Паглядзі фільм «Жоўтыя кветкі» – гісторыю пра сям'ю рэпрэсаваных беларусаў
- Рубрыка: УЛОЎ
- 28.05.2019
- 7470
Дакументальны фільм Касі Растоцкай – гэта гісторыя адной беларускай сям'і, якая перажыла выпрабаванне высылкай у тайгу і вярнулася дадому. А зараз едзе назад – каб знайсці свае карані.
«Жоўтыя кветкі» – фільм Касі Растоцкай, прысвечаны гісторыі Вікторыі Шышло і яе сям'і. Яна нарадзілася на Урале ў сям'і рэпрэсаваных беларусаў, якія праз 20 гадоў змаглі вярнуцца дадому.
Вікторыя хацела вярнуцца на Урал – каб распавесці сваю гісторыю і знайсці родную хату і магілы бабулі і дзядулі. Але да моманту здымак у паездцы яе падмяніла малодшая сястра Ганна (яна таксама нарадзілася на Урале) разам са сваёй дачкой.
Гэты фільм – погляд знутры на жыццё высыльных беларусаў, які тлумачыць, як і чым людзі займаліся, патрапіўшы ў абсалютна новы для сябе свет.
Кася Растоцкая – беларуская дакументалістка, яна выпусціла фільмы «1812. Вайна, якая была іншай», «На 100 гадоў працы», «Перакладчык», «Чалавек з ГУЛАГа» і «Касцёл на крыжы». Падчас працы над апошнім яна сустрэлася з галоўнай гераіняй свайго новага фільма.
Кася Растоцкая:
– У мяне шмат уласных пытанняў да часоў рэпрэсій, я не першы год шукаю адказы. Чаму, за што і гэтак далей. І «Жоўтыя кветкі» – лагічны працяг гэтага пошуку. Мы прывыклі думаць, што рэпрэсіі пачаліся з 1937 года. А ў 30-я тут як быццам прайшліся катком, але пра гэта мала гаворыцца: хваля раскулачвання, калі людзей вывозілі на Урал, проста таму што яны сяляне. Як прывыклі думаць: былі заможныя «кулакі», іх і высылалі. А насамрэч можна было быць рэпрэсаваным проста таму, што ў цябе ёсць хоць нешта. Тры авечкі, дзве свінні – і ты «кулак». У 30-я пласт сялянства быў знішчаны: высланы, забіты, загнаны ў калгас, калі ты быў бяднейшы. Гэтая тэма – пласт, пра які мала кажуць. А гэтая гісторыя моцна кранула беларусаў.
Да моманту здымак у Вікторыі пагоршылася здароўе, і мы з аператарам прыехалі да яе, каб зняць інтэрв'ю. А ў яе гасцявала малодшая сястра Ганна. І мы прапанавалі паехаць ёй. Яна ўзяла з сабой дачку, і мы стартавалі на Урал. Мэта простая: знайсці пасёлак і знайсці магілы. Мы да канца не ведалі, ці існуе ён наогул. Пачалі спісвацца з прадстаўнікамі таварыства «Мемарыял», якое займаецца рэпрэсаванымі. У выніку прымудрыліся ўсё знайсці: і пасёлак, і дом, і могілкі.
Фільм як гісторыя адной сям'і, але на яе накладзеныя і многія іншыя гісторыі. Падчас працы сутыкнулася з нявер'ем: «Што старыя там памятаюць?» І каб адказваць на такія пытанні, мы запісалі каментары навукоўцаў, якія шмат гадоў займаюцца даследаваннем рэпрэсій. Нам было важна было захаваць жывыя ўспаміны: не кніжкі, а менавіта гаворка жывога чалавека. Таму што людзі сыходзяць. І такога роду рэчы будзе немагчыма зрабіць.