Бадай, Loft Cafe яшчэ дагэтуль памятае дабрачынны вечар Belarus in Africa, які адбыўся на пачатку чэрвеня. Гарачы, як пясок Стоўн-Таўна, афрабіт ад беларуска-нігерыйскага гурта Afrococoa, палымяныя паўднёвыя скокі, традыцыйны handmade-кірмаш – складана ўявіць, што ўсё гэта арганізавала адна бялявая дзяўчына, якая і жыве-то не на Радзіме. Саша Папчанка з дапамогай сяброў і аднадумцаў ужо трэці раз зладзіла вечар, прысвечаны гарачай Афрыцы, дзе жыве і працуе цягам двух гадоў.
Шлях да Афрыкі ў Сашы быў паступовым, але з цікавымі развілкамі. Перад гэтым яна вандравала па праграме Work and Travel у Амерыку, рабіла EVS у Фінляндыі і Англіі ды проста адкрывала для сябе Еўропу. Дзяўчына скончыла журфак па спецыяльнасці «інфаком», а потым махнула ў Лондан на стажыроўку. Арганізацыю знайшла сама, падала рэзюмэ. Мультыкультурная англійская сталіца падарыла добры стос сяброў, якія не на жарт зацікавілі дзяўчыну паўднёвым кантынентам, бо там вандроўкі ў Афрыку надзвычай папулярныя. Тыдзень у турыстычнай Гамбіі толькі распаліў апетыт да паўднёвага кантынента – са сваімі спецыфічнымі культурнымі норавамі, сонцам і спякотай.
Палкія стасункі з Афрыкай пачаліся. Але як жа вярнуцца туды зноў? І надаўжэй! Саша не разгубілася. У інтэрнэце знайшла валанцёрскую арганізацыю ў Гане Help The African Child Foundation і наўпрост з ёй звязалася. Дзяўчыну згадзіліся прыняць і дапамагчы з візай, але забяспечвала яна сябе сама цалкам. Рэч у тым, што на ўтрыманне замежных валанцёраў у афрыканскіх арганізацый проста няма грошай, гэта табе не па EVS паехаць, бо галеча – рэальны стан Афрыкі.
«Афрыка паказала мне, наколькі мы, белыя людзі, жывем у лепшых умовах, наколькі мы прывілеяваныя, – кажа ў скайп-размове з Афрыкі Саша. – Ганская школа, дзе я валанцёрыла, уяўляла сабой звычайны навес, пад якім размяшчалася некалькі сталоў. І вось прама за гэтымі сталамі дзеткі гулялі, елі і нават спалі. У мае абавязкі ўваходзіла даглядаць за імі, прыдумваць розныя актыўнасці і забаўкі. Калі час надыходзіў для дзённага сну, дзеці проста складвалі ручкі і клаліся спаць літаральна там, дзе іх напаткае “гадзіна сну”. Гэта цалкам адрозніваецца ад нашага рытуалу ў дзіцячых садках з пераапрананнем, рассціланнем ложка і дзіцячых істэрык на гэты конт».
«Афрыка паказала мне, наколькі мы, белыя людзі, жывем у лепшых умовах, наколькі мы прывілеяваныя»
Гэтыя тры месяцы валанцёрскага вопыту ў Гане, дзе любяць даваць імёны па днях нараджэння (Саша была Аўторкам, ці Abena па-ганійску), і заклалі далейшыя адносіны дзяўчыны з Афрыкай. Гэта быў пачатак рамана на ўсё жыццё. Пасля Танзаніі і яе архіпелагу Занзібар, а потым Кеніі з арганізацыяй «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў» Сашу не адпускала думка, як затрымацца на кантыненце даўжэй. І дзяўчына прыдумала!
Адзіным выйсцем трапіць у Афрыку была праца, якая б давала сродкі на жыццё ў гэтай краіне. Два гады мінула пасля валанцёрства, і Саша нарэшце знайшла арганізацыю ў Нігерыі, якая згадзілася прыняць яе на працу. Цяпер Саша працягвае працу ў Нігерыі ў якасці business developer – чалавека, які распрацоўвае стратэгіі развіцця бізнэсу і яго прасоўваннем на рынку. Адначасна дзяўчына валанцёрыць у той самай дабрачыннай арганізацыі Beyond The Classroom Foundation, што ўжо на працягу пяці гадоў дапамагае бедным школам з дзецьмі, чые бацькі не могуць пра іх паклапаціцца.
