Stalag 352: прабелы ў памяці
- Рубрыка: РЭПОРТЫ
- 26.02.2020
- 6974
Лепшых артыстаў хвалюе не толькі мастацтва. На тыдні Святлана Бень запрасіла рэдакцыю 34mag на экскурсію па тэрыторыі былога канцлагера Stalag 352 у Масюкоўшчыне, дзе за гады Другой сусветнай загінулі дзясяткі тысяч чалавек. Эксперты-гісторыкі ўпэўненыя, што тамтэйшая зямля поўная астанкаў, але менеджары горада болей заклапочаныя пра тое, каб хутчэй забудаваць гэтую тэрыторыю шматпавярхоўкамі.
Пашукавік Анатоль Перавядзенцаў і актывіст Арцём Бабоўнікаў распавядаюць пра гісторыю лагера, паказваюць старыя здымкі і знаходкі – рэчы тых, каго жорсткі лёс закінуў у гэтае крывавае месца. Сыплецца колкі снег. Чуваць гул нябачных за хмарамі летакоў.
Коратка: што такое Stalag 352?
У 30-я гады ў Масюкоўшчыне пачалі будаваць вайсковую часць, і ў выніку тут з’явіўся ваенны гарадок на 50 гектараў з жылой, адміністрацыйна-гаспадарчай, паркавай і складской зонамі, а таксама палігонам. Да 1939 года гарадок займала кавалерыйская частка, пасля – 355-ы стралковы полк, які з пачаткам вайны даволі паспяхова абараняў Менск.
У ліпені 1941 года – пад нямецкай акупацыяй – тут пачаў дзейнічаць лагер для ваеннапалонных. Першапачаткова тут размяшчаўся Dulag 126. У жніўні-верасні тэрыторыя перайшла да Stalag 352. Лагер існаваў да 3 ліпеня 1944 года, а потым быў перафармаваны ў лагер НКУС – да 1949 года. Далей тут аж да 2013 года «кватэраваліся» ваенныя.
Ужо да верасня 1941-га ў Stalag 352 звезлі каля 140 тысяч савецкіх ваеннапалонных. Пры гэтым ваенная частка была першапачаткова разлічаная на максімум у 6000 чалавек. Людзям фактычна не было дзе жыць і чым карміцца. Норма выдачы ежы ў 1941-42-м: для непрацуючых – 70-100 хлеба, 350-700 грам баланды, для працуючых – на 300-400 грам больш.
У былой казарме размяшчаўся лазарэт, але эфектыўнасць яго была нізкая: вязні паміралі ад дыстрафіі і паралічу сэрца. Сховішча для агародніны выконвала функцыі карцара, а каля яго сценаў растрэльвалі людзей.
Афіцыйная (яшчэ з часоў «саветаў» і вельмі «на вочка») лічба загінулых у Stalag 352 – каля 80 тысяч. Колькасць ідэнтыфікаваных памерлых – 10452 чалавека.
Што на месцы лагера знаходзіцца цяпер?
Тэрыторыяй запраўляюць не ваенныя, а камунальшчыкі. Частку гістарычных будынкаў здаюць у арэнду, частку – паспяхова дазваляюць знішчыць бязлітаснаму часу.
З будынкаў, якія адносіліся непасрэдна да лагера, захаваліся: дом афіцэрскага складу – цяпер гэта жылы дом на Лынькова, 71; лазне-пральны камбінат – адміністрацыйны будынак на Лынькова, 86, к. 6; казарма / лазарэт – «заброшка» на Лынькова, 111Г; сталоўка – складскі будынак пад пагрозай зносу на Лынькова, 111У; майстэрня – здаецца ў арэнду, Лынькова, 111Е; сховішчы для гародніны з надбудоўкамі 70-х / карцар – «заброшкі» пад пагрозай зносу.
З-пад асфальту сучасных галоўных дарог ваеннага гарадка ў Масюкоўшчыне дзе-нідзе выглядвае брукаванка, якую выкладвалі вязні лагера Stalag 352.
Унікальнасць лакацыі ў тым, што гэта адзіны лагерны комплекс на тэрыторыі былога СССР, які, няхай і не ў лепшым стане, але захаваўся да нашых дзён. Тэарэтычна ў Масюкоўшчыне можна зрабіць нешта накшталт польскага Майданека – музейнага компекса з уцалелымі будынкамі.
