У Менску ладзяць мемарыяльную выставу Алеся Родзіна
- Рубрыка: УЛОЎ
- 30.01.2024
- 2684
1 лютага ў 18:00 у менскім Палацы мастацтва адкрыецца выстава Алеся Родзіна «Эксперыментальны кантакт».
Выбітны беларускі мастак Алесь Родзін пайшоў з жыцця 19 снежня 2022 года. У памяць пра творцу 34mag.net выпусціў вялікую размову з мастаком, якая адбылася напярэдадні 2022-га і падчас якой Алесь распавядаў пра вучобу, мастацкую службу ў савецкай арміі, 10 гадоў у берлінскім арт-сквоце і вяртанне ў Беларусь.
У Берліне, а потым і ў Менску Алесь Родзін арганізоўваў фестываль эксперыментальнага мастацтва «Дах», і ў беларускай сталіцы фэст месціўся акурат у Палацы мастацтва. Куратар выставы, мастак, сябра і паплечнік Родзіна па правядзенні фестываляў Зміцер Юркевіч лічыць, што ўшанаваць памяць Алеся Родзіна менавіта тут – сімвалічна. Ён напісаў у Facebook: «Так супала, што роўна 25 год таму ў Палацы пачалася наша супраца з Алесем Родзіным (падрыхтоўка плошчаў палаца да правядзення фестывалю перформансу “Навінкі” і першы сумесны перформанс). 24 гады таму беларускія мастакі ў Берліне Ігар Ермакоў і Алесь Тарановіч запусцілі працэс падрыхтоўкі да выставы “ДАХ”, якая ў 2003 дала старт міжнароднаму фестывалю саверсізму і ігдрасілізму “ДАХ”, куратарамі якога ад таго часу сталі мы з Алесем Родзіным. 20 год таму ў мурах Палаца мастацтва ледзь не адбыўся “ДАХ-4”, які быў закрыты адразу пасля адкрыцця. 15 год таму на 40 дзён увесь Палац (і прылеглая тэрыторыя) стаў арэнай гладыятарскіх баёў мастакоў “усяго свету”, якія вяліся ў межах фэсту ДАХ-ІХ “Ахвяры Мастацтва”. 13 год таму на 25 дзён Палац пераўтварыўся ў лабараторыю па даследаванні “Цёмных таямніцаў мозга”, якія вяліся ў межах фэсту ДАХ-ХІ. 9 год таму Палац амаль месяц папулярызаваў постаць нашага Героя Тадэвуша Рэйтана ў межах фэсту ДАХ-XXVIII».
Выстава «Эксперыментальны кантакт» атрымае нумар XXXV у дахаўскай нумералогіі.
Алесь Родзін сцвярджаў: «Мастацтва – гэта адлюстраванне, пераход ад свядомага да падсвядомага, выплеск. Тое, што можна аб'яднаць з рознай сімволікай, з рознымі фігуратыўнымі, абстрагуючымі паняццямі. І вось гэта дае магутную шырыню ўспрымання – такую, што глядач можа туды пранікаць. А інакш ён гэтага не заўважае і нават не разумее, якая магутная прыгажосць закладзена ў любым сантыметры быцця. Каласальная. Але праз мастацкія выявы ён атрымлівае гэтае разуменне».
Вось па гэтае разуменне і варта выправіцца ў Палац мастацтва на выставу-ўспамін Алеся Родзіна з 1 па 25 лютага.
Фота: Кацярына Ігнашэвіч