Вольга Касабуцкая

  • 06.11.2015
  • Аўтар: 34mag
  • 2420

Арганізатарка паэтычных вечароў, кватэрнікаў і прыроднікаў Вольга Касабуцкая пра тое, як з дапамогай творчасці даваць рады жыццёвым нягодам і шукаць паэзію ў штодзённасці.

 

 Гераіня:  Вольга Касабуцкая, 32 гады. З адукацыі – настаўніца пачатковых класаў і выяўленчага мастацтва. Паэтка і рамесніца, аўтарка некалькіх кніг вершаў.

Арыгінальная дата публікацыі – 06.11.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.

 

 

 Гісторыя Вольгі 

– Я нарадзілася ў Эстоніі, але пасля распаду Савецкага Саюза разам з бацькамі перабралася ў Расію. Вучылася ў простай школе, дзе мой настаўнік рускай мовы і літаратуры ўбачыў ува мне талент да напісання вершаў. З ранняга падлеткавага ўзросту я захаплялася паэзіяй і такім чынам раскрывала сябе, мой настаўнік заахвочваў і імкнуўся мяне падтрымліваць ва ўсім. Праз некаторы час мой бацька быў вымушаны з'ехаць у Беларусь, я таксама перабралася да яго ў Магілёў. Апынуўшыся ў новых абставінах і ў новай краіне, я адчувала сябе трохі няёмка, праблемы ў сям’і і стан здароўя бацькі на мне адбіліся. Хутка я трапіла ў рок-тусоўку, дзе ўпершыню пачула, што Магілёў – рок-сталіца Беларусі. Мяне атачалі вельмі творчыя паэты і музыкі.

Вядома, нашая тусоўка была андэграўнднай, мы збіраліся ў падземным пераходзе ў цэнтры горада на скрыжаванні вуліцы Першамайскай і праспекта Міру і ладзілі вясёлыя канцэрты. Для мяне гэтыя паходы да падземнага пераходу і ўся гэтая нефармальная актыўнасць сталі спосабам зыходу ад штодзённай цяжкай рэчаіснасці, якая лягла на плечы звычайнага магілёўскага падлетка. Уся нашая тусоўка нефармалаў шукала месца, дзе можна было б без перашкод дзяліцца сваёй творчасцю. Вядома, падземны пераход – не самае лепшае месца, але праз адсутнасць альтэрнатывы мы былі вымушаныя збірацца там. Аднойчы, абсалютна спантанна, у цёплую паравіну года мы вырашылі паехаць спяваць і весяліцца ў Падніколле – поле за магілёўскім Свята-Нікольскім манаcтыром. Як высветлілася, мы дарма не прыкмячалі раней гэтае поле. Нікога не было паблізу, незадаволеныя нашай музыкай знаходзіліся далёка, нашае кола магло спяваць і бавіць час, нікому не перашкаджаючы.

 

 

«Ідэя нашага фэсту заключалася ў арганізацыі вольнай пляцоўкі маладым дараванням, для якіх анідзе не знаходзілася месца»

 Гісторыя фэсту «Пластылінавы бусел» 

– У асяроддзі творчых людзей, якія мяне эмацыйна падсілкоўвалі, я знайшла сваіх аднадумцаў і фанатаў паэзіі. Ужо праз два гады пасля пераезду я, разам з маім старым сябрам з рок-тусоўкі Ігарам Гальцовым, вырашыла арганізаваць фэст для маладых паэтаў «Пластылінавы бусел», гэта быў 2005 год. Ідэя нашага фестывалю заключалася ў арганізацыі вольнай пляцоўкі маладым дараванням, для якіх анідзе не знаходзілася месца. «Пластылінавы бусел» стаў мерапрыемствам, дзе маглі выказацца тыя, каго не збіраліся слухаць, усе нефармальныя і нефарматныя маладыя паэты, чыя творчасць не ўпісвалася ў агульнапрыняты кантэкст. Першыя сустрэчы былі арганізаваныя ўнутры нашай тусоўкі і для нас саміх, аднак вельмі хутка фэст заўважылі і з дапамогай сарафаннага радыё ён пачаў набіраць папулярнасць. Калі мне спачатку даводзілася запрашаць паэтаў на сустрэчы, то потым яны самі знаходзілі мяне і Ігара. Мы адчувалі, што больш і больш людзей шукае свайго слухача і месца для творчасці.

Першы «Пластылінавы бусел» прайшоў у Доме культуры чыгуначнікаў, ніякіх праблем з гарадскімі ўладамі і аддзелам ідэалогіі ў нас не было. На нашыя сустрэчы імкнулася патрапіць неверагодная колькасць творчых людзей, усе былі яскравыя, вельмі розныя. Праз агульныя знаёмствы знайшліся паэты, пісьменнікі, музыканты, якія апынуліся нефарматам па ўзросце і вопыце для нашага «Пластылінавага бусла». Таму ў мяне з’явілася ідэя арганізаваць першы кватэрнік, кшталту маіх першых гарадскіх тусовак, дзе б маглі выступіць усе, хто не падыходзіў пад фармат моладзевага фэсту.

 

 

 Кватэрнікі і прыроднікі 

– Месца для майго першага кватэрніка не прыйшлося шукаць – ім стала мая кватэра. Дзякуючы падтрымцы майго бацькі, які быў не супраць гэтага мерапрыемства, усё адбылося. Менавіта з таго моманту пачаўся шэраг кватэрнікаў, якія сталі не менш папулярнымі і вядомымі, чым наш «Пластылінавы бусел».

