З чаго пачаць шлях да экалагічна свядомага жыцця, як не вінаваціць сябе за неідэальны спажывецкі патэрн і пры гэтым пазбягаць перагібаў накшталт мыльнага арэха і сталовай сады – расказвае ў аўтарскім дапаможніку Юля Аляксеенка, якая ўжо чатыры гады працуе ў міжнароднай арганізацыі Emmaus. Прысвячаецца ўсім, каму не выжыць сярод гэтай смяротнай любові да нашай планеты!
Юля Аляксеенка пераехала ў Нідэрланды працаваць у буйной міжнароднай кампаніі Emmaus, якая зарабляе мільярды еўра на перапрацоўцы адкідаў. За кошт заробленых сродкаў Emmaus падтрымлівае development-праекты па ўсім свеце: ад дэманстрацый супраць расізму ў Амстэрдаме да школ фермерства ва Угандзе.
Людзі прыносяць у Emmaus лішнія рэчы, дзе іх сартуюць і даюць другое жыццё. Праз сваю працу Emmaus імкнуцца данесці мэсэдж пра тое, як важна спажываць свядома і скарачаць свой след на планеце.
What’s wrong?
«Экалагічная адказнасць» пакрысе робіцца ўсё больш папулярнай сярод беларусаў. Ну, прынамсі сярод тых, у каго ёсць час, веды і фінансавыя рэсурсы дзеля таго, каб адпавядаць ідэалам экалагічна свядомага жыцця.
Падстаў для клопату за колькасць пластыкавых пакетаў, выкарыстаных за тыдзень, больш чым дастаткова. Калі ты раптам вырваўся(-лася) з Беларусі на мора, то з лёгкасцю заўважыш колькасць пластыку на беразе. Цяжка ігнараваць і тое, што гара тэтрапакаў і мяшочкаў у раёне Серабранкі расце хутчэй за знешнюю эканамічную пазыку краіны. Калі ты не хочаш плаваць у пластыкавым супе, самы час задумацца пра тое, як нашы спажывецкія патэрны ўплываюць на навакольнае асяроддзе.
Аднак ці не больш за тых, хто адмаўляе існаванне антрапагенных кліматычных зменаў, мяне асабіста раздражняюць тыя, хто лічыць сябе гуру адказнага спажывання.
Галоўная праблема ў тым, што гэтыя людзі ствараюць апакаліптычны міф пра свядомае спажыванне, ад якога нават самыя матываваныя барацьбіты з неашчадным спажываннем рэсурсаў знаходзяць сябе ў стане поўнай імпатэнцыі.
Калі выкарыстанне мыла і тампонаў аўтаматычна робяць цябе кепскім чалавекам, які тады сэнс у тым, каб выключаць кран падчас чысткі зубоў?
Правіла # 1. Вучыся мастацтву маленькіх крокаў
Перастаць забруджваць навакольнае асяроддзе – задача значна больш комплексная і складаная, чым, напрыклад, кінуць паліць. Курцы ведаюць, што на шляху да гэтай мэты бессэнсоўна пачынаць з маленькіх саступак і змяншаць колькасць цыгарэт. Але ёсць і добрая навіна: гэтая схема працуе з экалагічнасцю жыцця.
Паспрабуй вызначыцца, якія з экалагічна адказных звычак патрабуюць ад цябе найменшых высілкаў, і пачні з іх. Для кагосьці гэта будзе мыццё посуду ў ракавіне, поўнай мыльнай вады, а не пад струменем. Для іншых – пераход з тампонаў на чашу для менструацыі.
Вельмі проста надурыць сябе: пачынаючы з простага, ты не адчуваеш, што саступаеш уласны штодзённы камфорт на карысць вялікай мэце.
Выснова # 1
Пачынай з таго, што табе найпрасцей рабіць. Каб «алічбаваць» свае намаганні, звярніся да даследаванняў, у якіх пазначана, колькі менавіта энергіі ты ашчаджаеш сваімі маленькімі крокамі. Напрыклад, еўрапейскія навукоўцы разлічылі: калі адна гаспадыня перастае выкідаць неспажытую ежу, то свет пазбягае прыблізна 80 кг выкідаў СО2 у год.
Правіла # 2. Твой асабісты ўнёсак не такі і вялікі
Уплыў прынятых табой намаганняў будзе вельмі цяжка заўважыць. Вялікіх зменаў экалагічны лад жыцця не прадугледжвае, адно твой здаровы лад жыцця прывядзе цябе да таго, што ты радзей будзеш укручваць новыя лямпачкі дома ды перастанеш выкідаць ежу. Дзеці ў Афрыцы будуць і далей пакутаваць на смагу, а гіганты прамысловасці – па-ранейшаму выкарыстоўваць «неадпаведную» энергію.
Выснова # 2
І гэта ўсё цалкам нармальна. Так, мы прызвычаіліся чакаць ад сябе надзвычайных дасягненняў. Але пры гэтым большасць з нас застаецца сярэднестатыстычнымі прадстаўнікамі чалавецтва. Не думай, што твае ашчаджаныя пяць хвілін у душы робяць такую розніцу, што можна тыкаць ёй у нос усім тым, хто яшчэ не спазнаў дзэн і набірае ванну з пенай.
«Калі выкарыстанне мыла і тампонаў аўтаматычна робяць цябе кепскім чалавекам, які тады сэнс у тым, каб выключаць кран падчас чысткі зубоў?»
