Анансаваны інтэнсіў для развіцця ўласных праектаў
- Рубрыка: УЛОЎ
- 20.05.2024
- 2071
Усім, хто робіць нешта сацыяльна карыснае, але ўпіраецца ў розныя абмежаванні ці недахоп ведаў, варта падацца на LAB35. Інтэнсіў стартуе 1 чэрвеня і пройдзе часткова анлайн, часткова афлайн.
«Робіш штосьці важнае, але бачыш, што складана дагрукацца да аўдыторыі? Ці не ведаеш, як адаптавацца пад зменлівыя ўмовы, складана планаваць далёка наперад? Давер свой праект камандзе LAB35!» – заклікаюць арганізатары. На LAB35 можна будзе атрымаць глыток свежага паветра і намацаць новыя падыходы ў сваёй дзейнасці. Не абмінуць і тэму фінансавай устойлівасці. З удзельнікамі будуць працаваць людзі, якія добра разбіраюцца ў стварэнні, планаванні, рэалізацыі і прасоўванні праектаў, улічваючы дух часу. Праграма падрабязна распісаная па спасылцы.
Падавацца запрашаюць камандамі. Калі ініцыятыва – справа аднаго чалавека, яму або ёй не адмовяць, але ўдвох і болей можна будзе непасрэдна падчас акселератара нешта вынайсці і ўкараніць у сваю працу.
Што прапануюць:
- 8 тыдняў анлайн-праграмы, падчас якой можна навучыцца абіраць прыярытэты, ствараць брэнд, выбудоўваюць камунікацыі, знаходзіць рэсурсы на сваю задуму;
- 2 трохдзённыя хакатоны ў Грузіі і Польшчы;
- Падтрымку 8 праектаў удзельнікаў – фінансы, якіх хопіць на перазагрузку.
Акселератар запускаецца ў межах «Школы кампетэнцый» – беларускага праекта, які прафілюецца на развіцці навыкаў, карысных у сучасным свеце. Курсы «ШК» арыентаваныя на студэнтаў ды студэнтак і тых людзей, хто ўжо робіць кар’еру, а таксама для шырокага кола людзей, якія хочуць ствараць нешта новае, умацоўваць скілы камунікацыі і натхнення.
Заяўкі на LAB35 чакаюць да 26 траўня ўключна.