Як адсейваць фэйкавы кантэнт?
- 10.12.2020
- 4869
Як знайсці чалавека ў інтэрнэце? Як сабраць пра яго паболей інфы? І з дапамогай якіх інструментаў пераканацца ў тым, што твае знаходкі валодаюць рэальнай каштоўнасцю, што гэта не чыясьці злая (ці не) выдумка?
3 снежня Беларуская асацыяцыя журналістаў у партнёрстве з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў арганізавала вэбінар сузаснавальніцы незалежнай украінскай арганізацыі StopFake.org Вольгі Юрковай на тэму «Як шукаць інфармацыю ў сацсетках і верыфікаваць яе». Па матывах гэтага вэбінара 34 сабраў бясцэнны гайд пра тое, як шукаць і знайсці – ды не качку, а сапраўдны інфаскарб.
Вольга Юркова
журналістка, медыятрэнерка
«У 2014 годзе з'явілася вялікая колькасць фэйкавых навін пра Украіну і мы – журналісты і выкладчыкі Магілянскай школы журналістыкі – не маглі проста стаяць і глядзець на гэта. Вопытныя журналісты і рэдактары аб'ядналіся, каб стварыць праект StopFake для праверкі падазроных навін. Калі мы можам даказаць, што нейкая публікацыя – няпраўда, то ставім фэйкавую навіну на сайт і тлумачым, якім чынам яе праверылі».
Дзе шукаць інфармацыю
Што шукаем: людзей, падзеі, арганізацыі, суполкі, форумы.
Базавы пошук у FB выдае вынік па ключавых словах у розных раздзелах: у публікацыях, сярод людзей, на фота і відэа, на старонках, у групах, падзеях.
Пошук можна звузіць. У групах і старонках працуе ўласны ўбудаваны пошук – ён дазваляе знайсці канкрэтны пост. Ва ўкладцы «Людзі» можна шукаць па імені, кампаніі, горадзе ці ўніверсітэце. Ва ўкладцы «Публікацыі» можна задаць крыніцу, год і горад.
Таксама ў сацсетцы ёсць інструмент, які палягчае задачу, – гэта fb-search.com.
Што шукаем: навіны, падзеі, абмеркаванні, інсайты.
Twitter належыць Google, таму пошук тут пастаўлены добра. Можна канкрэтызаваць запыт і быць упэўненым(-ай), што ён выдасць усё, што ёсць.
У якасці дапаможнікаў можна выкарыстоўваць такія інструменты, як Webmii, followerwonk.com, foller.me.
Што шукаем: рэпартажны кантэнт, сведак з месца падзей.
Instagram моцна заточаны пад кожнага канкрэтнага карыстальніка, таму інфармацыя тут будзе значна адрознівацца ў залежнасці ад таго, з якога акаўнта ты шукаеш. Розныя карыстальнікі могуць атрымаць зусім розныя адказы на адзін і той жа запыт – улічвай гэта.
Інструменты для пошуку навін – хэштэгі, трэнды. Добра працуе геалакацыя: можна адшукаць сведак падзей у рэальным часе і кантэнт аб гэтых падзеях.
Калі спецыялізуешся на пэўнай тэме, падпісвайся на людзей, якія пішуць па ёй, лайкай іх фота – і апка будзе аўтаматычна прапаноўваць усё больш і больш падобнага кантэнту.
Каб хакнуць пошукавыя алгарытмы Instagram з камп’ютара, забі ў пошуку Google «site:instagram.com», дадай імя карыстальніка і ключавыя словы. Таксама ў пашукавіку можна выставіць дадатковыя параметры пошуку. Дарэчы, схема рабочая і для іншых сацыяльных сетак.
TikTok
Што шукаем: людзей, кароткія навіновыя відэа.
Пошук у гэтай сацсетцы пакуль найменш зарэгуляваны, але адшукаць можна шмат чаго. Важны момант: у браўзеры ты ўбачыш значна менш інфармацыі, чым у самім дадатку.
