Футбольны клуб «Аўтазак»: дэканструяваць вобраз, каб пазбавіцца страхаў
- 28.02.2020
- 5216
Як футбол дапамагае распавядаць пра правы чалавека і змагацца са стэрэатыпамі? Запыталіся ў гульцоў, бадай, самага незвычайнага менскага аматарскага клуба – «Аўтазак»: урбаніста Алеся Крата і журналіста Ягора Калесніка.
Як трапляюць у «Аўтазак»
Алесь: «Аўтазак» існуе ў фармаце каманды з 2011 года. Асноўным ініцыятарам стварэння каманды быў Павел Дзяркач. Ён будаўнік з адукацыі, скончыў БНТУ. Аб’яднаў хлопцаў з падобнымі поглядамі, і каманда заявілася гуляць у DIY-лігу, гэта такі фармат дваровага футболу. Наколькі ведаю, спачатку гэта была хардкорная антыфашысцкая ліга, у якой гулялі толькі заўзятары клуба МТЗ-РЫПА. Пазней ліга стала менш хардкорнай, толькі захавала антыфашысцкі пасыл. Але ў публічным асяроддзі яе ўсё роўна лічылі лявацкай праз заўзятараў МТЗ-РЫПА.
Я прыйшоў у «Аўтазак» 2012 годзе па наводцы сябра, які проста прапанаваў згуляць з камандай у футбольчык. Схадзіў адзін раз і застаўся. А чаму гульцы застаюцца ў аматарскіх клубах? Часцей за ўсё таму, што падабаюцца людзі, з якімі ты гуляеш.
Пасля, недзе ў 2014–2015 гадах, мы сышлі з нашай першай лігі ў АЛФ – гэта самая вялікая аматарская ліга. Гуляем у фармаце 11 на 11 і 8 на 8. Не сказаць, што гуляем добра, але гэта не галоўнае. Нам проста прыемна ў гэтай кампаніі гуляць у футбік і праводзіць час па-за межамі футбольнага поля.
«Аўтазак – дастаткова сімвалічная рэч для беларускіх умоў, у якіх табе пастаянна даюць па руках і шмат людзей праз гэта перастаюць нечым займацца»
Ягор: Мяне запрасілі сюды ў пачатку 2018 года, бо на адну гульню не хапала людзей. Не спытаў, за каго гуляць, потым кажуць: «Каманда “Аўтазак”». У мяне адразу дысананс: што гэта за хлопцы? Не разумеў, як назва звязаная з дзейнасцю каманды. А потым прыйшоў, пачаў гуляць і знаёміцца з новымі людзьмі, яны пачалі мне рабіцца прыемнымі.
Алесь: Неяк прыйшлі да таго, што чаму б не рабіць нешта разам? Чаму б не распаўсюджваць у сваіх сферах нашы каштоўнасці? Бо мы сапраўды з вельмі розных сфер: журналісты, праваабаронцы, шмат айцішнікаў, бізнэсмэны, нават каваль і геолаг. Я з адукацыі будаўнік, але толькі некалькі год прапрацаваў у гэтай сферы. Потым працаваў у грамадскай сферы, то-бок у моладзевых арганізацыях, а цяпер звязаны з урбаністычнай ініцыятывай «Добры горад». Ягор працуе ў абсалютна розных сферах, ён нават спрабаваў нейкі час быць спартовым каментатарам. Потым сышоў са спартовай журналістыкі, пачаў рабіць розны аўдыявізуальны кантэнт.
«Мы не палітычная каманда, але лічым, што любы адказны грамадзянін павінен быць палітычна актыўны»
This is my manifest
Ягор: Якія ў нас каштоўнасці? Дабро, талерантнасць, цярпімасць да палітычных поглядаў, сэксуальных ідэнтычнасцей, гендараў. Як у любой мужчынскай гульні, у нас часам узнікаюць напружаныя моманты, але стараемся ніколі не весці сябе агрэсіўна. Мы арганізуем мерапрыемства пад назвай «Футбол для ўсіх» і адразу агаворваем, што на яго можа прыйсці кожны, нават жанчыны бальзакаўскага ўзросту, дзеці. Памятаю, што апошні раз прыходзілі жанчыны гадоў 40, мо і больш. Нядаўна згулялі таварыскі матч з жаночай камандай клуба «Іслач» [на момант публікацыі каманда распушчаная. – прым. 34], дзе палова дзяўчат гуляе за зборную Беларусі.
