Як закрыць ІП?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 06.02.2018
- 9712
Файна, калі ты здолеў(-ла) адкрыць уласны бізнэс. Але ў нашай краіне фінансавыя змены заўжды нечаканыя і часам даволі суворыя. Таму распавядзем табе, як закрыць ІП. На ўсялякі выпадак.
З чаго наогул пачаць?
Абавязкова паведамі ўсім сваім дэбіторам (гэты тыя, хто запазычыў табе) і крэдыторам (тыя, з кім мусіш разлічыцца ты) пра свой намер ліквідавацца. Галоўнае – разабрацца з усімі пазыкамі: перад падатковай, ФСАН, крэдыторамі і супрацоўнікамі (калі яны ёсць).
Гэта не абавязковы пункт, але перад афармленнем закрыцця ты маеш права заключыць дамову з аўдытарамі. Яны дапамогуць табе ацаніць дзейнасць перад выніковымі праверкамі і наогул знізіць верагоднасць іх наступлення. Выбраць аўдытарскую фірму можна тут. Але калі ты ўпэўнены(-ая) ва ўласнай бухгалтэрыі, раім не марнаваць на гэта грошы.
Куды ісці?
У закрыцці ІП няма нічога складанага, тым больш калі ў цябе не было наёмных супрацоўнікаў. Ідзі ў выканкам, дзе ты калісьці пачынаў(-ла) свой шлях іпэшніка(-цы) і атрымліваў(-ла) пасведчанне. Пры сабе трэба мець пашпарт, тое самае пасведчанне ІП, пячатку (калі ёсць), заяву аб закрыцці ІП (форму можна спампаваць тут), а таксама квітанцыю аб аплаце аб’явы ў часопісе «Юстиция Беларуси».
Што яшчэ за «Юстиция Беларуси»?
Гэта афіцыйнае выданне Міністэрства юстыцыі РБ – на яго старонках, паводле заканадаўства, павінны выходзіць аб'явы аб ліквідацыі юрыдычных асоб, у тым ліку і індывідуальных прадпрымальнікаў. За іх кошт, вядома. На момант выхаду гэтай публікацыі такая аб'яўка каштавала 9 BYN. Гайд па змяшчэнні аб’явы глядзі тут. Заяву можна пакінуць анлайн. Толькі не забудзь пазначыць нумар плацежнага даручэння (касавага чэка, квітанцыі). Пазней правер наяўнасць публікацыі звестак аб ліквідацыі твайго ІП на сайце.
Я сабраў(-ла) усе дакументы, заплаціў(-ла) і падаў(-ла) аб'яву. Што далей?
Далей усё будзе разрульваць выканкам. Яны збяруць інфу ў падатковай і ФСАН, ёсць у цябе якія-небудзь запазычанасці ці, наадварот, усё добра.
На працягу 5 працоўных дзён пасля падачы заявы аб закрыцці ты мусіш таксама падаць дэкларацыю ў падатковую – пры ўмове, калі пасля апошняй дэкларацыі ў цябе быў нейкі рух па рахунках. Калі не – можаш не падаваць.
Ці магу я праводзіць нейкія фінансавыя аперацыі пасля таго, як падаў(-ла) заяву аб ліквідацыі ІП?
Толькі звязаныя з закрыццём ІП: аплата падаткаў, разлікі з крэдыторамі і г.д.
Я чуў(-ла), што трэба здаваць нейкія дакументы ў архіў. Гэта так?
Калі ў цябе не было працаўнікоў, то не трэба нічога нікуды здаваць. Калі былі – так, ты мусіш здаць у тэрытарыяльны архіў загады аб прыняцці на працу і звальненні, а таксама ўсе дакументы, звязаныя з заробкамі тваіх супрацоўнікаў.
Што лічыцца канчатковым закрыццём ІП?
Калі запазычанасці ў ІП няма, усе дакументы прадастаўленыя, то рэгіструючаму органу не застаецца нічога, акрамя як выключыць ІП з Адзінага дзяржаўнага рэестра. Праверыць інфу аб выключэнні з АДР можна тут. Усё, you did it! Толькі не забудзь атрымаць даведку аб ліквідацыі ІП.
Вiзуал by Sheeborshee