Як увекавечаная памяць пра загінулых у лагеры?
У 1964 годзе да 20-годдзя вызвалення Беларусі на месцы пахавання савецкіх ваеннапалонных у вёсцы Глінішчы з'явіўся мемарыяльны комплекс «Масюкоўшчына». Цяпер гэта Менск, вуліца Ціміразева. Адміністрацыя Цэнтральнага раёна сталіцы рэгулярна ладзіць там суботнікі.
У чым праблема?
Мемарыяльны комплекс, што знаходзіцца па другі бок чыгункі, уводзіць людзей у зман: ён замацоўвае ўяўленне, быццам бы лагер знаходзіўся менавіта там. Нават не ўсе, хто жыве паблізу, ведаюць пра гісторыю гэтага месца, таму на тэрыторыі рэгулярна можна сустрэць вясёлыя кампаніі, якія тусуюцца пад шашлычок і музычку. Такая вось «Менская Хрысціянія» на месцы масавых забойстваў.
Не ўсе ахвяры Stalag 352 знайшлі свой апошні прытулак пад Глінішчамі. Наступіў момант, калі яны там проста не змяшчаліся. У 1991 годзе, калі на тэрыторыі лагера будавалі новыя сховішчы для тэхнікі, у зямлі знайшлі чалавечыя астанкі, але гэта не мела ніякага розгаласу. Толькі ў 2016 годзе адзін з тых, хто будаваў сховішча, распавёў пра жудасныя знаходкі журналістам. У выніку сюды быў накіраваны пошукавы батальён, і былі знойдзеныя астанкі 147 байцоў. Іх перапахавалі на мемарыяле на Ціміразева. Але эксперты ўпэўненыя: на тэрыторыі лагера былі і іншыя месцы пахавання.
Згодна з планам, на тэрыторыі былога лагера павінна з'явіцца жылая зона. Актывісты накіравалі ў Мінгарвыканкам петыцыю з просьбай захаваць гістарычныя будынкі і стварыць мемарыяльны сквер на месцы лагера. У лістападзе 2019-га чыноўнікі адказалі: скверу – быць, а будынку казармы «прапануюць наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці». Але мы не першы дзень жывём, ведаем: за выкананнем абяцанняў трэба пільна сачыць. Тым больш будынак казармы проста цяпер знаходзіцца ў вельмі кепскім стане, а рыторыка дзяржаўных СМІ ў публікацыях пра Масюкоўшчыну прыкладна такая: памяць памяццю, але косці паўсюль, што ж нам, зусім жыллё не будаваць?
Гісторыя лагера не вельмі цікавіць афіцыйную ўладу, таму многія гісторыі людзей несправядліва застаюцца ў цені. Вось толькі адна з такіх гісторый: у 1943 годзе 16 ваеннапалонных, якія працавалі ў майстэрні, арганізавалі ўцёкі. Праз унутраную ахову, што складалася з былых вайскоўцаў Чырвонай Арміі – так званых HIWI, уцекачы ўзброіліся двума кулямётамі, некалькімі вінтоўкамі ды патронамі, скралі два бронеаўтамабілі і праз заходнія вароты прарваліся на волю. Двое загінулі ў дзень уцёкаў, астатнія далучыліся да партызанскага атраду, які дзейнічаў у раёне Ждановічы. За смелыя ўцёкі ніхто гэтых байцоў не ўзнагародзіў і нават добрым словам не памянуў.
Як паклапаціцца пра памяць землякоў?
Далучыцца да актывістаў, якія выступаюць за стварэнне мемарыяльнага парка на месцы канцлагера, у ВК ці FB.
Падзяліцца фота- і відэаматэрыяламі, якія звязаныя з ваенным гарадком у Маскоўшчыне, – лісты чакаюць на Masiukovshchina.stalag.No.352@gmail.com.
Напісаць індывідуальны зварот за захаванне комплексу будынкаў на адрас «Минскградо».
Распавесці пра лагер усім, каму здолееш: сваякам, фрэндам у сацсетках, падпісчыкам каналаў і гэтак далей.
Фота: murmurash