Іван Мaрозька
- 23.01.2016
- 2577
Мы пагутарылі з гомельскім актывістам Іванам Марозькам пра тое, як стварыць уласны рок-клуб, як сумяшчаць музыку і грамадскую актыўнасць і чаму людзям варта аб’ядноўвацца дзеля светлай будучыні.
Герой: Іван Марозька, 29 гадоў. Адзін з заснавальнікаў «Гомельскага рок-клуба», журналіст выдання «Моцныя навіны», актывіст ГДФ, музыка і прамоўтар.
Чым займаецца: дэмакратызацыяй грамадзянскай супольнасці Гомеля, нефармальнай адукацыяй, агульнагарадскім рухам, музыкай, музычнымі прывозамі.
ГДФ «Сильные новости» On promo
Гісторыя Івана
– У мяне няма ніякай адукацыі, акрамя сярэдняй. Пасля 9 класаў пайшоў вучыцца на тэхнолага машынабудаўнічых працэсаў і, дарэчы, да гэтага часу не разумею, што гэта значыць.
Падчас навучання сабралі з сябрамі свой першы гурт «Планетарый» і даволі моцна нашумелi. Мы займаліся, як цяпер кажуць, контркультурай і абсалютна не ўпісваліся ў афіцыйную сітуацыю з музыкай у горадзе. Вырашылі неяк, што трэба знайсці такіх жа музыкаў, як мы, і салідарызавацца паміж сабой, зрабіць своеасаблівы прафсаюз. Так з’явілася творчае аб’яднанне «Гомельскі рок-клуб» на базе ДК «Фестывальны». Быў 2007 год, і гэтая дзейнасць вабіла мяне больш, чым тэхнікум. Менавіта таму я закінуў вучобу і зусiм не шкадую.
Гомельскі рок-клуб праіснаваў гады 3–4, пакуль не пачаліся праблемы ў самім ДК: яго зачынілі на рэканструкцыю – і з канцамі. Рок-клуб таксама спыніў працу, але адзіць культурныя падзеі я не перастаў.
«Мы займаліся, як цяпер кажуць, контркультурай і абсалютна не ўпісваліся ў афіцыйную сітуацыю з музыкай у горадзе»
Пасля распаду «Планетарыя» стварыў гурт «Бодхі», з якім і зараз перыядычна выступаем. Без якіх бы там ні было асаблівых амбіцый, часам з рознымі музыкамі. «Бодхі» сёння − гэта я і Дзіма Бабанін, вакаліст.
Калі паўстала пытанне выбару прафесіі, пошуку заробкаў, прыйшла думка, што я ж даволі даўно пішу вершы і песні, вяду блог, маю нейкі сацыяльны капітал. Тады і вырашыў, што працаваць у грамадска-культурнай сферы і журналістыцы мне было б па сілах.
З такім багажом у 2013 годзе я прыйшоў у «Моцныя навіны», якія акурат шукалі чалавека.«Навіны» − незалежны сайт, адзін з нешматлiкiх у горадзе, які асвятляе праблемы гараджан. Гэта чарговы праект ГДФ. У нашым офісе дэмакратычная атмасфера і свабода, таму я адчуваю сябе на сваім месцы. І вельмі важна: мне не сорамна за тое, што раблю.
«Памятаю, як Джыпсі спытаў пра грымёрку, і я паказаў яму лазню ў двары. Ён быў у захапленні»
Што такое ГДФ?
– Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ (Гомельскі дэмакратычны форум) – гэта арганізацыя, якая займаецца ўсім, што звязана з дэмакратызацыяй грамадзянскай супольнасці. Гэта і нефармальная адукацыя, і экалогія, і гендарныя пытанні, у асноўным усё, што ўпісваецца ў паняцце «еўрапейскія каштоўнасці». Праблем з дзяржавай няма, але і асаблівай падтрымкі – таксама. Мы імкнемся выходзіць на дыялог, запрашаем на свае сустрэчы прадстаўнікоў гарадскіх уладаў. Часам яны нават прыходзяць, але на ўзаемадзеянне гэта з цяжкасцю цягне.