«Калі час надыходзіў для дзённага сну, дзеці проста складвалі ручкі і клаліся спаць літаральна там, дзе іх напаткае “гадзіна сну”»
«Што характарызуе гэтыя школы? Беспрасветная галеча. Але, мабыць, менавіта ў Афрыцы, дзе палову насельніцтва складаюць непаўналетнія, дзецям жывецца цяжэй за ўсё, – уздыхае Саша. – Нярэдкія тут і крадзяжы дзяцей, за якіх потым просяць немалы выкуп, – так здарылася ў маіх знаёмых. Само жыццё ў нетрах афрыканскіх пыльных вуліц – гэта бясконцы цыкл. Тут дзеці растуць без адукацыі, пазней заводзяць сваіх дзяцей, якія таксама вымушаныя жыць у трушчобах. І гэтае замкнёнае кола, вераць тутэйшыя валанцёры, парве толькі адукацыя. Кожны год мясцовыя неабыякавыя людзі (звычайна студэнты) абіраюць адну са школ, дзе малыя маюць патрэбу ў дадатковай дапамозе. Яны збіраюць сродкі для забеспячэння іх самым неабходным для вучобы. Стандартны набор – партфель, пяць падручнікаў, сшыткі, алоўкі, дзве пары шкарпэтак – абыходзіцца ў 10 даляраў. Акрамя таго, валанцёры праводзяць факультатывы і робяць рамонт у школах. Адзінае, што тут просяць ад бацькоў, – гэта 1 седзі (0,65 даляра) на дзень на харчаванне дзіцяці».
Першая Belarus in Africa была прысвечана будаўніцтву школы ў адным з самых няшчасных раёнаў ганскай сталіцы Акра – трушчобаў Агбаблашы з найбуйнейшай звалкай адкідаў. Тут мясцовыя жыхары паляць драты і непрыдатную электроніку, каб атрымаць медзь і іншыя каштоўныя металы, а пастаянныя пажары прыводзяць да выдзялення небяспечных для здароўя таксінаў. Belarus in Africa 2 і 3 тычыліся ўжо Нігерыі, а менавіта – яе буйнейшага горада, 20-мільённага Лагаса, дзе людзі жывуць абсалютна па-рознаму: па адной і той жа вуліцы каціць апошняя версія Porsche Cayman і крочыць у школу басаногі хлопчык з падручнікамі ў цэлафанавым пакеце.
«Мне добра сярод гэтых людзей, якія могуць проста так пачаць спяваць на вуліцы»
Навошта ехаць на іншы кантынент, каб аддаць свой час незнаёмым дзецям, ды яшчэ ў месца, дзе ад спякоты зліпаюцца вочы, пастаянна адрубаюць электрычнасць і ваду, усё хутка пакрываецца пылам, жудасныя дарогі, а традыцыйная страва мае назву «фуфу»? «Мой вопыт зрабіў мяне больш адкрытай, талерантнай. Калі ты бачыш іншае, што цалкам адрозніваецца ад цябе, кожны дзень – яно паступова становіцца часткай тваёй рэальнасці. Будучы хутчэй індывідуалісткай з Захаду, якая пакінула сям’ю і сяброў, каб вандраваць, валанцёрыць і працаваць самастойна, я спачатку не разумела мясцовыя каштоўнасці, дзе чалавек разглядаецца не як адзінка, а як частка кам’юніці, грамады, племені. Чалавек тут – перш за ўсё частка калектыву. Але змяняюся не толькі я. Кругагляд тых дзетак, з якімі я сутыкалася, таксама пашыраўся, бо для іх пабачыць замежніка – вялікае дзіва і незвычайны вопыт. Але, канешне, гэта цалкам залежыць ад самога чалавека, бо я ведаю беларуску, якая прыехала сюды разам з мужам па камандзіроўцы і дагэтуль глядзіць на мясцовых з пагардай».
«Зараз я на ростанях, – працягвае Саша. – Праект, над якім я працую ў Нігерыі, ужо хутка скончыцца, і трэба думаць, што рабіць далей. Мне надакучыла мая праца, і хочацца пачаць свой бізнэс, сваю справу, якая, хутчэй за ўсё, будзе зноў звязана з камунікацыяй і рэкламай. Але тое, што Афрыка стала маім месцам, – гэта ўжо дакладна. Мне добра сярод гэтых людзей, якія могуць проста так пачаць спяваць на вуліцы, у офісах і паказаць характар, нагрубіць. Таму я тут і пакуль не збіраюся адсюль з’язджаць».
Саша плануе працягваць мерапрыемствы Belarus in Africa, таму, калі ты таксама захапляешся культурай гэтага спякотнага кантынента і хочаш неяк дапамагчы праекту сваёй ідэяй ці энергіяй, звяртайся сюды.
А гэта Сашына сяброўка Сінція Мукендзі, якая дапамагае тым, хто жадае адправіцца ў Афрыку на практыку ці валанцёрыць, – сайт, FB.
Чытай і натхняйся таксама Сашынымі нататкамі з падарожжаў.
Дразды, «Менск-Арэна», Нацбібліятэка і яшчэ дзясятак месцаў, ад якіх можна пазбавіцца без шкоды для ідэальнага Менска.
Фотасправаздача з хэлоўінскіх тусовак у «Хулігане», «ДК» і «Корпусе 8». Boo!
Татьяна Кликун, участница Mikkeller Running Club Minsk, – о правилах бега на длинные дистанции.
Абракадабра, в которую хочется вернуться.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.