Балотныя гідальга: інтэрв’ю з гуртом TonqiXod

Менскі гурт TonqiXod упэўнена і паступова займае становішча прызнанай якаснай музыкі ў Беларусі. Сёлета яны выпусцілі другі лонгплэй «Колер, якога няма», якому апладзіравала большасць музычных крытыкаў. Мы пагутарылі з гуртом пра ярлыкі ў музыцы, папсу на радыё і беларускую музычную традыцыю. Enjoy with pleasure!

 

У 2014-м са сваім дэбютнікам Pradmova яны перамаглі ў чатырох намінацыях прэміі Experty.by і атрымалі ўзнагароды ад Rock Profi і фэсту «Басовішча». На хлопцаў з TonqiXod тады адразу ж прыляпілі этыкетку «беларускі арт-рок» і акуратна паставілі на палічку. Рэцэнзіі стракацелі словамі «тонка», «інтэлігентна», «вытанчана» і гэтак далей.

Другі поўнафарматнік гурта з назвай «Колер, якога няма» прызнаны лепшым альбомам першай паловы 2017-га. З кім толькі іх не параўноўваюць: Pink Floyd, The Doors, King Crimson, Хэрбі Хэнкак, «Песняры»... Засталося толькі Radiohead дадаць. Толькі з падабенствам не ў саўндзе, а з тым, як хлопцам, напэўна, абрыдлі ўжо размовы пра іх канцэптуальнасць і артавасць.

Калі мы ішлі на інтэрв’ю, усё ж такі заставалася небяспека наконт таго, што нас сустрэнуць тыповыя постмадэрністы, а іх адказы на нашы наіўныя пытанні выявяцца сістэмай цытат, складанай для дэкадавання. Але не спраўдзілася. Уладзь, які ўвесь час пасмейваўся з сяброў і з нас; Максім, напэўна, больш за ўсіх у гурце знешне і чымсьці ўнутрана падобны да галоўнага героя Сервантэса; і негаваркі Андрэй – вось яны, хлопцы, якія стаяць па той бок музыкі TonqiXod.

 

 

Аксіёма творчасці

 

Чаму ўжо другі альбом вы прэзентуеце не ў клубе, а ў тэатры?
[прэзентацыя альбома адбылася 29 верасня ў Купалаўскім тэатры. – 34mag]

Уладзь: Мы не супраць выступіць у якім-небудзь клубе, але няма такога, дзе нам бы «сыгралася». «Хуліган» – класнае месца, але там, як і ў «Рэпабліку», траблы з гукам. У TNT з ім усё вельмі няблага, але для пафаснай прэзентацыі ён атмасферна не падыходзіць. Там не пусціш нармальны відэашэраг, не так удумліва слухаецца музыка. Але звычайна канцэрты мы любім граць менавіта ў клубах. Шум, гам, моладзь, якая пачынае ўгараць пасля пары піва, – гэта ж класна!

 

 

 

Як доўга вы рыхтуецеся да канцэртаў?

Уладзь: Логіка падрыхтоўкі вельмі простая: як да экзамену. Калі наперадзе сур’ёзны канцэрт, мы рэпетуем часцей. Пасля лета форма ў нас была не найлепшая, таму рэпетавалі перад прэзентацыяй прыкладна тры разы на тыдзень па 3-4 гадзіны. Звычайна, каб вызначыць, калі мы будзем рэпетаваць, мы запытваемся ў Андрэя, ці ёсць у яго ў пэўны дзень праца, а мы з Максімам стараемся…

Андрэй: Не працаваць.

Уладзь: (Смяецца.) Насамрэч пытанне працы надзённае. З-за яе ты вымушаны рэзка вырывацца з аднаго кантэксту ў другі, і гэта, канешне, перашкаджае. Творчая дзейнасць патрабуе ўваходу ў пэўны стан. А ідэальна для гэтага ўваходу – нічога не рабіць. Ты можаш спыніцца, убачыць, пачуць. Тыдзень-два нічога не робіш, потым пачынаеш брамкаць, і нешта выходзіць.

