Бізнэс на каранціне: хостэл Trinity

  • 24.04.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 4929

34 працягвае цікавіцца, як спраўляюцца з «каранакрызісам» любімыя ініцыятывы і праекты. Гасцінічны бізнэс прыняў удар у ліку першых. Як ад гэтага ўдару акрыяць? І што рабіць, калі ў твой хостэл больш не могуць прыехаць, нават калі вельмі хацелі? Пагаварылі з Ксеніяй Курусь – уладальніцай хостэла ў Траецкім прадмесці – пра тое, адкуль чакаць дапамогі і дзе шукаць унутраныя рэсурсы – антыдот трывозе.

 

 Сітуацыя: 

15 сакавіка СААЗ абвясціў пандэмію і краіны сталі закрываць межы. У такой сітуацыі нават першы радок у рэйтынгу TripAdvisor – так сабе дапамога, так што ў Ксеніі і яе каманды было два варыянты дзеянняў: паплакаць у куточку (да яго, вядома, звярнуліся таксама) і рабіць нешта далей.

Прасіць дапамогі – у выглядзе ваўчараў адкладзенага браніравання ці данатаў – ад людзей, якія самі апынуліся без даходаў і без працы, падалося не самым правільным рашэннем. У Trinity вырашылі падтрымаць людзей самі – магчымасцю за параўнальна невялікія грошы пажыць у цэнтры горада: хостэл перайшоў у фармат калівінгу. Калівінг не дазваляе пакрываць выдаткі на ўтрыманне хостэлу і ўвогуле не вельмі падобны да бізнэсу, але дазваляе прыносіць карысць людзям.

Кошт пакоя на месяц – $ 150, $ 200 або $ 250. Зараз амаль усе заселеныя, але варыянты яшчэ ёсць.

 

 

 Рашэнне: 

– Калівінг – ідэя не новая. Усе глядзелі серыял «Сябры»: людзі жывуць разам, у іх ёсць нейкая вялікая агульная зона, дзе яны могуць сустрэцца, і ў кожнага ёсць свой пакой.

Мы знаходзімся ў гістарычным цэнтры Менска, у нас класны дызайн, які рабіў Антон Шаппо. Людзям цікава пажыць за $ 200 у цэнтры ў сваім пакоі, у прасторы з вялікімі, свежымі гасцёўняй і кухняй. У гэтую суму ўключана ўборка нумароў, змена пасцельнай бялізны, паслугі пральні, камуналка, інтэрнэт, паркоўка – увогуле няма ніякіх схаваных плацяжоў. Жыхары Trinity могуць камунікаваць і глядзець фільмы на праектары ў гасцінай, а кожны чацвер у нас бясплатная вегетарыянская вячэра для гасцей: купляем прадукты, разам гатуем, разам ямо.

Мы адразу ж павесілі ўсюды санітайзеры, закупілі антысептычную ўборку два разы на дзень, акрамя звычайнай уборкі. Цяпер думаем аб тым, каб запускаць у вентыляцыю спецыяльную супрацьвірусную штуку. Дарэчы, засяляем мы толькі здаровых, у нас ёсць тэрмометр, каб сачыць за тэмпературай цела.

Да адбору пастаяльцаў падыходзім старанна не толькі ў плане здароўя. Усё ж такі жывём пад адным дахам, таму важна захаваць атмасферу. Цяпер у калівінгу жывуць сцэнарысты, супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея, рэжысёры, графічныя дызайнеры. Гэта рабяты, якім хочацца камунікацыі і ў якіх нараджаюцца цікавыя праекты на фоне новых знаёмстваў. Прыемна, што атрымалася сфармаваць свайго роду арт-рэзідэнцыю.

 

 

 Думкі пра будучае: 

– Цяпер нам няма чым плаціць квартальныя падаткі, і мы чакаем ад дзяржавы хоць бы паніжэння арэнднай стаўкі або адтэрміноўкі плацяжоў, каб перачакаць гэты цёмны час. Я не прашу грошай. Я прашу толькі пачакаць з тым, што я вінна.

Нявызначанасць палохае, але я гуляю тымі картамі, якія мне раздалі. Кожныя выхадныя мы з камандай рабят арганізуем туры ў беларускую глыбінку. Збіраем невялікія групы з 10-15 чалавек, якія хацелі б атрымаць новы вопыт, даследаваць розныя куткі Сінявокай, даведацца шмат новага пра сябе і атрымаць неверагодны зарад энергіі. Ездзім у вёску, а па шляху даследуем старыя разбураныя помнікі архітэктуры і побыту, непаўторныя ландшафты, глядзім на прыроду, спрабуем падсілкавацца энергіяй. Кошт удзелу – 120 рублёў. Сюды ўваходзіць трохразовае харчаванне, пражыванне ў вясковым доме, экскурсіі.

 

 

– Асабіста я не лічу самаізаляцыю эфектыўнай. Я фізічна не магу самаізалявацца, таму што мне трэба працаваць. Вірус страшны ў першую чаргу тым, што падае эканоміка. Людзі не робяць таго, што рабілі раней, і гэта новая рэальнасць, у якой трэба прыдумаць, як жыць.

Фота: з архіва Ксеніі Курусь