«Ў» абвяшчае конкурс для мастакоў
- Рубрыка: УЛОЎ
- 19.06.2019
- 4997
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» у межах сацыяльнага праекта «Кастрычніцкая: усё ўключана, усе ўключаны!» абвяшчае конкурс мастацкіх выказванняў на тэму недыскрымінацыі.
Пад недыскрымінацыяй тут разумеецца «роўны, адкрыты падыход да ўсіх людзей, незалежна ад іх расавай, палавой, узроставай, сацыяльнай, фізічнай, ментальнай і іншых ідэнтычнасцей».
Свае задумы па тэме пажадана прадстаўляць у выглядзе фотак, відэа-арту, саўнд-арту, інсталяцыі, перформансу ці аб’екта публічнай прасторы. Усё гэта трэба неяк упісаць у лакейшаны вуліцы Кастрычніцкай. Сэнс у тым, каб гэтая вялікая вуліца і «ўсе яе энергетычныя кропкі» сталі open-minded прыкладам для ўсяго горада-героя.
Ад мастакоў чакаюць:
кароткае CV, спасылку на сайт/партфоліа;
апісанне ідэі працы/праекта (не больш за старонку тэксту);
эскіз працы з указаннем тэхнікі выканання;
бюджэт на рэалізацыю (прыблізна).
Заяўкі прымаюцца на электронную скрыню info@ygallery.by з паметкай «Кастрычніцкая: усё ўключана, усе ўключаны!». Дэдлайн – 26 чэрвеня.
Імёны пяці пераможцаў агучаць 28 чэрвеня. Аўтары атрымаюць ганарар і бюджэт на рэалізацыю сваіх праектаў.
Чакаецца, што ўся недыскрымінацыйная прыгажосць з’явіцца на Кастрычніцкай ужо ў ліпені 2019-га. Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» таксама зладзіць адпаведную выставу з 9 ліпеня па 28 жніўня.