Калі хочаш знайсці ціктокі, якія карыстальнікі рэпосцяць у іншых сацыяльных сетках, у цябе ёсць два варыянты: першы – забі ў пашукавік «tiktok.com», «m.tiktok.com» ці «vm.tiktok.com» + ключавое слова, пасля чаго выберы «відэа»; другі – шукай па хэштэгах #TikTokviral, #TikTokChallenge, #tiktokexposed, #tiktokhot, #tiktokers. Выйсці на першакрыніцу з рэпостаў лёгка – карыстальнік пазначаны пад лагатыпам TikTok.
А яшчэ дзе-небудзь?
На LinkedIn можна знайсці людзей, якія працуюць у пэўнай кампаніі, а таксама пашарсціць вакансіі. На SlideShare здабудзеш карысныя для працы прэзентацыі, інфаграфіку, дакументы.
Як шукаць людзей
Пачынай шукаць з убудаванага пошуку сацсеткі. Дадатковыя інструменты могуць аўтаматызаваць працэс, але больш інфармацыі, чым ёсць у сацыяльнай сетцы, сама сацсетка ўсё роўна не дасць.
Выкарыстоўвай агульных «сяброў», каб адкрыць для сябе інфармацыю, якая посціцца толькі для «сяброў». Таксама звярні ўвагу на агульных падпісчыкаў на розных платформах.
Пашукай акаўнты чалавека ў іншых сацыяльных сетках, выкарыстоўваючы тое ж самае імя. Людзі вельмі часта свае нікі ніяк не вар'іруюць.
Знайдзі адрас электроннай пошты. Па e-mail нават у звычайным гугле можна накапаць дастаткова інфармацыі аб акаўнтах у сацыяльных сетках.
Спрабуй адваротны пошук – напрыклад, па нумары тэлефона. Пэўную інфармацыю чалавек уводзіць ва ўсіх сацыяльных сетках, і, нягледзячы на прыватнасць падобных звестак, заўсёды ёсць шанец нешта адшукаць.
Выкарыстоўвай Google Social Search – спецыяльны інструмент, які спрашчае задачу.
Шукай па фота. Запампаваўшы здымак і загрузіўшы яго ў пошук па фатаграфіі, можна даведацца, на якіх іншых пляцоўках публікавалася фатаграфія, – а гэта ўжо зачэпка.
Падлучай членаў сям'і аб'екта пошукаў. Чалавек можа выкарыстоўваць сацсетку не пад сваім імем, а хтосьці з яго блізкіх у той жа час сацыялізуецца пад цалкам пашпартным імем.
Як верыфікаваць інфармацыю
Праверка акаўнта
Пытанні для чэка. Крыніца знаходзіцца ў тым месцы, аб якім піша? Я ведаю гэты акаўнт? На каго акаўнт падпісаўся першай справай? Звычайна акаўнт піша на адну і тую ж тэму? Калі так, то што менавіта ён піша? Які ўзрост акаўнта? Хто з ім размаўляе? Хто распавядае аб ім?
Як вылічыць бота? Акаўнт занадта малады, а яго кантэнт аднастайны. Піша занадта мала або, наадварот, занадта шмат. У яго, як правіла, адсутнічаюць «чалавечыя» фота, а ў сябрах фігуруюць аналічныя акаўнты.
Карысны абнаўляльны набор інструментаў верыфікацыі знойдзеш па спасылцы.
Праверка кантэнту
Пытанні для чэка. Гэта арыгінальны акаўнт, артыкул, кантэнт? Хто стварыў гэты акаўнт ці артыкул? Хто запісаў зыходны фрагмент кантэнту? Надзейная крыніца інфармацыі? Ці можна пацвердзіць інфармацыю з іншых крыніц? Калі быў створаны кантэнт? Дзе быў створаны акаўнт, сайт або запісаны кантэнт? Чаму быў створаны акаўнт, сайт або запісаны кантэнт?
Праверка сайта
Пытанні для чэка. Калі сайт быў захаваны ўпершыню? Я ведаю гэты сайт? Гэта сапраўды той сайт ці сайт, падобны да яго? Хто ўладальнік сайта?
