Як зрабіць паспяховы краўдфандынг?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 07.02.2020
- 6536
Першы раз запускаеш краўдфандынг і панікуеш, што правалішся яшчэ на этапе запуску? Або, наадварот, упэўнены(-ая), што дастаткова толькі скантачыцца з платформай, а далей – грабі бабло шуфлем? Keep calm. Каб не набіваць гузы, якія набівалі дзясяткі рабят да цябе, чытні парады ад стрэляных вераб’ёў талакі: у іх усё атрымалася.
Паліна Лахманенка
VEHA – фотакніга «Найлепшы бок»
Выстава «Amy Winehouse: Family Portrait»
«Бязмежная»
Dog-friendly таксі
Дзмітрый Брушко
Андрэй Архіпенка
Наталля Ляванава і Алена Козак
Каця Цікота
Як дакруціць ідэю?
Дакладна сфармулюй, што, для каго і навошта ты робіш. Раскладзі ўсё па палічках – і табе будзе прасцей распавядаць пра праект усім, каму гэта можа быць цікава.
Падумай над тым, як пашырыць кола зацікаўленых асоб. Інфармацыя пра запіс новага альбома, вядома, прыцягне верных фанаў, але калі на пласцінцы будзе песня ў падтрымку кітоў, то рэліз становіцца значным для куды больш шырокага кола слухачоў. Сінк эбаўт іт.
Простымі словамі данясі да людзей, што зменіцца ў іх жыцці, калі праект адбудзецца. На краўдплатформах куча заклікаў «падтрымайце кнігу!», але далёка не заўсёды зразумела, чаму гэтая кніжка вершаў з дурнымі рыфмамі заслугоўвае рубля, нават не будучы выпушчанай.
Паліна Лахманенка:
«У выпадку з dog-friendly таксі мы выкарыстоўвалі краўдфандынг не толькі як класны і зручны інструмент збору сродкаў, але і як магчымасць зразумець: ці адклікаецца ідэя ў людзей? Хто з'яўляецца мэтавай аўдыторыяй праекта? Сапраўды гэта камусьці патрэбна або гэта проста наша фантазія?»
Дзмітрый Брушко:
«Можна прыдумаць нейкую рэч, якая патрэбная тром людзям ва ўсім свеце, – і шанцаў, што краўдфандынг будзе паспяховым, няшмат. Але калі ты асэнсоўваеш, што ты робіш, то можаш запакаваць сваю ідэю ў іншую дзеля таго, каб зрабіць свой прадукт цікавым для больш шырокага кола. Нашай мэтавай аўдыторыяй былі людзі, якія цікавяцца фатаграфіяй, журналістыкай і гісторыяй. Проста фотаальбом аднаго аўтара ім мог быць нецікавы, а фотаальбом, якога не было, пра краіну, якой не было i яна з’явілася, – гэта іншае».
Каго клікаць у каманду?
Каманда мары – людзі, якія гараць ідэяй разам з табой.
Крута, калі ў цябе ў камандзе будуць людзі з рознымі скіламі: капірайтар напіша шаманскі тэкст, дызайнер забабахае візуал, якім захочуць дзяліцца, ну а годны піяршчык залезе ў любую дзірку без мыла.
Зусім выдатна, калі нехта возьме на сябе функцыі проджэкт-менеджара – чалавека, што кіруе працэсамі і штурхае людзей, якія пракрастынуюць.
Супер, калі завабіш у ваш «штаб» чалавека, які(-ая) ужо краўдфандыў(-ла): у такіх рабят ёсць сувязі і пэўны крэдыт даверу.
Паліна Лахманенка:
«Зрабіць праект паспяховым дапамагае зладжаная праца ў камандзе. Звяно, якое ўсіх яднае, – проджэкт-менеджар. Гэты чалавек кіруе ўсімі працэсамі і піхае людзей, калі яны нешта забыліся зрабіць. Прафесійны піяршчык дапаможа прыдумаць спецпраект для СМІ або калабарацыю з іншымі медыяплатформамі. Пажадана, каб у вас быў капірайтар, які зможа падрыхтаваць рэкламныя пасты для сацсетак, прэс-рэліз ці натыўны матэрыял. І, вядома ж, SMM-спецыяліст – чувак, які працуе ў звязку з піяршчыкам па распрацоўцы камунікацыйнай стратэгіі, каб кантэнт у сацсетках быў звязаны з асноўнымі піяр-актыўнасцямі. Пажадана, каб ён валодаў шайтанскім мастацтвам таргетынгу. Вялікім плюсам будзе наяўнасць у камандзе дызайнера. 80% людзей успрымаюць інфармацыю праз візуал, таму вельмі важна, каб краўдкампанія і ўсе спадарожныя матэрыялы былі прыгожымі і канцэптуальнымі. А яшчэ вельмі крута, калі вам дапамагае менеджар па прадакшане. Яго задача – знайсці класнага падрадчыка, які якасна зробіць падарункі бэйкераў па лотах, што яны набылі».