Крытыкі ў адзін голас аб’яўляюць, што вы граеце ў стылі Pink Floyd і нават штосьці ў іх сперлі. У якога бэнда вы ўсё ж такі скралі музыку?

Уладзь: У Земфіры. Сур’ёзна. Нам аднойчы вядучы на радыё сказаў, што мы яму Зему нагадваем. Зразумела, што калі ў іх у ратацыі Земфіра – гэта самае альтэрнатыўнае і блізкае да гітарнай музыкі, то ў параўнанні з «Грыбамі», Алёнай Апінай і Кабзонам мы бліжэй менавіта да яе.

Самая распаўсюджаная думка – гэта Pink Floyd, але насамрэч мы крадзем у максімальна андэграўндных музыкантаў. Напрыклад, калі ў якога-небудзь амерыканскага гурта на YouTube 2 тысячы праглядаў, можна красці! А калі сур’ёзна, то не паўплывалі на нас толькі тыя гурты, якіх мы не чулі ўвогуле.

 

 

Ці не занадта tonqaя ваша музыка для непрашаранага слухача?

 

Максім: А мы і не разлічваем на прашаранага слухача. Мы разлічваем на таго, хто гатовы да чагосьці новага, незвычайнага. Аўдыторыя насамрэч гатовая да эксперыментаў і была б удзячная, калі б па радыё круцілі не толькі папсу.

Уладзь: Увогуле, калі ты займаешся музыкай у Беларусі, цябе мала што падбадзёрвае. Па сутнасці, альбом ты робіш у вялікай ступені для сябе: каб не закіснуць. Таму кожны наступны альбом – гэта аксіёма. Калі шмат разважаць пра сэнс мастацтва ці жыцця, то ўвогуле нічога не будзеш рабіць, таму што ўсё даволі бессэнсоўна. Але ёсць дадзенасць: мы музыканты, ёсць адзін альбом, трэба зрабіць другі. Таму ў нас няма ніякага ўнутранага дысанансу, калі мы працуем над музыкай. Мы хутчэй спрачаемся паміж сабой, каб напрыканцы нам спадабалася тое, што мы зрабілі. Аўдыторыя падцягнецца.

 

 

 

 

Колер нашага часу

 

Новы альбом гурта «Колер, якога няма» – гэта сапраўдны музычны калаж. Калі вельмі хочацца назваць гэта ф’южнам – называй, сэнс ад гэтага не змяняецца. Шматслойны і шчыльны, альбом прапануе табе арганізаваны хаос, робіць спробу ўмясціць такую колькасць ідэй, якую нясе паток свядомасці. І так у кожным трэку, што задаешся пытаннем: «Калі ж яны спыняцца?!» А калі яны спыняюцца, узнікае новае: «Чаму менавіта зараз?!» Здаецца, пасля запісу яны павінны быць выпусташаныя, а яны гавораць: «Можна было б і паболей газы шухнуць у гэтае альбомнае вогнішча». У рэшце рэшт атрымліваецца, што і яны, і ты жадаеш яшчэ. Прагучыць пафасна, але гэта ў нейкім сэнсе і ёсць свабода.

 

 

«Аўдыторыя насамрэч гатовая да эксперыментаў і была б удзячная, калі б па радыё круцілі не толькі папсу»

Ці канцэптуальны ў вас альбом?

Максім: Пачнем з таго, што канцэптуальных альбомаў у музыцы ўвогуле вельмі мала. Музыканты рэдка замарочваюцца пошукам нейкіх схем, і альбомы з’яўляюцца проста пэўнай фіксацыяй іх музыкі ў пэўны перыяд часу. Звычайна гэта нейкія напрацоўкі, якія ты дастасоўваеш адну да другой. Падправіў адну песню пад другую – вось і альбом. У нас атрымоўваецца прыкладна так.