З праверкай тут дапамогуць: Archive.org – робіць копіі старонак розных сайтаў праз пэўныя прамежкі часу (нават калі матэрыялы ўжо выдалілі, яны застаюцца тут); Whois.net – паказвае ўсе дадзеныя аб сайце, якія ёсць у адкрытым доступе.
Як западозрыць фэйк
Маркеры таго, што інфармацыя можа быць непраўдзівай або маніпулятыўнай:
Няма правераных фактаў: месца, часу, імёнаў, фота, відэа.
Павінна быць напісана не проста «прайшло мерапрыемства», а таксама хто правёў, дзе і калі. Напрыклад, Вольга Юркова правяла трэнінг для БАЖ анлайн 3 снежня ў 18:30, ёсць фота, будзе відэа. Можна ўсё гэта праверыць.
Крыніцы: іх няма, падазроныя або без гіперспасылак.
Калі крыніцы табе невядомыя, варта праверыць, наколькі яны заслугоўваюць даверу. І нават калі назва крыніцы гучыць самавіта, гэта яшчэ не значыць, што напаўненне ў яго адпаведнае.
Ёсць клікбэйт: катэгарычныя ацэнкі, заклікі да дзеяння, эмацыйна афарбаваныя словы.
«Вы ніколі не паверыце, што здарылася, калі...» – як бы скептычна мы ні ставіліся да людзей, якія вераць гэтай інфармацыі і распаўсюджваюць яе, падобныя сайты вельмі папулярныя. Ва Украіне праводзілася даследаванне сайтаў «зліўных бачкоў» – іх наведвальнасць большая, чым у топавай «Украінскай праўды».
Навіну не распаўсюджваюць сур'ёзныя медыя.
Наўрад ці буйныя, уплывовыя СМІ праспалі гучную навіну. Больш верагодна, што яны ўжо праверылі яе і пераканаліся, што гэта хлусня.
Штучна аб'ядноўваюцца не звязаныя паміж сабой факты.
Звяртай увагу на маніпулятыўныя загалоўкі, якія ўтрымліваюць дзве падзеі або два факты, якія паміж сабой не звязаныя.
Як звычайна маніпулююць у СМІ: выкарыстоўваюць загаловак, які не адпавядае зместу, вырываюць цытаты з кантэксту, цытуюць псеўдаэкспертаў, падтасоўваюць лічбы і тэрміны. Каб не павесціся на маніпуляцыю, варта задаць сабе і кантэнту некалькі сумленных пытанняў. Ці пацвярджаюць словы героя тэзіс загалоўка? Пацвярджае дакумент тэзіс загалоўка? Ці не вырваныя словы з кантэксту? Ці кампетэнтны гэты чалавек каментаваць гэтае пытанне? А пераклад карэктны?
Як распазнаць фота- і відэафэйк
У дапамогу – інструменты Google images, Tineye.com, Fotoforensics.com, Imgops.com. Загружаеш фота і глядзіш: ці не праведзена над здымкам дадатковая апрацоўка, калі ён быў апублікаваны ў інтэрнэце (раптам раней, чым навіна, якую ім ілюструюць?), што ён насамрэч адлюстроўвае (раптам не тое, што сцвярджае аўтар публікацыі?).
Чэкаем метададзеныя – інфармацыю пра фатаграфію, якая «падшываецца» да яе ў момант стварэння файла. Калі фота было адрэдагаванае ў фаташопе або ўбудаваным рэдактары на тэлефоне, гэта будзе адлюстравана ў метададзеных. На жаль, пасля размяшчэння ў сацыяльных сетках гэтая інфа часцей за ўсё сціраецца.
Інструменты для праверкі відэа – гэта Youtube data viewer і Invid. Акрамя таго, проста будзь уважлівы(-ай) да дэталяў, якія выдаюць месца: гэта могуць быць надпісы, шыльды, нумары, ландшафт, будынкі. Верыфікаваць геаінфармацыю можна ў тым ліку з дапамогай Google Street View і ландшафтнага ўзроўню ў Google Earth.
Дзякуем БАЖ і Вользе Юрковай за магчымасць падзяліцца з чытачамі цікавай і якаснай інфармацыяй.