Распачаўся конкурс ідэй «Зробім лепш 2020»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 09.04.2020
- 6747
Калі ты прадстаўляеш некамерцыйную арганізацыю ці ініцыятыву і маеш ідэю, якая паспрыяе пашырэнню беларускай салідарнасці, можаш падавацца з ёй на конкурс «Зробім лепш 2020» і пазмагацца за ўсебаковую падтрымку ў рэалізацыі. Арганізатарамі кантэсту выступае Асамблея НДА сумесна з Беларускім домам правоў чалавека імя Б. Звозскава.
Мэта кампаніі «Зробім лепш», якая пройдзе ўжо ў пяты раз, – паляпшаць імідж грамадскіх арганізацый ды ініцыятыў праз сумесную дзейнасць, пашыраць салідарны ўдзел грамадзян у вырашэнні праблем, развіваць навыкі ўзаемадапамогі. Сёлета асаблівая ўвага на конкурсе будзе нададзеная ідэям, якія змагаюцца з новымі выклікамі, справакаванымі пандэміяй COVID-19.
Да ўдзелу запрашаюць беларускія і замежныя НДА, ініцыятывы, у склад якіх уваходзяць не менш за тры чалавекі. Годная ідэя – акрамя ліквідацыі наступстваў пандэміі – можа быць звязаная, напрыклад, з папулярызацыяй здаровага ладу жыцця, падтрымкай уразлівых груп, павелічэннем медыяграматнасці, папулярызацыяй адказнага спажывання. Галоўнае не кранаць тэмы выбараў і рэлігіі.
Падтрымку ў памеры да € 500 атрымаюць 40 удзельнікаў. Акрамя грашовага прыза, іх чакае кансультацыйная, арганізацыйная, інфармацыйная падтрымка. Таксама дапамогуць з дызайнам афіш і пастоў для сацыяльных сетак, тэматычнай візуальнай прадукцыяй.
Заяўкі на «Зробім лепш 2020» прымаюць да 26 красавіка. Рэалізаваць ідэі трэба ў тэрмін з 1 па 30 чэрвеня.