«Астравец культуры»: якая будучыня ў АЭС?

 

У галерэі сучаснага мастацтва «Ў» ідзе выстава «Астравец культуры». На гэтым тыдні вакол выставы задуманы разнастайны дзвіж. Міма гэтага экшну лепш не праходзіць, калі ты хочаш разабрацца, як экалогія сутыкаецца з сучасным мастацтвам і ці выйдзе нарэшце з градзірняў культурны дух. Шукаем адказы, гутарым з мастакамі, мастачкамі і куратаркай выставы, а яшчэ распавядаем, на якія івэнты ў межах праекта варта пайсці.

 

 

«Астравец культуры» – гэта выставачны праект пра «іншую будучыню АЭС». 11 маладых мастакоў і мастачак, архітэктараў і архітэктарак, актывістаў і актывістак з Беларусі, Расіі і Чэхіі ў фота, відэа, графіцы, архітэктурных макетах і інсталяцыях трансфармуюць станцыю ў Цэнтр навукі, экалогіі і мастацтва. Выстава – гэта вынік эка-плэнеру, які арганізоўвалі «Агра-Эка-Культура» і «Экадом».

У фокусе – Астравецкая АЭС і мары пра тое, якім мог бы стаць Астравец, калі б альтэрнатыўная будучыня наступіла тут і цяпер.

У адмысловай раённай грамадска-палітычнай газеце «Астравецкая праўда 2.0», якую выпусціла для выставы актывістка Анастасія Дарафеева, можна даведацца падрабязнасці «горада-хаба, горада-сада Астраўца культуры». Усяго 3 рублі.

 

 

 

 

Мы запыталіся ў мастака, мастачак і куратаркі выставы, навошта ўсё гэта і галоўнае – пра што.

 

 Сафія Садоўская, куратарка выставы: 

– Гэтая выстава пра тое, што ёсць іншая будучыня. Мы кудысьці рухаемся, кудысьці ідзем па накатаных дарогах, і нам здаецца, што мы нічога не можам змяніць.Калі кажуць, што трэба думаць глабальна, мы проста пачынаем панікаваць.

У гэтым праекце мы прыдумалі альтэрнатыву ідэальнай будучыні для гэтага месца. Мы марылі зрабіць Астравец такім, каб нам самім захацелася туды пераехаць і арандаваць элітнае жыллё з відам на градзірні. У гэтым ёсць доля іроніі, а з іншага боку – шмат праўды. Гэта мог быць сапраўды грандыёзны цэнтр культуры, мастацтваў, экалогіі. Змясцілася б усё – было б жаданне.

 

 Ганна Воўк, мастачка: 

– Я стварала архітэктурны макет атамнай станцыі і паказвала, якім чынам у нашай альтэрнатыўнай рэальнасці мы выкарыстоўваем кожны будынак. У адной з градзірняў мы стварылі клуб з адмысловым пакрыццём. Напрыклад, калі людзі танчаць, ад іх рухаў выпрацоўваецца электрычнасць.

У іншай градзірні – спартыўны цэнтр, планетарый, бібліятэка, цэнтр навукі, галерэя сучаснага мастацтва і кавярня з тэрасай. Белая канструкцыя – цэнтр устойлівага жыцця, а сінія – басейны.

 

 

 

 

 Міла Шыдлоўская, мастачка: 

– Гэтая праца пра чалавека, які нічога не ведае пра атамную энергетыку. Пра простую жанчыну, якая любіць прыроду. Вакол усё такое магічнае: начныя дрэвы, рыбкі. Але градзірні ёй не замінаюць. У яе ўсё ў парадку.

Непадалёк ад Астравецкай АЭС ёсць бурачковое поле. Гэты бурачок нагадвае сэрца, і таму праца называецца «Бурачковая каханне».

 Макс Трэф, мастак: 

– Гэтая праца нарадзілася пасля паездак на АЭС і прыроду. Калі б мы не ведалі, што з гэтых высокіх градзірняў выходзіць пар, які астуджае небяспечны атам, то яны выглядалі цалкам натхняльна.

У працы я скамбінаванай дзве сутнасці – прыродную і энергетычную атамную – у адзін малюнак і паказаў, што абодва аб'екты могуць існаваць мірна. Карціна называецца «Нябачнае». Гэта адсылка да таго, што пры дапамозе фантазій, сноў і ўяўлення можна ўбачыць больш, чым з дапамогай вачэй.

На світанку я сустрэў аленя. Гэта было хутчэй мімалётнае бачанне, я дакладна не паспеў разгледзець. Сустрэча ў дзікай прыродзе – больш магутнае ўражанне, чым, напрыклад, у заапарку ці няволі.

 

 

 

 Куды пайсці? 

 

 

 5 верасня, аўторак 

Лекцыя «Пермакультурны дызайн на практыцы»

Вольга Шчаглінская і Лана Семенас распавядуць пра асноўныя прынцыпы пермакультуры і пра тое, як ужывалі іх, калі рабілі дызайн прасторы вакол Цэнтра культуры, навукі і экалогіі «Астравец Культуры».

Пачатак а 19-й. Уваход вольны. Заадно можна паглядзець выставу.

 

 

 

 

 7 верасня, чацвер 

Лекцыя Ірыны Загорскай «Будучыня зараз»

Псіхолаг і гештальт-тэрапеўт Ірына Загорская распавядзе пра тое, як ствараць будучыню сёння, як яна фармуецца непасрэдна ў дадзены момант. Яшчэ лектарка разгледзіць разнастайныя погляды філасофіі, фізікі ды псіхалогіі на стварэнне рэальнасці. Пачатак а 19-й. Уваход на лекцыю – 2 рублі.

 

 

 

 

 9 верасня, субота 

Агра-Культурны Фэст-2017

Фэстам і скончыцца выставачны праект. Галоўныя тэмы – гарадское фермерства і біяразнастайнасць. Куратарка Сафія Садоўская правядзе экскурсію па выставе. Яшчэ можна будзе прадэгуставаць садавіну розных гатункаў, паслухаць канцэрт гурта Klaxons Brass, наведаць лекцыі і дыскусіі.

Для дзяцей будзе працаваць творчая пляцоўка ад экамайстэрань. А на міні-кірмашы ты зможаш набыць фермерскія і арганічныя прадукты, натуральную касметыку ці абмяняцца насеннем і саджанцамі. З 13-й і да 18-й гадзіны. Уваход вольны.

 

 

 

Усе падзеі пройдуць у галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці, 37А)

Падзея ў Facebook

Выстава працуе да 9 верасня.

Кошт квітка – 2 BYN

 

 

Фота by Віялета Саўчыц