На нас сталі выходзіць людзі, здольныя дапамагчы публічна распавесці пра роўнасць. Дарэчы, слоган нашай каманды – «Розныя. Роўныя». Канешне, у нас таксама хапае сваіх загонаў, мы ж дарослыя мужыкі, але ў той жа час мы проста спрабуем прасоўваць нейкую чалавечнасць і паралельна стараемся змяняцца самі.
Алесь: Чатыры гады таму мы стварылі маніфест ФК «Аўтазак», дзе паспрабавалі сфармуляваць тыя рэчы, якія нам важныя. Выклалі важныя для нас прынцыпы – свабода, плюралізм меркаванняў і ідэнтычнасцей, роўнасць, прыняцце рашэнняў кансэнсусам, салідарнасць і ўзаемадапамога, самаарганізацыя, нецярпімасць да ідэй нянавісці, дыскрымінацыі і гвалту, няўдзел у рэпрэсіўных інстытуцыях, fair play, імкненне да экалагічна адказнага жыцця. Мы не палітычная каманда, але лічым, што любы адказны грамадзянін павінен быць палітычна актыўны. Стараемся, канешне, прасоўваць у камандзе беларускую мову, але ж мы не можам нікога да яе прымушаць. Таму хто як хоча, так і размаўляе. Галоўнае, каб ставіліся да беларускай мовы з павагай.
Шмат значыць і наш лагатып – аўтазак, упрыгожаны марожанкай. Я называю гэта дэканструкцыяй вобразаў. У нашай краіне ёсць шмат нейкіх страхаў і абмежаванняў, якія хацелася б прыбраць. І мне здаецца, аўтазак – дастаткова сімвалічная рэч для беларускіх умоў, у якіх табе пастаянна даюць па руках і шмат людзей праз гэта перастаюць нечым займацца. Калі ты пачынаеш дэканструяваць гэты вобраз, ты разумееш, што не ўсё так страшна. Магчыма, гэта той псіхалагічны момант, які дазваляе рухацца далей.
Футбол для ўсіх
Алесь: Праз нашы каштоўнасці ўзнікла жаданне неяк структураваць нашу працу па-за межамі поля. З намі гуляе Валдзіс Фугаш, адзін з сузаснавальнікаў Human Constanta, і з іх дапамогай атрымалася зрабіць некалькі мерапрыемстваў. Футбол тут выступіў як інструмент, бо наўрад ці шмат людзей прыйдзе на сумную лекцыю пра правы чалавека, тым больш калі гэтым ніхто не займаецца. Але ёсць людзі, якія цікавяцца футболам і не супраць паганяць мяч у добрай кампаніі. Можа, людзям так прасцей.
Вось і зрабілі «Футбол для ўсіх» – першы раз праводзілі яго, здаецца, тры гады таму. Гэта такая адукацыйная тусоўка. Першая частка – футбольныя практыкаванні для ўдзельнікаў: фішкі, удары па варотах і гэтак далей, другая палова – уласна гульня. Перад і пасля трэніроўкі размаўляем пра тое, з якой мэтай мы сабраліся. Прагаворваем: мы тут, бо лічым, што ў футбол могуць гуляць усе – без ніякіх абмежаванняў, выступаем супраць дыскрымінацыі. Гэта нібыта практычна арыентаваны семінар, калі ты даводзіш нейкую ідэю не праз лекцыю, а проста паказваючы, як трэба рабіць. Так пачынаеш разумець, што нічога страшнага няма, калі ў футбол гуляюць дзяўчаты ці сталыя людзі.
Робім з Human Constanta два-тры мерапрыемствы на год. Акрамя гэтага, мы праводзілі некалькі адкрытых трэніровак, куды вельмі актыўна запрашалі дзяўчат. Але ёсць, напэўна, нейкі псіхалагічны бар’ер, калі дзяўчаты баяцца прыходзіць і ўключацца ў гульню.