 

Што гэта за колер, якога няма?

Уладзь: Разумееш, мы жывем у постмадэрнізме, таму тут можна прыдумваць адказы, колькі хочаш, і ўсё будзе праўдай. Як табе, напрыклад, вось такі: гурт TonqiXod і альбом, які мы запісалі, – гэта яшчэ адна фарба на палітры сусветнай ці прынамсі беларускай музыкі, якой да гэтага ты яшчэ не бачыў, хлопча. Колер, якога няма, – гэта нешта нябачанае. Заўсёды хочацца, каб ад твайго мастацтва быў эфект здзіўлення.

 

 

 

Вы часта пакідаеце ў трэках вашы размовы ў студыі. Навошта?  

Максім: Зараз у музыцы вельмі часта згладжваюць трэкі. Нават калі ты гаўняны музыкант, на студыі табе могуць зрабіць усё як трэба, кожны ўдар палачкай параўняць. Гэта гучыць ненатуральна.

Уладзь: Некаторыя з нашых размоў пастановачныя, але ж частка – гэта наша звычайная камунікацыя, толькі яна заўсёды ў тэатральнай афарбоўцы. Дадатковы музычны шум, часткай якога з’яўляцца нашы рэплікі, – гэта часта жартаванне, накіраванае на разгрузку слухача. Напрыклад, у трэку «Балота» з новага альбома нам хацелася зрабіць сур’ёзнае выказванне, але ў нашу эпоху прагнілай іроніі і сарказму мы не маглі гэтага сабе дазволіць, самім неяк смешна ад гэтага. Таму ўвесь пафас, уся сур’ёзнасць разбураецца напрыканцы пытаннем: «Дык а пра што песня?»

«Спачатку ты чытаеш нейкі сур’ёзны лонгрыд, потым трапляецца відос з п’яным мужыком на дыскачы, далей заліпаеш на фоткі сяброў, што з’ездзілі ў Грэцыю на адпачынак»

 

Калі вы пакідаеце вашы песні інструментальнымі?

Уладзь: «Лямант»  і «Камняпад» – гэта распрацоўка адной і той жа тэмы. Можна сказаць, што «Лямант» носіць уверцюрны характар. «Minsktrance» – другі інструментальны трэк – цалкам самастойная рэч. Там ёсць свая базавая тэма, шмат сола на клавішных, панкаўскі рыф у нестандартным памеры – усё, каб не засумаваць. Калі нам самім надакучвае тэма, мы ажыўляем яе нейкім усплёскам.

Я лічу, наша музыка адлюстроўвае сённяшні свет. Сёння людзі жывуць у фрэндстужках, у пастаяннай змене карцінак. Спачатку ты чытаеш нейкі сур’ёзны лонгрыд, потым трапляецца відос з п’яным мужыком на дыскачы, далей заліпаеш на фоткі сяброў, што з’ездзілі ў Грэцыю на адпачынак, і гэтак далей. Мы людзі свайго часу і працуем у сваім тэмпе: ломаным, разнастайным, хаатычным.

 

 

«Нехта скажа, што беларуская традыцыя – гэта “змагаРОК” з яго паўбардаўскімі песнямі»

 

Тэкст «Песні пра балота» вялікай часткай складаецца з пералічэння сінонімаў. У чым мэта гэтага прыёму?

Уладзь: Людзі схільныя да пошукаў новых слоў, каб дакладней нешта выказваць. І сінонім – гэта адзін са спосабаў. Думка, закладзеная ў тэксце, простая: цябе зацягвае ў каханне як у балота тады, калі ты гэтага не чакаеш. Запіхваць у тэкст яшчэ нешта сэнсу не было. Так і ўзнікла гэтая ідэя з сінанімічнай мантрай. Да і ўвогуле балота – гэта ж вельмі беларускі вобраз. Мы на першым альбоме таксама яго ўжывалі ў трэку «Насыпаць горы». У гэтым выпадку мая задача як тэкставіка была выкарыстаць вобраз з іншага боку.