Правіла # 3. Кожны ўнёсак залічваецца (але ў агульным заліку)
Вядома, думка пра тое, што не кожны з нас можа і будзе ратаваць палярных мядзведзяў ад вымірання, збівае матывацыю. It´s a trap!
Запомні: кожнае малое намаганне, зробленае табой, улічваецца. Але гэта не так цяжка ўсвядоміць, як наступнае: кожнае малое намаганне ўсіх астатніх таксама ўлічваецца.
Твае бацькі не апранаюцца ў sustainable local крамах еўрапейскага адзення? Задумайся, што яны, магчыма, і не лятаюць у Еўропу самалётам па пяць разоў на год, як ты. Твая бабуля адмаўляецца сартаваць смецце? Звярні ўвагу на тое, як яна мые і выкарыстоўвае тэтрапакі другасна для расады памідораў і перцаў.
Выснова # 3
Не катуй сябе і іншых сваімі перакананнямі. Немагчыма працягваць рабіць што заўгодна, калі ідэал дзейнасці загадзя недасяжны. Немагчыма матываваць чалавека метадам асуджэння, запалохвання або прыніжэння.
Правіла # 4. Недахоп ведаў – твая новая рэчаіснасць
Узімку, калі беларуская брокалі ўжо адышла, што ты купляеш? Брокалі з Польшчы ці брокалі з Нідэрландаў? Якая з іх «экалагічней»? Шлях з Польшчы карацей, але ў Нідэрландах яна вырошчваецца без выкарыстання пестыцыдаў, круглы год, а фермеры атрымліваюць прыстойны заробак.
Рашэнне прымаць табе – як і безліч падобных рашэнняў, для сур’ёзнага прыняцця якіх у цябе проста не можа быць усіх патрэбных ведаў. Прыйдзецца звыкнуцца з тым, што эфектыўнае спажыванне – гэта мадэль, разлічаная на тое, што ў спажыўца(-ніцы) дастаткова інфармацыі.
Выснова # 4
Жорсткая рэальнасць у тым, што ў цябе ніколі не будзе дастаткова інфармацыі. Мажліва, аднойчы ўсе мы будзем мець магчымасць прымаць абсалютна ўзважаныя спажывецкія рашэнні. Пакуль гэта не так, трэба прымірыцца з абмежаванасцю нашых выбараў і рабіць тое, што найбольш адпавядае нашаму пачуццю здаровага сэнсу. І не абвінавачваць іншых у ягонай адсутнасці.
«Жорсткая рэальнасць у тым, што ў цябе ніколі не будзе дастаткова інфармацыі»
Правіла # 5. Усведамленне сваіх прывілеяў – крок у патрэбным кірунку
Людзі, якія з той ці іншай прычыны не вядуць такое ж свядомае жыццё, як ты, сапраўды маюць сур’ёзныя падставы для гэтага. Большасць не валодае тымі ведамі, якімі валодаеш ты. Іншыя не могуць суаднесці абстрактныя дадзеныя пра забруджванне навакольнага асяроддзя з уплывам уласнай гаспадарчай дзейнасці. Некаторыя не бачаць эканамічных прычынаў для таго, каб пачаць жыць экалагічна.
Сапраўды, «экалагічны» лад жыцця – даволі дарагая забава, калі ацэньваць яго ў кароткатэрміновай перспектыве. Так, пакунак тампонаў каштуе прыблізна 2 рублі, а чаша для менструацыі – 20 рублёў. У кароткай перспектыве чаша для менструацыі – інвестыцыя, якую шкада рабіць, асабліва ўлічваючы, што прадукт гэта незнаёмы.
Выснова # 5
Уласным прыкладам ты можаш даводзіць людзям, што экалагічна адказнае жыццё – гэта не толькі хобі для фрыкаў у ваўняных шкарпэтках і багатага сярэдняга класа. «Доўгатэрміновае» мысленне – твой козыр, але зважай на тое, што мысліць «доўгатэрмінова» – адзін з навыкаў, якія патрабуюць намаганняў і часу на развіццё.
Правіла # 6 і апошняе – рабі з любоўю
Бо без любові ўсё гэта на*уй не трэба.
На што Еўрасаюз выдаткоўвае грошы ў Беларусі – пяцёрка дзіўных праектаў ЕС, пра якія ты наўрад ці чуў(-ла).
Дайв-рэпорт з птушынага раю, праз які плануюць пусціць шматтонныя баржы.
Беларуска Саша Папчанка распавядае, як яна мэтанакіравана спраўджвала сваю мару паехаць у Афрыку.
Завадчанін Аляксей Крот – пра музычную культуру, тэхнічныя магчымасці і арганізацыю канцэртаў у беларускай глыбінцы.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (4)
Занадта шмат чашаў для менструацыі
читайте Бурьяка
(перешёл с контакта) прямо сэкси как тампон.
по-моему всё просто: если быть экологичными легко и дешево, большинству нормальных людей будет стыдно и накладно такими не быть. если возле дома стоит отдельный контейнер для пластика, то люди, которые раньше об этом не думали, начнут выбрасывать пластик туда, а не в мусоропровод. если вода дорогая (хотя бы за счёт содержания контенеров для раздельной сборки мусора), то её будут выключать во время чистки зубов.
неверагодна зразумела і добра напісана.дзякуй.