Ягор: Хаця потым, калі з намі пагуляюць, яны ўсе кажуць, маўляў, блін, крута! Па гульні, зразумела, ёсць розніца ў фізічных момантах. Але пасля матча ўсе рэспектуюць, што мы не ставімся да іх як да белых ды пухнатых.
Алесь: Ёсць праблема, звязаная з тым, што, нават калі ты не гуляеш на атрыманне ўзнагароды, людзям усё роўна хочацца выйграць. Гуляем з дзяўчатамі, у іх узровень трошкі ніжэйшы. І нехта з хлопцаў можа не даць пас дзяўчыне, замест гэтага сам пройдзе з мячом, бо хоча выйграць. Хаця перад матчам кажам, што ўдзельнічаюць усе, бо гуляем, як казалі ў дзяцінстве, не на кароў.
«Нехта з хлопцаў можа не даць пас дзяўчыне, замест гэтага сам пройдзе з мячом, бо хоча выйграць»
Паміж мячом і баршчом
Ягор: У тым годзе я зрабіў дакументалку «Гуляе як дзяўчынка», дзе вялікая частка прысвечаная нашай працы з дзяўчатамі. Пасля гэтага мяне запрашалі ў школу правоў чалавека расказаць пра сэксізм у жаночым футболе. Насамрэч у нас з гэтым вельмі дрэнна. У галовах шмат каго з нашых аднагодак ёсць такія штукі – ад нечага падобнага да бытавога расізму да сэксізму ў дачыненні да сваіх дзяўчат і жонак. Напрыклад, калі дзяўчына прыходзіць у кампанію і кажа, што яна б займалася футболам, ёй могуць сказаць нешта кшталту: «Ідзі варыць боршч!» Мы супраць такога.
Алесь: Хацелася б заснаваць жаночую каманду «Аўтазак». Таму, калі ёсць нехта гатовы ўзяць на сябе кавалак адказнасці, мы былі б вельмі рады. Ёсць дзяўчаты, якія пастаянна прыходзяць на «Футбол для ўсіх». Некаторыя дзяўчаты носяць наш мерч ці едуць, напрыклад, у падарожжа ў Намібію і лепяць там на сцены нашы стыкеры.
Ягор: Гуляць у аматарскі футбол у «Аўтазаку» не надта танна. Мы гуляем 4 сезоны на год: летні ў фарматах 8 на 8 і 11 на 11, таксама зімні ў тых жа фарматах. Ёсць камандны ўнёсак, ёсць унёсак з чалавека за кожную гульню. Яшчэ трэба купляць нейкую экіпіроўку, часам пасля гульняў мы выпіваем. Таму «Аўтазак» – гэта як асобная катэгорыя ў бюджэце. Толькі на гульні закідваеш 25 рублёў на тыдзень. Плюс трэба плаціць за трэніроўкі, бутсы, форму. Часам нас запрашаюць на таварыскія гульні ў іншыя гарады, на гэта таксама ідуць грошы.
Куды нясецца «Аўтазак»
Ягор: Хочам далей развівацца перш за ўсё як супольнасць. Адзін з нашых гульцоў вельмі жадае заявіць «Аўтазак» у Кубак Беларусі. Каб гэта зрабіць, трэба атрымаць юрыдычны статус, і тады гэта ўжо будзе паўпрафесійная каманда. Не ўсе з гэтым згодныя, цяпер мы не ставім такія мэты.
Алесь: У Варшаве ёсць аматарскі клуб «AKS ZŁY». Яны маюць мужчынскую, жаночую і, здаецца, нават дзіцячую каманды. Гэта як адзін з прыкладаў таго, як можна паралельна развіваць супольнасць і футбол. Для іх рабіцца прафесійнымі, напэўна, няма сэнсу, бо іх мэты крыху іншыя – форма вольнага часу, камунікацыі. Гэта новая форма клуба, і ў Беларусі таксама трэба такое развіваць.
Ягор: Цяпер ідзе тэндэнцыя, што менавіта аматарскія клубы развіваюцца ў фармаце нейкіх варушнякоў. Людзям цікава сачыць не за нейкім недасягальным Крышціяну Раналду, а за хлопцам са свайго двара, такім жа, як яны самі. Гэта блізка і гэта можна памацаць.
