескарыснага”».
![]()

Ужо амаль 100-серыйны падкаст пра забавы, навуку і дызайн. Трыа вядучых абмяркоўвае штучкі ў духу «будучыня наступіла» і «як табе такое, Ілан Маск?»; (не) крытыкуе навінкі кіно; даводзіць да мас, які дызайн ок, а які ўвогуле не.
![]()

Сэнс праграмы вядучай радыё Unistar Каці Самсонавай максімальна просты: слухачы нясумна вучаць англійскую мову па хітах Уітні Х'юстан, Мадонны, Lady Gaga, Depeche Mode і іншых. Летась падкаст абагнаў у рускім iTunes нават цяжкавагавікоў адукацыі кшталту «Арзамас» и TED Talks.
![]()

Гэта падкаст Кацярыны Ажгірэй і Сашы Старадзетка пра ментальнае здароўе. Тут абмяркоўваюць артыкулы па тэме, гутараць з рознымі «знаўцамі душ» і даюць слухачам карысныя для іх душ дамашкі. Асабліва рэкамендуем выпускі «Чамы мы баімся поспеху?», «Чаму перапрацоўваць шкодна для кар'еры і жыцця?» і пра мінімалізм:
![]()

Падкаст ад эканамічнага аглядальніка TUT.BY Сяргея Чалага – гэта зручны фармат спажывання навін: ты не проста даведаешся, пачым сягоння прадаюць нафту Беларусі, але і як быццам зразумееш, чаму так адбываецца і ў якую валюту пераводзіць заначку. Калі ад усяго каляпалітычнага цябе падванітоўвае, паслухай хаця б пра эканоміку велапракатаў:
![]()

За фемінізм у беларускіх падкастараў адказваюць журналістка Вольга Астаповіч, экалагіня Марыя Сума і спецыялістка па камунікацыях Таццяна Кузняцова. Пачалі з апавяданняў пра тое, што не так з гендарнымі святамі, працягнулі гісторыямі пра бытавы сэксізм, пахуданне, аборты і наркафемінізм. Адной з госцяў падкаста стала топ-феміністка Рунэту Заліна Маршанкулава.
![]()

Журналістка «Радыё Свабода» Ганна Соўсь абмяркоўвае з госцямі фемінісцкі парадак. Тут і вечна актуальныя халівары – тэмы кшталту публічнага груднога кармлення ці антыпрышчэпачнікаў, і актуалачкі-рэакцыі на свежыя навіны. Зручна, што размовы можна як слухаць, так і чытаць.
![]()

Актывісткі Makeout Віка Біран і Даша Рамановіч распавядаюць пра жыццё-быццё беларускіх лесбіянак. Для большай інтымнасці размовы запісваюць у стылі піжамных вечарынак. Падкаст пакуль толькі набірае абароты, спрабуючы гасцявы фармат: напрыклад, расказаць пра лесбарасставанні ў Вікіну спальню-студыю запрасілі псіхалагіню Мілу Вёдраву.
![]()

Тут размаўляюць пра музыку, серыялы, тэхналогіі. Запрашаюць «гасцей, пра якіх вы ніколі не чулі»: групу Dee Tree, электроншчыка Awlnight, арганізатараў Vulitsa Ezha і Vulica Brasil, завадатараў варушняка Keep Minsk Weird і іншых ноўнэймаў. Самі аўтары падкаста называюць яго расслабленым, і больш прыдатнага эпітэта мы знайсці не прэтэндуем.
![]()

На хвалях Radio Plato эстэцкі тыц-тыц перарываецца рэдактарскім падкастам, у які клічуць розных герояў сучаснасці: музыкаў, рэжысёраў, вандроўнікаў, крафтавых піваробаў.
![]()

«Ты ўжо?»
Як рэдкі сайт, на якім ёсць рубрыка «Сэкс», KYKY.ORG узяў на сябе нялёгкую задачу сэкспрасвету ў стылі ютуб-праекта «Подруги». Рабяты несарамліва дзеляцца асабістым і чужым вопытам, руйнуюць пасцельныя міфы, жартуюць і ўсемагчымымі іншымі спосабамі спрабуюць вярнуць людзям задавальненне ад задавальнення.
![]()

У гэтага падкаста пра сэкс вельмі інтрыгуючае апісанне: маўляў, у эфіры можа гаварыцца аб дзеяннях, якія парушаюць закон Рэспублікі Беларусь. У выніку паслухаць аж вушы чэшуцца. Насамрэч ніякага крыміналу: вядучыя абмяркоўваюць «ціндар», гумовыя дзілдакі, арганічны для нашага народа стыль BDSM і запрашаюць у студыю сэксуальных гуру накшталт Івана Шылы.
![]()

«Прабел»
Ягор Калеснік гуляе ў аматарскай футбольнай камандзе «Аўтазак» і з зайздроснай рэгулярнасцю піша падкасты пра Беларусь. Дарэчы, адзін з выпускаў ён цалкам прысвяціў падкаст-культуры ў нашых шыротах. Ну і падкаст з выдаўцом 34 Антонам Кашлікавым паслухай жа ж.
![]()

Сумесны падкаст Euroradio і BEL.BIZ. Мікрафон тут даюць не толькі маладым прадпрымальнікам, якія бясстрашна робяць у Беларусі крутыя праекты, але і тым адчайным пасіянарыям, якія даюць на гэтыя дзівацтвы грошы.
![]()

Усё пра digital. І гэта настолькі шырока, што калі табе не зойдзе адзін выпуск, то ў іншага ўсё роўна ёсць шанцы зжэрці паўгадзіны твайго жыцця – і ты нават не заўважыш.
![]()

«Кракатук»
У беларускіх рэаліях многія шоу загінаюцца яшчэ ў калысцы, і калі ты баішся, што падсядзеш на іголку нейкага падкаста, а ён раптам перастане выходзіць, не слухай нічога, акрамя аўтарскай праграмы Віктара Сямашкі на «Радыё Рацыя», якая прысвечаная музыцы. У аўдыятэцы «Кракатука» сабраная маса запісаў, якія ніколі не выдаваліся і не гучалі на радыё. Дэманстрацыя матэрыялу суправаджаецца каментарамі аўтараў і знаўцаў. Па спасылцы знойдзеш кучу выпускаў з 5 студзеня 2011 года.
![]()

Сайт пра новую культуру падарожжаў дорыць магчымасць зноўку адкрыць для сябе Менск: гуляеш па горадзе ў слухаўках, убіраеш нясумныя факты, загорнутыя ў прыемны саўнддызайн, – і закохваешся ў сталіцу, быццам падлетак, да чырвоных шчок. Стомішся ад Менска – выпраўляйся ў шлях, узброіўшыся гайдамі па Нясвіжы ці Белавежскай пушчы.
![]()

Раз на два тыдні тут міксуюць і абмяркоўваюць навінкі немэйнстрымавай электроннай музыкі: бас, электра, эксперыментальнае тэхна, хаўс, IDM.
![]()

«Дабранач»
Тут чытаюць нудныя тэксты, каб ты хутчэй заснуў(-ла). Дагавор на аказанне паслуг электрасувязі, рэцэпт аліўе, закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», даследаванне асвяжальнікаў паветра – дзейнічае на мозг больш эфектыўна за позняга Таркоўскага.