Ды невядома. Мінэнерга кажа, што сабекошт энергіі зменшыцца на 20-25%, але ж канкрэтных лічбаў не называе. Прытым шмат хто з вучоных не падзяляе аптымізму і кажа, што ўтрыманне станцыі каштуе нятанна, да таго ж Беларусі хапае той энергіі, якую мы маем.
Фізік-ядзернік Георгій Лепін сцвярджае, што Беларусь мае сваю энергасістэму, якая з запасам забяспечвае нас электраэнергіяй. Нам для краіны патрэбныя прыкладна 6 ГВт, а агульная магутнасць нашых электрастанцый – больш за 7 ГВт. То-бок нам варта мадэрнізаваць тыя станцыі, якія ўжо маем. Вучоны запэўнівае, што так мы зможам скараціць вытраты на газ у 1,5 разы.
Пытанне аб будаўніцтве АЭС прапрацоўвалася яшчэ на пачатку 1990-х. Акадэмія навук вызначыла больш за 70 патэнцыйных пляцовак для размяшчэння станцыі. У 2006 годзе выбіралі з чатырох варыянтаў – Астравец зацвердзілі толькі ў 2008-м. Акрамя яго разглядалі Краснапалянскую, Кукшынаўскую і Верхнедзвінскую пляцоўкі.
Галоўны аргумент на карысць будаўніцтва – эканомія каля 5 млрд. кубаметраў газу ў год і зніжэнне энергазалежнасці ад расійскай сыравіны. Але апошняе пытанне спрэчнае, бо, у адпаведнасці з міжурадавым пагадненнем, Беларусь павінна закупляць паліва для АЭС у Расіі на працягу ўсяго тэрміну эксплуатацыі станцыі.
Да таго ж таннасць ядзернай энергіі – гэта ілюзія: для працы АЭС патрэбна шмат абслугоўвання, людзей і тэхналогій. Уран – танны, але ж прыборы – дарагія, адно што частка з іх вырабляецца ў Беларусі.
Расія дала Беларусі крэдыт, плануецца, што грошы адаб’юцца за 15-20 гадоў. Ад пачатку было вядома, што сама Беларусь АЭС не пацягне. Таму вяліся доўгія перамовы наконт атрымання крэдыту ад Расіі. У 2011 годзе ўрад дамогся свайго і атрымаў $ 10 млрд. крэдыту.
Увогуле праект мог аказацца не надта і выгадным самой Расіі, таму Беларусь прыклала нямала намаганняў, каб дабіцца грошай. Са Штатамі ўсё зразумела: пасол Расіі Аляксандр Сурыкаў выключыў такую магчымасць «з палітычных матываў», ён жа заявіў, маўляў, што калі да фінансавання будаўніцтва АЭС падключыцца Кітай, дык Расія можа адмовіцца ўдзельнічаць у рэалізацыі праекта. Будаваць у нас АЭС хацела і Францыя, нават абяцала самыя бяспечныя тэхналогія, але беларускія ўлады абралі Расію.
Сумніўна. Сама АЭС сапраўды не выкідвае вуглякіслы газ. А вось станцыю абслугоўвае шырокі комплекс прадпрыемстваў, якія працуюць для здабычы ўрану, перапрацоўкі, вырабу паліва і стрыжняў, што загружаюцца ў рэактар, на вытворчасць па перапрацоўцы ўжо выкарыстанага паліва, месца пахавання радыёактыўных адходаў. Таму эколагі, якія пратэстуюць супраць з’яўлення АЭС, маюць рацыю.
Так, на АЭС не працуюць з небяспечным для экалогіі вуглевадародам, але ж трэба ўлічыць, што АЭС вырабляе і адкіды. Паводле сваіх законаў, Расія можа браць адкіды беларускай АЭС для перапрацоўкі, але гэта толькі адтэрміноўка рашэння праблемы, бо пасля перапрацоўкі адкіды ўсё роўна неабходна будзе пахаваць на беларускай тэрыторыі.
Большасць праціўнікаў АЭС кажуць, што аварыя на ЧАЭС – досыць добры доказ небяспечнасці такой энергетыкі. Прынята казаць, што гэта выключэнне, але ж усе выдатна памятаюць аварыю на Фукусіме – тады радыёактыўная вада трапіла ў акіян. Краіны ЕС таксама апошнім часам закрываюць свае энергаблокі.
Рэактар нельга проста так узяць і выключыць. Кожная ядзерная электрастанцыя сканчаецца ядзерным магільнікам – даволі складаным інжынерным збудаваннем, якое патрабуе сур’ёзных выдаткаў.
Пакупнікамі маглі б стаць Польшча і краіны Балтыі. Але, напрыклад, Літва афіцыйна пацвердзіла, што не збіраецца карыстацца нашай АЭС. Краіна незадаволеная тым, што Беларусь будуе сваю АЭС у 50 кіламетрах ад Вільні: у выпадку надзвычайнай сітуацыі сталіцу Літвы давядзецца эвакуяваць. То-бок запуск АЭС забяспечыць нас лішкамі энергіі, але ж куды мы будзем яе прадаваць, пакуль не вядома.
Згодна з Орхускай канвенцыяй Беларусь была абавязаная правесці грамадскія слуханні з нагоды будаўніцтва АЭС. У кастрычніку 2009 года ў Астраўцы замест грамадскіх слуханняў дырэкцыя будаўніцтва АЭС правяла сход прыхільнікаў «мірнага атама», сагнаўшы невядомых людзей цэлымі аўтобусамі. Дакумент, які апісваў уздзеянне АЭС на навакольнае асяроддзе, рыхтаваўся тайна і складаў каля 3000 старонак. Міліцыя не пускала грамадскіх актывістаў і нават арыштавала расійскага фізіка-атамшчыка Андрэя Ажароўскага (атрымаў 7 сутак). Гэта быў першы выпадак пераследу беларускіх эколагаў у сучаснай гісторыі краіны. У канцы 2015 года Орхускі камітэт абмяркоўваў у Жэневе пытанні пераследу беларускіх антыядзерных актывістаў.
АЭС – гэта сапраўды працоўныя месцы, але зараз на будаўніцтве працуюць збольшага расіяне. Калі АЭС запусціцца, сітуацыя быццам бы зменіцца. Асноўная маса пасад на станцыі падобная па спецыфіцы да цеплаэнергетыкі, таму кандыдатам дастаткова мець досвед працы на цеплавых электрастанцыях. А вось на месцы, дзе патрабуюцца веды менавіта па атамнай энергетыцы, будуць неабходныя запрошаныя спецыялісты. Квота даволі невялікая: з 2000 будучых працаўнікоў на станцыі замежнікаў будзе да 70 чалавек. У першую чаргу хочуць браць выпускнікоў беларускіх ВНУ.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Высвятляем, што рабіць, калі цябе пабілі ў цёмным закутку, дома, на працы ці на якой-небудзь вясёлай імпрэзе.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».
Псіхадэлічная музыка з глыбокай лірыкай.
Паменшыць шкоду, падвысіць карысць.
Тэматычныя медыя і першыя лэйблы.