«Ідзе тэндэнцыя, што менавіта аматарскія клубы развіваюцца ў фармаце нейкіх варушнякоў»
Алесь: На месцы Беларускай федэрацыі футбола я б звярнуў на гэта ўвагу і ўкладваў нейкія сродкі – а на гэта вылучаюцца сродкі – у аматарскі футбол. Бо гэта мае і вялікі сацыяльны эфект.
Ягор: Мы не проста каманда хлопцаў, якія разам гуляюць у футбік. Мы зрабілі для сябе эксклюзіўную форму, выкладваем на Youtube нашы серыялы пра сябе, спрабуем развіваць сацсеткі. Праводзім нашы мерапрыемствы з дапамогай FARE – еўрапейскай футбольнай арганізацыі, што працуе пры падтрымцы FIFA і змагаецца супраць расізму і ксенафобіі. Таксама яна падтрымлівае grassroots-ініцыятывы, скіраваныя ў тым ліку на жаночы і дзіцячы футбол.
Медыя
Ягор: Некалі ў нас быў інфармацыйны ўзлёт. Тады ў Менску праходзіла адкрыццё акадэміі клуба «Інтэр», і нас сярод іншых запрасілі патрэніравацца з італьянскім гульцом Хаўерам Дзанэці, легендай сусветнага футбола. Ну як патрэніравацца – пастаялі ў масоўцы ды папіналі мяч дзве хвіліны. Для нас гэта стаў пераломны момант, пасля якога мы пачалі больш укладвацца ў медыйны варушняк. Пра нас шмат пісалі, пасля чаго прыйшло разуменне: мы можам не толькі гуляцца ў футбік, але і прасоўвацца ў іншых сферах.
У нас ёсць людзі, што адказваюць за сацсеткі. Яшчэ ў мяне неяк узнікла такая ідэя: «Аўтазак» – гэта класны варушняк, трэба зняць пра яго невялікую дакументалку. Таму ў нас цяпер ёсць такая рэч у архіве, праз якую можам за 26 хвілін расказаць, што мы з сябе ўяўляем. Потым вельмі загарэўся ютуб-серыялам «Эгрысі», прысвечаным камандзе каментатара Васіля Уткіна. Гэта штотыднёвы серыял пра тое, як жывуць звычайныя хлопцы – гульцы аматарскай каманды. І мы зрабілі тры серыі пра сябе – не толькі футбік, але і наведванне розных еўрапейскіх футбольных івэнтаў, класныя варушнякі. Людзі фоткаюцца са стыкерам «Аўтазака» каля Мачу-Пікчу, Бруклінскага моста, і дзіўна пра гэта не расказваць. Нам нават самім было важна, што можам зрабіць гэты серыял.
«Хацелася б заснаваць жаночую каманду “Аўтазак”. Таму, калі ёсць нехта гатовы ўзяць на сябе кавалак адказнасці, мы былі б вельмі рады»
Цяпер зрабілі прома-ролік пра сябе. Гэта маленькі трамплін, бо ў будучыні жадаем зрабіцца больш стабільнымі ў беларускім аўдыявізуальным асяроддзі і быць адзінымі, хто робіць такі аматарска-футбольны аўдыявізуальны кантэнт. Яшчэ ў мяне ёсць падкаст Probel, і я неяк запрасіў туды Алеся і Валдзіса пагутарыць пра клуб. Нас пастаянна дадаюць у інфармацыйныя стужкі спартовых сайтаў – «Трыбуна», «Прэсбол» і гэтак далей. Мы выйгралі першы турнір па пляжным футболе на фэсце Vuliсa Brazil.
Алесь: Мне ўжо не ў першы раз прыходзіць думка, што трэба проста займацца тым, што падабаецца, і нічога не баяцца. Карацей, твары бардак. Канешне, у межах Крымінальнага кодэксу і нейкіх маральна-этычных норм. Але не трэба нешта ўскладняць, не бойцеся. У Беларусі можна рабіць шмат розных актыўнасцей, быць прыкладам для ўсяго рэгіёна. Давайце рабіць нашу дзяржаву такой, якой мы хочам яе бачыць.
Фота: Каця Ігнашэвіч