Віка Біран і Міла Вёдрава

  • 09.04.2015
  • 4430

 

34mag пагутарыў з удзельніцамі праекта пра гендар, сэксуальнасць, цялеснасць MAKEOUT Вікай Біран і Мілай Вёдравай пра тое, як запаўняць інфармацыйны вакуум у Беларусі па пытаннях ЛГБТ+.

 

 Віка Біран, 28 гадоў.  Адна з заснавальніц MAKEOUT. Вучылася на журфаку БДУ, але не скончыла. На працягу 7 гадоў супрацоўнічала са «Свабодным тэатрам». Цяпер шмат займаецца праектным менеджментам.

 Міла Вёдрава, 27 гадоў.  Арт-актывістка, псіхолаг. У MAKEOUT займаецца часопісам і  праектам «Квір арт-майстэрні».

 Чым займаюцца:  MAKEOUT стварае аднайменны анлайн-часопіс, прысвечаны праблемам дыскрымінацыі ў сучасным беларускім грамадстве. Таксама каманда праекта робіць кінаклуб, трымае тэматычную бібліятэку, ладзіць штотыднёвую групу росту свядомасці ЛГБТ+, дзе ў закрытых групах людзі дзеляцца сваім вопытам, каб атрымаць неабходную падтрымку.

Сайт MAKEOUT   |   FB   |   VK   |   Twitter  |  Instagram  |  YouTube

 Гутарка запісаная ў верасні 2015 года, напярэдадні старту квірфэсту meta-. Інфу пра тое, чаго дасягнуў MAKEOUT за тры наступныя гады, ты знойдзеш ніжэй.

 

 

Гісторыі Вікі і Мілы

 Віка:  Разам з Настай Манцэвіч і Нікам Анціпавым мы запусцілі сайт MAKEOUT 7 студзеня 2014 года. Мы ўсе адзін аднаго ўжо вельмі добра ведалі і адчувалі недахоп актуальнай інфармацыі на тэму гендару і сэксуальнасці. Кожны з нас супрацоўнічаў з рознымі праектамі падобнай тэматыкі, але ў нейкі момант мы зразумелі, што ёсць незанятая ніша, у якой мы і хочам працаваць. Галоўнае, што намі кіравала, – гэта ўласны інтарэс, нашы патрэбы, і першапачаткова мы працавалі выключна на сябе.

Праект стаў развівацца даволі хутка, і ў першую чаргу дзякуючы людзям, якія сталі далучацца да нас. Так з намі з'явілася Міла.

 Міла:  Я заўсёды цікавілася фемінізмам і гендарнымі даследаваннямі, гэта была мая ўнутраная патрэба. Мы з Вікай абедзве з Пінску, былі знаёмыя, таму што вучыліся ў адной школе, але амаль не кантактавалі. А потым аднойчы яна мне напісала і спытала, ці хачу я паўдзельнічаць у новым праекце. Я пагадзілася, таму што мне было шалёна  цікава.

 

Пазіцыя праекта MAKEOUT

Міла: Мне здаецца, цяпер мы можам пазіцыянаваць сябе як прафемінісцкі і антыдыскрымінацыйны праект. Перш за ўсё для нас важна ствараць бяспечную прастору для абмеркавання розных пытанняў, і сайт – першая такая спроба. Але другая задача – зрабіць ЛГБТ-, квір-, бісэксуальных людзей, людзей з прафемінісцкімі поглядамі бачнымі адзін для аднаго і для грамадства ў цэлым.

 Віка:  Відавочна, што пытанні гендару, фемінізму, сэксуальнасці пранізваюць усе сферы нашага жыцця, таму нам важна разглядзець гэтыя з’явы комплексна. Часам, калі людзі займаюцца адной дыскрымінаванай групай, яны забываюць, што ёсць і іншыя – кшталту арганізацый, якія абараняюць правы ЛГБТ+ суполкі, але пры гэтым з'яўляюцца расістамі.