На што звярнуць увагу перад стартам?
Плануеш шукаць спонсара – рабі гэта загадзя. Кампанія павінна ўпісаць падтрымку краўдфандынгу ў свой бюджэт, а ты павінны(-а) упісаць пажаданні кампаніі ў свае прыкідкі.
Выбірай платформу, вывучыўшы ўсе яе правілы. Якія спосабы аплаты прапануюцца? Які працэнт платформа забярэ ў свой кашалёк? Ці абавязкова сабраць 100%, каб атрымаць сродкі?
Сур’ёзна ўсё закалькулюй, каб ведаць, колькі дакладна грошай спатрэбіцца на праект: на рэалізацыю тваёй задумы, на стварэнне лотаў, а таксама на іх дастаўку (паштоўкі ў Новую Зеландыю абыходзяцца нятанна).
«Диафильм Live»:
«Мы думалі пра тое, што калі збярэцца з 4 тысяч 3,5, то мае сэнс далажыць гэтыя свае 500 рублёў. Так, гэта менш, чым мы планавалі, але гэта ўжо дастаткова для таго, каб нешта рабіць. Трэба разумець, што можа быць нейкая сума, якую ты будзеш дакладваць сам(-а), – і ў гэтым няма нічога крамольнага. Ёсць людзі, якія разам з намі жадаюць, каб праект рэалізаваўся. І не хочацца сказаць: “Соры, рабят, мы не сабралі 10%, таму нічога не будзе».
Як выбіраць даты і як прыдумляць лоты?
Зручней за ўсё прывязваць старт ды фініш краўдкампаніі да нейкіх варушнякоў ці падзей, што могуць паслужыць інфанагодай. Ладзіш фемінісцкі панк-лагер? Ну дык сама Клара завяшчала абвясціць пра збор 8 сакавіка.
Май на ўвазе, што людзі актыўней данацяць, калі атрымліваюць зарплату, а здараецца гэта звычайна ў дзясятых чыслах месяца.
Мёртвы грашовы сезон – першыя месяцы пасля лета: людзі ўжо спусцілі свае кроўныя на Чарнагорыю.
Калі прыдумляеш лоты, зрабі варыкі і для нарцысаў, якія жадаюць завалодаць нейкай рэччу ці атрымаць яскравае ўражанне ў адзін твар, і для альтруістаў, якія хутчэй зробяць нешта для іншых.
Прыдумай так, каб знайшліся лоты для людзей з самымі рознымі фінансавымі магчымасцямі. Што, складана стыкеркоў накляпаць?
Каця Цікота:
«У чым наогул каштоўнасць лотаў, для чаго яны ствараюцца? Калі чалавек носіць футболку або паясную сумку "Бязмежная", у яго ёсць адчуванне таго, што ён мае дачыненне да сацыяльнага праекта. Людзі робяць разам адну вялікую справу, і лот – гэта добры напамін, што ты быў(-ла) вось у гэтай звязцы. Калі чалавек носіць такія рэчы, гэта таксама падтрымка – індыкатар, што да ініцыятывы не ставяцца абыякава».
Паліна Лахманенка:
«Калі мы прыдумлялі лоты okidog, то спачатку прапаноўвалі тыя варыянты прадуктаў, на якія і збіралі грошы праз краўдфандынг: налепку «з сабакам можна» і dog-friendly наборы ў аўтамабіль. Потым мы крыху перапрацавалі канцэпцыю і дадалі сацыяльнай складнік. Так, у межах кампаніі можна было купіць dog-friendly наборы і падарыць іх прытулку для жывёл. Гэты лот быў запатрабаваным, таму што не заўсёды чалавеку самому бывае нешта трэба, але ён хоча быць датычным да нейкай добрай справы».
«Диафильм Live»:
«У нас быў канцэртны паказ, дзе мы выконвалі многае з таго, што павінна было ўвайсці ў альбом. Там мы і абвясцілі пра пачатак краўдфандынгавай кампаніі і там жа раздавалі флаеры са спасылкай на старонку праекта. У нашым выпадку гэта лепшы інструмент працы з публікай – адкрытыя канцэрты і выступленні, жывы кантакт з аўдыторыяй».
Шум, шум, шум
Дагрукайся да СМІ. Шукай інфанагоды, прапануй інфанагоды, стварай інфанагоды ў межах свайго праекта.
Шукай суполкі і каналы, дзе сядзіць твая аўдыторыя, і дамаўляйся наконт калабарацый ды рэпостаў.
Чэкай, што пішуць пра краўд. Не саромейся ветліва прасіць нешта паправіць і дадаць лінкі.