 

 

Ці лічыце вы сябе прадаўжальнікамі пэўнай традыцыі музыкі?

Уладзь: Ёсць амаль што ўжо сусветная традыцыя англамоўнай музыкі. На яе ўсе арыентуюцца, захоўваючы нейкі свой каларыт. Нехта скажа, што беларуская традыцыя – гэта «змагаРОК» з яго паўбардаўскімі песнямі, ці што традыцыі няма ўвогуле, але яна ёсць, і яна іншая. Я сам супраць таго, каб рабіць лозунгавае мастацтва. Ангажаванасць творчасці магчымая, толькі калі творца можа выказацца дарэчна, прыгожа і свежа. А ёсць яшчэ адна крайнасць – цэлая куча беларускіх гуртоў, якія граюць посную, нецікавую, нудную музыку і спрабуюць спяваць на прымітыўнай англійскай мове з благім вымаўленнем. І гэта ўвогуле не гучыць ні ў якой традыцыі. Ці лепш сказаць, гэта гучыць у традыцыі сусветнай дрэннай музыкі. І не атрымліваецца ніякага плёну – ні вашым ні нашым. Насамрэч мова – гэта вельмі важна, але ж недарэмна кажуць, што музыка носіць трансгранічны, аб’яднаўчы характар.

 

Фота - Таня Капітонава

КАМЕНТАРЫ (2)

ШШШШ
ШШШШ | 8.10.2017 16:37

дзякуй

4 0 +4
Iмя
Iмя | 10.10.2017 14:05

Хлопцы, дзякуй вам за тое, што вы робіце.

3 0 +3
Рэпетыцыйныя кропкі Менска: частка другая

Рэпетыцыйныя кропкі Менска: частка другая

Апаратура, кошты, водгукі – адказваем на пытанне: «Дзе ў Менску як след парэпаць?»

Stereo Weekend 2018: вялікі фотарэпорт ад palasatka

Stereo Weekend 2018: вялікі фотарэпорт ад palasatka

Сяброўскі дзвіж і клоўзапы хэдлайнераў менскага Stereo Weekend– у атмасфернай фотасправаздачы арт-дырэктаркі 34 Media Касі Сырамалот.

«Би-2 Fest» и Бобруйск

«Би-2 Fest» и Бобруйск

Большой фоторепорт с бобруйского фестиваля, который придумала группа «Би-2» и сама же стала хедлайнером.

Как продвигать свою музыку: 15 советов для фрэшменов

Как продвигать свою музыку: 15 советов для фрэшменов

Что делать, когда у тебя на руках только демка и неистовое желание творить.

Галактика Дональда Гловера

Галактика Дональда Гловера

Увесистый мануал по всему, что связано с Childish Gambino, «Атлантой», «This Is America» и другими созвездиями американского актера, музыканта, стендап-комика, сценариста и режиссера.

10 современных соул-музыкантов

10 современных соул-музыкантов

От Джейми Вуна до болгарского By Soulfam.

Альбомы недели: Gorillaz, Drake и Florence + The Machine

Альбомы недели: Gorillaz, Drake и Florence + The Machine

Завершаем июнь 2018-го подборкой первоклассных релизов.

Гід па стылі: K-pop

Гід па стылі: K-pop

Вывучаем музычны жанр з Паўднёвай Карэі, які заваяваў YouTube, Азію і ЗША і хутка накрые Шаркаўшчыну з Рагачовам.

Прафесія: дырыжор. Інтэрв'ю з Аляксандрам Хумала

Прафесія: дырыжор. Інтэрв'ю з Аляксандрам Хумала

Галоўны дырыжор Sonorus – пра авангардны рэпертуар музычнай капэлы і «фунікулёрныя спакусы» ў жыцці.