З’явіліся 10 унікальных маршрутаў па Прыпяці для ўсіх
- Рубрыка: УЛОЎ
- 02.07.2020
- 9058
Стартавала штогадовая акцыя «Прыпяць, дай пяць!»: актывісты заклікаюць адправіцца ў водны паход па Прыпяці і яе прытоках, каб падкрэсліць іх значнасць для прыроды Палесся ў некранутым выглядзе. Сёлета рабіць гэта прапануюць у адзіночку ці невялікімі групамі.
Для самастойных сплаваў падрыхтаваныя 10 маршрутаў па самых маляўнічых участках Прыпяці і яе прытоках. Яны падзеленыя па складанасці і працягласці: нешта да душы знойдуць і пачаткоўцы, і бывалыя. Каб «даць Прыпяці пяць», трэба абраць маршрут з упадабанымі заданнямі на інтэрактыўнай карце і выкласці фота або відэа сплаву ў Instagram, Facebook, VKontakte з хэштэгам #savepolesia. Тыя, хто не сплаўляліся раней ніколі, могуць атрымаць інструктаж ад вопытных байдарачнікаў у тэлеграм-канале Save Polesia.
Удзельнікі сплаваў змогуць да канца жніўня скарыстацца зніжкай на арэнду байдарак і начлег у сядзібах Палесся ад партнёраў акцыі, кантакты якіх можна знайсці на карце. Тых, хто не зможа далучыцца да «Прыпяць, дай пяць!» афлайн, «Ахова птушак Бацькаўшчыны» i «Багна» запрашаюць разам палюбавацца заходам над Прыпяццю і пасядзець ля вогнішча праз анлайн-трансляцыю. Усе мерапрыемствы будуць анансавацца па хэштэгу #savepolesia.
Канстанцін Чыкалаў
каардынатар акцыі ад «Багны»
«Мы праводзім гэтую акцыю разам з мясцовымі жыхарамі Берасцейскай і Гомельскай абласцей, якія падзяляюць нашу пазіцыю, ужо чацвёрты год. Да яе далучаюцца людзі і з іншых рэгіёнаў Беларусі, якія даўно марылі наведаць палескія рэкі і ведаюць пра экалагічныя пагрозы для тутэйшай прыроды. Усіх нас аб'ядноўвае жаданне абараніць Палессе і выказаць свой пратэст у сувязі з планаваным будаўніцтвам воднага шляху Е40. Рэалізацыя праекта закране адны з самых каштоўных прыродных тэрыторый Беларусі: Нацыянальны парк "Прыпяцкі", Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, 11 рэспубліканскіх заказнікаў і 6 мясцовых, 12 з якіх маюць міжнароднае значэнне. Палессе валодае глабальнай прыроднай каштоўнасцю. Нам бы хацелася, каб турысты пра яго даведаліся і ставіліся да гэтага рэгіёна з такім жа трапятаннем і павагай, як да Нотр-Дама».
Сяргей Зуёнак
спецыяліст «Аховы птушак Бацькаўшчыны» па прыродаахоўных пытаннях
«Рыхтуючы маршруты, мы хацелі даць людзям магчымасць убачыць векавыя дубровы па берагах Случы, легендарнае Тураўскае балонне і заліўныя лугі з нізіннымі балотамі ў пойме Ясельды. На карце таксама ёсць заданні. Яны вар'іруюцца ад простых, як "сабраць смецце ўздоўж берага", і забаўляльных, у стылі "зрабіць сэлфі на фоне гарлачыкаў", да больш складаных і важных: "адзначыць пункты сустрэч з рэдкімі птушкамі і чырванакніжнымі раслінамі" або "замерыць узровень вады на пэўным участку ракі"».
Па завяршэнні акцыі 31 жніўня карта з маршрутамі і нанесенымі ўспамінамі застанецца ў вольным доступе. Сама карта – вось.
Фота: Вiктар Малышчыц, Аляксей Белавус