 Міла:  Таксама мы імкнемся надаваць увагу ўнутранаму стану адзін аднаго: ладзім раўнды, дзе кожны распавядае, як ён сябе адчувае, наколькі ўключаны ў працу, якія ў чалавека ёсць рэсурсы. І стараемся адзін аднаго падтрымліваць, таму што ў нашай працы шмат складанасцяў: усе гэтыя выгаранні, дэдлайны, стрэсы. І трэба разумець, што мы ўсе працуем на агульную мэту, таму і рашэнні прымаем разам, кожны можа выказаць сваё меркаванне.

 

 

Анлайн-часопіс MAKEOUT

 Віка:  Асабіста для мяне адна з найбольш важных у нас на сайце рубрык – «Камін-аўт», дзе можна прачытаць гісторыі людзей, якія адносяць сябе альбо да ЛГБТ-супольнасці, альбо квір-супольнасці, альбо проста гатовыя падзяліцца сваім меркаваннем на гэты конт. Самае важнае, што людзі, якія працуюць у праекце, таксама станавіліся героямі, каб гэта ўжо былі адносіны на роўных.

 Міла:  Мы проста казалі: «Я таксама, я адкрываюся, я ўразлівы. Глядзі».

 Віка:  Хтосьці піша на пошту, хтосьці звяртаецца наўпрост, нейкія людзі далучаюцца да
праекта і хочуць паўдзельнічаць. Наста Манцэвіч, якая курыруе гэтую рубрыку, аднойчы сказала, што ёй варта было з'явіцца ўжо для таго, каб хоць адзін голас быў пачуты.

Можна таксама вылучыць рубрыку «Рэтра», якая распавядае пра гісторыю ЛГБТ+ руху ў Беларусі: гэтая дзвіжуха вельмі даўно існуе. Самымі першымі ўсплываюць імёны Эдварда Тарлецкага, Кацярыны Пытлевай, Сяргея Андросенкі.

 Міла:  Нам важна гэты вопыт адрэфлексаваць, асіміляваць і паказаць, што мы не першыя, хто займаецца гэтай тэмай.

 

 

Важнасць самаідэнтыфікацыі

 Віка:  Словы, якія мы выкарыстоўваем, граюць вялікую ролю. І калі ты ў нейкі момант не пазначыў сваю фемінісцкую пазіцыю, не прагаварыў, то па змоўчанні гэта значыць нешта іншае. У мяне ёсць сябар, які мне доўгі час падаваў руку, калі выходзіў з транспарту. Я спачатку саромелася сказаць: «Чувак, не рабі гэтага, са мной усё ў парадку, я цвёрда стаю на нагах». А потым сказала. А ён пачаў казаць мне пра дзяцінства, выхаванне, маўляў, так трэба рабіць, таму што інакш у мяне матка выпадзе. Так што абазначыць усе гэтыя пытанні ўсё ж трэба.

 Міла:  Я не зусім актывістка, бо ў мяне заўсёды была цікаўнасць да гендарных даследаванняў. Я разумела, што магу ісці ў акадэмію і вывучаць гэта там, але аб'ектывацыя мне жудасна не падабаецца. Я адначасова і мэтавая аўдыторыя, і аб'ект даследавання. Я ўнутры і звонку – гэта надзвычай каштоўна.

Мы працуем на павышэнне свядомасці ў сабе і ў іншых людзей. Мы быццам пастаянна задаем пытанні сабе і тым, з кім узаемадзейнічаем. Хто мы ёсць, як мы сябе ідэнтыфікуем, як пры гэтым пачуваемся. Напрыклад, калі я жанчына, то як разумею гэта? І як мне быць жанчынай у нашым грамадстве? Або як мне быць бісэксуальнай жанчынай у гэтым кантэксце? І гэты пастаянны абмен, кантакт з аўдыторыяй – напэўна, самае галоўнае.

 

 

Квірфэст і будучыня

 Віка:  З ідэяй стварэння meta-квірфэсту да нас прыйшоў Андрэй Карпека, адзін з мадэратараў кінаклуба MAKEOUT. Ён добра прапампаваны па візуальным мастацтве, і я ведаю, што ідэя фэсту лунала ў яго галаве ўжо даўно. Так што мы ўзяліся за справу.

