Юных літаратараў(-ак) запрашаюць у Школу Адама Глобуса

Калі табе ад 15 да 18 гадоў уключна, ты жывеш у Менску і ў цябе ёсць амбіцыі вырасці ў Дону Тарт або Мішэля Уэльбэка, запісвайся ў Школу крэатыўнага пісьма Адама Глобуса «Літара» пры Беларускім ПЭН-цэнтры. Заяўкі прымаюць да 30 верасня.

 

 Чым будзе карысная Школа? 

Ты пазнаёмішся і папрактыкуешся ў формах літаратурных мініяцюр (ведаеш, што такое грэгерыя?). Навучанне праводзіцца на прыкладах класікаў сусветнай і беларускай літаратуры: Сэй-Сёнагон, Янкі Брыля, Басё, Рамона Гомэса дэ ля Сэрны і іншых.

Таксама адзначыш пабочны (і вельмі прыемны) эфект: пасля заняткаў з масцітым пісьменнікам пачнеш больш cур’ёзна ставіцца да творчасці ды лепей разумець сябе і людзей наўкол.

 

 Калі і як будуць праходзіць заняткі? 

Курс: ад першай паловы кастрычніка 2018 года да канца траўня 2019 года.

Перыядычнасць: чатыры разы на месяц па выходных у першай палове дня.

Працягласць: дзве акадэмічныя гадзіны (90 хвілін).

Раз на месяц замест класічных заняткаў навучэнцы(-кі) будуць удзельнічаць у літаратурных імпрэзах і фэстах, наведваць музеі і выставы, вандраваць па літаратурных мясцінах горада.

 

 Колькі каштуе? 

Ніколькі. Усё бясплатна.

 

 Як туды трапіць? 

Дасылай заяўку на электронную скрыню shkola.litara@gmail.com:
 
1) напішы крыху пра сябе і бацькоў – абавязкова пазнач свае год і месца нараджэння, кантактную інфу – электронны адрас, нумар мабільнага, акаўнт у сацсетках;
 
2) прадстаў 1-2 аўтарскія тэксты невялікага аб’ёму (апавяданне, эсэ, верш, сачыненне);
 
3) адкажы, чаго чакаеш ад заняткаў у Школе.

Прымуць толькі чалавек дваццаць, так што афармляй заяўку з усёй адказнасцю ды імпэтам.

Удачы. І спадзяемся на другога «нобеля» для Беларусі.

Фото: «Сапиенс»