Як падрыхтаваць кватэру да ператрусу?

  • 10.11.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 13257

У звычайным жыцці ператрусы здараюцца ў людзей, падобных да злачынцаў. Калі ж уявіць сабе фантастычную краіну, у якой за кратамі сядзяць журналісты, лекары, кандыдаты філалагічных навук, музыкі, заслужаныя спартсмены і вядучы «Калыханкі», то і ў чарзе на ператрус тут можа аказацца любы(-ая). На выпадак, калі трапіш у такі дзіўны край, глянь наш артыкул пра юрыдычны складнік ператрусавага працэсу і прымі да ўвагі парады ніжэй. Пры падтрымцы экспертаў па чысціні з клінінгавай кампаніі «Чысты кіт» распавядаем пра тое, як тэхнічна падрыхтаваць да візіту «гасцей» сваю двушку або офіс.

 

  Галоўны прынцып: паглядзець на ўсё вачыма следчага. А глядзіць ён прыкладна так: усё, што закрыта, можна адкрыць, а ўсё, што падаецца інтрыгуючым, можна забраць з сабою.

 

  Асабліва інтрыгуючымі, як правіла, падаюцца мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, жорсткія дыскі, флэшкі і іншыя носьбіты інфармацыі. Таму паклапаціся пра тое, каб важная і адчувальная інфармацыя была загадзя зашыфраваная, а ўваход у прылады – запаролены. Лаві лайфхакі па digital-бяспецы – нешта ды спатрэбіцца.

 

  Важна загадзя зрабіць копіі дакументаў і іншых файлаў, што патрэбныя табе для працы і/або актывізму. Невядома, як хутка твой лэптоп да цябе вернецца. Дублюй працоўную інфармацыю, захоўвай яе ў надзейным месцы – па-за домам.

 

  Пацікаўся, што пыліцца ў старых гаджэтах. Чэкні гэтыя файлы на «падазронасць». Дбай, калі ласка, не толькі пра сябе: нашкодзіць бліжняму(-ей) праз неахайнасць – грэх асабліва непрыемны.

 

  Паролі ты па законе паведамляць не абавязаны(-ая). Але гэта не адмяняе правіла бон-тон у 2020-м – чысціць чаты амаль з той жа інтэнсіўнасцю, што і зубы.

 

  Увесь інфаклінінг трэба ажыццяўляць дужа загадзя. Любыя дзеянні па змяненні ці выдаленні інфы на вачах у следчых могуць трактавацца як перашкода расследаванню.

 

 

  Падчас ператрусу тэлефон, як правіла, адбіраюць адразу (таксама могуць адключыць мадэм). Сімку, аднак, ты можаш папрасіць табе пакінуць. У гэтым выпадку з'явіцца шанец хутка памяняць важныя паролі, калі «госці» сыдуць.

 

  Тэма з сейфам, таямнічым пакоем ці сакрэтнай схованкай у лёхах не жыццяздольная. Не адкрыюць, дык паламаюць. Лепш адразу зрабіць так, каб тое, што павінна ляжаць у сейфе, не ляжала ў хаце ўвогуле.

 

  Але нядрэнна б загадзя прыдумаць зацішнае месца, куды можна было б імгненна схаваць тое, што табе важна, – напрыклад, другі тэлефон. Далёка не заўсёды ў доме абшукваюць кожны сантыметр. Але наўрад ці ты паспееш прыдумаць зацішнае месца непасрэдна ў сітуацыі, калі ў дзверы грукаюць людзі, якіх цікавіць, што за патэрны для сваіх навалачак ты выбіраеш.

 

  Бчб-сцягі, футболкі з «Пагоняй», стыкеры дваровых супольнасцей і падобныя прадметы, ніякім законам не забароненыя, забяруць у цябе з верагоднасцю 99,9%. Таму асабліва дарагія сэрцу штукі, накшталт нумара «Народнай волі» з 1995-га, у кватэры лепш не трымаць.

 

  Буйныя сумы грошай выклікаюць пытанні. Верагоднасць, што патраціць іх атрымаецца няхутка, высокая. Часам адбіраюць таксама банкаўскія карткі, але іх хоць бы перавыпусціць можна – з грашыма так не працуе.

 

  Знішчай паперкі. У жыцці кожнага чалавека рана ці позна надыходзіць дзень, калі ён выразна разумее, што большасць чэкаў і дакументаў зусім неабавязкова захоўваць у аналагавым выглядзе. Лічы, што для цябе гэты дзень – сёння.

 

 

  Уважліва прагартай ўсе нататнікі, пераглядзі тэчкі з паперкамі. Калі нешта выклікае сумнеў, значыцца яно сумнеўнае.

 

  Адчувальнай інфармацыі не месца ў смеццевым вядры. Ёй лепш фізічна ў тваім доме не прысутнічаць.

 

  Звярні ўвагу на месцы і скрыні, у якія не зазіраў(-ла) з моманту апошняга пераезду, а то і даўней. Самы час пазбавіцца ад порна на VHS.

 

  Наогул можна ўспрыняць магчымасць ператрусу як сігнал да глабальнага ўпарадкавання. Нарэшце ўсе паперкі будуць складзеныя ў адным месцы, а не растасованыя па бзіку выпадку. Мінімалізм, да таго ж, дае шанцы скараціць гадзіны прыбывання чужынцаў у тваім доме.

 

  Не перашкодзіць таксама вільготная ўборка. Асаблівую ўвагу раім надаць цёмным кутам: раптам у цябе пад канапай ляжыць амаль мільён даляраў, а ты не памятаеш

 

  Апошні штрых: прыбрацца ў галаве. Псіхалагічна настроіцца так, каб ні злы, ні добры паліцэйскі не зрабілі ўлёгую з цябе таго або тую, кім ты не з’яўляешся.

 

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы клінінгавай кампаніі «Чысты кіт». Калі табе трэба навесці парадак у хатцы пасля ператрусу, то гэтыя рабяты зробяць гэта нядорага і тактоўна. Ці проста тэлефануй ім, каб замовіць уборку без усялякіх змрочных перадгісторый: парадак у хаце – ён заўсёды стымулюе парадак і ў галаве. «Чысты кіт» наводзіць чысціню і свежасць ў Менску, Горадні і Салігорску.

 

Фота: pexels.com, kitt.by

ООО "КитКлининг"
УНП 192692068