 Міла:  Насамрэч, гэта быў вялікі чэлендж, таму што мы ніколі не арганізоўвалі фестывалі. З чаго наогул пачынаць, чым займацца? Два тыдні мы змарнавалі толькі на тое, каб прыдумаць назву. Было шмат варыянтаў, але ў выніку паўстала meta як нешта касмічнае, усёабдымнае. Адначасова слова сугучна і з беларускай «мэта». У гурта IAMX у песні «The Stupid, The Proud» ёсць радок «Queer is the universe». Я паставіла яе камандзе – і ўсе загарэліся, асабліва Нік Анціпаў, наш дызайнер: яму спадабалася гэтая гульня касмічнага. Так была знойдзена тэма афармлення сайта.

Наступным этапам быў пошук фільмаў праз інтэрнацыянальнае кола сяброў. Мы пачалі ў лютым, атрымалі больш за 900 карцін і арганізавалі 10 спецпаказаў у нашым кінаклубе, каб адабраць самыя цікавыя разам. У выніку атрымаўся спіс, які мы разбілі на тры блокі, што адпавядаюць розным тэмам.

 Віка:   Затым сталі займацца іншымі мерапрыемствамі. Бралі тэмы, на якія даўно хацелі пагаварыць. У прыватнасці, мая тэма – «ЛГБТ+ супольнасць у Беларусі». Чаму розныя людзі адносяць сябе да яе, што гэтая супольнасць з сябе ўяўляе, колькі людзей трэба, каб яна ўзнікла?

Мы імкнемся не варыцца ў сваім саку, пашырацца, знаходзіць новую аўдыторыю. Нам цікава працаваць і з рэгіёнамі, адныя гомельскія дзяўчаты з праектам «Тэма VIDOS» чаго вартыя. Яны рабілі пародыю на серыял «Рэальныя пацаны», толькі пра лесбійскія тусоўкі, і гэта было неверагодна смешна. У нас выйшаў матэрыял пра віцебскі «Балкон», які ўжо, на жаль, не існуе, але ў нас ёсць сябры сярод актывістаў. У лютым 2015-га мы ездзілі ў Берасце ў прастору «Крылы Халопа» з выязным кінаклубам. І гэта было неверагодна: мы сядзелі разам, чалавек сорак, і нам усім было пра што гаварыць. Мы хочам развівацца ў гэтым кірунку, таму што ў рэгіёнах таксама ёсць сваё жыццё, якое часам нават ярчэй, чым у Менску.

 

 

Таймлайн дасягненняў праекта MAKEOUT:

 Верасень 2015-га. 

У менскай прасторы «ЦЭХ» адбыўся фестываль meta-, падчас якога прайшли кінапаказы, варкшопы, лекцыі, дыскусіі і круглы стол, што закраналі тэмы гендару, сэксуальнасці, ідэнтычнасці, фемінізму, ЛГБТ і квір. У снежні фільмы з праграмы фэсту паказалі на Фестывалі роўнасці ў Кіеве.

 Верасень 2016-га. 

MAKEOUT здзейсніў калаб са спартыўным праектам «Здольная», які был накіраваны на прафілактыку гендарнага гвалту. У рамках івэнта адбыўся майстар-клас па спартыўным каратэ і двухдзённы трэнінг па інавацыйнай сістэме самаабароны для жанчын WenDo.

 Лістапад 2016-га. 

Запусцілася Лабараторыя фемінісцкага (і) квір-кіно MAKEOUT. Яе ўдзельніцы і ўдзельнікі на практыцы і ў тэорыі разглядалі пытанні узаемазвязанасці фемінісцкага, ЛГБТ і квір-рухаў з кінематографам, спосабамі аповеду гісторый, працай камеры і мантажом.

 Люты 2017-га. 

Каманда зладзіла сустрэчу з польскай квір-мастачкай Ліліянай Піскорскай, якая распавяла пра свае праекты ў сувязі з ненарматыўнай і фемінісцкай бачнасцю ў прыватных і публічных прасторах.

 Снежань 2017-га. 

Адбылася прэзентацыя друкаванага часопіса пра гендар і сэксуальнасць «MAKEOUT». У кнізе сабраныя важныя гісторыі, якія распавядаюць пра жыццё ЛГБТ+ у Беларусі за апошнія 20 гадоў.

 Жнівень 2018-га.  Запусцілася праграма крэатыўнага лідарства для ЛГБТ+ людзей.

 

Фота by Таня Капітонава