У межах «Новага Гомеля» мы займаемся маніторынгам і рашэннем гарадскіх праблем, збіраем подпісы за і супраць тых ці іншых рэчаў. Улада не вельмі цікавіцца, чаго хочуць гараджане, таму мы бярэм на сябе такую функцыю пасярэдніка. Людзі ходзяць на працу, вяртаюцца дадому, гуляюць па сваіх любімых месцах, але не поўнасцю выкарыстоўваюць гарадское асяроддзе. А яно належыць усяму грамадству, кожнаму з нас. Калі жыхары пачнуць аб’ядноўвацца, узаемадзейнічаць, то самі будуць вырашаць, што ім трэба ў двары: зялёная зона ці чарговы бізнэс-цэнтр. Чыноўнікі як звычайна адказваюць на любое пытанне? «Няма грошай». Але калі разабрацца, то праблема не ў недахопе сродкаў, а ў тым, як гэтыя грошы размяркоўваюцца.
Мы імкнемся перазнаёміць людзей у дварах, стварыць агульнагарадскі рух. Гамельчукi павінны на 100 адсоткаў выкарыстоўваць інфраструктуру горада, быць крытычнымі да ўлады, не баяцца ўзаемадзейнічаць з ёй на любым узроўні, патрабаваць выканання сваіх правоў. А шмат людзей нават не ведаюць іх і ўпэўненыя, што лепш самім скінуцца на лямпачку ў пад’ездзе, чым дамагацца, каб яе памяняў ЖЭК.
Думаю, калі ў свядомасці людзей пачнецца рух у гэты бок, то горад зменiць сваё аблічча. Я сам тут жыву і лічу, што ва ўсіх прыкладна аднолькавыя жаданні: людзі хочуць бачыць горад бяспечным, камфортным, цікавым; такім, у якім хочацца жыць. Штат нашай арганізацыі вельмі маленькі, таму мы прыцягваем валанцёраў. Любы чалавек можа прыйсці са сваімі ідэямі і рэалізаваць іх, мы абсалютна адкрытыя.
Пра On promo і кватэрнікі
– Яшчэ адна плыня маёй дзейнасці − On promo. Гэта такі эксперымент з маім сябрам Дзімам Новікавым, пачаўся ў 2012-м з кватэрніка.
У Гомелі яшчэ не было бара з аднайменнай назвай і наогул было вельмі мала музычных пляцовак. Дакладней, былі толькі залы для адносна вялікіх артыстаў. А ў Беларусі вельмі шмат класнай музыкі, пра якую мала хто ведае. Мы паставілі мэту прывезці і паказаць людзям як мага больш вартых музыкаў. Бывала, рабілі па 4 падзеі ў месяц, кожныя выходныя кагосьці запрашалі. У 2013 годзе зрабілі вялікую канцэрт, прыязджалі Gipsy Rufina і Matteu Tegu з Італіі, Дзіма Ску з Баранавічаў і іншыя. Трэба разумець, што кватэрнікі як фармат – гэта вымушаная мера: трэба было з чагосьці пачынаць. Але мы заўсёды намагаліся, каб было магутна, як на паўнавартасным канцэрце.
Кватэрнікі звычайна праходзілі дома ў гомельскага выканаўцы Жэні Булавы (гурт Yamaya), а той вялікі канцэрт зрабілі ў прыватным доме музыкі Сяргея Лапусты. Адбылося ўсё на адкрытай пляцоўцы, прыйшло каля 70 чалавек. Было вельмі моцна, поўны андэграўнд. Памятаю, як Джыпсі спытаў пра грымёрку, і я паказаў яму лазню ў двары. Ён быў у захапленні!
