Што трэба ведаць пра самаабарону ў Беларусі?

У навінах нярэдка мільгаюць судовыя гісторыі пра людзей, якія апынуліся на лаве падсудных толькі таму, што далі адпор зламысніку занадта няўдала – і той упаў у кому ці аддаў богу душу. Несправядліва? На жаль. Але дзе праходзіць тонкая грань, перакрочыўшы якую чалавек ператвараецца з ахвяры ў агрэсара?

 

Што такое неабходная абарона?

  Закон дае беларусам права на «абарону ад грамадска небяспечнага замаху» (арт. 34 КК РБ), або, прасцей кажучы, неабходную абарону. Каб замах палічылі грамадска небяспечным, ён павінен мець прыкметы крымінальнага злачынства і ў першую чаргу – звязанага з фізічным гвалтам.

  Акрамя таго, усе мы маем права абараняць жыццё, здароўе і правы іншых асоб, а таксама інтарэсы грамадства або дзяржавы.

  Ты не абавязаны(-ая) спрабаваць уцячы, клікаць мінакоў або тэлефанаваць у 102, перш чым уступіць у сутычку з нападнікам. Але па магчымасці – зрабі гэта.

  Калі ты сапраўды абараняў(-ла) сябе, то злачынцам не лічышся – хай нават нападніку ад цябе моцна прыляцела. Праўда, ёсць адно істотнае «але»: нельга выходзіць за межы неабходнай абароны.

  Перавышэнне неабходнай абароны – гэта неадпаведнасць абароны дзеянням зламысніка(-цы). Напрыклад, калі прафесійны спартовец пераломіць нападніку рэбры ці нанясе іншае цяжкае цялеснае пашкоджанне, а сам не атрымае нават драпіны, яго могуць палічыць агрэсарам-зламыснікам. Праваахоўнікі вырашаць, што яго прыёмы былі непамерныя той небяспецы, якая яму пагражала.

 

Што такое цяжкае цялеснае пашкоджанне?

  Гэта пашкоджанне, небяспечнае для жыцця. Або такое, пасля якога чалавек страціў зрок, маўленне, слых, які-небудзь орган або функцыі органа; у выніку якога была перапыненая цяжарнасць; з'явіўся псіхічны разлад або іншае расстройства здароўя, з якім чалавек непрацаздольны як мінімум на траціну; былі траўмаваныя косткі шкілета; моцна знявечаны твар або шыя (арт. 147 КК РБ).

 

Якой зброяй можна абараняцца?

  Да зброі самаабароны ў Беларусі адносіцца (Закон РБ «Аб зброі» 61-З ад 13.11.2001 г.) газавая зброя, газавыя балончыкі, электрашокеры і іскравыя разраднікі. Цалкам забароненая траўматычная зброя і так званыя аэразольныя пісталеты.

  На газавую зброю патрэбны дазвол. На балончыкі і электрашокеры – не. Важна толькі, каб яны адпавядалі патрабаванням Міністэрства аховы здароўя.

  Таксама ты можаш абараняцца іншымі відамі грамадзянскай зброі, калі дакументы на яе ў парадку і ты дзейнічаеш у рамках закона (чытай: у цябе няма выбару).

 

Як завесці газавы пісталет?

  Трэба звярнуцца да інспектара па дазвольнай працы таго органа ўнутраных спраў, да якога «прыпісаны» твой дом. Табе спатрэбіцца медыцынская даведка з паліклінікі пра стан здароўя і даведкі з наркалагічнага і псіханеўралагічнага дыспансераў пра тое, што ты не іх «кліент».

  Пасля куплі газавага «ствала» яго трэба на працягу 10 дзён зарэгістраваць у міліцыі.

  Таксама прыйдзецца набыць кабуру. Газавую зброю і патроны забаронена насіць у кішэнях.

  Важны момант: закон забараняе страляць з адлегласці менш за адзін метр да цэлі, нават калі ты абараняешся.

 

Ці дазваляецца нанесці шкоду злачынцу пры яго затрыманні?

  У кожнага чалавека ёсць права на тое, каб затрымаць злачынца, у тым ліку – у пацярпелых і сведак злачынства (арт. 34 КК РБ).

  Калі ты спрабуеш затрымаць злодзея, гвалтаўніка або забойцу, ты маеш права зрабіць гэта з ужываннем сілы, але, зноў жа, твае дзеянні павінны быць суразмерныя сітуацыі. Нельга страляць на паражэнне ў бяззбройнага або збіваць чалавека, які ўжо ляжыць на зямлі і не аказвае ніякага супраціву.

  Калі ты пакалечыш зламысніка ў момант затрымання, а на думку праваахоўнікаў, можна было абысціся і «меншай крывёю», цябе будуць судзіць.

 

Якое пакаранне пагражае за перавышэнне межаў неабходнай абароны?

  За наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання могуць пакараць грамадскімі працамі, штрафам, папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года, арыштам на тэрмін да трох месяцаў або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў (арт. 152 КК РБ).

  Забойства, здзейсненае ў гэтых абставінах, караецца папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, абмежаваннем волі на той жа тэрмін або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў (арт. 143 КК РБ).

  Калі пры затрыманні злачынца ты наўмысна нанясеш яму цяжкае ці менш цяжкае цялеснае пашкоджанне, то пакараннем могуць быць грамадскія працы, штраф, папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, арышт на тэрмін да трох месяцаў, абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў (арт. 151 КК РБ).

  Калі ты перавысіш меры, неабходныя для затрымання злачынца, і той у выніку загіне, інцыдэнт будзе кваліфікавацца як забойства. Магчымае пакаранне – абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў (арт. 142 КК РБ).

 

Агульныя рэкамендацыі

  Калі можаш не ўступаць у сутычку, не ўступай у яе. Дамаўляйся. Або бяжы.

  Калі сутычкі не пазбегнуць, спрабуй дзейнічаць мінімальнымі сродкамі абароны.

  Калі нападнікаў некалькі, ты можаш абараняць сябе суразмерна дзеянням самага небяспечнага з іх.

  Старайся прыцягнуць увагу мінакоў, каб у цябе былі сведкі.

  Пры першай жа магчымасці выклікай міліцыю.

  Выкарыстоўвай толькі дазволеныя сродкі самаабароны.

  Не даставай зброю, калі не гатовы(-ая) ёй скарыстацца.

  Калі ты прычыніў(-ла) шкоду здароўю тых, хто нападаў, то па магчымасці выкліч «хуткую» і паспрабуй аказаць першую дапамогу.

Iлюстрацыя by Sheeborshee