Спрабуй выйсці за межы свайго ўтульнага гуртка. Папрасі рэпоста ў тых фрэндоў на FB, якія варацца зусім у іншых тусовачках і займаюцца працай, што максімальна далёкая ад тваёй.
Звычайна самы вялікі прыток данатаў здараецца напрыканцы кампаніі. Прыкметна звініць у скарбонцы і на старце. Але нагадваць аўдыторыі пра тое, што робіцца нешта вялікае, трэба на працягу ўсяго збору сродкаў. Дасылай напамінкі ў сацсетках і па мэйле.
Лідары меркаванняў сёння вырашаюць амаль усё. Не бойся пісаць людзям з гучнымі прозвішчамі, распавядаць ім пра праект і прасіць інфармацыйнай падтрымкі. Раптам ім адгукнецца?
Добрая ідэя – калабы з папулярнымі брэндамі. Людзям прыемна насіць модную цішотку, якая яшчэ і нагадвае пра іх уключэнне ў нейкую важную справу.
Выходзь на сваю аўдыторыю ў афлайне пры любой магчымасці.
Андрэй Архіпенка:
«Я звярнуўся па інфармацыйную падтрымку да Юрыя Зісера. Ён некалькі разоў рабіў пост, што ідзе збор сродкаў. І менавіта тады СМІ заўважылі праект і пачалі пісаць. Задзейнічанасць публічных асоб палягчае працу са СМІ, бо не ты шукаеш, чаму пра кампанію варта пісаць, а СМІ зацікаўленыя пісаць самі. І няма розніцы, якія палітычныя ў цябе погляды, калі гэтую ініцыятыву варта падтрымаць. Аднойчы раніцай адкрываю Talaka і бачу: кампанію падтрымаў Алег Гайдукевіч, старшыня ліберальнай партыі. Заходжу на Facebook, а там пост, дзе ён заклікае іншых палітычных лідараў падтрымаць збор. Так, у нас розныя палітычныя погляды, але ён пайшоў на сустрэчу і падтрымаў. Краўдфандынг аб’ядноўвае».
Back in 1323:
«Мы звязваліся са знакамітымі людзьмі з Ліды, каб дамовіцца пра інфармацыйную падтрымку. Рабілі фота з лідскімі ў нашых цішотках для нашых старонак у сацыяльных сетках – і кампанія была болей заўважнай для людзей. Саша Аўдзевіч пагадзіўся і распавёў у сябе па сацсетках пра нашу кампанію, пакінуў у інстаграме спасылку на “Улей”. У Ягора Тубялевіча быў невялічкі розыгрыш постараў, каб падтрымаць інфармацыю пра кампанію. Таксама мы заязджалі да Паўла Белавуса».
Дзмітрый Брушко:
«Людзі недзе жывуць, нешта ядуць і нешта апранаюць. Гэта тры асноўныя рэчы, пра якія трэба памятаць, калi ствараеш лоты i думаеш пра “прасоўванне” праекта. Мы зладзілі супольную працу з беларускiм брэндам LSTR: зрабілі невялікую партыю цішотак з фотаздымкамі Сяргея Брушко, якiя ўвайшлi у “Змену”. У LSTR свая добрая група пакупнікоў, якія таксама даведаліся пра “Змену”, – такія супольныя працы прыносяць праекту пазнавальнасць».
Паліна Лахманенка:
«У межах кампаніі VEHA мы выпускалі кнігу пра беларускую традыцыю фатаграфавання на фоне посцілак і дываноў. Адна з калекцый была без подпісаў людзей на здымках. Так у каманды ўзнікла ідэя прапанаваць анлайн-часопісу “Імёны” з'ездзіць у вёску, дзе былі знойдзеныя гэтыя фатаграфіі, паспрабаваць знайсці сваякоў гэтых людзей і падрыхтаваць матэрыял».
І самае галоўнае...
Памятай: калі сума сабраная, краўдфандынг-кампанія толькі пачынаецца. Бо табе трэба зрабіць з гэтымі грашыма тое, чаго ад цябе чакаюць.
Back in 1323:
«Мы плануем мерапрыемства ў Лідзе 8 лютага, дзе прыгожа падвядзём вынікі кампаніі. Важна зрабіць усё на добрым узроўні, ад выдачы лотаў да публікацыі справаздачы, бо гэта ўплывае на рэпутацыю, што вельмі важна для тых ініцыятыў, якія толькі пачынаюць сваю дзейнасць. Гэта складаецца нават з дробязяў: напрыклад, мы выдаткавалі больш часу, але зрабілі рассылку спонсарам на дзвюх мовах – тыя, хто пісаў імя і прозвішча па-беларуску, калі падтрымліваў праект, атрымалі імэйл з падзякай на мове, нягледзячы на тое, што кампанія была цалкам па-руску. Гэтых людзей было зусім няшмат, але спадзяюся, што хоць трошачкі, ды ім было прыемна».