«Калі людзі пачнуць аб’ядноўвацца, узаемадзейнічаць, то самі будуць вырашаць, што ім трэба ў двары: зялёная зона ці чарговы бізнэс-цэнтр»
Гэта былі такія канцэрты, куды людзі прыходзілі сапраўды паслухаць музыку, імпрэзы амаль што без бюджэту, зробленыя толькі намаганнямі людзей. Часцяком і самі слухачы дапамагалі з арганізацыяй. Цікава было паглядзець, колькі ў Гомелі людзей, якія жадаюць схадзіць не ў бар, каб піва накаціць, і там на фоне нешта грае, а прыйсці паслухаць актуальную беларускую музыку. І выявiлася, што іх нямала.
On promo да гэтага часу існуе, але з прывозамі ўсё не так проста. Музыкам не падабаецца выступаць на аўдыторыю ў 100 чалавек, а між тым калі тут Pharaoh сабраў 500, то твая сотня – гэта ўжо дасягненне. Тут, калі «ЛСП» сабралі аднойчы тысячу, гэта не значыць, што яны збяруць залу праз год, і не значыць, што ў той зале будзе тысяча. Многія гурты заломваюць ганарар, маўляў, ім выгадней адыграць яшчэ адзін канцэрт у Менску ці наогул за мяжой. Музыкі не разумеюць, што свайго слухача трэба выхоўваць, а для гэтага трэба прыязджаць і выступаць. Групы, якія гатовыя да любога варушняку, накшталт «РСП», рана ці позна знаходзяць сваю публіку і стабільна зрываюць аншлагі.
«Многія гурты заломваюць ганарар, маўляў, ім выгадней адыграць яшчэ адзін канцэрт у Менску ці наогул за мяжой. Музыкі не разумеюць, што свайго слухача трэба выхоўваць»
Гарадская культура сёння
– У Гомелі заўсёды былі спробы стварыць нейкі культурны цэнтр. Рок-клуб сабраў сваю тусоўку, былі канцэрты, выставы, перформансы, было сучаснае мастацтва, якое аніяк не ўкладалася ў афіцыйныя рамкі. І на гэта быў вялікі попыт. Прычым ніякай камерцыі, усё трымалася толькі на энтузіязме і аднадумцах.
Потым хтосьці з’ехаў, нешта пайшло не так – і ўсё распалася.
Людзі раз’язджаюцца і зараз. Я вельмі люблю Гомель і ведаю, што ў горада велізарны патэнцыял. Можна нават паглядзець, што адбываецца з культурай у Менску, і зразумець, што вялікі ўплыў на гэтую культуру аказваюць гамельчукi, якія туды з’ехалі. Я, вядома, кажу ў вузкім сэнсе, больш пра андэграўнд, але гамельчукоў рэальна шмат усюды.
Вялікая праблема горада ў тым, што шмат таленавітых людзей едуць адсюль: не знаходзяць пляцовак для сваёй рэалізацыі. У мяне самога была спроба ўкаціць у сталіцу, але я сябе там ніяк не знайшоў. Зразумела, што ў Менску больш магчымасцяў практычных, але ў Гомелі ёсць людзі, якіх я ведаю. А яны, мне падаецца, – самы важны рэсурс.
Цікавая рэч, якой я нідзе не бачыў, – тое, як паводзяць сябе гамельчукi ў іншых гарадах. Утвараюцца цэлыя дыяспары творчых людзей родам з Гомеля, яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, заўсёды адзін аднаго падтрымліваюць, і гэта вельмі крута.
Мне здаецца, горад стане лепшым, калі сфакусавацца на «тут». Ну вось ты бачыш, чаго табе не хапае, бярэш і сам робіш. Не хапала канцэртаў – мы іх пачалі рабіць . Камусьці не хапала выстаў, і яны заняліся іх арганізацыяй. Зараз у горадзе адбываецца шмат актыўнасцяў. Упэўнены, што пройдзе час – і людзі пачнуць аб’ядноўвацца паміж сабой. І калі яны прыкладуць намаганні ў адным кірунку, здарыцца нейкi культурны бум. Я вельмі на гэта разлічваю.
Спадзяюся, што гэта адбудзецца не без удзелу ГДФ, «Моцных навін» і «Новага Гомеля», мы пастараемся быць у авангардзе, як і заўсёды.
Тэкст by Юля Старынская
Фота by Наташа Ашэка