Як берагчы культурна-гістарычную спадчыну?

  • 23.06.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 7439

Нават калі ў цябе няма сотні тысяч даляраў на тое, каб выкупіць аварыйны маёнтак, і яшчэ сотні – на тое, каб прывесці яго ў боскі выгляд, ты ўсё роўна можаш прыносіць карысць чароўным закідкам. Сабралі адказы на пытанне «Што рабіць, калі на тваіх вачах разбураецца гісторыя?».

 

 Цікаўся будучыняй аб’екта 

Птушка наспявала, што нейкую прыгажосць у тваім раёне плануюць знесці або перашуфляваць? Пацікаўся, навошта гэта і як.

Вось актуальны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей радзімы. Калі дарагі твайму сэрцу аб'ект там ёсць, значыцца, абараніць яго ад бязлітаснага «паляпшайзінгу» будзе прасцей. Калі каштоўнасці ў гэтым аб'екце Мінкульт не бачыць, яе можна пашукаць разам з супрацоўнікамі гар- або аблвыканкамаў. Тэлефануй на гарачую лінію і пытай, што адбываецца: на падставе якіх дакументаў зносяць або рэканструююць будынак, хто за гэта адказвае, дзе азнаёміцца з праектам забудовы? Адразу ж варта падключыць СМІ, блогераў, лідараў меркаванняў.

Калі мост або закінуты храм імкнецца ператварыцца ў пыл, дзейнічай па той жа схеме: тэлефануй на гарачую лінію выканкама з пытаннем, ці плануюць мясцовыя ўлады прытармазіць разбуральны ход часу (табе павінны адказаць); інфармуй журналістаў.

Наогул адзін у полі тут не ваяр. Для поспеху давядзецца шчыльна працаваць з чыноўнікамі, журналістамі, мясцовым насельніцтвам. Падрыхтуйся тлумачыць, уваходзіць у давер, зноў тлумачыць, быць настойлівым(-ай) і класным(-ай).

 

 Скардзіся 

На пляцоўцы няма агароджы? А куды знік пашпарт аб'екта? Бачыш, што «еўрарамонт» пагражае захаванасці будынка? Фатаграфуй любыя парушэнні. Выклікай міліцыю. Трубі ў СМІ. Пішы звароты. Пра тое, як складаць падобныя «дэпешы», мы распісалі вось тут. На звароты дзяржорганы павінны адказваць не пазней за 30 дзён.

Важны момант: скардзіцца лепш не ў адзіночку. На петыцыю, якую падпіша пяць чалавек, чыноўнік нават не паглядзіць, а петыцыя за сотняй-другой подпісаў важыць адпаведна. Лайфхакі па складанні эфектыўных петыцый знойдзеш па спасылцы.

 

 

 Удзельнічай у рамонце або рэстаўрацыі 

Аднаўленнем помнікаў у краіне займаюцца, напрыклад, ГА «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» і Фонд «Краіна замкаў». Звяжыся з гэтымі рабятамі, калі цябе трывожыць будучыня канкрэтнага аб'екта ці ты проста валодаеш рэсурсамі, каб дапамагчы ў іншых добрых справах.

Пагуглі, ці існуе валанцёрскі рух па захаванню «твайго» аб'екта. Далучайся да каманды. Калі ж ніхто на гэтым вектары не валанцёрыць, пачні збіраць людзей сам(-а). І так, не трэба быць экспертам(-кай) або атрымліваць стос дазволаў для таго, каб беражліва прыбраць смецце на закідцы.

 

 Укладвайся 

Мясцовыя ўлады адкрываюць рахункі, куды можна пералічыць грошы на аднаўленне аб'екта. Публікуецца гэта ўсё звычайна на мясцовым жа ўзроўні – у раёнках, часам збор арганізуюць на краўдфандынгавых і фандрайзінгавых пляцоўках (напрыклад, грошы на рэстаўрацыю алтара ў Будслаўскім касцёле амаль сабралі на MolaMola). Цудоўна, калі ты паўдзельнічаеш не толькі ў зборы, але і ў пашырэнні колькасці людзей, якія пра яго ведаюць.

 

 

 Збірай інфармацыю 

Нават калі рэстаўраваць аб'ект ніхто не збіраецца, гэта не значыць, што не збярэцца ў будучыні. А для якаснай рэстаўрацыі важна ўяўляць, як аб'ект уладкаваны. Таму архіўная праца тут неацэнная: манітор інфармацыю, збірай усе апісанні, здымкі і чарцяжы па тэме, рабі ўласныя фатаграфіі.

Можна пайсці далей і звярнуцца да чыноўнікаў з прапановай унесці ў спіс аб'ектаў культурнай спадчыны храм, курган, лецішча паэта, скульптуру, археалагічны цуд. Згодна з Кодэксам аб культуры, выявіць матэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць могуць не толькі прафесіяналы, але і хто заўгодна – па чыстай выпадковасці.

Каб не прыкладаць намаганні дарэмна, на старце азнаёмся з крытэрамі для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці – гл. арт. 92 Кодэкса аб культуры. Калі твая знаходка быццам бы падыходзіць, афармляй пісьмовае апавяшчэнне на адрас мясцовай управы па ўзоры: прозвішча, імя, імя па бацьку; месца жыхарства; звесткі пра тое, што табе ўдалося выявіць.

 

 Распавядай… 

Пра месцы з гісторыяй павінны ведаць людзі, якіх гэтая гісторыя тычыцца – хоць бы па ўскоснай. Сабранай інфармацыяй ты можаш падзяліцца не толькі ў сацсетках, але, напрыклад, і на старонках праекта 34travel Go to Belarus.

 

 ...аднак не правакуй «паломніцтвы» 

Выявіў(-ла) маляўнічыя закінутыя могілкі, бункер у лесе, царкву, пра якую ведаюць толькі рэдкія мясцовыя, дзівосны навясны мост, з дапамогай якога жыхары хутара выбіраюць са свайго кута ў райпошную краму, – падумай, каму трэба пра гэта ведаць. Калі на твой Instagram падпісана тысяча чалавек, уяві, што яны адначасова там апынуцца. Ці вытрымае напор цікаўнасці апублікаваная прыгажосць? Пачытай, калі ласка, калонку рэдактаркі 34travel Юлі Міронавай пра асэнсаваныя падарожжы па Беларусі і не нашкодзь незнарок, нават калі па вялікай любві.

 

 

Матэрыял створаны ў межах кампаніі «Зробім лепш 2020» пры падтрымцы Асамблеі НДА Беларусі.

Фота: palasatka