15 цытат з Заліны Маршанкулавай пра тое, хто такая Заліна Маршанкулава
- Рубрыка: УЛОЎ
- 24.10.2019
- 6660
Ужо ў гэтую нядзелю – 27 кастрычніка – у Менску выступіць з лекцыяй фемактывістка, аўтарка суперпапулярнага тэлеграм-канала «Женская власть» Заліна Маршанкулава. 34mag прачытаў усе (ну амаль) інтэрв'ю Заліны і абраў пятнаццаць цытат пра асабістае, каб ты яшчэ лепш уявіў(-ла) сабе, якога крутога чалавека прыйдзеш паслухаць.
1 Я паўкроўка, па бацьку кабардынка, па маці руская. З-за маёй дзейнасці мне прыходзяць пагрозы зламаць ногі з абодвух бакоў. Пагражаюць нават сваякі. Прычым і рускія, і каўказскія рэагуюць аднолькава.
2 Мне падабаліся скандальныя, ракавыя, інфернальныя гераіні – якія разбуралі сябе і разбуралі ўсё вакол. І не падабаліся «добрыя дзяўчынкі» і наогул добрыя персанажы – больш за тое, я іх ненавідзела. Мне заўсёды падабалася ўсё змрочнае, містычнае, неспасціжнае – літаратура для адзіночкі, ізгоя і песняра цемры.
3 Я паступіла ў МДУ і ніколі нікога не слухала. Але гэта ў мяне такі характар, я – выключэнне з правілаў. Я ў прынцыпе не вельмі перажываю, што там думае грамадства з нагоды майго жыцця. А большасць людзей, на жаль, не так уладкаваныя.
4 Прафесію выбірала проста па клічы сэрца: люблю пісаць, выкрываць, правакаваць і хуліганіць. Да трэцяга курса працавала ў журналістыцы, але потым зразумела, што не люблю людзей і зносіны, а люблю проста крэатывіць і штосьці прыдумляць.
5 Мяне ніхто ніколі не прыгнятаў. Большую частку жыцця я працую на кіруючых пасадах, чула розныя каментары з гэтай нагоды, але ў вочы не казалі нічога. Але мне шкада дзяўчат, якія растуць у патрыярхальным пекле.
6 Шаблонны фемінізм – не пра мяне. Бывае, што ты прачытала кнігу і жывеш па ёй, – многія так робяць. Гэта дрэнна заканчваецца. Мой фемінізм, наадварот, аўтарскі – таму яго і называюць «залінізмам».
7 У мяне ёсць нейкае раздражненне і стомленасць ад фемінізму трэцяй хвалі, многія прадстаўніцы якога хочуць замяніць адно гета іншым <...> я катэгарычна супраць гэтага. Я вельмі шмат працавала і канкуравала на роўных з мужчынамі не для таго, каб мяне ў гета пасадзілі.
8 Мая задача – я асветніца і змагарка з гендарнымі стэрэатыпамі. Жанчыны – як птушкі ў клетцы, якія не ведаюць, што ўмеюць лётаць. І вось мая задача не выпусціць яе з клеткі, а сказаць ёй, што яна наогул магла б выйсці адсюль, дзверы адкрытыя – а там вялікі цудоўны свет.
9 Я бачу, што маю кнігу купляе шмат мужчын, – я люблю казаць, што заваявала мужчынскі «эрэктарат».
10 У мяне заўсёды былі вельмі шчаслівыя адносіны з мужчынамі. Іх было няшмат, але ні з кім з іх у мяне не было канфліктаў <...> Па выбудоўванні здаровых адносін я чэмпіён.
11 Муж – мой галоўны сябар і паплечнік. Ён нават большы фемініст, чым я. Пры гэтым ён больш талерантны і цярплівы, чым я. Ён нават часта мяне ўтрымлівае ад нейкіх катэгарычных выказванняў.
12 Я люблю чорны гумар, люблю жартаваць – магчыма, вельмі дрэнна – пра сэкс і кунілінгус, і гэта нармальна. Гэта не павінна выклікаць у грамадстве жаданне мяне парэзаць на кавалкі.
13 Я ціхі камячок, люблю паплакаць пад «Гары Потэра». Калі камусьці здаецца, што я Кракен, то я ім бываю, вядома, але для мяне гэта не асобная асоба, гэта ўсё я. Я магу быць Кракенам, што забівае, і камячком, які плача, – не бачу супярэчнасцяў.
14 Мае моцныя бакі: працагалізм і гіперадказнасць. Я проста памру, калі не скончу справу да канца, нават штосьці не вельмі важнае.
15 Калі б мы жылі ў нейкай іншай, міфічнай і добрай краіне, я абавязкова б пайшла ў палітыку і стварыла б сваю партыю – і стала б прэзідэнтам.
Крыніцы: daily.afisha.ru, fontanka.ru, snob.ru, dw.com, wonderzine.com, the-village.ru, etokavkaz.ru, podled.media, lifehacker.ru, echo.msk.ru.