На кватэрнік могуць прыйсці ўсе ахвотныя, абсалютна бясплатна – як слухачы, так і музыкі. Колькасць гасцей суадносіцца толькі з памерамі кватэры. Калі на першыя кватэрнікі я запрашала сяброў са старой тусоўкі, вядомых андэграўндных музыкаў (Цімафей Яравікоў, Іван Палітон, Алена Каўкова, Гур Рэактыў), «спяваючых» удзельнікаў  «Пластылінавага бусла», то пазней на нашыя сустрэчы пачалі выходзіць незнаёмыя людзі. Слухачы пачалі прыводзіць сваіх сяброў, новыя людзі распавядалі пра нас сваім сябрам і пісалі ў інтэрнэце, папулярнасць кватэрнікаў выйшла за межы нашай краіны. Самымі яскравымі прыезджымі артыстамі былі Аляксей Шмялёў (Масква), Лявона (Сібір), Дзіма Ску (Баранавічы), Sasha Boole (Украіна), Зміцер Мулыгін (Тула), Уладзімір Гаўбцоў (Казахстан), «Сонечны блюз» (Масква), Gipsy Rufina (Італія).

«Хутка я трапіла ў рок-тусоўку, дзе ўпершыню пачула, што Магілёў – рок-сталіца Беларусі»

На кватэрніках пануе душэўная атмасфера, усе слухачы могуць адчуць цудоўную энергетыку ад музыкаў, а самі музыкі выкладваюцца для слухачоў, як на сапраўдным канцэрце. Акрамя музыкаў, да нас завітвалі паэты – прэзентавалі свае зборнікі вершаў. Я таксама прымала ўдзел у гэтых творчых вечарах і выступала са сваёй паэзіяй. Слухачы таксама актыўна задзейнічаны: хтосьці слухае, хтосьці здымае на камеру, хтосьці малюе прысутных.

У летнюю пару з’явілася ідэя арганізаваць прыроднікі ў Падніколлі, кшталту той вылазкі ў 2004 годзе. Кватэрнікі і прыроднікі далі пачатак мноству цёплых вечароў і знаёмстваў. Напрыклад, да мяне на кватэрнікі прыходзяць сябры са сваімі сталымі бацькамі; апроч таго, на творчых вечарах узнікла шмат новых сем'яў. Зараз такія пары наведваюць кватэрнікі са сваімі дзеткамі, далучаюць іх да творчасці. Вельмі часта пасля сканчэння праграмы музыкі і частка слухачоў застаюцца піць гарбату і апавядаць свае гісторыі. Кожнае такое мерапрыемства нагадвае маленькае свята, якім хочацца падзяліцца са знаёмымі. Напрыклад, ілюстратар і музыка Дзіма Ску з камандай «Ніхто не Вудзі Ален» трапіў да нас зусім выпадкова. Хтосьці яму паведаміў, што ў Волі добра, ён паверыў і прыехаў.

 

 

«На кватэрніках і прыродніках мы ствараем такую атмасферу, дзе ніхто не адчуе сябе пакінутым і самотным»

 Новы этап 

– Паралельна з кватэрнікамі я вырашала пытанні, звязаныя з арганізацыяй «Пластылінавага бусла», але з цягам часу жыхары горада пачалі скардзіцца на нас. На форуме магілёўскага гарвыканкама сталі з’яўляцца лісты з просьбамі спыніць нашу дзейнасць, не пускаць нас у Дамы культуры і разабрацца з Вольгай Касабуцкай. Матывацыя незадаволеных – паэты вельмі радыкальныя, яны прапагандуюць прыём наркотыкаў і алкаголю, амаральны лад жыцця, такім людзям не месца ў культурных установах. Ліставанне на форуме ператварылася ў жудасную гарадскую сварку, дзе мяне падтрымалі ўдзельнікі магілёўскага ЦЖР (Цэнтра Жывога Рока) з Віталём Шумам. Аднак «прыхільнікі музыкі Кадышавай і Кіркорава» перамаглі. «Пластылінавага бусла» прыйшлося перанесці ў МДУ ім. Куляшова, бо я там вучылася на педагагічным факультэце. Як скончыла ўнівер – скончылася дзейнасць майго фестывалю. У аніводным ДК для нас ужо не было месца.

Менавіта так кватэрнікі і прыроднікі сталі для мяне і іншых аматараў «Пластылінавага бусла» сапраўднай аддушынай. Дзейнасць, звязаная з імі, працягваецца і дагэтуль. У маім жыцці пачаўся новы віток, і я вырашыла не спыняцца, нават калі мне будуць устаўляць палкі ў колы. Заручыўшыся дапамогай сяброў, я кінула ўсе свае сілы на арганізацыю кватэрнікаў і напісанне вершаў. У самыя «гарачыя» перыяды ў месяц атрымлівалася правесці каля трох кватэрнікаў. У 2012 годзе быў апублікаваны мой першы зборнік паэзіі «З розных кніг», а ў 2013-м – «Хата гукаў цішыні», з якім я выступала на кватэрніках, зладжаных у іншых гарадах.

Калі хтосьці мне скажа, што «залатое стагоддзе» мінула, – я пагаджуся. На дадзены момант творчыя вечары праходзяць радзей. Ствараецца ўражанне закрытасці і забітасці маладога пакалення, адсутнасці жадання спрабаваць штосьці змяніць і знайсці падобных да сябе. Зараз я жыву ў Менску і чакаю другога малога. На вялікі жаль, сумяшчаць арганізацыю кватэрнікаў і мацярынства не атрымліваецца. У 2018-м прайшоў толькі адзін прыроднік – канцэрт Лявоны з Сібіры і Ўладзіміра Арахоўскага з Менску.

 

Тэкст і фота by Маша Васількова