Як падацца на першую грамадскую стыпендыю ў Беларусі?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 04.12.2018
- 8689
Адкрыты прыём заявак на стыпендыю імя выбітнага навукоўца Аркадзя Смоліча. Да 16 снежня студэнткі і студэнты Беларусі, якія не сядзяць на канапе роўна, а намагаюцца рабіць краіну лепшай, могуць падавацца на незалежную грамадскую стыпендыю, памеры якой значна вышэйшыя за звычайныя дзяржаўныя ўніверсітэцкія стыпендыі.
Што за стыпендыя такая?
Стыпендыя імя Аркадзя Смоліча з 2015 года выдаецца актыўным навучэнцам беларускіх ВНУ і ССНУ за выбітную грамадскую, культурную і сацыяльную дзейнасць, накіраваную на развіццё грамадзянскай супольнасці.
Хто можа падавацца?
Ты можаш прэтэндаваць на стыпендыю, калі адпавядаеш тром крытэрам.
Ты кіраўнік(-ца) ці каардынатар(-ка) грамадскай ці сацыяльнай ініцыятывы ў Беларусі і для беларусаў.
Твая ініцыятыва або праект актыўна рэалізуецца проста цяпер.
Ты навучаешся ў беларускай ВНУ ці ССНУ.
Хто атрымаў стыпендыю ў мінулыя гады?
Ганна Смірнова – куратарка моладзевага летніка «Любча над Нёманам», валанцёры якога рэстаўруюць Любчанскі замак.
Дзмітрый Быліновіч – куратар некамерцыйнага навукова-папулярнага і адукацыйнага праекта «Курылка Гутэнберга», які збірае вакол сябе сотні беларускіх маладзёнаў, што цікавяцца навукай.
Таццяна Палтарак – кіраўніца сацыяльна-адукацыйнага праекта «ФінГрам», накіраванага на прадастаўленне людзям магчымасці атрымання фінансавых кансультацый і ведаў.
Каментар Таццяны: «Самы вялікі плюс, які я атрымала ад Стыпендыі, – гэта разуменне важнасці таго, што я раблю, унутранай упэўненасці ў сваіх дзеяннях. Дзякуючы праекту я пазнаёмілася з масай проста неверагодных людзей, прафесіяналаў сваёй справы, якія даюць стымулы рухацца далей. Большая колькасць людзей зацікавілася намі, і да чаго ж прыемна назіраць новыя твары на розных мерапрыемствах нашага цэнтра. Гэтая аддача ад людзей вартая перыядычнага стрэсу, бяссонных начэй і зараджае такой энергіяй, што часам сама здзіўляешся, адкуль бяруцца сілы. Ва ўсім гэтым, несумненна, заслуга Стыпендыі. Таму Стыпендыя – гэта вялікі шанец для маладых людзей рэалізаваць сябе ў чымсьці, што ім падабаецца, зразумець, наколькі ты канкурэнтаздольны, паколькі ўсё ж такі гэта свайго роду конкурс. Наколькі тое, што ты робіш, выклікае водгук у сэрцах людзей».
Карацей, ты маеш шанец аказацца ў годнай кампаніі!
Колькі даюць грошай?
Стыпендыяльны фонд сёлета – 1200 беларускіх рублёў. Стыпендыя выдаецца на адзін каляндарны год, па 100 рублёў штомесяц.
А можна як-небудзь падтрымаць маладых ды ініцыятыўных?
Стыпендыяльны фонд фармуецца шляхам добраахвотных ахвяраванняў. Глядзі, хто ўжо падтрымлівае стыпендыю імя Аркадзя Смоліча:
Кірыл Атаманчык
ініцыятар і адзін з фундатараў стыпендыі імя А. Смоліча, прадпрымальнік і грамадскі дзеяч
«Ідэя Стыпендыі нарадзілася пасля дакладнага ўсведамлення таго, што сапраўды моцнае і салідарнае студэнцтва ў прыватнасці і грамадства агулам фармуецца толькі тады, калі людзі робяць свае ўнёскі рэальнымі справамі, а не падтрымкай на словах. Мы вырашылі распачаць падтрымку менавіта студэнтаў, бо яны – будучыня нашай краіны і ад іх будзе залежыць тое, якой Беларусь будзе заўтра. А таму ў сітуацыі, калі ў нас так шмат афіцыёзу і так не шмат ініцыятыўнай моладзі, мы імкнемся падтрымаць тых, хто робіць нашую краіну лепш».
Свой унёсак у добрую справу можаш зрабіць і ты.