Як зафакапіць ідэю на мільён?
- Рубрыка: MEDIASCAPE
- 05.07.2019
- 4617
Бясстрашны дэсант 34mag адправіўся на адукацыйна-актывісцкі фестываль «Страшное дело» і разведаў, як дамагчыся таго, каб самае цудоўнае мерапрыемства правалілася яшчэ на старце. Кіруйся нашымі парадамі – і будзь упэўнены(-ая): твая ідэя на мільён згарыць дашчэнту, як сталіца Вестэроса па раптоўным загадзе Дэйенэрыс Таргарыен.
Як падрыхтавацца?
Не гуглі, ці рабілі штось падобнае раней. Напэўна ж не.
Калі нехта дасведчаны прапануе табе дапамогу, забань гэтага выскачку: ён хоча адціснуць твае лаўры.
Загадзя купі шмат віна (ну, ці ківі для смузі), каб адзначыць поспех мерапрыемства. Зэканом дзеля гэтага на памяшканні, да якога можна дабрацца без дзвюх перасадак.
![]()
Як выбраць фармат?
Стаў на правераную класіку. Што можа быць весялей за лекцыю? Не, ну праўда, што? Хіба што дзве лекцыі запар.
Калі хочацца размаху – рабі адразу фестываль. І абавязкова ўсё сам(-а): ты ж лепш за ўсіх і расплануеш, і спікераў сустрэнеш, і афішу намалюеш, і на ўваходзе пасядзіш, і гарбатай усіх заправіш.
Наогул ідэальна, калі твой фестываль будзе складацца з лекцый.
.jpg)
Як расказаць пра сябе?
Не стварай шуму. Раздай на вуліцы 20 улётак-запрашэнняў на мерапрыемства – і годзе. Усе гэтыя людзі абавязкова прыйдуць, прывядуць з сабой радню да трэцяга калена і суседзяў у прыдачу. Аншлаг намячаецца!
Прыдумай, як бы яшчэ абмежаваць колькасць патэнцыйных удзельнікаў. Напрыклад, зрабі івэнт закрытым, толькі для сяброў.
Пастарайся не занадта тлумачыць. Людзі на канапах толькі таго і чакаюць, каб іх запрасілі ісці кудысьці паслухаць нешта. Па дарозе яны з задавальненнем падключацца да суботніка ў імя чагосьці, падпішуць пяць петыцый супраць чагосьці і накраўдфандзяць на нешта заадно.
Не гавары, колькі будзе доўжыцца мерапрыемства, што людзі ад яго атрымаюць і як змогуць прымяняць. Гэта лішняе.
Дай у тэксце больш эмоцый і драмы. Людзі любяць драму.
Месца правядзення івэнта лепш рассакрэціць за гадзіну да івэнта.
Ні за што не расказвай пра свае мерапрыемства журналістам.
Калі журналісты нічога не напішуць пра тваё мерапрыемства, зрабі ў Facebook сумны пост пра тое, што «СМІ пляваць на нешта па-сапраўднаму важнае...».
![]()
Як усё крута арганізаваць?
Наогул нічога не плануй.
Самае важнае адкладай на потым.
Спі не больш за тры гадзіны ў суткі. Джэферсан па дзве спаў, але ты менш дасканалы(-ая), вядома.
Грошы ў івэнт укладвай толькі свае. На крайняк займі ў мамы.
Калі да рэалізацыі ідэі трэба падключыць дзяржаўныя арганізацыі, пішы ім лісты за тры дні да. Яны, вядома, натхняцца тваім энтузіязмам і забудуць, што ў іх стылі – адказваць месяцамі.
Зрабі ўсё сам(-а). Людзям доўга тлумачыць. І яны ўсё роўна зробяць не так, як трэба.
Калі без валанцёраў ніяк, то хаця б абыходзься з імі максімальна жорстка. Хай памятаюць, хто тут галоўны(-ая).
.jpg)
Што рабіць па завяршэнні?
Не пытайся ў людзей, як ім мерапрыемства. Калі вельмі хочацца, удакладні: «Вам спадабалася ці вы ў захапленні?»
Не ўдакладняй, што можна было зрабіць па-іншаму. Каму трэба па-іншаму – хай самі і робяць.
Калі на івэнт ніхто не прыйшоў, расчаруйся ў чалавецтве канчаткова. І ніколі нічога больш не рабі.
Калі ўсё ж захочаш зрабіць нешта зноў, ні за што не аналізуй тое, што адбылося! Проста паўтары. Абавязкова атрымаецца, ага.
Мануал часткова заснаваны на рэальных кейсах ініцыятыў, прадстаўленых на вечары Fuck Up Night.